Паказнік пераваліў за адзнаку пяць тысяч вакансіяў упершыню як мінімум за шэсць гадоў. У пачатку 2023-га ў службе занятасці налічвалася 4594 вакансіі для лекараў, а год таму – 3863.
Зарплату вышэй за сярэднюю па краіне – 1861 рубель – прапануюць толькі ў пятай частцы вакансіяў. Амаль у палове прапаноў пазначаны заробак да 1300 рублёў. Больш за ўсё лекараў шукаюць у Менску, медустановы сталіцы размясцілі больш за 1600 вакансіяў.
Паводле звестак Белстата, колькасць медыкаў у краіне зніжаецца апошнія тры гады. На канец 2022-га ў краіне працавалі 47999 лекараў. У 2020 годзе – 48 527 чалавек. Тэндэнцыя асабліва прыкметная сярод тэрапеўтаў – іх колькасць летась знізілася да ўзроўню 2016 года (17 605 чалавек).
Раней БРЦ пісаў аб тым, што колькасць больніцаў у Беларусі знізілася да гістарычнага мінімуму. На канец 2022 года ў краіне налічвалася 585 больніцаў. У 1990 годзе ў Беларусі працавалі 874 медустановы.