Эканоміка з Чалым Учора

Чаму стаўка расце, калі няма патрэбы, і якія планы ЕАЭС не спраўдзіліся

Сяргей Чалы і Вольга Лойка абмеркавалі адзіны нафтагазавы рынак і спадчыну Савецкага Саюзу.

Пад канец чэрвеня Нацыянальны банк Беларусі ўпершыню за два гады павялічыў стаўку рэфінансавання з 9,5% да 9,75% гадавых, а ў Менску прайшло паседжанне Вышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады. Што гэта значыць і як адаб'ецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоу «Чалы: Эканоміка». Публікуем урыўкі гутаркі.

Патрэбы няма, але мы павялічылі

«Упершыню за два гады … павялічыў стаўку рэфінансавання Нацбанк. Што ў гэтым самае цікавае? Першае, абсалютна ідыёцкі, прабачце, прэс-рэліз, якім гэта суправаджаецца: “Аналіз паказвае, што, нягледзячы на захаванне станоўчай дынамікі эканамічнага росту, узмацняецца макраэканамічны дысбаланс”. Ты ж (Нацбанк — рэд.) толькі што нам расказваў, што няма ніякіх дысбалансаў. Ну, зусім няма. Аж да таго, што іх няма гэтак, што інфармацыю пра іх наяўнасць давялося схаваць з аналітычных матэрыялаў самога Нацбанку. 

“У выніку падвышэння заработнай платы адбываецца”… І вось тут таксама пачынаецца цікавая тэма: “рост спажывання, што прыводзіць да істотнага павелічэння спажывецкага імпарту”. А чаму не спажывецкага айчыннага тавару? Гэта мне цікава. <...> 

Пару месяцаў таму [першы намеснік старшыні кіравання Нацбанку Аляксандр] Ягораў заяўляў пра тое, што мы маем правільныя адсоткавыя стаўкі, няма ніякай патрэбы іх павялічваць. Усё нармальна. Так, вядома, апошні месяц інфляцыя павялічылася. Але яны ж не пра інфляцыю кажуць. Ну, на фоне інфляцыі. Усё тлумачаць вонкавым сектарам, а ў вонкавым сектары тэндэнцыі доўгія, даўнія».

Нацбанк і праца з чаканнямі

«Чаму гэта (падвышэнне стаўкі рэфінансавання — рэд.) можа быць названа спробай стымуляваць інвестыцыйную актыўнасць? Таму што вось сапраўдныя адсоткавыя стаўкі — стаўкі, за якімі пачынаюцца санкцыі банкам, калі яны перавышаюць гэтыя лімітавыя значэнні — па новых безадзыўных крэдытах павялічылі для фізічных асоб у нацыянальнай валюце, па новых крэдытах у нацыянальнай валюце да трох гадоў уключна, то бок, як яны лічаць кароткатэрміновыя, крэдыты павялічылі. Па крэдытах фізічным асобам павялічылі, прытым больш. А вось па новых крэдытах у нацыянальнай валюце юрыдычным асобам большым за тры гады нават панізілі. 

І самае галоўнае, у чым увогуле праца Нацыянальнага банку? Гэтае вось самае кіраванне чаканнем. Чым больш такіх хаатычных заяў: сёння не павялічваем, а сёння ўжо вырашылі на тэндэнцыі, якія з таго часу, калі вы казалі, што вы нічога не павялічваеце, існавалі, але вы проста заплюшчвалі на іх вочы. А цяпер: “Вой, а што ж такое? Як жа так? Хто гэта зрабіў?” Гэта не павялічвае давер да палітыкі Нацыянальнага банку. Наадварот, гэта павялічвае нявызначанасць, адпаведна, гэта павялічвае інфляцыйныя чаканні». 

Усё, дзеля чаго стваралі, апынулася нерэалізаваным

«Удзел у пленарным паседжанні IV Еўразійскага эканамічнага форуму ў Менску. Проста каб было зразумела, чаму гэта паседжанне важнае. Першае, Беларусь была старшынёй гэты год, а другое, гэты год быў апошнім, дзясятым, пасля якога, увогуле, усе планы па стварэнні гэтага Еўразійскага эканамічнага звязу павінны былі ажыццявіцца. А галоўным планам было што? [Адзін рынак. Сярод іншага нафты і газу].

А вось зараз здагадайцеся з аднаго разу, пра што зусім не гаварылася на гэтым форуме? … І вось гэта мне вельмі падабаецца. Вось Лукашэнка паспрабаваў — гэта адзіны раз, калі гэта прагучала: “На гэтай велізарнай тэрыторыі [нашага звязу] засяроджана чвэрць усіх выведаных відаў карысных выкапняў”. … Вось на тэрыторыі нашага звязу шмат нашай, кажа ён, нафты. Першае месца, кажа, гэты наш звяз займае па здабычы. Другое — па здабычы газу, вытворчасці мінеральных угнаенняў. Тут Беларусь можа пахваліцца. Трэцяе — па вытворчасці пшаніцы. Бульбы. Першае ў нас, потам Казахстан. Жывёлагадоўчай прадукцыі і працягласці чыгунак. Асабліва мы можам пахваліцца працягласцю чыгунак. Чацвёртае — па здабычы вугалю. Таксама вядомы беларускі ці які там вугаль. Вытворчасць чыгуну, сталі, мяса і агульнай працягласці аўтамабільных дарог. Увогуле, гэта ўсе наша. Але неяк яно пры гэтым наша не стала. 

“Скажу проста, тут не ўсе, парадку 18 найважнейшых паказнікаў мы не выканалі. Рабіце высновы адсюль”, — сказаў Лукашэнка і ніякіх высноваў не зрабіў. Хоць, мне здаецца, галоўная выснова, якая з гэтага ёсць — усё, дзеля чаго вы гэта стваралі, яно апынулася нерэалізаваным». 

Захаваць спадчыну СССР і не глядзець па баках

«Ну і нарэшце [сказаў Лукашэнка]: “Нам ні ў якім разе нельга страціць адзіны рынак, які дастаўся нам, і яшчэ захаваўся ад Савецкага Саюзу. Тыя вытворчасці, якія мы сёння маем высокатэхналагічныя”. Не. Інакш не былі б патрэбныя стала гэтыя кітайскія станкі і тэхналогіі, якія… Нам нават адкрыта кажуць, што цяпер беларуская эканоміка — гэта што? З дапамогай кітайскіх тэхналогіяў вырабляе кітайскія тавары, толькі тут.

Ну, акей. “Трэба захаваць усё тое, што нам дасталася ад Саюзу, і тое, што яшчэ дыхае на сённяшні дзень”. Так адкрыта ён даўно не выказваўся. 2025 год, гутарка пра захаванне таго, што засталося ад Савецкага Саюзу. Божа мой! “І ні ў якім разе не глядзець па баках”. Разумееш, нягоднікі ж па баках глядзяць. “Ніхто нас нідзе не чакае”. Прабачце, не нас, а вас. Таму што ўсе іншыя краіны выдатна інтэгруюцца ва ўсю іншую сусветную эканоміку. І браць удзел у інтэграцыйных праектах з краінамі, што апынуліся пад мноствам сусветных санкцый, неяк мала хто імкнецца».

Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць