Эканоміка з Чалым Учора

Пра што Лукашэнка дамовіўся з султанам Амана на гістарычнай сустрэчы і што чакае ІП

Сяргей Чалы і Вольга Лойка абмеркавалі дамоўленасці ў сферы харчу і інфляцыйныя тэндэнцыі.

У верасні ў Беларусі замарудзілася інфляцыя, а Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з султанам Амана Хайсамам бэн Тарэкам Аль Саідам. Што гэта значыць і як адаб'ецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоу «Чалы: Эканоміка». Публікуем урыўкі гутаркі.

Пра запаволенне інфляцыі

«Трохі зменшылася гадавая інфляцыя: стала 7,1%, была ў жніўні 7,2%. Пры тым, што агулам там не бачна нейкіх штучных выпадкаў для гэтага, высілкаў. То бок ні дзяржаўна рэгуляваных цэн яны адмыслова не заніжалі, ні зніжэнне цэн 

на прадукты харчавання на загалоўкавай інфляцыі не адбіліся».

Пра змены для ІП

«Было паседжанне працоўнай групы па дзейнасці ІП пры Мінэканомікі. Гэта самая 713-я пастанова пра тое, што менавіта для ІП ва ўсім гэтым ланцужку ад вытворцы або імпарцёра да спажыўца самая маленькая нацэнка. І, маўляў, гандлёвая надбаўка такая, што прыводзіць да стратнасці дробных бізнесаў і да іх закрыцця. 

Каб была зразумелая ступень уплывовасці гэтай працоўнай групы па дзейнасці ІП пры Мінэканомікі, то бок нават не ўрадзе: “Па выніках разгляду скіраванай інфармацыі прасіць МАРГ інфармаваць чальцоў працоўнай групы і Мінэканомікі пра магчымасць вярнуцца да разгляду пытання пра падвышэнне максімальнай гандлёвай надбаўкі на асобныя віды тавараў”, — [адзначылі ў Мінэканомікі]. То бок чалабітную напісалі. 

Пры гэтым прапануюць два спосабы карэктавання. Ну, лагічна. Першы — дадаць змены ў цяперашні варыянт пастановы. А другі — вярнуцца да ранейшай версіі пастановы, 713 (4). То бок з шостай версіі на пятую вярнуўся. Адкаціць версію. Таму што апошні білд апынуўся не вельмі добрым, па выніках бэта-тэставання на карыстальніках, як у нас усё з заканадаўствам». 

Дамоўленасці, якія выканаюць, калі дамовяцца

«Былі ж яшчэ СНДшныя вячоркі саміту ў Душанбэ — перамовы з султанам Амана Хайсамам бэн Тарэкам Аль Саідам. І гэта, адпаведна, зваротны візіт, таму што ў снежні 2024-га Лукашэнкі быў там. Уключыў унутранага Трампа. Кажа: “У сродках масавай інфармацыі гэты візіт, гэтага султана, называюць гістарычным. Я гэты пункт погляду падзяляю”. Якія [СМІ]? Увогуле, што там гістарычнага? І ты пачынаеш разумець, што чым больш яны кажуць пра гістарычнасць, тым больш пусты гэты візіт. Адзначыў добрую падрыхтоўку, атрымалася выйсці не проста на заяву пра намер, а на пэўныя дамоўленасці. Павінны абмеркаваць рэалізацыю… Я ўсё чакаю, дзе ж гэтыя дамоўленасці?

“Для нас праца адна — узгадніць гэты план супольных дзеянняў і, вядома, пракантраляваць, каб ён быў рэалізаваны. Хачу вас запэўніць, што калі мы дамовімся па нейкім пытанні, мы абавязкова выканаем яго”, — [сказаў Лукашэнка]. То бок, толькі што вы распавядаеце, што ў вас дафігішча дамоўленасцяў, а потым вы кажаце “а вось, калі дамовімся, то выканаем”. А калі не дамовімся?» 

Праект на высокай стадыі прапрацоўкі

«Быў яшчэ візіт, даклад кіраўніка спраў [прэзідэнта Беларусі Юрыя] Назарава пра вось гэты маштабны праект у сельскай гаспадарцы. Кажа: “Прапрацоўваем маштабны праект у сельскай гаспадарцы ў Браслаўскім рэгіёне з аманскім інвестарам. Нешта ў плане вытворчасці прадуктаў харчавання". Вось мне вельмі падабаецца канкрэтыка. У нас ёсць усе магчымасці… Ну, таму што, кажа, Аман перажывае дэфіцыт харчу. А ў нас ёсць усе магчымасці, каб вось… Гэта як ідэя ў Кітаі была: давайце вы ў нас будзеце што-небудзь вырабляць і потам самі гэта з'ядаць. “У нас ёсць усе магчымасці для таго, каб тут вырошчваць і вырабляць тое, што ім патрэбна”. То бок, вось такі вось праект у высокай стадыі прапрацоўкі “нешта ў плане вытворчасці прадуктаў харчавання”».

Прывядзенне амбіцыяў у адпаведнасць з рэальнасцю

«І, нарэшце, працоўны візіт у Таджыкістан. Гэта паседжанне Рады кіраўнікоў дзяржаў СНД у Душанбэ. У прынцыпе, нашы сталыя гледачы і слухачы ўжо могуць здагадацца, пра што Лукашэнка там кажа — пра тое, што нам трэба трымацца разам. Не кідайце мяне, калі ласка! І што вы думаеце? Можна з упэўненасцю сказаць, што гэта і адбылося. 

Гэта, калі шчыра, ужо робіцца проста неяк нават сорамным, таму што мы з'яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі тэктанічных геапалітычных працэсаў. Для некага яны азначаюць цяжкае і крыўднае прывядзенне амбіцыяў у адпаведнасць з рэальнымі магчымасцямі. Вось, хацелася б даведацца, для каго? Гэта ж як: мы не будзем паказваць пальцам, але гэта быў Пуцін».

Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць