Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Украіна першая ўвяла санкцыі супраць Беларусі, а ў медцэнтры там бяруць кроў толькі украінцаў. Выкрыццё фэйкаў ад «Лукавых навін»
Партнёрскі матэрыял БРЦ і праекту «Лукавыя навіны» тэлеканалу «Белсат».
Фэйк 1: Украіна першая ўвяла санкцыі супраць Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года
Партнёрскі матэрыял
Пасля выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе Украіна першая ўвяла санкцыі супраць Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў эфіры СТБ. Гэтыя абвінавачванні прагучалі 16 лютага 2023 года падчас прэс-канферэнцыі для замежных медыяў.
«Вы ведаеце, хто санкцыі супраць нас у 2020 годзе перад пачаткам СВА ўвёў? Хто першы ўвёў? Не ЗША, не англасаксы шкодныя, не Заходняя Еўропа, а, на жаль, наша родная Украіна. Неба закрыла, правакацыі пачалі здзяйсняць і гэтак далей», — паскардзіўся Лукашэнка.
Украіна ўвяла санкцыі супраць службовых асоб Беларусі ў 2020 годзе ўслед за Еўразвязам. ЕЗ пачаў накладваць абмежаванні са жніўня. Украінскі ўрад далучыўся да іх толькі ў лістападзе.
Фэйк 2: Жыхары краін Захаду ў адрозненні ад беларусаў думаюць, як зарабіць на кавалак хлеба
Партнёрскі матэрыял
Параўнаннем узроўню жыцця жыхароў заходніх краін і Беларусі са спасылкай на выступ кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігара Сергеенкі падзялілася БелТА. Матэрыял з цытатамі чыноўніка апублікавалі 1 сакавіка 2023 года.
«У той час як людзі на Захадзе думаюць, як зарабіць на кавалак хлеба, мы будуем метро», — заявіў Сергеенка.
У Еўразвязе таксама будуюць метро. У Варшаве за 2022 год адкрылі пяць станцый.
У Парыжы за восем гадоў плануюць пабудаваць 200 км новых ліній метро.
У гэтым жа выступе Сергеенка сказаў, што ў Беларусі праз эканамічныя санкцыі ЕЗ і ЗША ўзровень жыцця не ўпаў:
«Санкцыі закранулі практычна ўсе галіны эканомікі. Вядома, гэта пэўны ўдар. Але разам з тым за ўвесь гэты перыяд падзення ўзроўню жыцця не дапушчана. Усе праграмы рэалізуюцца. Мы жывем звычайным жыццём, вучымся, працуем».
Паводле статыстыкі Белстату, даходы насельніцтва Беларусі ў 2022 годзе знізіліся на 3,6% у параўнанні з папярэднім.
Фэйк 3: Украінскі медцэнтр прымае кроў толькі чыстакроўных украінцаў
Партнёрскі матэрыял
Медычны цэнтр ва Украіне адмаўляецца прымаць донарскую кроў у замежнікаў, паведамілі аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium». Здаць біаматэр’ял могуць толькі чыстакроўныя ўкраінцы. Пост пра гэта апублікавалі 1 сакавіка 2023 года — з фотаздымкам абвесткі, нібыта зробленым у медцэнтры.
«Раней гэты медычны цэнтр ужо быў заўважаны ў нацысцкіх вар'яцтвах і памкненнях да чысціні арыйскай расы. Але, хіба, слава прыйшлася яму па душы, таму ён працягвае.
"Пачынаючы з 1 сакавіка 2023 года донарства крыві будзе прымацца толькі ад чыстакроўных украінцаў.
Замежным грамадзянам будзе забаронена быць донарамі".
Цікава, а чысціню крыві вызначыць можна проста радаводам ці перад заборам крыві робіцца замер чэрапаў?
Дзеля справядлівасці, варта сказаць, што "сапраўдныя арыйцы" ўкраінцаў за людзей не лічылі і нярэдка спальвалі іх у печах».
Медычны хаб Doc.ua не мае дачынення да збірання крыві і якіх-небудзь іншых працэдур, звязаных з донарствам. Пра гэта напісана ў сацсетках установы. Таксама партал выступае за роўнасць правоў і супрацьдзеянне дыскрымінацыі.
«У сувязі з распаўсюджваннем недакладнай інфармацыі ў сеціве ад брэнда Doc.ua, мы хочам адзначыць, што не маем дачынення ні да якога збору крыві ці да якіх-небудзь іншых працэдур, звязаных з донарствам.
Акрамя таго, Doc.ua выступае за роўнасць правоў і процідзейнічае дыскрымінацыі любых асоб. Мы верым у тое, што кожны чалавек павінен мець аднолькавыя магчымасці і правы на атрыманне медычнай дапамогі і іншых паслуг незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, арыентацыі, узросту, фізічнага стану і іншых фактараў.
Doc.ua заўсёды гатовы дапамагчы ўсім, хто мае патрэбу ў падтрымцы і медыцынскай дапамозе, і робіць усё магчымае, каб забяспечыць роўнасць доступу да гэтых паслуг для ўсіх», — гаворыцца ў паведамленні Doc.ua.