Антыфэйк / фактчэк 27 мая

«Аказалася, хлусня». Як экспертка дзяржаўных медыяў параўнала збор пшаніцы ў Літве з усімі збожжавымі ў Беларусі

Ірына Новікава спрабавала аспрэчыць эфектыўнасць літоўскай сельскай гаспадаркі, але падмяніла паказнікі.

Прафесарка, доктарка эканамічных навук і загадчыца кафедры ў БДТУ Ірына Новікава заявіла, што Беларусь сабрала 9 млн тон пшаніцы, а Літва — удвая менш. Так яна спрабавала давесці, што сцвярджэнне пра большую эфектыўнасць літоўскай сельскай гаспадаркі — фальсіфікацыя. Але ў Беларусі 9 млн тон — гэта ўраджай усіх збожжавых і зернебабовых, а не толькі пшаніцы.

Кантэкст: ЗША ціснуць на Літву, каб яна зноў дазволіла транзіт праз сваю тэрыторыю беларускім калійным угнаенням, заявіў 14 траўня 2026 года міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. Гэтая тэма выйшла на першы план пасля зняцця Вашынгтонам санкцый з калію ў снежні мінулага года. Еўропа ж свае санкцыі, наадварот, працягнула яшчэ на год, і Вільня пакуль заяўляе, што мае намер іх выконваць.

Прафесарка, доктарка эканамічных навук і загадчыца кафедры ў БДТУ Ірына Новікава ў эфіры перадачы «Экспертны клуб. Палітычнае радыё-шоу» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 15 траўня 2026 года заявіла, што ў Літвы падаюць тэмпы эканамічнага развіцця. У пацвярджэнне яна згадала, як нібыта абвергла фэйк пра тое, што сельская гаспадарка Літвы больш эфектыўная за беларускую.

«То-бок яны даводзілі, што літоўская сельская гаспадарка больш эфектыўная, чым беларуская. А аказалася, там чыстая фальсіфікацыя. Першае: яны сказалі, што яны сабралі амаль столькі ж пшаніцы, колькі і мы, хоць мы больш.... А я палічыла. Гэта, аказваецца, хлусня. Аказалася, што гэта не толькі… Пшаніцы яны ўдвая менш сабралі. А там кукуруза, рапс. Прыпіскі. То-бок гэта не літоўскія прыпіскі, а прыпіскі нашых журналістаў. Ну нашы, не нашы, не ведаю, хто гэта пісаў», — сказала Новікава.

Гаворка ідзе пра артыкул «30 гадоў знішчэння сяла» выдання «Беларусы і рынак» пра беларускую сельскую гаспадарку, разбору якога прысвяцілі эфір «Клуба рэдактараў» на Першым інфармацыйным тэлеканале 2 траўня 2026 года. Там Новікава выступіла як экспертка.

— [Аўтар артыкула паведаміў, што] мы сабралі сёлета 10 з нечым мільёнаў тон, з іх 9 — чыстага зерня, а вось малюсенькая Літва сабрала 8 млн тон. Я зноў жа спытаў у сельскагаспадарнікаў, яны сказалі: такога не можа быць, — сказаў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.

— Я зрабіла разлікі, афіцыйныя. Пшаніцы, па-першае, у іх сабрана не восем [тон]. Восем — туды ўваходзіць полба, кукуруза, трыцікале, ну вось усё гэта. Пшаніцы ў іх сабрана 4,5 млн тон. У нас — 9 млн тон, — працягнула Новікава.

То-бок Новікава сцвярджае: у Літве сабралі 4,5 млн тон пшаніцы, а ў Беларусі — 9 млн тон. У гэтым параўнанні ёсць падмена. Новікава гаворыць пра пшаніцу, а ў студыі ў гэты час паказваюць цытату з артыкула, які яна спрабуе абвергнуць. У ёй няма ні слова пра пшаніцу: гаворка ідзе пра збожжавыя культуры. Пшаніца — толькі частка ўсіх збожжавых.

Калі гаварыць менавіта пра пшаніцу, то ў Літве летась сапраўды сабралі 4,5 млн тон, разам з яравой нават крыху больш — амаль 5 млн тон. Гэта звесткі з адкрытай базы афіцыйнай літоўскай статыстыкі. А вось у Беларусі 9 млн тон — гэта не ўраджай пшаніцы. Гэта агульны паказнік усіх збожжавых і зернебабовых культур, пра што наўпрост піша Белстат. З 2022 года Белстат перастаў публікаваць, колькі з гэтага аб’ёму прыпадае на пшаніцу, але да гэтага нават у самыя ўраджайныя гады паказнік быў крыху меншы за 3 млн тон. То-бок амаль у паўтара-два разы меншы, чым у Літве.

Маніпуляцыя Новікавай у тым, што яна параўнала ўраджай адной збожжавай культуры ў Літве з усім ураджаем збожжавых і зернебабовых у Беларусі. Калі ж параўноўваць ураджай цалкам, карціна іншая: Беларусь сабрала 9 млн тон зерня і зернебабовых, а невялікая Літва — амаль 7 млн тон. Пры гэтым літоўскія плошчы ў паўтара раза меншыя за беларускія. З гэтага вынікае, што літоўскія фермеры спрацавалі больш эфектыўна.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць