Фэйк №1: замежныя медыі пахвалілі Лукашэнку за «бамбічную прэс-канферэнцыю»
Дата фэйка: 8.07.2023
Аляксандр Лукашэнка 6 ліпеня правёў сустрэчу з прадстаўнікамі СМІ. Праз два дні тэлеканал СТБ паведаміў, што гэтая прэс-канферэнцыя выклікала вялікі рэзананс у замежных медыя.
«Бамбічная прэс-канферэнцыя — так ярка і смела журналісты ахарактарызавалі вялікую размову нашага прэзідэнта з прадстаўнікамі сусветных медыя. [...] Вялікая размова праведзена па ініцыятыве замежных журналістаў. Міжнародная прэса шырока асвятліла інтэрв'ю прэзідэнта. Вось вытрымкі з матэрыялаў. Агенцтва, брытанскае Reuters і амерыканскае Associated Press, па законах жанру не сталі сыходзіць у аўтарскую журналістыку, абышліся цытатамі. На сваіх старонках Sky News прызнаецца: “Мы бачылі доўгую і разнастайную прэс-канферэнцыю”. Бі-бі-сі адзначыць: “Цягавітасць у беларускага лідара відавочна ёсць”. Агенцтва Reuters напісала: “Лукашэнка кіруе жалезнай рукой”», — паведаміла СТБ у навінавым выпуску ад 8 ліпеня.
У гэты час на экране дэманстраваліся скрыншоты цытат гэтых медыяў, перакладзеныя на рускую мову. Аднак на самай справе замежныя журналісты асвятлілі гэтую сустрэчу не так, як сцвярджае СТБ.
Выданне Sky News размясціла нататку пад загалоўкам «У сваім вялікім палацы Лукашэнка выказваецца пра Пуціна, Прыгожына і мяцеж Вагнера», і ў ёй няма фразы з апісаннем прэс-канферэнцыі як «доўгай і разнастайнай». Акрамя пераказу заяваў Лукашэнкі аўтар напісаў толькі пару радкоў пра гэтае мерапрыемства:
«Спадар Лукашэнка быў балбатлівы і ласкавы. Яму падабаюцца такія мерапрыемствы. Шанец заявіць пра сябе міжнароднай прэсе і акунуцца ў ліслівасць ад уласнай прэсы».
Пошук іншых артыкулаў з той прэс-канферэнцыі па тэгу «Лукашэнка» выдаў толькі тры яго відэацытаты ў перакладзе на англійскую, у якіх няма ацэнак самога мерапрыемства.
Інакш, чым сцвярджае СТБ, напісала пра Лукашэнку брытанская Бі-бі-сі:
«Яшчэ некалькі тыдняў таму ліхаманкава абмяркоўваўся стан ягонага здароўя. Але беларускі лідар відавочна цягавіты. Гутарка доўжыцца амаль чатыры гадзіны».
Агенцтва Reuters сапраўды напісала, што Лукашэнка кіруе жалезнай рукой. Аднак не ў пазітыўным ключы:
«Аляксандр Лукашэнка ў чацвер адхіліў заяву аб тым, што ён з'яўляецца "апошнім дыктатарам Еўропы", заявіўшы, што ён не быў дыктатарам, але калі б ён ім быў, то ўжо сапраўды не быў бы апошнім.
68-гадовы Лукашэнка кіруе Беларуссю жалезнай рукой з 1994 года, а ў інтэрв'ю Reuters у 2012 годзе ён атрымліваў асалоду ад сваёй славы апошняга дыктатара Еўропы», — гаворыцца ў паведамленні агенцтва.