«Мы бачым іншую ідэалогію. Мы бачым, што ў “Вагнера” няма ніводнага палоннага. Ніводнага палоннага ў “Вагнера” няма. Не існуе такога паняцця».
Гаворка пра тое, што вагнераўцы нібыта не здаюцца ў палон. Заснавальнік ПВК Яўген Прыгожын раней таксама казаў пра тое, што ягоныя падначаленыя не маюць на гэта права — лепш памерці.
«Першы грэх — гэта дэзерцірства. Ніхто не дае заднюю, ніхто не адступае, ніхто не здаецца ў палон. Калі вы будзеце навучацца, пры здачы ў палон, вам раскажуць пра дзве гранаты, якія вы павінны мець з сабой... Мы робім адзнаку дэзерцір і пасля гэтага расстрэл».
Насамрэч адбываецца інакш. У Інтэрнэце ёсць мноства інтэрв'ю з палоннымі вагнераўцамі. Напрыклад вось, вось і вось.
Але ці сапраўды гэта вагнераўцы, а не акцёры?! За ўсіх не скажам, але асобу аднаго такога палоннага нам удалося пацвердзіць.
Вось відэа яго допыту:
«- Імя па бацьку?
- Лепіхаў Павел Сяргеевіч.
- Век народжэння?
- 10 красавіка 1991 гады.
- сядзеўшы, правільна?
- Кількі?
- 10 гадоў строгага рэжыму».
Па словах мужчыны, ён заблудзіўся і трапіў у палон. Відаць, яго асоба рэальная. Вось ягоны профіль на «Аднакласніках». Фота падобнае, дата нараджэння супадае з той, якую ён назваў на відэа.
Мы звязаліся з сябрамі з яго фрэндліста Укантакце — і двое з іх адказалі і пацвердзілі, што на відэа сапраўды Павел Лепіхаў. А таксама тое, што ён быў асуджаны за забойства і пайшоў ваяваць у ПВК.
У снежні журналісты нашага Беларускага расследавальніцкага цэнтру ўстанавілі асобу яшчэ аднаго палоннага вагнераўца з пазыўным «Заспа». Заспа аказалася назвай аграгарадка ў Рэчыцкім раёне, адкуль ён сам родам, а клічуць яго Андрэй Герыловіч. Гэтую інфармацыю пацвердзіў і дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка.
Яшчэ можна ўспомніць забiтага кувадлай расіяніна Яўгена Нужына, які таксама ваяваў у шэрагах «Вагнера» і трапіў у палон.
Ну а сам фэйк прагучаў на фоне інфармацыйнага канфлікту паміж Яўгенам Прыгожыным і Мінабароны Расіі. Прадстаўнікі ПВК «Вагнер» раскрытыкавалі Мінабароны і асабіста начальніка генеральнага штаба Валерыя Герасімава за недастатковую, на іх думку, падтрымку іх баявых аперацый. Са свайго боку Мінабароны Расіі пасля ўзяцця Салядара наогул «забылася» згадаць аб удзеле ў гэтым байцоў ПВК. А таксама абвяргала заявы «Вагнера» аб захопе імі шэрагу населеных пунктаў.
Беларусы-эмігранты збіраюць грошы на лячэнне за мяжой
На беларускім тэлебачанні працягваюць расказваць гледачам пра складанасці, з якімі сутыкаюцца беларусы, якія з'ехалі жыць за мяжу. Вядучая тэлеканала «Беларусь-1» Кацярына Круталевіч расказала такую гісторыю:
«Мяне папрасілі некалькі дзён таму ва ўстаграме зрабіць рэпост гісторыі. Маці знаходзіцца з двума дзецьмі ў Польшчы, у Беластоку. І аднаго з дзяцей на пешаходным пераходзе збіла машына. Ён у рэанімацыі. Бацькі беларусы збіраюць грошы, каб аплочваць медыцынскія рахункі. Гэта сцісла аб абароненасці ў эміграцыі. Я зрабіла рэпост, але мне падаецца, як ніякая іншая гісторыя, гэтая паказвае наколькі вас чакаюць у іншай краіне».
Размова ідзе пра 6-гадовага хлопчыка Мішу Грынкевіча з Гродна. Яго сапраўды ў Беластоку збіла машына, пасля чаго ён патрапіў у рэанімацыю. Вядучая Кацярына Круталевіч падала гэтую гісторыю так, нібыта гаворка ідзе пра беларускіх эмігрантаў. Гэта няпраўда. Насамрэч у Беласток мама з двума дзецьмі прыехала толькі пагасціць і ў іх не было страхоўкі. Пра гэта жанчына сама расказвала журналістам.
У дзень аварыі сям'я якраз збіралася вяртацца ў Беларусь, але вырашыла застацца яшчэ на дзень. Тата хлопчыка не меў нават польскай візы і экстрана яе афармляў, каб прыехаць да дзіцяці.
Такім чынам, «Беларусь-1» выдаў за эмігрантаў турыстаў без страхоўкі. Беларусы, якія ўвесь час жывуць і працуюць у Польшчы абавязаны мець страхоўку. Яна неабходна для атрымання часовага віду на жыхарства. Каштуе медыцынская страхоўка каля 100 долараў за год, але часцей за ўсё работнікі ў Польшчы застрахаваны праз свайго працадаўцу.
Ваеннаслужачыя ЗША запусцілі чэлендж супраць вайны з Расіяй
Ваеннаслужачыя ЗША масава ўдзельнічаюць у чэленджы супраць вайны з Расіяй ва Украіне, паведаміў тэлеграм-канал афіцыйнай газеты Мінскага аблвыканкама «Мінская праўда».
«Сутнасць заключаецца ў тым, каб сфатаграфавацца з лістком паперы, на якім напісаны наступныя словы:
Трымайцеся далей ад Украіны!
Няма вайне з Расіяй!
Не наша вайна!
Не наша справа!
Я не збіраюся забіваць за гэта!»
У доказ публікуе фота мужчыны ў вайсковай форме ЗША і лістком паперы з такім надпісам, якім ён закрывае твар.
«Асобы імкнуцца хаваць, бо за падобныя словы ў ЗША можна проста застацца без кантракту», — тлумачыць «Мінская праўда».
Тое, што войска ЗША забараняе кантрактнікам публічныя акцыі ў форме, гэта праўда. А вось усё астатняе — не.
Гэта не масавы чэлендж - у інтэрнэце па адпаведных тэгах знаходзіцца толькі адно гэтае фота. Прычым яно з'явілася не зараз, а ў 2014 годзе. Пры гэтым, на форуме вайскоўцаў ЗША, дзе тады абмяркоўваўся гэты здымак — ніхто не пацвердзіў яго рэальнасць.
Гэты фэйк зноў уваскрос на фоне інфармацыі аб тым, што ў Вашынгтоне паабяцалі паставіць Украіне танкі Абрамс. А «Мінская праўда», публікуючы гэтае старое непацверджанае фота, паспрабавала паказаць, што ў войску ЗША зараз нібыта адбываюцца хістанні з-за амерыканскай падтрымкі Ўкраіны.
Лукашэнка парваў рэйтынгі Google
Заявы Лукашэнкі аб вяртанні беларусаў, якія вымушана пакінулі радзіму, парвалі ўсе рэйтынгі гугла, заявіў у эфіры «Беларусь-1» яго кіраўнік Іван Эйсмант.
«Я вам хачу сказаць, што жадаючыя ёсць, таму што Гугл трэнд кажа пра тое, што заяву Лукашэнкі аб вяртанні збеглых парвалі ўсе рэйтынгі. Паводле статыстыкі Гугл трэнд - не нашай, а Гугл трэнд амерыканскі - па пошукавым запыце "Лукашэнка" фіксуецца ў суседніх краінах проста шалёны сёрфінг. У Польшчы, Літве і Украіне на піку пошукавых запытаў цікавасць да гэтай тэмы была абсалютнай, 100%. Гэта значыць, што ўсе пошукавыя запыты ў гугле з гэтай краіны ў дадзены момант былі толькі пра Лукашэнку».
Нагадаем, 24 студзеня Аляксандр Лукашэнка склікаў нараду, на якой расказаў, як павінна выглядаць працэдура прабачэння «беларусаў, якія заблыталіся ў палітыцы». Іван Эйсмант пасля гэтага зазірнуў у аналітыку гугла і зафіксаваў там шалёны сёрфінг па гэтай тэме.
Гэта, канешне, няпраўда. Каб у гэтым пераканаецца можна параўнаць у гугл трэдах, да прыкладу, словы «надвор'е» і «лукашэнка». Аказваецца, што 25 студзеня надвор'ем цікавіліся значна больш актыўна, чым Лукашэнка. Як, зрэшты, і ў іншыя дні, мяркуючы па графіку.
Гэта значыць, тэорыя Эйсманта, што гэтыя графікі паказваюць які працэнт карыстальнікаў гуглят пэўнае слова ў пэўны момант часу, наогул не працуе.
Сам Гугл трэнд графік тлумачыць так:
Лічбы абазначаюць узровень цікавасці да тэмы ў адносінах да найбольш высокага паказчыка ў табліцы для пэўнага рэгіёну і перыяду часу. 100 балаў азначаюць найвышэйшы ўзровень папулярнасці запыту, 50 — узровень папулярнасці запыту, удвая меншы ў параўнанні з першым выпадкам. 0 балаў азначае месцазнаходжанне, па якім недастаткова звестак аб гэтым запыце.
100 балаў азначае, што папулярнасць тады была максімальнай, але, канешне ж, не абсалютнай.
У гэтым годзе 100 балаў Лукашэнка і ў Польшчы, і ва ўсім свеце набіраў на Новы год. А за апошнія 5 гадоў — толькі ў жніўні 2020-га, калі многія міжнародныя СМІ паведамлялі, што ў Беларусі праходзяць масавыя пратэсты і яго могуць зрынуць.
Але гэта запыт на расейскай мове. А вось калі Лукашэнку ўводзіць на англійскай, то сярод англамоўнай аўдыторыі ён набраў 100 балаў толькі ў лютым 2022-га, калі з'явілася інфармацыя, што з тэрыторыі Беларусі пачаўся наступ на Кіеў.
Такім чынам, словы Івана Эйсманта аб тым, што суседнія краіны не гугляць наогул нічога, акрамя імя Лукашэнкі — фэйк.
Прадказанні афганскага матэматыка заўсёды спраўджваюцца
У Расіі і Беларусі з'явіўся новы прарок — афганскі матэматык Сідзік Афган, які ніколі не памыляецца, таму што ён не прадказвае, а разлічвае будучыню па матэматычных формулах.
Прарок-матэматык прадказаў крах ЗША і перамогу Расіі ў спецаперацыі, паведамляе тэлеканал НТВ.
«А зараз галоўнае пытанне: калі чакаць разгрому кіеўскага рэжыму і яго заступнікаў?
- У 2025 годзе пераломны этап. Амерыка вычарпаецца, Амерыкі як вялікай дзяржавы, не будзе. Хутка Амерыка вычарпаецца. Я так разьлічваю. У 2025 усё пачынаецца, у 2027 годзе ўсё - амерыканскае дзяржавы не будзе. Ва Украіне вы пераможаце. Гэта мая парада».
Акрамя таго, прарок назваў Пуціна геніем, а Еўразвязу прадказаў распад без расейскага газу пасля 2027 года.
Прагнозы афганскага матэматыка на тэлеканале НТВ перапосцілі шэраг расійскіх СМІ. Засвяціўся Сідзік і ў Беларусі. Пра яго расказалі на афіцыйным YouTube-канале інфармацыйнага агенцтва «Мінск-Навіны».
«Вось дакладна далёка не ўсе ведаюць, што некалькі тыдняў таму Сідзік наведваў Мінск з адзінай лекцыяй. Дык вось: паступальнае развіццё Беларусі, умацаванне суверэнітэту і рост дабрабыту насельніцтва цяперашні Настрадамус увязаў напрамую з моцнай асобай, якая сёння стаіць ля руля дзяржавы».
СМІ сцвярджаюць, што Сідзік раней прадказаў развал СССР, догляд Гарбачова і нават каранавірус — увогуле ён ніколі не памыляецца.
Аднак гэта зусім не так. У гэтым можна пераканаецца пачытаўшы яго старыя прагнозы. Вось інтэрв'ю Сідзіка Афгана для часопіса «Уральскі следапыт» у ліпені 1991 года - у ім ён назваў Міхаіла Гарбачова выдатным палітычным лідэрам і прадказаў, што ён застанецца на сваёй пасадзе яшчэ доўга і ўбачыць поўную перамогу пачатай справы.
Праўда, ужо праз паўгода прарок памяняў прагноз. На сайце агенцтва Інтэрфакс захавалася навіна снежня 1991 года аб тым, што афганскі прадказальнік, выступаючы з лекцыямі ў Екацярынбурзе, прадказаў хуткую адстаўку Гарбачову, і што пасля той стане генсекам ААН. Толькі вось, прагноз аб адстаўцы Гарбачова прагучаў ужо пасля таго, як кіраўнікі Беларусі, Украіны і Расіі, без яго ўдзелу, падпісалі ў Белавежскай пушчы пагадненне аб ліквідацыі Савецкага Саюза. Ды і з пасадай генсака ААН Сідзік зноў трапіў у няёмкае становішча — прадказанне не спраўдзілася.
А вось прароцтва пра будучыню Расіі з той жа лекцыі 1991 года:
«Богам, паводле таго, як тлумачыць іх волю афганскі прадракальнік, таксама заўгодна, каб Расею ў найбліжэйшы час чакала "светлая і вялікая будучыня", а да канца стагоддзя яна перагнала б ЗША і Японію ў эканамічным развіцці».
Гэтага, як вядома, таксама не здарылася.
Наконт сваёй краіны прадракальнік памыляецца гэтак жа часта, як і па астатніх сусветных падзеях. Вось што ён прадказаў прэзідэнту Афганістана Махамаду Наджыбулле менш, чым за год да таго, як яму прыйшлося ратавацца ад маджахедаў на тэрыторыі місіі ААН у Кабуле:
«Так паказалі разлікі, вось я і прадказаў Наджыбулле працяг прэзідэнцтва і тое, што маджахеды не зрынуць яго ўладу».
Аднак, праз некалькі гадоў Наджыбулу сверглі і забілі.
Такім чынам, Сідзік Афган у рэчаіснасці аказаўся лжэпрарокам, чые прадказанні спраўджваюцца вельмі рэдка.