Расследаванні

31 ліпеня 2023

Дзіцячая спецаперацыя. Хто вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь

Некаторых дзяцей з Украіны вучыў гуляць у хакей Дзмітрый Баскаў, іншую групу адправілі глядзець матч з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Аўтары: Аляксей Карпека
Рэдактары: Вольга Ратмірава, Станіслаў Івашкевіч
Тое, што Уладзімір Пуцін назваў святой справай выратавання жыцця і здароўя, еўрапарламентарыі ацанілі як злачынства супраць чалавечнасці і генацыд. Да якіх мае дачыненне і Аляксандр Лукашэнка. Гаворка пра вываз дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Спачатку яны трапляюць у Расею, пасля некаторыя аказваюцца ў Беларусі. Адкуль, па дадзеных грамадскіх дзеячаў, не ўсе вяртаюцца. Хто з беларусаў, акрамя нязменнага кіраўніка, удзельнічаў у незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей — у расследаванні БРЦ.

«Мой дом разбіты», «там дрэнна», «шмат страляюць», «перыядычна робіцца страшна». Гэта словы дзяцей са знішчанага расейскімі войскамі Марыупалю, Горлаўкі, дзіцячага дому ў горадзе Антрацыт. Цытаты прывяло выданне Адміністрацыі прэзідэнта «СБ. Беларусь сегодня», распавядаючы пра прыбыццё ў красавіку 350 школьнікаў з акупаваных украінскіх тэрыторыяў. У Беларусі, праз якую ва Украіну ўвайшлі расейскія вайскоўцы, дзецям прапанавалі запомніць «сваё дзяцінства такім, якім яно мусіць быць: спакойным, цікавым і радасным». Іх адправілі ў лагер «Дубрава», які належыць «Беларуськалію».

Пра «Дубраву» і яшчэ тры лагеры — санаторый «Астрашыцкі Гарадок» і Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўляльны цэнтр «Зубраня» ў Менскай вобласці ды санаторый «Залатыя пяскі» ў Гомельскай вобласці — у сярэдзіне ліпеня напісала брытанская The Telegraph. У іх, па дадзеных выдання, з верасня 2022 года апынулася больш за дзве тысячы дзяцей з Украіны.

Прывезці ўкраінскіх школьнікаў у Беларусь — больш за тысячу ў красавіку-траўні гэтага году — атрымалася «дзякуючы даручэнню Аляксандра Лукашэнкі», напісалі ў «СБ». За ўдзел «рэжыму ў незаконным перамяшчэнні дзяцей» дэпутаты Еўрапарламенту патрабуюць выдаць для яго міжнародны ордар на арышт. Аналагічны выдадзенаму Міжнародным крымінальным судом у Гаазе на Уладзіміра Пуціна.

Тое ж патэнцыйна можа пагражаць і іншым беларусам, у тым ліку з атачэння і сям'і Лукашэнкі. Некаторых з іх БРЦ удалося ідэнтыфікаваць па справаздачных фотаздымках пасля мерапрыемстваў з вывезенымі дзецьмі.

Пад выглядам дапамогі

Снежань 2022 года. Пярэдадне Калядаў. На сталічны вакзал прыбыў цягнік Адлер-Менск. У ім — дзеці з акупаванай Горлаўкі. Сустракаюць іх сябры праўладнага расейскага байкерскага клуба «Начныя ваўкі», валанцёры і паралімпіец ды заснавальнік дабрачыннага фонду Аляксей Талай.

У сакавіку 2023 года Талай звярнуўся ў Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы з просьбай дапамагчы арганізаваць прыезд дзяцей з «ДНР» і «ЛНР». Пра гэта напісана ў дакуменце, які трапіў у распараджэнне БРЦ дзякуючы «Кіберпартызанам».

Крыніца: «Кіберпартызаны»

«У Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы звярнуўся легендарны паралімпіец Аляксей Талай, з просьбай аб садзейнічанні арганізацыі праезду дзяцей, якія пражываюць у цяжкіх умовах на тэрыторыі “ДНР” і “ЛНР” на аздараўленне ў РБ», — гаворыцца ў лісце, падпісаным сакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым.

Менавіта пад кіраўніцтвам Талая ў нашай краіне ўкраінскіх дзяцей забаўляюць, апякуюцца імі і ідэалагічна апрацоўваюць.

«Атрымаўшы згоду і падтрымку кіраўніка дзяржавы, мы сталі прапрацоўваць магчымасць адпачынку дзяцей Данбасу ў Беларусі», — распавядаў Талай на YouTube-канале БелТА ў чэрвені.

У праграму для прывезеных школьнікаў акрамя наведвання коўзанкі, басейна, заапарка, дэльфінарыю, цырка і дыназаўрыі ўваходзяць экскурсіі ў Беларускую Акадэмію МУС і Цэнтр бяспекі МНС. Каб дапамагчы дзецям з Горлаўкі — «самага абстрэльваемага», як пішуць праўладныя беларускія медыі, гораду Данецкай вобласці, абстрагавацца і не думаць пра тое, што адбываецца дома, вайскоўцы арганізавалі выставу ўзбраенняў і правялі майстар-класы па стральбе ў вайсковай частцы 3214.

Апошняя вядомая жорсткімі разгонамі пратэстоўцаў у сакавіку 2006 года і жніўні 2020 года, якімі кіраваў былы камандзір часткі Дзмітрый Паўлічэнка.

Яго называюць заснавальнікам «эскадрону смерці», які ў 1999-2000 гадах, паводле звестак медыяў, знішчаў крымінальных аўтарытэтаў і апанентаў Лукашэнкі.

Крыніца: Instagram-акаўнт адпачывальніцы санаторыя ў Беларусі
Крыніца: Instagram-акаўнт дабрачыннага фонду Аляксея Талая

Для дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторыяў праводзяць і канцэрты. Выступаюць на іх праўладныя артысты. Напрыклад, сёстры Груздзевы. Падчас выступу 7 кастрычніка 2022 года, у дзень нараджэння прэзідэнта Расеі, яны назвалі дзяцей «выбранымі» і «шчасліўчыкамі», але запомніліся гэтым выказваннем: «Каб Байдэн здох, Божа, прабач мяне. Зяленскі таксама. А Пуцін квітнеў і ўзяў пад свой кантроль усю Украіну». Відэа з ім Народнае Антыкрызіснае Упраўленне перадало выданню The Telegraph.

НАУ таксама перадало ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе матэрыялы аб ролі Лукашэнкі, Талая і іншых датычных да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый у Беларусь.

На сустрэчы 27 чэрвеня 2023 года бакі дамовіліся аб супрацы ў гэтым пытанні.

Раней НАУ падрыхтавала справаздачу «Роля рэжыму Лукашэнкі і Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі ў незаконным перамяшчэнні і пераадукацыі ўкраінскіх дзяцей». Яе прадставілі ў Савеце Еўропы і Еўрапарламенце, перадалі дэпутатам ПАСЕ і Вярхоўнай Рады Украіны, міністрам замежных спраў Украіны, краін ЕЗ, у Дзярждэпартамент ЗША, генеральнаму пракурору Украіны, упаўнаважанаму па правах чалавека Украіны, ва ўсе вядучыя сусветныя медыі.

Таксама ў праграме — спартовыя мерапрыемствы. Некаторых дзяцей з Украіны вучыў гуляць у хакей Дзмітрый Баскаў, іншую групу адправілі глядзець матч з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Крыніца: Instagram-акаўнт Юліі Казаковай
Крыніца: Instagram-акаўнт Юліі Казаковай

Сям’я Лукашэнкі

У арганізацыі мерапрыемстваў для дзяцей, якіх прывезлі ў Беларусь праз Растоў-на-Доне з Украіны, удзельнічаюць члены сямʼі Лукашэнкі.

Адзін з іх Уладзімір Кулакоў — актывіст праўладнага аб’яднання «Патрыёты Беларусі», суўладальнік фірмы ТАА «Хуткія аўтамабільныя мыйкі», муж Таццяны Кулаковай, роднай сястры жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі Ганны. [*][*]             

Уладзіміра можна пабачыць на фотаздымках з Аляксеем Талаем, зробленых пасля канцэрта ў санаторыі «Зялёны бор», які арганізавалі для дзяцей з Горлаўкі.

Дзмітрый Казакоў, Юлія Казакова, Аляксей Талай
Крыніца: Instagram-акаўнт дабрачыннага фонду Аляксея Талая. Злева направа: Яўген Назарэвіч, Уладзімір Кулакоў; далей зверху ўніз: Дзмітрый Казакоў, Юлія Казакова, Аляксей Талай
Уладзімір Кулакоў, Яўген Назарэвіч, Аляксей Талай, Дзмітрый Казакоў, Юлія Казакова
Крыніца: Instagram-акаўнт Юліі Казаковай. Злева направа: Уладзімір Кулакоў, Яўген Назарэвіч, Аляксей Талай, Дзмітрый Казакоў, Юлія Казакова

А таксама на здымку з хакейнага матчу, на які вадзілі ўкраінскіх дзяцей. Пасля яго сваяк Дзмітрыя Лукашэнкі даў інтэрвʼю аднаму з праўладных медыяў, дзе яго назвалі прадпрымальнікам з Данецку.

Уладзімір Кулакоў, Мікалай Зарубіцкі
Крыніца: Instagram-акаўнт Вольгі Падгайнай (Волкавай). Злева направа: Уладзімір Кулакоў, Мікалай Зарубіцкі

Партнёр Кулакова па бізнесе Мікалай Зарубіцкі, старшыня «Патрыётаў Беларусі» і арганізатар аўтапрабегаў у падтрымку Лукашэнкі, таксама, верагодна, замяшаны ў тым, што адбываецца ў Беларусі з украінскімі дзецьмі.

Яго можна ўбачыць на здымку з хакейнага матчу, на які вадзілі ўкраінскіх дзяцей (вышэй), а таксама на сумесным фотаздымку з Аляксеем Талаем, зробленым пасля мерапрыемства ў санаторыі «Дубрава».

Мікалай Зарубіцкі. Аляксей Талай
Крыніца: Instagram-акаўнт Аляксандра Лук’янава. Злева направа: Мікалай Зарубіцкі. Аляксей Талай

Да ідэалагічнай апрацоўкі ўкраінскіх дзяцей у Беларусі датычны і сярэдні сын Лукашэнкі Дзмітрый. Прарасейская актывістка Вольга Волкава, якая вядзе Instagram пад імем Вольга Падгайная, дзякавала ў сваім акаўнце яму асабіста, а таксама ўсім, хто «напаўняе кожны дзень знаходжання дзяцей цяплом і клопатам».

Крыніца: Instagram-акаўнт Вольгі Падгайнай (Волкавай)

А ў адным з пастоў фонду Талая гаворыцца, што прыезд дзяцей у Беларусь арганізавалі пры дапамозе Прэзідэнцкага спартыўнага клубу і асабіста старшыні арганізацыі Дзмітрыя Лукашэнкі.

Крыніца: Instagram-акаўнт Аляксея Талая

Крымінальны фонд

Апрача Кулакова і Талая на фота з «Зялёнага Бору» ёсць яшчэ некалькі чалавек. Двое з іх: мужчына, які трымае сцяг так званай ДНР, і жанчына справа ад яго — гэта муж і жонка Дзмітрый і Юлія Казаковы. [*][*][*]                

Абое маюць дачыненне да фонду Талая. Дзмітрый займае пасаду чальца папячыцельнага савету, Юлія — каардынатар сацыяльных праектаў.

Крыніца: YouTube-канал Інфармацыйнай агенцыі БелТА

У лютым 2023 года Казаковы на Менскай лыжні ў Раўбічах «заўзелі за Першага» — Аляксандр Лукашэнка з камандай удзельнічаў у біятлонных эстафетных гонках. Дзмітрый і Юлія дзяліліся фотаздымкамі з мерапрыемства. Напрыклад, здымкам, на якім яны вядуць свецкую гутарку са старэйшым сынам Лукашэнкі Віктарам, або іншым — дзе Дзмітрый Казакоў яго прыабдымае.

0 / 3

Крыніца: Instagram-акаўнт Юліі Казаковай.

Юлія скончыла Акадэмію МУС, але не працавала ў праваахоўных органах. [*]

Крыніца: Instagram-акаўнт Юліі Казаковай

Казакова дапамагала сілавікам інакш: восенню 2020 года яна двойчы даносіла на групы людзей з бчб-сімволікай і адзін раз паведаміла пра дарожны знак у пратэсных колерах. [*]         

Дзякуючы «Кіберпартызанам» расследавальнікі БРЦ высветлілі, што яе муж Дзмітрый быў асуджаны за крадзеж у пачатку 90-х, а таксама ў пачатку нулявых за сукупнасць злачынстваў — на пяць гадоў і адзін месяц з канфіскацыяй. Пакаранне адбываў у Шклове. [*]  

На фотаздымку з «Зялёнага Бору» бачны таксама сябра Прэзідэнцкага спартыўнага клубу, працаўнік дабрачыннага фонду Аляксея Талая Яўген Назарэвіч. [*]    

У яго, як і ў Дзмітрыя Казакова, ёсць крымінальнае мінулае. Назарэвіч у 2002 годзе атрымаў два гады папраўчых работ за тое, што збіў жанчыну на базе адпачынку «Купалінка» ў вёсцы Грандзічы. [*][*]      

У кампаніі Аляксея Талая сярод членаў сямʼі Лукашэнкі, праўладных зорак і спартоўцаў апынуўся і пісьменнік Мікалай Гаўрылаў. Ён дапамагае фонду Талая адпраўляць прадметы гігіены, прадукты, адзенне і лекі ў «ДНР» і «ЛНР». [*]

Да супрацы з фондам пісьменнік два гады правёў у калоніі ў Віцебскай вобласці. Да канца незразумела, ці ён адбываў там пакаранне, ці працаваў. Аднак у 2007 годзе Гаўрылава прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за тое, што ён з ужываннем гвалту, небяспечнага для жыцця, скраў з рэстарана грошы. У 2011-2012 гадах ён займаўся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю — без рэгістрацыі і дазволу. [*][*][*]          

Затым кіраваў зборам гуманітарнай дапамогі Данбасу ад Свята-Елісавецінскага манастыра ў Менску. Пра гэта паведамілі актывісты «Хрысціянскай візіі»: на іх думку, дапамога «мірным жыхарам» была толькі прыкрыццём, насамрэч зборы былі арганізаваныя для расейскіх вайскоўцаў. Са жніўня 2022 года гэтая дзейнасць перастала быць таямніцай — у манастыры зʼявілася валанцёрская група «Дапамога братам», якая афіцыйна займаецца зборам сродкаў для вайскоўцаў з Расеі.

Мікалай Гаўрылаў вядзе свой Telegram-канал, у якім рэгулярна выкладае справаздачы пасля паездак на акупаваныя тэрыторыі. Там жа ён распавядае, што вывозіў дзяцей Данбасу ў Беларусь.[*][*]      

Хто плаціць за «эвакуацыю»

Вываз дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь аплочваецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы, гэта значыць з дзяржбюджэтаў Расеі і Беларусі. Толькі ў верасні 2022 года з саюзнага бюджэту на «аказанне гуманітарнай дапамогі» на акупаваных тэрыторыях вылучылі 29 млн расейскіх рублёў (каля паўмільёна долараў). Гэтыя грошы вылучаліся ў тым ліку на аздараўленне ўкраінскіх дзяцей у Беларусі.

Фонд Талая таксама просіць пра фінансавую дапамогу беларускія выканкамы — ён арганізоўваў паездкі на акупаваныя тэрыторыі з гуманітарнай дапамогай, а самых бедных дзяцей абяцаў прывезці ў Беларусь на «аздараўленне і рэабілітацыю».

Акрамя грошай з бюджэту Саюзнай дзяржавы арганізацыя Аляксея Талая атрымлівае падтрымку ад расейскіх чыноўнікаў і нават прыватнага спонсара — грамадзяніна Расеі, які пажадаў застацца ананімным. Расеец перадаў фонду сядзібу Раманавых пад Барысавам.

Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы ідэнтыфікавалі ананімнага спонсара. Ім апынуўся Мікалай Уладзіміравіч Гінц — расейскі бізнесмен з Камчаткі. Мяркуючы па сацсетках, у Барысаве жывуць ягоныя сваякі.

Аляксей Талай, Мікалай Гінц
Крыніца: Instagram-акаўнт Ганны Гінц. Злева направа: Аляксей Талай, Мікалай Гінц
Крыніца: Instagram-акаўнт Ганны Гінц

Талай распавёў, што на базе сядзібы плануецца стварыць новы рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей. Спікер Савету Федэрацыі Расеі Валянціна Матвіенка падтрымала ідэю і прапанавала вылучыць на яго будаўніцтва грошы з бюджэту Саюзнай дзяржавы.

Акупацыйныя ўлады пачалі масава вывозіць з захопленых тэрыторыяў дзяцей неўзабаве пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну 24 лютага 2022 года. Паводле дадзеных украінскага праекту «Дзеці вайны», іх у Расею дэпартавалі амаль дваццаць тысячаў.

Тое, што адбываецца, Крэмль называе эвакуацыяй і выратаваннем. АБСЕ заяўляе пра выкраданне і ваеннае злачынства. Гэтую пазіцыю падтрымлівае і Міжнародны суд у Гаазе, які выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанага па правах дзіцяці пры прэзідэнце Расеі Марыі Львовай-Бяловай.

Канвенцыя ААН аб перадухіленні генацыду называе гвалтоўную перадачу дзяцей з адной чалавечай групы ў іншую генацыдам.

Гэты матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.