Каля 14% адкрытых пазіцый для кіроўцаў размешчаныя ў Менску.

У Беларусі з пачатку года рэзка ўзрасла колькасць вакансіяў для кіроўцаў аўтамабіляў, заўважыў БРЦ, вывучыўшы базу дзяржаўнай службы занятасці.

На момант напісання матэрыялу ў базе было размешчана 5439 такіх вакансіяў – гэта амаль на чвэрць больш, чым у пачатку года. У студзені, як пісалі СМІ, у Беларусі не хапала 4358 кіроўцаў аўтамабіляў, а ў сярэдзіне лютага – 4592. Гэта вынікае з дадзеных, якія захаваліся ў архівах.

У канцы жніўня 2022-га ў дзяржаўнай базе, як паведамляла «Зеркало», было каля 4070 вакансіяў. Гэта значыць, да лютага гэтага года іх колькасць павялічылася больш чым на паўтысячы.

Каля 14% адкрытых пазіцый для кіроўцаў размешчаныя ў Менску. Мы пацікавіліся ў камітэту Менгарвыканкаму па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, чаму расце попыт на кіроўцаў. У ведамстве не змаглі растлумачыць, ці звязаны дэфіцыт з узроўнем заробкаў.

«У асноўным будзе вялікі заробак, дзе на ўборку патрабуюцца. Гэта ўборка сцёкавых ям нейкіх. Там заробак прыстойны. З катэгорыяй В паменш будуць заробкі. Як правіла, заробкі пішуць «ад». Можа быць, напісана і 1,5 тысячы, а па факце і 2 будуць зарабляць. Гэта залежыць і ад рэжыму працы, і колькі адпрацаваў».

Таксама ў камітэце дадалі, што «вакансіяў для кіроўцаў-дальнабойнікаў вельмі мала».

Шукаюць кіроўцаў для розных відаў транспарту – з правамі катэгорыі В (на кіраванне легкавога аўто), С (кіраванне невялікага грузавіка) і D (кіраванне пасажырскага аўтобуса). Ёсць прапановы з патрабаваннем вышэйшай адукацыі.

Зарплаты часцей за ўсё прапануюць невысокія. Па запыце «зарплата да 1,5 тысячы рублёў» на момант напісання матэрыялу сайт выдаў 5122 абʼявы.

Зарабляць паўтары тысячы рублёў і больш можна, напрыклад, у аўтобусных парках, на МТЗ, у райспажыўтаварыстве (там патрабуецца кіроўца-прадавец аўтамагазіна).

Ёсць вакансіі (78 абʼяў па краіне), дзе гатовы плаціць тры тысячы рублёў і больш. Там часта патрабуюцца правы дадатковай катэгорыі Е (яны дазваляюць кіраваць транспартным сродкам з прычэпам). Гэта значыць, у гэты лік могуць уваходзіць і дальнабойнікі.