Антыфэйк / фактчэк 19 сакавіка

Ці ўлічаць інтарэсы Беларусі ў перамовах па Украіне? Лукашэнка прыпісаў сваё пытанне «нашым збеглым»

Пад інтарэсамі Беларусі Пятроўскі меў на ўвазе гарантыі ненападу на краіну.

Ці ўлічаць інтарэсы Беларусі падчас мірных перамоваў паміж Украінай, Расеяй і ЗША, спытала супрацоўніца тэлеканалу АНТ Ганна Пыж ва Уладзіміра Пуціна. Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што гэтае пытанне з'явілася з падачы «збеглых» і іх замежных спонсараў. Каманда Weekly Top Fake высветліла, каго яно хвалюе на самай справе.

Уладзімір Пуцін правёў сумесную прэс-канферэнцыю з Аляксандрам Лукашэнкам 13 сакавіка з нагоды яго афіцыйнага візіту ў РФ. Відэазапіс з яе ў той жа дзень апублікавала БелТА. На сустрэчы з журналістамі супрацоўніца тэлеканалу АНТ Ганна Пыж задала расейскаму прэзідэнту пытанне, ці ўлічаць падчас мірных перамоваў паміж Украінай, Расеяй і ЗША інтарэсы Беларусі як «стратэгічнага хаўрусніка Расеі, але пры гэтым найбліжэйшага суседа Украіны». Пуцін адказаў, што не разумее пытання. Лукашэнка растлумачыў: 

«Гэтае пытанне з'явілася з падачы нашых збеглых за мяжой і замежных іх спонсараў, што вось Расея тут з Амерыкай дамовіцца, а Лукашэнку туды і не пусцяць, і іншае. І інтарэсы Беларусі не будуць улічаныя. Прыкладна такі кантэкст. Па-першае, я, адказваючы на гэта, сказаў, што я асабліва не рвуся нікуды. Гэта па-першае. А па-другое, там будзе блізкі нам чалавек, наш партнёр — Расейская Федэрацыя».

Насамрэч гэтае пытанне з'явілася з падачы самога Аляксандра Лукашэнкі. У пачатку красавіка 2022 года на паседжанні Савету бяспекі ён заявіў: «Не можа быць перамоваў без удзелу Беларусі. Калі вы нас увязалі ў гэта, перш за ўсё заходнія краіны, там на гэтых перамовах, натуральна, павінна прагучаць пазіцыя Беларусі».

На сустрэчы з беларускімі палярнікамі ў кастрычніку 2024 года ён зноў згадаў інтарэсы Беларусі ў кантэксце перамоваў: «Я заўсёды настойваў, і ўкраінцам кажу пра гэта, і расейцам, Пуціна папярэдзіў, што на перамовах па Украіне павінны прысутнічаць беларусы. Чаму? Таму што гэта наша праблема. Я не хачу, каб там вырашаліся пытанні, нашы пытанні без нас, за нашай спінай». 

На сустрэчы са студэнтамі ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце Лукашэнка таксама згадаў гэтую тэму.

«Мы хочам, каб не былі ўшчэмленыя нашы інтарэсы, калі будуць дамаўляцца па Украіне», — працытавала яго БелТА ў лістападзе 2024-га. 

Не раз тэзу Лукашэнкі пра захаванне інтарэсаў Беларусі паўтаралі чыноўнікі. Напрыклад, намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч у снежні 2024 года сказаў: «Мы з самага пачатку заяўлялі, што прэтэндуем на месца за сталом мірных перамоваў па Украіне, калі яны пачнуцца. Для нас важна атрымаць гарантыі нашай уласнай бяспекі. Фінальныя дамоўленасці павінны абавязкова ўлічваць у тым ліку інтарэсы беларускага боку».

Гэта ж 11 сакавіка 2025-га абмяркоўваў вядоўца праграмы «У тэме» Юрый Гроераў на ютуб-канале БелТА з палітолагам Пятром Пятроўскім напярэдадні візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Расею.

«Каб былі ўлічаныя і беларускія варункі ў тым ліку. Пра гэта і прэзідэнт казаў, і наша дыпламатыя вонкавая працуе перш за ўсё на гэта», — распавёў Пятроўскі. 

Пад інтарэсамі Беларусі Пятроўскі меў на ўвазе гарантыі ненападу на краіну, вяртанне канфіскаванай ва Украіне ўласнасці і магчымасць карыстацца мясцовымі партамі. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі