Кантэкст: 26 лістапада 2025 года споўнілася 95 гадоў з дня народзінаў класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, аўтара твораў «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», «Каласы пад сярпом тваім» ды іншых. Ён пісаў на беларускай, украінскай і рускай мовах.
Палітолаг Пётр Пятроўскі і вядоўца Рыгор Азаронак 26 лістапада ў эфіры праграмы «Азаронак. Наўпрост» абмеркавалі культурныя сувязі краін у савецкі час і іх цяперашні стан.
«Сёння вось гэтыя бандэраўцы проста робяць жахі на Украіне: знішчаюць вуліцы, назвы, помнікі ды іншае. Я не здзівіўся, што яны ўзялі і знішчылі Караткевіча. Вось не ведаю, што там з помнікам Караткевіча яны зрабілі, таму што прэзідэнт Беларусі, як я помню, недзе пад канец нулявых… У нулявыя — пачатку дзясятых гадоў разам з кіраўніцтвам Украіны нават адкрывалі помнік Караткевічу ў Кіеве. Я не ведаю, што з ім адбылося, але магу падазраваць, што тое ж самае, што з вуліцамі Купалы, Коласа, Тарашкевіча ды іншых дзеячаў унутры Польшчы, усярэдзіне Літвы», — заявіў госць праграмы.
У Кіеве сапраўды ёсць помнік Уладзіміру Караткевічу — пісьменнік вучыўся ва ўкраінскай сталіцы. Адкрылі манумент у 2011 годзе. Аднак на ўрачыстай частцы быў не Аляксандр Лукашэнка, а тагачасны міністр культуры Павел Латушка (у 2020 годзе ён адкрыта падтрымаў пратэстоўцаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, пасля чаго пакінуў Беларусь, узначаліў Народнае антыкрызіснае ўпраўленне і далучыўся да Аб'яднанага пераходнага кабінету дэмсіл).
На момант публікацыі тэксту, помнік стаіць на тым жа месцы, дзе яго ўсталявалі першапачаткова. Больш за тое, у 2023 годзе ў Кіеве ў рамках праграмы дэрусіфікацыі з'явілася вуліца Уладзіміра Караткевіча — перайменавалі вуліцу, названую ў гонар расейскага крытыка Мікалая Дабралюбава.
У Польшчы і Літве вуліцы, названыя ў гонар беларускіх пісьменнікаў, таксама нікуды не зніклі. Вуліца Янкі Купалы ёсць у Вільні і ў польскіх Гданьску і Гайнаўцы. Таксама ў Гайнаўцы адна з вуліц носіць імя пісьменніка Якуба Коласа. У Бельску-Падляскім ёсць вуліца, названая ў гонар Браніслава Тарашкевіча, стваральніка першай граматыкі беларускай мовы — «тарашкевіцы».
У 2017-м вуліцу Тарашкевіча збіраліся пераназваць, бо ён быў чальцом камуністычнай партыі і трапіў пад закон пра дэкамунізацыю, але падляскі ваявода прыпыніў працэс. У Бельску-Падляскім працуе і беларускамоўны ліцэй імя Тарашкевіча.