Уладзімір Салаўёў не мяняе перакананняў
У інтэрв'ю з Аляксандрам Лукашэнкам Уладзімір Салаўёў завёў размову пра Пратасевіча. І заявіў, што ставіцца да яго з падазрэннем.
«Мяне проста бянтэжаць людзі, якія ў секунду мяняюць свае перакананні. Толькі сеў у самалёт і ў яго адразу памяняліся перакананні».
Падобна, што ўсё ж такі Уладзімір Рудольфавіч тут хітруе. Таму што па нашай інфармацыі - такія трансфармацыі Салаўёва зусім не бянтэжаць. Мы выкрылі ў іх і яго самога.
Вось ён у 2000-ых падтрымлівае журналісцкі калектыў тэлеканала НТВ, які пратэставаў супраць прызначэння новага кіраўніцтва.
Але праз 20 гадоў Уладзімір Салаўёў трансфармаваў сваё меркаванне аб тагачасным НТВ пад афіцыйную версію.
«Хлопцам сказаў гаспадар, а тады гаспадар у іх быў Гусінскі, і хлопцы гаўкалі. Гаўкалі ў 1996, калі ўсе ўсё разумелі, але ім трэба было мачыць камуністаў і Зюганава, каб выцягнуць.. Рабятам сказалі, і яны гаўкалі па ўсіх карпаратыўных канфліктах».
У 2008-ым Салаўёў пагражаў Украіне заняцца Крымам.
«Нядоўга падыхайце, пакуль мы не заняліся вашым Крымам і ўсходам Украіны».
А праз пяць гадоў ужо тлумачыў, чаму нельга адбіраць у Украіны паўвостраў.
«Пра Крым адказваю. Значыць, чаму нельга вяртаць Крым. А чаму Крым? А чаму не Фінляндыю? Фінляндыю аддаў Уладзімір Ільіч Ленін. Яна таксама была наша. А чаму не Польшчу? Яна перайшла пасля падзелу, які быў. А чаму не сярэднеазіяцкія рэспублікі - Грузію, Арменію? А чаму мы пагадзіліся з раздзелам 1991 года? Давайце ўвогуле сабе збярэм рускую імперыю ў межах 1905 года. З якога моманту гісторыі мы будзем лічыць што можна, а што нельга?
Салаўёў нават асуджаў афіцыйны Менск за стаўленне да пратэстоўцаў пасля выбараў у Беларусі.
«Караеў, вы генерал Караеў і ваш галоўнакамандуючы Лукашэнка, а калі вы Сямёна Пегова збівалі, калі паказваюць вашыя СІЗА, адкуль крыкі раздаюцца ад болю, дык вы там людзей б'яце, гэта таксама ў запале моманту нехта не адышоў убок? А калі кожны затрыманы разроблены так, што ён проста як быццам у мяснікоў пабываў на прыёме».
А таксама смела і рэзка Салаўёў расказваў праўду пра смерць Тарайкоўскага ў жніўні 2020. Ён у дэталях раскладваў па відэа, як Лукашэнка хлусіць аб тым, што ў руках у мужчыны была выбухная прылада.
«Зьявілася некалькі відэа, давайце іх пакажам. Відэа гэтага моманту. Моманту, калі вось ён у белай майцы, вось ён ідзе, вы бачыце, у яго рукі наверсе, у руках нічога няма. Далей дзіўная ўспышка, з гэтага ракурсу бачна так».
У лютым 2022 Салаўёў ужо спакойна слухае, як Лукашэнка расказвае чарговую версію смерці Тарайкоўскага, не пярэчыць яму, а ў якасці відэашэрагу да апавядання Лукашэнка выбірае зусім левыя кадры з пратэстаў, дзе няма моманту з забойствам мужчыны.
«Як? Трайкоўскі. Як ён загінуў. Ён падхапіў гранату светлашумавую, гэта ж ніхто не бачыў у натоўпе. Праваахоўнікі кідалі, ён падхапіў і замахнуўся кінуць яе назад. Ну а ў АМАПаўцаў рэакцыя якая. Тамака не разгледзіш, тым больш гэта было ўначы. Яны ўбачылі і адразу на паражэнне».
Як бачым, погляды і перакананні Уладзіміра Салаўёва мяняюцца з зайздроснай рэгулярнасцю.