Тэндэнцыя намецілася ў пачатку года – ужо ў студзені паказнік склаў 53,6%. Расце і фізічны абʼём імпарту: у студзені на 28,3% да аналагічнага перыяду мінулага года, а да сакавіка – на 33,9%.
За тры месяцы значна вырасла і доля спажывецкіх тавараў у таварным імпарце. За першы квартал 2023-га адносна студзеня-сакавіка мінулага года паказнік з 21% падскочыў да 29, 9%, гэта значыць амаль на дзевяць працэнтных пунктаў, што таксама рэкорд мінімум за апошнія 10 гадоў.
Збольшага такую тэндэнцыю можна растлумачыць тым, што беларускія ўлады ў пачатку студзеня 2023 года ўзаконілі паралельны імпарт – увоз замежных тавараў без дазволу праваўладальніка. Легалізацыя «шэрага» імпарту стала адказам на забарону ўвозу прадукцыі многіх кампаній у Беларусь і Расею з-за вайны з Украінай.
Эканаміст Дзмітрый Крук у размове з БРЦ таксама назваў узмацненне паралельнага імпарту адной з прычынаў тэндэнцыі. Акрамя таго, паводле эксперта, на рост кошту імпарту тавараў аказалі ўплыў эфект нізкай базы мінулага года і аднаўленне спажывання ў Беларусі.
«Рост фізічнага абʼёму імпарту спажывецкіх тавараў з пачатку гэтага года адбываецца з-за аднаўлення спажывання ўнутры краіны (на фоне росту даходаў), перанакіравання часткі гэтага імпарту ў Расею (рэакцыя на санкцыі), інтэнсіфікацыі шэрага імпарту і эфекту статыстычнай базы, бо з канца лютага мінулага года пачаўся маштабны шок і спажыванне стала скарачацца», – сказаў Крук, падкрэсліўшы, што гаворка ідзе аб параўнанні росту трэнду ў гэтым годзе з падзеннем летась.
Рост агульнага кошту імпартаваных спажывецкіх тавараў Крук растлумачыў і яшчэ адным фактарам – агульнасусветнай дынамікай росту цэн на прадукты харчавання і іншыя тавары.