«Нашых атлетаў МАК плануюць замяніць на Алімпіядзе (вы не паверыце!) геямі і лесбіянкамі! І гэта не анекдот. Томас Бах на поўным сур'ёзе заявіў: ЛГБТ-спартоўцаў абавязкова павінны ўдзельнічаць у Гульнях і гэта можа стаць абавязковай умовай для каманд. 10 працэнтаў спартсменаў у кожнай зборнай павінны складаць або геі, або лесбіянкі, або трансгендэры. Калі такіх няма – неабходна змудраваць і знайсці. Або ўласнаручна і ўрачыста вырабіць».
Крыніца ўпэўненасці аўтара ў сапраўднасці гэтай цытаты – сюжэт, нібы Еўраньюз, запушчаны ў расейскіх тэлеграм-каналах. Але прамой гаворкі Томаса Баха ў ім няма. Прэс-канферэнцыя, якую там паказваюць, і на якой ён нібыта зрабіў гэтую заяву, прайшла 6 гадоў таму. Вось гэтае ж відэа на канале ў YouTube Міжнароднага Алімпійскага камітэту.
На Еўраньюз такога матэрыялу няма і англамоўная прэса аб падобных заявах спартовага чыноўніка нічога не ведае. Тое, што гэта фэйк, ужо прызналі нават расейскія СМІ.
Зяленскім у Бразіліі рэкламуюць прэзерватывы
Тэлеграм-канал «ЖС-Прэміум» паведаміў, што ўкраінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім у Лацінскай Амерыцы рэкламуюць кантрацэпцыю.
«Бразільская рэклама кандомаў. Слоган: не ўсе людзі павінны былі ў гэтым свеце нарадзіцца. Проста, відаць, нечыя бацькі не карысталіся гумкамі».
Насамрэч гэтая карцінка — падробка. У арыгінале на ёй намаляваны былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Аўтары фейка падставілі туды Уладзіміра Зяленскага, а каб складаней было распазнаць фэйк — адлюстравалі карцінку і памянялі колер гальштука.
Трамп у прэзерватыве — гэта адна з карцінак праекта бразільскай дызайнерскай кампаніі Platinum. Вось дзве іншыя з той жа серыі, якія мы знайшлі ў сацсетках кампаніі — з Кім Чэн Ынам і Уладзімірам Пуцінам. А ўнізе подпіс: Нарэшце гатовая трэцяя выява праекту «Некаторыя людзі ніколі не павінны былі нарадзіцца».
Гэтыя пасады публікавалі яшчэ ў 2019 і 20-м гадах. І як бачым, Уладзіміра Зяленскага сярод іх няма.
Дарэчы, насамрэч гэта ніякая не рэклама прэзерватываў. Дызайнеры абверглі гэтую інфармацыю яшчэ амаль 3 гады таму, калі карцінка з Пуціным шырока разышлася па інтэрнэце. У фэйсбуку яны напісалі, што гэта ўсяго толькі іх фантазія ў аўтарскім праекце.
У Іспаніі медыкам і прастытуткам жыць стала неўмагату
Медыкам і прастытуткам у Іспаніі жыць стала неўмагату. Пра гэта паведаміў тэлеканал «Беларусь-1».
«У каралеўстве ўжо другі тыдзень страйкуюць медыкі і патрабуюць падвышэння заробку і абароны ад падзення ўзроўню жыцця. Ды што казаць, на вуліцы іспанскай сталіцы выйшлі нават прастытуткі. Ім таксама жыць стала неўмагату».
Насамрэч, медыкі ў Іспаніі страйкуюць не з-за збяднення. Вось патрабаваньні прафсаюзу, які аб'явіў страйк.
Яны хочуць:
- гарантый якасці і бяспекі экстранай пазабальнічную дапамогу;
- добраахвотнага прызначэння на новыя пасады;
- прадастаўлення доступу да ўсіх наяўных вакансіях;
- павелічэння колькасці персанала ў медустановах і аплаты за працу ў дадатковыя дні.
І далей патрабаванні пра непагаршэнне графіка работ, умоў працы і адэкватнага фінансавання аховы здароўя. Аб павышэнні заробкаў нічога не гаворыцца.
«Доктары Мадрыда скардзяцца на перагрузку на працы: што за змену ім даводзіцца прымаць каля 50-60 пацыентаў», — гаворыцца ў сюжэце беларускага тэлебачання.
Дарэчы, калі параўноўваць з Беларуссю, то нашы ўрачы па нарматывах прымаюць каля 30 чалавек за дзень, хаця па факце бывае і па 50, а некаторыя і па 70. А вось зарплаты ў іспанскіх урачоў ад 2 тысяч да 3.5 тысяч еўра. У беларускіх — у сярэднім за год крыху больш за 800 еўра.
Іспанскія прастытуткі таксама на даходы не скардзяцца. Хутчэй, яны жадаюць, каб ім не мяшалі працаваць. Навіна, на якую спасылаецца беларускае тэлебачанне ў арыгінале выглядае так:
«Члены Платформы людзей, якія пацярпелі ад адмены прастытуцыі, правялі ўчора мітынг перад Кангрэсам супраць рэалізацыі Закона аб гандлі людзьмі, які, паводле іх слоў, ускладняе ўмовы працы прастытутак і ўсіх прафесій, уцягнутых у гэтую практыку».
Увогуле, Мадрыд страйкуе, але зусім не з тых прычын, якія хацелася б бачыць «Беларусь-1».
З 2014 года ўзровень карупцыі ва Украіне ўвесь час расце
Карупцыя ў Украіне няўхільна расце з 2014 года. Гэта сцвярджэнне агучыла супрацоўніца «СБ Беларусь Сегодня» Паліна Конага ў перадачы «Пляцоўка» на «Беларусь-1».
«З 2014 года ўзровень карупцыі ва Ўкраіне не зніжаўся, а толькі ўзрастаў. У красавіку 2017-га адна з міжнародных аўдытарскіх кампаній паставіла краіну на першае месца з чатырох дзясяткаў па ўзроўні карупцыі».
Сапраўды, у 2017 годзе кампанія Ernst & Young (аўтарытэтны міжнародны аўдытар) апублікавала рэйтынг з такімі вынікамі. Ён быў складзены на падставе апытання бізнэсмэнаў аб распаўсюджанасці карупцыі ў бізнэсе.
Ёсць і глыбейшыя апытанні, дзе рэспандэнтаў пытаюцца аб карупцыі ў дзяржорганах. Гэта рэйтынг краін па індэксе ўспрымання карупцыі. Яго Паліна Конога таксама цытуе.
«Пацвярджаюць гэта і пазіцыі краіны ў міжнародным рэйтынгу ўспрымання карупцыі. Па выніках мінулага года Украіна знаходзіцца на 122 месцы, нароўні са Сваціні, атрымаўшы ўсяго 32 балы са 100 магчымых».
І гэта так. Але для паўнаты карціны інфармацыю неабходна дапоўніць. Украіна сапраўды на 122 месцы ў Глабальным рэйтынгу. Але ў 2013 годзе, да Майдана, куды людзі выйшлі з-за карупцыі, сітуацыя была яшчэ горшай і за мінулыя гады Украіна палепшыла свае пазіцыі на 22 месцы.
Пры гэтым, у Расіі сітуацыя з карупцыяй нашмат горшая — яна ў гэтым рэйтынгу на 136 месцы разам з Ліберыяй, Малі і Анголай.
Паказальна таксама, што пра ўкраінскую карупцыю на беларускім тэлебачанні раптам загаварылі пасля таго, як высветлілася, што ў самой Беларусі колькасць зарэгістраваных карупцыйных злачынстваў вырасла на 35% за год. Праўда, антыкарупцыйныя ведамствы лічаць, што гэта таму, што яны добра працуюць.
«У дадзеным выпадку мы кажам пра падвышэнне эфектыўнасці працы па выяўленні супрацьпраўных дзеянняў», — заявіў прадстаўнік Генпракуратуры РБ.
Пры гэтым, калі лічбы па карупцыі наадварот, падаюць, сілавікі таксама гавораць, што гэта таму што яны добра працуюць. Увогуле, каб з карупцыяй у краіне не адбывалася, заўсёды выходзіць, што міліцыянты малайцы.
Але, па міжнародным рэйтынгу ўспрымання карупцыі пазіцыя Беларусі за год пагоршылася амаль на 20 прыступак і аказалася на 82 месцы.
Такім чынам, нягледзячы на тое, што з карупцыяй справы ва Украіне ідуць не лепшым чынам, але сітуацыя паляпшаецца. У Беларусі ж, наадварот, карупцыя расце.
Беларускія школьнікі маюць роўныя магчымасці паступіць у ВНУ
У Беларусі школьнікі маюць зараз роўныя магчымасці паступіць у ВНУ. Аб гэтым заявіў рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Стома пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі па новых правілах паступлення, перадае БелТА.
«Запыты грамадства і пазіцыя кіраўніцтва краіны супадаюць у некалькіх вельмі важных пунктах. Першае: гэта сацыяльная справядлівасць. Гэта значыць, усе мы павінны быць упэўненыя, што нашы дзеці, сваякі маюць роўныя магчымасці для паступлення ў ВНУ, у тым ліку на прэстыжныя медыцынскія спецыяльнасці».
У сапраўднасці гэта не так. Тлумачым, як выглядаюць «роўныя магчымасці» ў Беларусі.
Напрыклад, сёлета ў медуніверсітэце ў Мінску палову месцаў занялі льготнікі ці, так званыя, мэтавікі. Гэта такія абітурыенты, якія абавязваюцца пасля вучобы адпрацаваць пяць гадоў у месцы, дзе не хапае працоўных рук. І яшчэ да вучобы яны падпісваюць дамову з будучым працадаўцам. Адпаведна для іх іншыя ўмовы паступлення - гэта асобны конкурс. Як правіла, абітурыентам лягчэй паступіць на мэтавую падрыхтоўку. Напрыклад, у медыцынскія ВНУ прахадныя балы ніжэйшыя.
У 2023 годзе мэтавікоў у медвузах плануюць набраць аж 80%. Па некаторых іншых спецыяльнасцях, напрыклад, сельскагаспадарчай — прыкладна дзве траціны.
Такая практыка існавала яшчэ ў Савецкім Саюзе, каб адпраўляць людзей працаваць, напрыклад, на Крайнюю Поўнач, куды мала хто хацеў патрапіць добраахвотна.
Падобнае назіраецца і ў Расіі. Але там прамым тэкстам гавораць, што мэтавы набор з'яўляецца выключэннем з канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці.
Таму што па ідэі ўсе грамадзяне павінны мець роўнае права канкураваць за бясплатныя месцы ў ВНУ. А ствараць прывабныя ўмовы працы — гэта ўжо справа працадаўцаў.