Антыфэйк / фактчэк

01 лютага 2023

Фэйкі тыдня: Немцы супраць паставак танкаў Украіне

Рэспубліка Беларусь — цалкам сабе інавацыйная краіна. Аб гэтым сведчаць міжнародныя рэйтынгі, заявіў на тэлеканале АНТ эканамічны аналітык Георгій Грыц.

У аэрапорце Штутгарта з'явіліся банеры, якія заклікалі Нямеччыну не пастаўляць танкі Ўкраіне. Такія навіны з'явіліся ў прарасійскіх тэлеграм-каналах якраз у дзень сустрэчы заходніх лідэраў на базе ў Рамштайне. 

«У нас у Нямеччыне з'явіліся банеры ў аэрапорце Штутгарта, на якіх заклікаюць не даваць леапарды Украіне. Здымаў сам. Пад Рамштайн зрабілі, дакладна кажу. Надпіс: Няхай леапарды застануцца ў Нямеччыне! Спыніце рабаванне Бундэсвера!», — сцвярджае тэлеграм-канал Панамар. 

Аднак у аэрапорце Штутгарта WeeklyTopFake заявілі, што такіх банераў там не было і быць не магло:

«На маніторах, якія бачныя на вашых кадрах, дэманструюцца толькі камерцыйныя рэкламныя ролікі або перыядычныя апавяшчэнні для пасажыраў аб праверцы бяспекі або іншых зменах, якія маюць дачыненне да працы. Выявы ў вашых файлах, па нашай адзнацы з'яўляюцца відавочнымі мантажамі».

Праз некалькі дзён падобныя навіны дашлі ўжо з Берлінскага заапарка.

«У Заапарку Берліна з'явілася аб'ява: Пераканаўчая просьба не карміць леапардаў пустымі размовамі Зяленскага. Жывёла можа званітаваць!», — сцвярджае тэлеграм-канал Мрія. Пра гэта напісалі таксама «ZOV Прыднястроўя», «Падмаскоўе сёння» і іншыя. Але і гэтае фота аказалася падробкай.

«Мы вельмі здзіўленыя гэтым фотамантажом. Фатаграфія адназначна з'яўляецца падробкай. З пачатку вайны мы падтрымліваем кантакт з многімі людзьмі ва Украіне і арганізоўваем перавозкі грузаў дапамогі, а таксама ахвяраванняў для нашых калег, напрыклад, у Кіеўскім заапарку. У агульнай складанасці з пачатку вайны мы сабралі больш за 400 000 еўра ахвяраванняў для Украіны», — паведамілі нам у Берлінскім заапарку і нават даслалі ў пацверджанне фота, як на самой справе выглядае гэтае месца ў заапарку.

Беларусь — інавацыйная краіна 

Рэспубліка Беларусь — цалкам сабе інавацыйная краіна. Аб гэтым сведчаць міжнародныя рэйтынгі, заявіў на тэлеканале АНТ эканамічны аналітык Георгій Грыц.

«Айчынная навука і інавацыйная практыка займаюць дастойнае месца ў сусветных рэйтынгах. У прыватнасці, я адзначыў бы толькі адзін паказчык — гэта індэкс Глабальнага інавацыйнага развіцця. Па выніку 2021 года Беларусь заняла дастойнае 62 месца сярод 132 краін свету. І падвысіла свой паказчык адразу на 24 пазіцыі за апошнія 5 гадоў». 

Аднак гэта ўжо неактуальныя дадзеныя. Згодна з рэйтынгам за 2022 год (апублікаваным яшчэ ў кастрычніку — за 3,5 месяца да выхаду перадачы Грыца), Беларусь толькі на 77-м месцы — паміж Ямайкай і Іарданіяй.

Пры гэтым сярод 39 еўрапейскіх краін наша краіна аказалася на 38 месцы, апярэдзіўшы толькі Албанію.

Такім чынам, Георгій Грыц свядома ўвёў гледачоў у зман.

На «Гарызонце» стварылі ўнікальны тэлевізар будучыні

Дырэктар «Гарызонта» Юры Прадко пахваліўся перад Аляксандрам Лукашэнкам, што на заводзе, які ён узначальвае, зрабілі «унікальны тэлевізар будучыні». Такое відэа апублікаваў тэлеграм-канал «Пул першага».

«Празрысты экран. Унікальны тэлевізар. Нават не наступнага, а паслязаўтрашняга часу. З празрыстай плёнкай, OLED з празрыстым экранам. Мы яго зрабілі, гэта інавацыйная прадукцыя, якая з'явіцца, думаю, праз 10 гадоў».

Насамрэч 10 гадоў чакаць зусім не трэба. Бо тое, што толькі што вынайшлі ў Беларусі, у свеце ўжо прадаецца. Праўда, за вельмі немалыя грошы.

«Усе патэнты, якія звязаны з паняццем празрысты экран, празрысты экран ОLED, яны ўкладваюцца ў дыяпазон 2010-2013 год. І падзелены прыкладна пароўну паміж LG, Samsung і Sony. Свой першы празрысты экран кампанія Samsung прадставіла ў 2015 годзе і адразу пасля анонсу на выставе можна было набыць тэлевізары празрыстыя. Дарэчы, той тэлевізар, які Samsung паказваў у 2015 годзе, ён вельмі падобны на той тэлевізар, які Гарызонт анансаваў у 2023», — распавёў WeeklyTopFake тэхналагічны эксперт, адзін з вядучых аўтараў Хабра Сяргей Бесараб.

oled tv panasonic
Крыніца: Techradar.com

Кампанія Panasonic прэзентавала свой празрысты тэлевізар на выставе 5 гадоў таму.

Ёсць такі тэлевізар і ў кітайскай кампаніі Xiaomi. Ютуб-блоггеры ўжо паказваюць яго распакоўку, а на Аліэкспрэсе яго можна купіць за 11 тысяч долараў. Празрысты тэлевізар LG у Нямеччыне прадаецца за 30 тысяч эўра. Дорага, вядома, але ўжо сёння, а зусім не праз 10 гадоў.

Вялізныя зграі крумкачоў над Кіевам

Вялізныя зграі крумкачоў «накрылі» Кіеў — паведаміў тэлеграм-канал дзяржаўнай газеты «Мінская праўда». 

«Кіяўляне ў сацыяльных сетках пішуць, што ніколі не бачылі такіх велізарных навал крумкачоў і нагадваюць, што "звычайна такое да бяды"». 

Аднак, насамрэч гэта не Кіеў і не цяпер. Відэа было знята ў амерыканскім горадзе Х'юстан яшчэ ў 2017 годзе. Акрамя таго, гэта не крумкачы, а дразды. Аб гэтым інцыдэнце 6 гадоў таму пісала выданне «Дэйлі мэйл».

Тэма крумкачоў над Кіевам была адной з асноўных навін мінулага тыдня ў расійскай прэсе і сацсетках. Крумкачоў пасцілі многія, ад блогераў да дыпламатаў.

Так, карыстач твітара Каця Лычова — вядомая як савецкая дзяўчынка, якая ў 1986 году наведала ЗША з місіяй міру — таксама выклала два відэа. Адно — тое самае фэйкавае з Х'юстана, а другое рэальнае, з тэлеграма «Рэальны Кіеў», дзе і праўда лётаюць вароны, праўда не так уражліва.

Пост яна падпісала на французскай мове з нагнятальным пасылам:

«Над Кіевам ужо трэці дзень лётаюць вялізныя зграі крумкачоў ... Жыхары не памятаюць такіх з'яў раней! У славянскім фальклоры крумкач з'яўляецца “веснікам зла” і трывожыць людзей!».

Яе допіс перапосціў расійскі дыпламат пры ААН Дзмітрый Палянскізаявіўшы, што вароны кружаць над Кіевам «з-за святатацтва».

Гэтую версію падхапілі многія расійскія СМІ і блогеры — і як раз у тэму знайшлося відэа 2018 года пад назвай «У Кіеве над саборам, дзе праходзіў сабор раскольнікаў, зляцеліся ўсе вароны Кіева».

Яго апублікаваў тэлеграм-канал Ігара Гіркіна вядомага таксама пад псеўданімам Стралкоў, які сам пацвердзіў, што яшчэ 8 гадоў таму справакаваў пачатак ваеннага канфлікту.

Фэйк, дарэчы, закладзены і ў назве відэа. Тое, што аўтар назваў саборам раскольнікаў — гэта Аб'яднальны сабор украінскіх праваслаўных цэркваў, на якім духавенства стварыла незалежную ад Маскоўскага патрыярхата ўкраінскую царкву.

«Гэта проста трэшышча, сябры, усё неба чорнае. Гэта прымушае задумацца пра нейкія моцныя духоўныя рэчы, якія прыцягвае адны і іншыя энергіі. Яно напэўна ўсё ж існуе», — гаворыцца ў відэа. 

Аднак, той сабор прайшоў за некалькі дзён да гэтага кручэння птушак у небе і ўвогуле ў іншым месцы — у Сафійскім Саборы, тады як на відэа — Місцецкі Арсенал.

Акрамя таго, вельмі дзіўна, што ў расійскіх СМІ і Дзмітрыя Палянскага зграі крумкач над Кіевам выклікалі такую жывую цікавасць. Бо гэта звычайная з'ява і для самой Расіі. Вось яны кружаць у Растове на Доне. Вось — над Пяцігорскам. А вось — над Домам урада ў Маскве.

Расейская прэса нават паведамляла, што яны так аблюбавалі дах Белага дома, што ў федэральным бюджэце прыйшлося асобным радком прапісваць 42 млн рублёў на іх знішчэнне.

А пра Крэмль і казаць няма чаго — там наогул для абароны ад крумкач стварылі адмысловую арніталагічную групу.

Біл Гейтс назваў урад Украіны горшым у свеце 

Заснавальнік Microsoft Біл Гейтс заявіў, што ўрад Украіны найгоршы ў свеце, — пішуць расійскія і беларускія СМІ. А Уладзімір Салаўёў нават выклаў відэа, дзе добра чуваць як Гейтс гэта кажа.

«Украінскі ўрад адзін з горшых у свеце ... Карумпаванае, кантраляванае некалькімі багатымі людзьмі. Сапраўды, да няшчасця для народа Украіны» 

Аднак, гэтыя словы вырваныя з кантэксту — у арыгінале інтэрв'ю Біл Гейтс кажа аб тым, якім быў урад Украіны да вайны (pre-war). Аднак з пачаткам агрэсіі, ягонае стаўленне да Зяленскага і ўкраінскага кіраўніцтва ў цэлым радыкальна змянілася.

«Гэта вельмі ўражвае, што ён здолеў аб'яднаць краіну. Даць адказ, які людзі не чакалі... таго, што Украіна даб'ецца поспеху... не дасць Расіі захапіць усю краіну. Расея апынулася нашмат слабей і менш разумнай, чым мы думалі, а Украіна нашмат мацней», — заявіў Гейтс, а таксама назваў Украіну неверагодным месцам. Паводле яго слоў, пасля вайны яна будзе адноўлена і выйдзе на еўрапейскі ўзровень.

Прамысловасць Еўрапейскага Саюза катастрафічна падае

У інтэрв'ю для ютуб-канала «Эмпатыя Манучы» дэпутат Дзярждумы РФ Анатоль Васэрман распавёў аб падзенні прамысловасці ў Еўропе з-за таго, што яна засталася без расейскага газу.

«Аказалася, што без таннай энергіі, якая паступае ад нас, еўрапейская прамысловасць не вытрымлівае канкурэнцыі нават з паўночнаамерыканскай, не кажучы ўжо пра кітайскую. І таму зараз прамысловасць Еўрапейскага Звяза катастрафічна падае».

Аднак гэтая заява, здаецца, класічны прыклад расійскага навамоўя. Накшталт таго, што крэйсер «Масква» не затануў, а зрабіў адмоўнае ўсплыванне. Вось і прамысловасць ЕС падае адмоўна: у верасні амаль 6% росту, у кастрычніку амаль 4%, у лістападзе 2% росту да аналагічных месяцаў мінулага года. Калі гэта называецца катастрафічнае падзенне, то як тады назваць прамысловы рост у Расіі? Там у гэтыя месяцы прамысловасць скарачалася адпаведна на 3,1, 2,6 і 1,8% адпаведна. Больш за тое, пачынаючы з красавіка падзенне расейскай прамысловасці адбываецца бесперапынна.

Аднак варта прызнаць, што ў выпадку ЕС — гэта сярэдняя тэмпература па бальніцы. Таму што прыкладна ў палове краін прамысловасць расла (у некаторых нават вельмі), але ў іншых — падала. Аднак зніжэння, якое можна было б назваць катастрафічным, няма нідзе.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій
Антыфэйк / фактчэк

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій

Пенсіі па інваліднасці за гэты час выраслі амаль у два разы. Але Марына Арцёменка не сказала, што гэтыя выплаты застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе.

13 снежня 2024 Чытаць