Лукашэнка падпісаў чарговы ўказ аб супрацы з Зімбабвэ

16 студзеня Лукашэнка падпісаў чарговы ўказ аб супрацы з Зімбабвэ. На гэты раз размова ідзе аб праекце пагаднення аб «заахвочванні і ўзаемнай абароне інвестыцый», падрабязнасці пакуль не агучваюцца. Мы вырашылі ўзгадаць, што яшчэ звязвае Беларусь і Зімбабвэ.

Трактары

У кастрычніку 2022 года намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык заявіў, што Беларусь і Зімбабвэ ўзгаднілі пастаўку «3500-3750 трактароў рознай магутнасці». Паводле яго слоў, тэхніка будзе перададзена ў рамках праграмы па механізацыі фермерскіх гаспадарак. Па ёй Беларусь ужо перадала афрыканскай краіне больш за тысячу трактароў.

Сонечныя батарэі

У жніўні 2021 года неназваная беларуская кампанія выйграла ў Зімбабвэ тэндар на будаўніцтва сонечнай электрастанцыі магутнасцю 100 МВт у раёне невялікага мястэчка Нортана. Як пісалі зімбабвійскія СМІ, са спасылкай на міністра інфармацыі краіны Моніку Муцвангва, праект разлічаны на $125,5 млн.

Золата

Як высветлілася ў кастрычніку пазамінулага года, сын алігарха Віктара Шэймана Сяргей займаўся ў Зімбабвэ золатаздабычай праз кампанію Zim Goldfields. Прычым кампанія рабіла гэта месцамі ў абыход зімбабвійскага заканадаўства. Пра гэта мы падрабязна расказалі ў нашым расследаванні.

Характэрна, што асаблівыя ўзаемаадносіны Зімбабвэ і Беларусі ўмацаваліся пасля таго, як у 2021 годзе Еўразвяз і ЗША ўвялі санкцыі супраць Менску. Як пісалі Banki24, за 4 месяцы 2022 года тавараабарот з Зімбабвэ вырас на рост на 67,8% і дасягнуў $20,4 млн. Пры гэтым, паводле слоў Пархомчыка, з 2018 года абʼём гандлю з Зімбабвэ вырас у 15 разоў.