Кантэкст: За пяць гадоў Беларусь патраціла каля $10 млн на дзяржаўную праграму ЭКА. За гэты час правялі 7404 цыклы экстракарпаральнага апладнення. З 2026 года праграму пашырылі: цяпер дзяржава аплачвае не адну, а дзве спробы, а скарыстацца працэдурай могуць не толькі замужнія жанчыны, але і жанчыны, якія не знаходзяцца ў шлюбе.
16 красавіка 2026 года ў эфіры Międzynarodowe Radio Białoruś*, якое вяшчае на польскую аўдыторыю, абмеркавалі дэмаграфічную сітуацыю ў Польшчы і Беларусі. У размове прагучала тэза, што, у адрозненне ад Беларусі, палякі нібыта не маюць паўнавартаснай дзяржаўнай падтрымкі ЭКА.
— У Польшчы гэта каштуе ад 10 да 20 тысяч злотых, для тых, хто павінен гэта купіць. А тут (у Беларусі — рэд.) гэта ў межах бясплатнай усеагульнай паслугі <...>, — сказаў вядоўца Давід Карбанара.
– Я не чуў пра такія праграмы ў Польшчы. Гэта, хутчэй, такі папулізм перад выбарамі ў Польшчы, а не стратэгія. А ў нас у Беларусі гэтая стратэгія — распрацоўка і рэалізацыя стратэгіі па паляпшэнні дэмаграфіі, — працягнуў палітолаг Аляксей Дзермант.
Гэта не так. У Польшчы таксама дзейнічае дзяржаўная праграма ЭКА. І паводле шэрагу параметраў яна нават шырэйшая за беларускую.
Перш за ўсё, у польскай праграме вышэйшы ўзроставы парог для ўдзельнікаў: для жанчын ён складае 42–45 гадоў, для мужчын — 55 гадоў. У Беларусі пасля 40 гадоў працэдура ўжо аплачваецца пацыенткамі самастойна. Выключэнне ў Беларусі прадугледжанае толькі для жанчын, якія ўжо нарадзілі з дапамогай ЭКА і захоўваюць высокі рэпрадуктыўны патэнцыял. Для іх узроставы парог складае 49 гадоў.
Польская праграма адрозніваецца і паводле кола атрымальнікаў. Яна даступная нават замежнікам, тады як у Беларусі скарыстацца дзяржаўнай падтрымкай могуць толькі грамадзяне краіны.
Шырэйшы ў Польшчы і сам падыход да выкарыстання ЭКА. Там праграму ўжываюць не толькі для лячэння бясплоддзя, але і ў медычных мэтах — напрыклад, для захавання фертыльнасці ў анкапацыентаў да пачатку лячэння.
Дзяржаўнае фінансаванне ЭКА ў Польшчы ўпершыню ўвялі яшчэ ў 2013 годзе тэрмінам на тры гады, а затым вярнулі ў 2024-м. То бок гаворка ідзе не пра выпадковую перадвыбарчую ініцыятыву, а пра механізм, які ўжо існаваў раней і быў адноўлены.
Розніца прыкметная і паводле вынікаў. У Беларусі за пяць гадоў дзеяння дзяржпраграмы нарадзілася каля 2,5 тысячы дзяцей. У Польшчы дзякуючы дзяржаўнай праграме — амаль 35 тысяч.
Такім чынам, у эфіры радыё для польскай аўдыторыі беларускую мадэль прадставілі як унікальную і стратэгічную, а польскую — як папулісцкую і ледзь не адсутную. Але насамрэч дзяржаўная праграма ЭКА ў Польшчы існуе, а паводле ўзроставых крытэрыяў, даступнасці і маштабу яна шмат у чым выглядае шырэйшай за беларускую.
*Międzynarodowe Radio Białoruś (пераклад з польскай — «Міжнароднае радыё Беларусь») — дзяржаўнае беларускае міжнароднае радыёвяшчанне і медыяплатформа, якая з’яўляецца структурным падраздзяленнем Белтэлерадыёкампаніі.