У Малдове 28 верасня 2025 года адбыліся парламенцкія выбары, на якіх перамагла праеўрапейская партыя прэзідэнткі Маі Санду «Дзеянне і салідарнасць» (Partidul Acțiune și Solidaritate). Абмяркоўваючы гэту падзею праз два дні ў эфіры «Альфа Радыё» і «СБ ТБ» з вядоўцам Вадзімам Шэпетам, дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў заявіў, што праеўрапейскія сілы перамаглі толькі за кошт малдаўскай дыяспары, а жыхары краіны галасавалі за прарасейскія сілы:
«Мы бачым, што сённяшнія праеўрапейскія сілы, якія стаяць ва ўладзе, што ўзначальваюцца Маяй Санду, прэзідэнтам, яны не карыстаюцца ўсярэдзіне самой Рэспублікі Малдова сапраўднай, рэальнай падтрымкай і папулярнасцю. Таму што, па выніках нават гэтых падтасаваных і нацягнутых на глобус, як няшчасная сава, выбараў, усё адно было бачна, што ўсярэдзіне Малдовы, як і ў мінулы раз пры выбарах самога прэзідэнта, перамога была на баку іншых сіл. То бок тых, якія выступаюць за вяртанне да цяснейшага саюзу з Расейскай Федэрацыяй, да вяртання ў сям'ю гэтых былых постсавецкіх рэспублік, за меншае ўзаемадзеянне з Еўропай».
Абедзве тэзы Бяляева — пра ўплыў дыяспары на вынік выбараў і агульную перамогу прарасейскіх сіл — разыходзяцца з рэчаіснасцю.
Кіроўная партыя «Дзеянне і салідарнасць» набрала 50,2% галасоў. Другое месца заняў «Патрыятычны блок» (Blocul Electoral Patriotic), які называюць прарасейскай палітычнай сілай. Яго падтрымалі 24,17% выбарцаў.
За мяжой у парламенцкіх выбарах узялі ўдзел амаль 280 тысяч выбарцаў — гэта 17,5% ад усіх асобаў, якія прагаласавалі. Большасць з іх падтрымалі партыю «Дзеянне і салідарнасць». У ЗША, Японіі, Румыніі, Індыі, Канадзе і Даніі колькасць галасоў, аддадзеных за яе, перавысіла 80%. Толькі ў трох краінах — Расеі, Беларусі і Балгарыі — наперад выйшаў прарасейскі «Патрыятычны блок».
Усярэдзіне Малдовы кіроўная партыя таксама стала лідарам — за яе прагаласавалі каля 44% выбарцаў. За «Патрыятычны блок» — 28%.
Іншыя тры партыі, што ўдзельнічалі ў выбарах, не выступаюць за вяртанне Малдовы «у сям'ю постсавецкіх рэспублік». «Дэмакратыя ўдома» (Democraţia Acasă) падтрымлівае з'яднанне Малдовы з Румыніяй. Блок «Альтэрнатыва» (Blocul Alternativa) выступае за ўступленне ў ЕЗ, хоць аднаму з яе лідараў Румынія забараніла ўезд у краіну з меркаванняў нацыянальнай бяспекі, падазраючы яго ў сувязях з Расеяй. «Наша партыя» (Partidul Nostru) заклікае прыпыніць спрэчкі пра геапалітычны выбар на 10 гадоў, хоць яе лідар, бізнесовец Рэната Вусаты выказаўся за прагматычныя эканамічныя адносіны з Расеяй і куплю ў яе газу, за што і яго часам называюць прарасейскім.
Калі падсумоўваць вынікі партый і блокаў з еўрапейскім вектарам, яны набіраюць 60% галасоў. Умоўна прарасейскія — 35%.