Вядоўца Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё заявіла, што Польшча нібыта рыхтуе законапраект пра дэпартацыю ўсіх непрацоўных украінцаў. Але прапанова партыі «Права і справядлівасць» тычылася значна вузейшай групы: мужчын-украінцаў прызыўнога ўзросту, якія не працаўладкаваныя легальна ў Польшчы.
Кантэкст: Польская газета Dziennik Gazeta Prawna 12 жніўня 2026 года напісала, што Офіс Уладзіміра Зяленскага рыхтуе піяр-кампанію для паляпшэння іміджу Украіны ў Польшчы. Паводле інфармацыі выдання, кампанія будзе ўключаць працу з мясцовымі СМІ і напамін пра старое сяброўства часоў Сымона Пятлюры. Адной з нагодаў стала хваля ксенафобных нападаў на ўкраінцаў у Польшчы гэтым летам. За першую палову года лік такіх заяваў вырас на траціну — да 180 паведамленняў. У нядзелю, 9 жніўня, у 22 гарадах Польшчы прайшлі акцыі пратэсту супраць росту гвалту ў дачыненні да ўкраінцаў.
13 жніўня 2026 года ў палітычным радыё-шоу «Экспертны клуб» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё абмеркавалі, як еўрапейскія краіны змагаюцца з украінцамі, якія «інакш сядзяць на шыі проста». Вядоўца Надзея Лысенка заявіла, што Польшча рыхтуе радыкальныя захады.
«Гэта можа тычыцца не толькі мужчын. Вось, напрыклад, тая ж Польшча рыхтуе законапраект пра дэпартацыю ва Украіну ўсіх непрацоўных украінцаў. <...> Самае галоўнае, што гэты законапраект падтрымлівае 70% палякаў. <...> Падтрымліваюць тое, каб у краіне не былі непрацоўныя людзі», — сказала Лысенка.
Вядоўца мела на ўвазе прапанову польскай партыі «Права і справядлівасць» (Prawo i Sprawiedliwość, PiS). Гэта нацыянал-кансерватыўная партыя правага кірунку, якая ў 2015—2023 гадах была кіроўнай у Польшчы, а цяпер знаходзіцца ў апазіцыі. У прапанове PiS гаворка не ішла пра ўсіх непрацоўных украінцаў і тым больш пра жанчын. Дэпартаваць прапаноўвалі толькі мужчын-украінцаў прызыўнога ўзросту, якія не працуюць у Польшчы легальна.
«Адным з першых і важных рашэнняў ураду будзе рашэнне пра дэпартацыю мужчын, украінцаў у прызыўным узросце, якія не працуюць легальна ў Польшчы», — заявіў 6 жніўня на праграмнай канферэнцыі партыі яе віцэ-старшыня Тобіяш Бахэньскі.
Апытанне, на якое спаслалася Надзея Лысенка, таксама тычылася гэтай канкрэтнай катэгорыі грамадзянаў Украіны, а не непрацоўных украінцаў у цэлым. Яго правялі 7—8 жніўня на замову газеты Rzeczpospolita. Рэспандэнтаў пыталі, ці падтрымліваюць яны ідэю PiS. Такую фармулёўку падтрымалі 67,2% апытаных.
МУС Польшчы ўжо назвала ідэю дэпартацыі папулізмам і прывяло лічбы: легальна ў краіне працуюць 95% украінскіх мужчын прызыўнога ўзросту. Значыць, нават пры рэалізацыі такой прапановы пад магчымую дэпартацыю маглі б трапіць толькі каля 5% з іх.