Жыхарку Воршы арыштавалі на трое сутак за кубак, на якім пры награванні бачны «герб П». (верагодна маецца на ўвазе Пагоня) і «надпіс Ж.» (верагодна маецца на ўвазе лозунг «Жыве Беларусь!»). Яе жанчына выкарыстоўвала на працы. Суд палічыў гэта «пікетаваннем» і пастанавіў кубак знішчыць.
Жыхара Менску арыштавалі на 10 содняў за выяву «герба П.» (верагодна маецца на ўвазе Пагоня) на рамках рэгістрацыйных знакаў аўта. Мужчына расказаў, што ездзіў з імі з 2019 года і не звяртаў увагі на выяву. Суд палічыў, што такім чынам ён «публічна выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы».
Яшчэ аднаго менчука аштрафавалі на 1850 рублёў з-за значка з «гербам П». (верагодна маецца на ўвазе Пагоня) на заплечніку. Мужчына расказаў на судзе, што хацеў выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. У пастанове гаворыцца, што значок заўважыў сведка, які «нёс службу па ахове грамадскага парадку».
У Берасцейскай вобласці суд аштрафаваў мясцовага жыхара на 555 рублёў з-за чытання пропаведзяў на вуліцы. Суддзя палічыў, што рэлігійныя спевы і гаворкі парушаюць заканадаўства «Аб масавых мерапрыемствах».
Жыхара Віцебскай вобласці арыштавалі на 13 сутак за ролік у «Вконтакте». На запісе, як сцвярджае суд, ёсць выява БЧБ-сімволікі. Суд палічыў гэта «пікетаваннем». Мужчына заявіў, што ролік не размяшчаў і не ведае, як ён зʼявіўся ў яго на старонцы.