Фэйк №1: Украінскія памежнікі сапсавалі пашпарт расейцу
Дата фэйка: 16.08.2023
Грамадзянін Расеі, які пражывае ва Украіне, спрабаваў выехаць з краіны, але ўкраінскія памежнікі сапсавалі яму пашпарт, напісаўшы ў ім «Слава Украіне». Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «ЖС прэміум», прымацаваўшы фота дакументу ў якасці доказу.
«Украінскія памежнікі радасна сапсавалі замежны пашпарт грамадзяніну Расеі і, гагочучы, размясцілі справаздачу пра гэта ў сваіх сацсетках.
Яны і раней гэтым вылучаліся. У сэнсе, псавалі пашпарты расейцам і беларусам, але вось неяк выкладваць вынікі сваіх рук да гэтага дня саромеліся», — гаворыцца ў посце ад 16 жніўня.
Такое фота раніцай таго ж дня сапраўды выклалі ў тэлеграм-канале ўкраінскіх памежнікаў. Аднак пра тое, як з'явіўся гэты надпіс у пашпарце расейца, паведамілі інакш. У публікацыі памежнікі патлумачылі, што затрымалі грамадзяніна РФ, які заехаў ва Украіну да вайны і на момант перасячэння мяжы перавысіў тэрмін легальнага знаходжання ў краіне. Вяртацца на радзіму мужчына не хоча і, каб яго не дэпартавалі, сам сапсаваў дакументы, распісаўшы свае ўнутраны і замежны пашпарты фразай «Слава Украіне».
На фота відаць, што почырк на абодвух дакументах аднолькавы, а лозунг напісаны спачатку звычайнай ручкай, а потым акуратна абведзены фламастарам.
Нельга быць цалкам упэўненым, што ўсё было так, як паведаміла памежная служба Украіны, але сцвярджэнне, што ўкраінскія памежнікі сапсавалі дакументы, а потым выхваляліся гэтым у сацсетках — заведамая хлусня.