Абаронны бюджэт Польшчы на 2025 год запланаваны рэкордна вялікім — каля €43 млрд. Для параўнання, гэта больш за палову ВУП Беларусі ў 2024 годзе. У сюжэце на тэлеканале СТБ 19 студзеня 2025 года заявілі, што такія выдаткі прывялі да збяднення палякаў.
«Расплачвацца за амбіцыі ўрада будуць простыя палякі. І гэта на фоне таго, што пакупніцкая здольнасць насельніцтва імкліва падае. Неабачліва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы», — распавёў закадравы голас у матэрыяле, паказаным у праграме «ТАСС упаўнаважаны заявіць».
Пакупніцкая здольнасць паказвае, колькі тавараў і паслуг можа сабе дазволіць насельніцтва на сярэднямесячны даход. Калі кошты не растуць або павялічваюцца павольней, чым даходы людзей, павышаецца і пакупніцкая здольнасць. Калі інфляцыя абганяе рост даходаў, людзям становіцца складаней купляць тыя ж тавары і паслугі, якія яны маглі сабе дазволіць раней. У снежні 2024 года ў параўнанні са снежнем 2023-га кошты ў Польшчы выраслі на 4,8%. Статыстыку па сярэднім заробку ў Польшчы за 2024 год яшчэ не апублікавалі. Але ёсць дадзеныя за першыя дзевяць месяцаў. Рост намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаты адносна мінулага года — 14,1%.
Даследчая кампанія Nielsen, якая штогод вызначае індэкс пакупніцкай здольнасці на душу насельніцтва ў 42 еўрапейскіх краінах, таксама адзначае, што палякі багацеюць. У 2022 годзе ў Польшчы пакупніцкая здольнасць на аднаго чалавека склала крыху больш за €9,2 тыс. У 2023-м — €10,9 тыс. У 2024-м — больш за €12,5 тыс.
У рэйтынгу сярод 42 краін Польшча займае 27 месца. Беларусь у ім у 2024 годзе апынулася ў тройцы антылідараў па пакупніцкай здольнасці насельніцтва разам з Косава і Украінай.