Украінскім салдатам пагражаюць замежныя вайскоўцы-гомасэксуалы, і Мінабароны Украіны іх інструктуе, як паводзіць сябе ў выпадку дамаганняў. Ролік з такім сэнсам мы ўбачылі на YouTube-канале дзяржаўнай газеты «СБ Беларусь сегодня».

У відэароліку дэманструюцца нібыта памяткі, якія інфармуюць, як сябе паводзіць салдатам у выпадку дзеянняў гвалтоўнага характару. Напісаны яны на ўкраінскай мове, але на відэа няма ніякіх доказаў, што яны сапраўды належалі ўкраінскім салдатам і складзеныя якім-небудзь з афіцыйных ведамстваў Украіны. Тым не менш, аўтары відэа сцвярджаюць, што гэтая памятка складзена Міністэрствам абароны Украіны і Дзяржаўнай службай Украіны па справах ветэранаў вайны і ўдзельнікаў расейска-украінскай вайны. Такія назвы размешчаны пад тэкстам памяткі з лагатыпамі ведамстваў.

Цікава, што апошняй дзяржаўнай службы з такой назвай ва Украіне проста няма. Раней існавала служба з падобнай назвай – Дзяржаўная служба Украіны па справах ветэранаў вайны і ўдзельнікаў антытэрарыстычнай аперацыі.

Але нават гэтай, напісанай няправільна дзяржаўнай службы, ужо таксама не існуе. У базах дадзеных Украіны яе юрыдычны статус – спынена. У 2018 годзе на яе базе створана Міністэрства па справах ветэранаў. Гэта была б дзіўная памылка для ўкраінскіх чыноўнікаў.

Амерыканскі горад падняў сцяг Украіны, каб дамагчыся дапамогі ад уладаў пасля ўрагану

Горад Форт-Маерс у Фларыдзе падняў сцяг Украіны, каб дамагчыся дапамогі ад уладаў пасля ўрагану, паведамляе тэлеканал «Руская Амерыка», які, як ён сцвярджае, вяшчае ў кожным рускамоўным гаджэце на тэрыторыі ЗША.

«Спрабуючы дамагчыся дапамогі для сваіх грамадзян і зладзіцца з які расце гуманітарным крызісам у Фларыдзе, горад Форт Майерс, разбураны ўраганам Ен, распачаў незвычайны крок. Ён узняў украінскі сцяг у надзеі пераканаць кангрэс ЗША дапамагчы жыхарам у трагічнай сітуацыі. Украінскі ўрад пад гэтым сцягам проста купаецца ў грошах і грабе пад гэтым сцягам мільярды даляраў, сказаў каардынатар мераў па ліквідацыі шкоды Рэй Вальдывія». 

Насамрэч вядучы тэлеканала «Руская Амерыка» працытаваў амерыканскае сатырычнае выданне Бэбілон Бі. Гэта значыць жарт выдаў за сапраўдную навіну. Хаця выпадкова пераблытаць яе з праўдай складана: там далей у артыкуле расказваецца, што жыхары пачалі трэніраваць падроблены ўкраінскі акцэнт і запрашаць галівудскіх знакамітасцяў, што ўжо зусім відавочны сарказм.

Яшчэ на гэтым сатырычным сайце яшчэ можна прачытаць аб 9 станоўчых баках ядзернага апакаліпсісу або аб трывожных прыкметах, што вы ў душы фашыст.

Лукашэнка перастаў марыць нават пра 3 працэнты 

У Беларусі да канца 2022 года чакаецца рост ВУП. Пра гэта расказаў прафесар, адзін з распрацоўшчыкаў канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Аляксандр Іваноўскі ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1».

«Вось паглядзіце выступалі нашыя кіраўнікі. Па канцы года чакаецца рост 3,5 працэнта валавога ўнутранага прадукту. Мне падаецца гэта вельмі сур'ёзны вынік на фоне тых падзеяў, якія адбываюцца ў сьвеце». 

Гэта хлусня. Такі рост узроўню ВУП у Беларусі не чакае нават аптыміст Аляксандр Лукашэнка. За першыя 7 месяцаў года ВУП у Беларусі ўпаў на 5 працэнтаў. Але Лукашэнка яшчэ спадзяецца адыграць падзенне за час, які застаўся. І паставіў задачу ўраду забяспечыць рост эканомікі не ніжэй за ўзровень мінулага года. 

Гэта значыць задача - выйсці ў 0. У мінулым годзе на 2022 год планавалі 2,9 працэнта росту. Але нават прэм'ер Галоўчанка лічыць, што гэта звыш напружаная задача. Так што пра 3% росту, пра якія гаворыць гэты прафесар, наогул гаворкі не ідзе. 3,8 працэнта росту запланаваны толькі на 2023 год.

Але гэта ня ўсё. Далей прафесар сказаў, што палякі трацяць на пераўзбраенне 25 працэнтаў ВУП.

«Практычна зараз адбываецца пераўзбраенне… А мы ж не самотныя. Паглядзіце на нашых суседзяў на захадзе, палякаў. У іх 25% ідзе зараз на абарону. 25%. Звычайна Трамп прасіў 3%».

І гэта таксама хлусня. Выдаткі на абарону ў Польшчы праўда растуць. Нядаўна быў прыняты праект дзяржбюджэту Польшчы на наступны год, і ў ім закладзена павелічэнне ваенных расходаў больш як у два разы ў параўнанні з 2022 годам і больш як у тры разы ў параўнанні з 2015 годам. Гэта будзе рэкорд. Выдаткі на абарону складуць амаль 20 млрд долараў ці 3% ВУП. Плюс яшчэ каля 8 млрд долараў выдзеляць на абарону з Фонду падтрымкі ўзброеных сіл. Разам атрымліваецца крыху больш за 4% ВУП. Гэта нават блізка не падобна да 25% ВУП. якімі палохаў тэлегледачоў Аляксандр Іваноўскі.

ЗША прымушаюць з сабой сябраваць

ЗША прымушаюць іншыя краіны галасаваць у ААН адкрыта, бо вынікі тайнага галасаваньня былі б іншымі. Аб гэтым на перадачы «Клуб рэдактараў» на «Беларусь-1» заявіў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.

«Вось наконт гэтага галасавання. Украінцы гапак танчылі. 143 краіны асудзілі, 5 супраць, 35 устрымаліся. Па-першае, гэта, на маю думку, да 65% насельніцтва сусветнага. А па-другое, найважнейшае пытанне, найважнейшае... Вакол гэтага былі спрэчкі. Гэта было адкрытае галасаванне. А ўсё настойвалі на таемным. Былі б зусім іншыя вынікі».

А дэпутат Алег Гайдукевіч увогуле абвінаваціў у зрыве тайнага галасавання ЗША. 

«ЗША прымушаюць з сабой сябраваць. Яны катэгарычна адмовіліся, каб галасаванне было таемным. Для чаго? Гэта ж ціск». 

Гэта не праўда. На Генасамблеі ААН была прынятая рэзалюцыя, у якой асуджаюцца так званыя «рэферэндумы», праведзеныя на акупаваных тэрыторыях Украіны, і іх далейшая анэксія. Прадстаўнік Расіі настойваў, каб галасаванне па гэтым пытанні было таемным, а не адкрытым. Расейскія прадзяржаўныя медыі прасоўваюць наратыў, што многія краіны не галасавалі за яе, таму што баяліся асуджэння і санкцый ад Захаду. І нібыта падчас таемнага галасавання быў бы зусім іншы расклад для Расіі.

Гэтую прапанову (галасаваць таемна) вынеслі на галасаванне. І толькі 13 краін са 193-х яго падтрымалі. Яшчэ 39 устрымаліся. 107 краін выступілі за адкрытае галасаванне.

Наконт таго, што з таемным галасаваннем былі б зусім іншыя вынікі - гэта далёка не факт, бо нават Індыя выступіла супраць таемнага галасавання. Індыя, якая звычайна ўстрымліваецца па рэзалюцыях, якія асуджаюць Расію, і якую расейская прапаганда даўно запісала ў свае маўклівыя прыхільнікі, маўляў, не галасуе за нас, таму што баіцца. І вось яна раптам не падтрымала гэтую магчымасць прагаласаваць таемна.

Ядзернай зброяй пагражае Захад

Беларускія СМІ спрабуюць пераканаць гледачоў, што тэма ядзернай пагрозы зыходзіць выключна з-за мяжы, а расіяне тут увогуле ні прычым. Напрыклад, пра гэта казаў гісторык Вадзім Гігін на АНТ.

«Усе кажуць аб ядзернай зброі. Але расейскія афіцыйныя асобы ўвогуле пра гэта не кажуць». 

І дэпутат Андрэй Савіных на СТВ.

«Але я сцвярджаю, што ўся размова пра ядзерную вайну - гэта па сутнасці заходні інфармацыйны парадак дня. Яны спрабуюць навязаць гэты дыскурс усяму свету». 

Цяпер мы нагадаем ім, што гэта не так. Расейскія афіцыйныя асобы пра гэта неаднаразова казалі. Вось, напрыклад, Уладзімір Пуцін.

«Для абароны Расіі і нашага народа мы, безумоўна, выкарыстоўваем усе сродкі, якія ёсць у нашым распараджэнні. Гэта не блеф».

А вось што пісаў у сваім тэлеграм-канале намеснік старшыні Савета бяспекі Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў. 

«Даводзіцца нагадаць яшчэ раз – для тых тугавухіх, хто чуе толькі сябе. Расея мае права прымяніць ядзерную зброю, калі гэта будзе неабходна».

Не стрымаўся і дэпутат Дзярждумы Яўген Фёдараў у адным з інтэрв'ю

«Могуць быць нанесеныя ўдары ядзернай зброяй па цэнтрах прыняцця рашэнняў. Гэта можа быць і Вашынгтон, не абавязкова ВСУ». 

Гэта мы яшчэ не цытуем усё, што гавораць пра гэта на расійскіх тэлеканалах. Бо яны нібыта не лічацца афіцыйнымі асобамі.

Дарэчы, вядучы «Расея-1» Уладзімір Салаўёў раптам здзівіўся, чаму на Захадзе лічаць, што Расея збіраецца біць ядзернай зброяй менавіта па Ўкраіне. 

Але тэлеграм памятае ўсё. І гэты намёк ці ідыятызм, як назваў гэта Салаўёў, агучыў у сваім тэлеграм-канале сам Дзмітры Мядзведзеў.

«Уявім сабе, што Расея змушаная ўжыць самую грозную зброю супраць украінскага рэжыму, які здзейсніў маштабны акт агрэсіі, які небяспечны для самога існавання нашай дзяржавы. Мяркую, што НАТА не стане наўпрост умешвацца ў канфлікт і пры такім раскладзе. Бо бяспека Вашынгтона, Лондана, Брусэля для Паўночнаатлантычнага альянсу значна важней, чым лёс нікому не патрэбнай якая гіне Ўкраіны».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі