Антыфэйк / фактчэк

Фэйкі тыдня: Беларуская прапаганда хлусіць аб лідарстве Беларусі ў вытворчасці малочнай прадукцыі

Як бы нам ні хацелася ўбачыць Беларусь у дзясятцы найбуйнейшых вытворцаў малака, яе там няма

Галоўны рэдактар магілёўскай аграпрамысловай газеты «Зямля і людзі» Уладзімір Капуза ў эфіры праграмы «У поўны голас» на тэлеканале «Беларусь-4 Магілёў» заявіў, што Беларусь уваходзіць у ТОП-5 краін у свеце па вытворчасці малака.

Капуза схлусіў. Вось дадзеныя Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН. Як бы нам ні хацелася ўбачыць Беларусь у дзясятцы найбуйнейшых вытворцаў малака, яе там няма. Беларусь знаходзіцца на 22-м месцы ў сусветным рэйтынгу з вытворчасцю 7,5 млн. тон малака за год.

Вядоўца праграмы «Па факце: рашэнні Першага» на YouTube-канале «Белта» Алена Крылова заявіла, што Беларусь уваходзіць у ТОП-5 краін-экспарцёраў малочнай прадукцыі ў свеце. І таксама схлусіла.

Наперадзе нас у спісе ТОП-экспарцёраў яшчэ Германія, Нідэрланды, Францыя, Бельгія, Польшча і Ірландыя. Такім чынам, атрымліваецца, што Беларусь на 10 месцы і не ўваходзіць у ТОП-5.

Схлусіла Алена Крылова і пра статыстыку па вытворчасці сыра:

«Па вытворчасці сыра Беларусь знаходзіцца на чацвёртым месцы ў свеце. Былі б і на трэцім – пасля ЗША і Новай Зеландыі, але Еўразвяз у планетарнай статыстыцы чамусьці ідзе за аднаго гульца. У любым выпадку, Аўстралію і Швейцарыю ў валавой вытворчасці сыру Беларусь апярэдзіла».

У спісе найбуйнейшых вытворцаў сыру Беларусь знаходзіцца на 11-м месцы. У тройцы найбуйнейшых: Еўрапейскі Саюз, Расея і ЗША. І нават калі б Еўразвяз не ішоў за аднаго гульца, а быў падзелены па краінах, Беларусь была б яшчэ ніжэйшай у рэйтынгу. Адны толькі Італія, Нямеччына і Францыя па адзіночцы вырабляюць сыра больш, чым Расея. Так што Беларусь яны адсунулі б на 18-е месца.

Адзіны рэйтынг, звязаны з сырам, дзе Беларусь, сапраўды, можна ўбачыць на чацвёртым месцы – гэта рэйтынг экспарту сыру. І гэта толькі пры ўмове, калі Еўразвяз зноў лічыць за аднаго гульца. Тады пасля Еўразвязу, ЗША і Новай Зеландыі ў спісе будзе ісці Беларусь. Ёй належыць крыху больш за 3% ад сусветнага экспарту. Ну, а калі параўноўваць краіны, то ў Беларусі толькі 9-е месца.

Украіна пагрузілася ў блэкаўт па невядомых прычынах 

Беларускія дзяржаўныя СМІ вельмі дзіўна расказваюць пра ўкраінскі блэкаўт.  

«Сусветная арганізацыя аховы здароўя б'е трывогу ў сувязі з цяжкімі ўмовамі, у якіх апынуліся мільёны жыхароў Украіны напярэдадні зімы. Прыход маразоў можа ўяўляць смяротную пагрозу з-за каласальных пашкоджанняў энергасістэмы», — распавядаюць на «Беларусь-1». 

«У Кіеве і дзясятках абласцей цалкам адключылася энергасістэма. У тым ліку атамныя электрастанцыі…. Адсутнасць не толькі святла, але і цяпла і вады працягвалася з серады да вечара чацвярга. Тэрміны поўнага аднаўленне сістэмы не вядомыя», — паведамляе АНТ.

Гэта значыць, чамусьці ва Ўкраіне адключылася энергасістэма і людзі апынуліся ў вельмі цяжкіх умовах. А з-за чаго ці з-за каго ўсё гэта адбылося — пра гэта ў сюжэтах ні слова. 

Дзяржаўныя медыя імкнуцца не згадваць аб тым, што гэта Расея разбурыла інфраструктуру сваімі ракетнымі ўдарамі. 

Вось, напрыклад, што піша дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА: 

«Паводле інфармацыі Мінэнерга Украіны, з-за пашкоджання элементаў інфраструктуры энергасістэмы без энергіі засталася пераважная большасць спажыўцоў краіны. Таксама былі аварыйна адключаныя ад энергасістэмы ўсе тры якія знаходзяцца пад кантролем Кіева атамныя электрастанцыі »

Гэтая навіна з расійскага інфармагенцтва ТАСС, але ў яе арыгінале хаця б сказана аб паветранай трывозе на тэрыторыі Украіны. У беларускую версію нават гэта не ўвайшло.

Відавочна, што дзяржСМІ наўмысна замоўчваюць аб ролі Расіі ва ўкраінскім блэкаўце, каб не ачарніць яе пазітыўны імідж перад простымі беларусамі.

А вось на канале АНТ пайшлі яшчэ далей. Там заявілі, што ў блэкаўце вінаватая і сама Ўкраіна.

«Хоць у надыходзячым блэкаўце вінаватыя не толькі расійскія ракеты. Кіеўскі суд арыштаваў актывы адразу 5 прадпрыемстваў крытычнай інфраструктуры. У Херсоне, Кіраваградзе, Жытоміры, Роўна, Чарнігаве. Падстава — алігархі энергічна кралі прыбытак. Зразумела, што пішуць пра расейскі сьлед. Зразумела, што тут ёсць элемент палявання на вядзьмарак. Але відавочна і тое, што ўкраінскую энергетыку ставілі на калені даўно і сістэмна». 

Па-першае, акцыі аблэнерга арыштавалі не ў Чарнігаве, а ў Чарнаўцах. А па-другое, пасыл такі — украінцы зараз сядзяць без святла і цяпла з-за карупцыі. Аднак, той факт, што, гэтыя пяць аблэнерга працягваюць працаваць замоўчваецца. Як арышт каштоўных папер звязаны з перабоямі ў забеспячэнні электраэнергіяй жыхароў Украіны пасля абстрэлаў, таксама не тлумачыцца.

Дарэчы, да вайны ўкраінская энергетыка, мела лішкі электраэнергіі і паспяхова іх экспартавала — 3,5 млрд кілават-гадзін у год. Не падобна, што яна так ужо стаяла на каленях.

Акрамя замоўчвання аб бамбёжках Расіяй мірнай інфраструктуры Украіны, беларускія дзяржСМІ таксама распаўсюджваюць фейкі аб тым, што большасць украінскіх уцекачоў у Еўропе паразітуюць — працаваць не жадаюць, але і вяртацца дадому таксама не плануюць. Пра гэта паведаміў вядучы навін АНТ Аляксандр Аверкаў. 

«Большасць прыезджых не спяшаюцца працаўладкавацца і адмаўляюцца вывучаць мовы тых краін, у якія прыбылі. Больш за тое, шмат хто наўпрост заяўляе, што не мае намеру вяртацца дадому пасля завяршэння расейскай спецаперацыі».

Насамрэч у Польшчы большая частка ўкраінскіх бежанцаў зарабляе сабе на жыццё сама. Па афіцыйных звестках, 600 тысяч чалавек знайшлі сабе працу. У Літве працуе ўжо каля паловы працаздольных бежанцаў, у Чэхіі — каля 40%. У Нямеччыне — 15%

Пры гэтым, паводле апытанняў, 70% тых, хто працуюць у Германіі, плануюць рана ці позна вярнуцца ва Украіну. У Польшчы такіх каля 60 працэнтаў. А вось застацца назаўжды ў Германіі выказалі сваё жаданне толькі 3 працэнты, а ў Польшчы такіх 6 працэнтаў.

Увогуле, тое, што большасць не плануе вяртацца дадому нават пасля заканчэння вайны — хлусня.

Блогеры Кац і Варламаў жывуць разам 

Блогер Максім Кац жыве разам з Іллём Варламавым. Пра гэта ў сваім аўтарскім стрыме на тэлеканале «Звязда» заявіў расійскі пісьменнік Міхаіл Шахназараў.

«Максім Кац, які жыве з Іллём Варламавым адкрыта, ён заявіў, што трэба пісаць інструкцыі аб тым, як рускім салдатам здавацца ў палон». 

Гэтымі словамі ён відавочна намякае на тое, што расейскія апазіцыянеры маюць няправільную, на думку Шахназарава, арыентацыю. Адкуль у яго такая інфармацыя?! 

Справа ў тым, што ў кастрычніку ў Іллі Варламава выйшла відэа, запісанае ў такім жа інтэр'еры, як на відэа ў Максіма Каца. Інтэрнэт-карыстальнікі гэта заўважылі і пачалі жартаваць, што блогеры мусіць, разам жывуць і з адной кватэры здымаюць. 

Пасля чаго Максім Кац у сваім твітары патлумачыў, што Варламаў проста зняўся ў ягонай студыі.

Увогуле, нехта жартаваў, а Шахназараў цяпер гэтыя жарты пераказвае зусім сур'ёзна. 

У Каца ёсць жонка. І паўгода таму ў іх нарадзілася дзіця. Хоць з Варламавым яны таксама добра знаёмыя — жонка Каца раней працавала з ім і паднімала продажы яго блога.

Украінцы дамалявалі да талісмана ЧС па футболе вусы Гітлера

Украінскія заўзятары ў Катары дамалявалі талісману чэмпіянату свету па футболе вусы Гітлера. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Жоўтыя слівы Прэміум».

«Заўзятары з краіны дзе «няма нацызму» не змаглі ўтрымаць свае душэўныя парывы падчас ЧС па футболе…

Яны здагадаліся дамаляваць да талісмана гульняў вусы Гітлера і пайсці з ім на стадыён».

Тэлеграм-канал таксама апублікаваў відэа, якое выдаецца за прадукцыю арабскай тэлекампаніі Аль-Джазіра і па задумцы павінна пацвярджаць, што ўсё так і было - і ўкраінцаў затрымала паліцыя. Але насамрэч гэта не так.

Прадстаўнікі Аль-Джазіры абверглі, што гэты сюжэт іхні. Яны сцвярджаюць, што стыль афармлення відэа сапраўды падобны, але ў назве стадыёна дапушчаны памылкі, а некаторыя фармулёўкі не адпавядаюць стылю журналістыкі тэлеканала. Увогуле, Аль-Джазіра такіх сюжэтаў не выпускаў, а «Жоўтыя слівы» апублікавалі фэйкавы відэасюжэт.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць