Навіны

20 ліпеня 2023

Экскурсія ў турму, Z-канцэрт і стралковы клуб. Як праводзяць лета беларускія школьнікі

На пачатку чэрвеня ў Магілёве выпускнікоў прымусова сагналі на канцэрт Вольгі Бузавай і іншых Z-артыстаў.

Гэтым летам – на фоне вайны і перакідвання наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусь – улады заняліся ідэалагічным выхаваннем школьнікаў з элементамі ваеннай падрыхтоўкі. БРЦ сабраў топ-5 «імпрэзаў», якія школы і лагеры падрыхтавалі для дзяцей.

Магілёўская школа №46 18 ліпеня арганізавала школьнікам экскурсію ў турму для «прафілактыкі правапарушэнняў і фармавання законапаслухмяных паводзін». Арганізатары сцвярджаюць, што мэта – не запалохаць падлеткаў, а «паказаць, да якога выніку могуць прывесці непрыстойныя чалавечыя ўчынкі».

Атрад «Мульцяшкі» з летняга лагера пры школе №8 у Горадні вадзілі ў стралковы клуб. Дзецям расказвалі пра розныя віды зброі і правілы догляду яе. Школьнікам далі патрымаць сапраўдную зброю і пастраляць з вінтоўкі.

Дзеці з іншай гарадзенскай школы – №7 – у пачатку чэрвеня пабывалі на вучэбна-палявых зборах. Іх вадзілі ў вайсковую частку, дзе паказвалі школьнікам ваенную тэхніку, адпрацоўвалі навыкі зборкі і разборкі аўтамата, паказвалі як зараджаць магазіны да іх вучэбнымі патронамі.

У Магілёўскім інстытуце МУС 19 ліпеня скончылася змена ў аздараўленчым лагеры «Дзяржынец», дзе школьнікі жылі па распарадку курсантаў, займаліся фізічнай і агнявой падрыхтоўкай. Дзяцей таксама вазілі на экскурсіі ў Дэпартамент аховы, базу АМАПу і ўпраўленне ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкаму.

У пачатку чэрвеня ў Магілёве выпускнікоў прымусова накіравалі на канцэрт Вольгі Бузавай і іншых Z-артыстаў. На агульнагарадскім выпускным выступілі гурт «Прапаганда», «Стрэлкі», а мясцовыя артысты праспявалі ў тым ліку песню «Беларуская жонка». Як пісала «Зеркало», тым, хто не хацеў ісці на канцэрт, нагадалі, што атэстаты ім усё яшчэ не выдалі і там могуць зʼявіцца новыя адзнакі.