Антыфэйк / фактчэк 01 лістапада

Нараджаць стала модна? Статыстыка аспрэчвае дэмаграфічны аптымізм кіраўніцы Саюзу жанчын

Вольга Шпілеўская распавяла, што тэндэнцыя са спадам нараджальнасці пераламілася.

Старшыня Беларускага саюзу жанчын Вольга Шпілеўская распавяла пра новую модную тэндэнцыю ў Беларусі — «нараджаць дзяцей у час». Яна заявіла, што пасля дэмаграфічнай ямы сітуацыя стала паляпшацца. Мы вывучылі статыстыку — словы Шпілеўскай не пацвердзіліся. 

Пра пералом негатыўнай тэндэнцыі з нараджальнасцю ў Беларусі старшыня Беларускага саюзу жанчын Вольга Шпілеўская 21 кастрычніка 2025 года распавяла ў эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» і СБТБ: 

«Быць мамамі робіцца модна. Быць татамі робіцца модна. Выходзіць замуж робіцца модна. Таму што быў такі перыяд, і ніхто гэтага не хавае. І чаму ў нас такая дэмаграфічная яма нейкая ўтварылася, так? Таму што зразумела, што заходні павеў, заходнія традыцыйныя каштоўнасці, вось гэта гісторыя з чайлдфры. <...> Прынамсі цяпер мы бачым, што ёсць такая тэндэнцыя да таго, што ўсё-такі гэта змяняецца».

Каманда WTF праверыла, ці сталі беларусы і беларускі часцей уступаць у шлюбы і нараджаць дзяцей. Паводле дадзеных Белстату, у 2024 годзе ў Беларусі нарадзілася 6,5 дзіцяці на 1000 жыхароў краіны — гэта самы нізкі паказнік за ўсю гісторыю назіранняў (з 1940 года). Сумарны каэфіцыент нараджальнасці паказвае, што сто сярэднестатыстычных беларусак нараджаюць 108 дзяцей. 

У Еўразвязе, па дадзеных за 2023 год, на 100 жанчын даводзіцца 138 дзяцей. Інфармацыі за 2024 год пакуль няма, але, па прагнозах, паказнік будзе ніжэй. У суседніх Польшчы і Літве на 100 кабет даводзіцца 110 і 111 дзяцей адпаведна. Гэта больш, чым у Беларусі.

Колькасць шлюбаў, якія складаюцца ў нашай краіне, зніжаецца: у 2024 годзе іх у Беларусі было прыблізна 5,1 на 1000 чалавек, у 2023-м — 6,1, у 2022-м — 6,3. І бяруць шлюб беларусы і беларускі ўсе пазней: мужчыны — у сярэднім у 28,9 года, жанчыны — у 26,7. Летась мужчыны жаніліся ў 28,8 года, жанчыны выходзілі замуж у 26,5. Разводзіцца беларускі і беларусы радзей не сталі: у 2024 годзе было 3,8 разводу на 1000 чалавек, чатыры гады запар да гэтага — 3,7

Для параўнання, жыхары Еўразвязу ў шлюбы ўступаюць радзей, чым беларусы (напрыклад, у нас у 2023-м было 6,1 шлюбу на 1000 чалавек, у ЕЗ — 4). Хоць у асобных краінах, напрыклад, у Латвіі, Вугоршчыне і Румыніі сітуацыя лепшая, чым у нас. Але і разводзяцца ў ЕЗ у 2,5 разу радзей, чым у Беларусі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць