Пра беларускія і расейскія дасягненні ў сферы турызму вядоўца тэлеканалу АНТ Ганна Пыж распавяла 18 траўня 2024 года.
«Беларусь апынулася сярод 50 найбольш наведвальных краін свету. З двух сотняў даволі высокае 48 месца. <...> А вось на постсавецкай прасторы лідаруюць Расея і Беларусь. Якія тут санкцыі? За год да нас прыехалі больш за 3,5 млн чалавек», — распавяла вядоўца.
Беларусь у 2023 годзе наведалі 1,6 млн замежнікаў, з якіх 750 тыс. — расейцы, паведаміла ў сакавіку 2024 года дырэктар дэпартаменту па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч. Яна дадала, што гэтая лічба не ўлічвае турыстаў, якія падарожнічалі ў Беларусь праз мяжу з Расеяй на асабістым аўто. Паўнавартаснага памежнага кантролю паміж краінамі няма, таму дакладную колькасць тых, хто ўязджае, складана падлічыць.
У красавіку намеснік міністра спорту і турызму называў ўжо іншую лічбу замежных турыстаў за мінулы год: амаль 6 млн, 5 з якіх — расейцы. Разыходжанне істотнае. Магчыма, гэта з улікам расейцаў, якія прыехалі на ўласных аўто.
Улічваць турыстаў з Расеі ў статыстыцы пачалі з 2016 года. Мяркуючы па дадзеных на сайце Еўразійскай эканамічнай камісіі, у 2017-2019 гадах іх было больш — 11 млн перасячэнняў з лішнім штогод.
Каманда Weekly Top Fake вывучыла некалькі такіх рэйтынгаў і высветліла, што кожны ўлічвае розную беларускую статыстыку, ад гэтага залежыць і пазіцыя краіны. Агульнае ў гэтых дадзеных тое, што на постсавецкай прасторы ў лідарах па турызме разам з Расеяй зусім не Беларусь. Наперадзе Кыргызстан і Узбекістан. Летась Кыргызстан наведалі 8,5 млн турыстаў, Узбекістан — 6,6 млн. У Расею ў 2023-м прыехалі 15 млн замежнікаў.