Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Перад тым як паслаць ЗША «нах..», Лукашэнка прыўкрасіў вынікі выбараў 1994 года
Палітык распавёў, як за яго галасавала Гарадзенская вобласць.
Выступ Аляксандра Лукашэнкі падчас візіту ў Лепельскі раён стаў віральным дзякуючы словам «Пайшлі нах..». Іх ён адрасаваў амерыканцам, якія запатрабавалі, каб Менск выбачыўся перад Вільняй за запуск метэазондаў з кантрабандай, якія паралізуюць працу аэрапортаў. Але журналісты Weekly Top Fake пачулі ў гаворцы палітыка не толькі гэта: заходзячы ў тэму міжнароднай палітыкі здалёк, ён распавёў пра прэзідэнцкія выбары 1994 года і прыўкрасіў вынікі галасавання.
Тэлеграм-канал «Пул Першага» 31 кастрычніка 2025 года апублікаваў відэа з выступам Аляксандра Лукашэнкі падчас наведвання Бярэзінскага запаведніка. Ён распавёў, як на першых прэзідэнцкіх выбарах жыхары Гарадзенскай вобласці амаль аднагалосна падтрымалі яго кандыдатуру.
«Я, калі пачынаў сваю, 30 гадоў назад, прэзідэнцкую кампанію, я пачынаў з Гарадзенскай вобласці. Ну, усе лічылі, што там ворагі. Але тым больш у мяне ў альтэрнатыве былі два каталіцкія чалавекі там: Шушкевіч, Пазняк і гэтак далей. Ну, я думаю, паеду ў іх вотчыну. Што я ўбачыў? Гэта нашыя людзі! І яны ў першыя прэзідэнцкія выбары за мяне прагаласавалі. Пераважная большасць — пад 90 [адсоткаў] чалавек», — падзяліўся Лукашэнка.
Усё было не зусім так. Станіслаў Шушкевіч, тагачасны спікер парламенту, сапраўды быў каталіком. Як і Зянон Пазняк, ён выступаў за збліжэнне Беларусі з Еўропай.
Лукашэнка сапраўды набраў большасць галасоў у Гарадзенскай вобласці на выбарах у 1994 годзе, але не 90%, а 80%. І гэта было ў другім туры, калі Зянон Пазняк і Станіслаў Шушкевіч ужо выбылі з гонкі, а супраць Лукашэнкі заставаўся толькі дзейны прэм'ер-міністр, прарасейскі палітык Вячаслаў Кебіч.
У першым туры ў Гарадзенскай вобласці Лукашэнка набраў значна менш галасоў — 36%. Пазняк — 21,2%, Шушкевіч — 10%. Выходзіць, што перамога ўсё адно была за Лукашэнкам, але з меншым разрывам.