Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Азаронак раскрытыкаваў узровень жыцця ў Партугаліі і Грэцыі, але не параўнаў паказнікі з Беларуссю. Мы зрабілі гэта за яго
Па індэксе росквіту Партугалія — на 26 месцы, Грэцыя — на 40-м, а Беларусь — на 78.
Рыгор Азаронак у штодзённым стрыме раскрытыкаваў узровень жыцця ў краінах Паўднёвай Еўропы. Ён заявіў, што ў Партугаліі ўся моладзь беспрацоўная, а ў Грэцыі — нізкі ўзровень ВУП на душу насельніцтва. Каманда Weekly Top Fake знайшла ў яго словах маніпуляцыю.
Пра жыццё ў «свеце сметніц» Рыгор Азаронак разважаў 11 чэрвеня 2024 года.
«Аднапалярны свет — гэта калі ёсць сламленд, адзін мільярд людзей, якія не кожны дзень ядуць, якія адчуваюць рэальны голад. Гэта сламленд называецца — свет сметніц. Гэта Лацінская Амерыка, Афрыка, Паўднёвая Еўропа, напрыклад. Партугалія — уся моладзь беспрацоўная, там проста няма працоўных месцаў. У сістэме падзелу працы вызначылі — вінішка адно робяць, вінаград збіраюць і ўсё. Паглядзіце статыстыкі, пагугліце. Тое самае для Грэцыі. Паглядзіце ўзровень сацыяльна-эканамічнага жыцця ў Грэцыі, ВУП на душу насельніцтва напрыклад».
Наконт беспрацоўя сярод моладзі ў Партугаліі Азаронак сказаў амаль праўду — там не працуе 22% маладых людзей, то бок кожны пяты. Сярод краін-лідараў па гэтым паказніку — Грэцыя, Іспанія, Італія, Кіпр і Швецыя. У сярэднім па ЕЗ ён менш за 15%.
Мы праверылі валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва ў Грэцыі і Партугаліі. Нават з улікам парытэту пакупніцкай здольнасці гэтыя краіны апярэджваюць Беларусь: $26 тысяч у год на душу насельніцтва ў Беларусі супраць $35 тысяч у Грэцыі і $41 тысячы ў Партугаліі.
Па індэксе росквіту Партугалія — на 26 месцы, Грэцыя — на 40-м, а Беларусь — на 78. Па Індэксе чалавечага развіцця ААН, Грэцыя знаходзіцца на 33 месцы, Партугалія — на 42, а Беларусь — на 69.
Эканомікі гэтых краін адныя з самых слабых у ЕЗ, але пры гэтым па эканамічных паказніках яны апярэджваюць Беларусь.