Старонкі з шаўронамі і іншай сімволікай ПВК «Вагнэр» былі даступныя на сайце як мінімум да 30 чэрвеня. Некаторыя абʼявы ўсё яшчэ можна знайсці ў кэшы. Журналіст БРЦ пад выглядам пакупніка звязаўся з адным з прадаўцоў, які распавёў, што пляцоўка заблакавала абʼявы з-за «забароны ПВК».
«Kufar заблакаваў. Яны сказалі, што ў нас ПВК забароненыя. А калі я ім сказаў – вы ж ЛГБТшныя прадукты выстаўляеце. Яны сказалі – закона такога няма. Проста знялі [абʼявы]. Я кажу – гэта ж не рэклама. А яны кажуць – нельга і ўсё», – распавёў прадавец.
Ён дадаў, што апошнім часам беларусы пачалі актыўна купляць такія шаўроны. Суразмоўца БРЦ таксама распавёў, што ў тым ліку прадае шаўроны ў выглядзе анёла смерці з касой з надпісам «Кашу кроп». Але на пляцоўкі іх не выстаўляе, бо яны «занадта агрэсіўныя». Паводле яго слоў, такія тавары да яго паступаюць з Расеі.
У самой Расеі пасля мяцяжу заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгена Прыгожына маркетплейсы на некалькі дзён схавалі тавары з сімволікай прыватнай ваеннай кампаніі. Але ўжо 25 чэрвеня яны зноўку сталі даступныя, а кошты на некаторыя пазіцыі падняліся. Пры гэтым на «Авіто» засталіся толькі адзінкавыя тавары з сімволікай ПВК «Вагнэр». У Беларусі шаўроны ваеннай кампаніі прадаюцца на сайце Ау.bу. На іншых пляцоўках такую прадукцыю БРЦ знайсці не ўдалося.