Антыфэйк / фактчэк Сёння

Антыбеларуская палітыка Вільні б'е па Літве? Праверылі высновы дэпутатаў Гігіна і Шпакоўскага

Палітыкі распавялі пра крах Клайпедскага порта праз увядзенне санкцый супраць Беларусі.

Дэпутаты Вадзім Гігін і Аляксандр Шпакоўскі распавялі пра цяжкае становішча Клайпедскага порта пасля ўвядзення санкцый супраць Беларусі. Каманда Weekly Top Fake высветліла, наколькі беларускія палітыкі перабольшылі маштабы наступстваў для Літвы. 

Палітыка Вільні ў дачыненні да Менску (у прыватнасці зачыненне мяжы Літвой) — непрадуманая, заявіў дэпутат беларускага парламенту Вадзім Гігін. Як прыклад яе наступстваў ён прывёў фінансавыя страты Клайпедскага порта пасля ўвядзення санкцый супраць «Беларуськалію», які доўгі час быў адным з галоўных кліентаў порта. 

«Яны цалкам паралізавалі свой порт Клайпеда тым, што адмовіліся дастаўляць нашы калійныя ўгнаенні туды. Фактычна, Літва ператворыцца толькі ў шлях паміж Латвіяй і Эстоніяй і іншай Еўропай», — падсумаваў Гігін у ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» і СБТБ 5 лістапада 2025 года. 

Пра гэта ў той жа праграме 13 лістапада казаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Аляксандр Шпакоўскі: «Літва нясе страты большыя, чым наша краіна, ад сітуацыі, якая склалася. <...> Пра што піша прэса: нібыта амерыканцы ўгаворваюць літоўцаў аднавіць транзіт беларускіх грузаў праз Клайпедскі порт, за што Літва будзе атрымліваць грошы за транзіт, загрузку чыгункі, і забяспечыць працу клайпедскага тэрмінала, які ўжо некалькі гадоў запар скарачае колькасць сваіх супрацоўнікаў. Каму гэта выгадна ў першую чаргу? Вядома, Літве».

У эфіры СТБ крах Клайпедскага порта прадракалі і год таму: «Сатэліты ЗША штодня цярпяць страты. І гаворка не толькі пра зніжэнне іх вагі ў свеце палітыкі, але і фінансавых стратах. Яркі прыклад — Літва і яе Клайпедскі порт. Цяпер ён знаходзіцца ў жалосным стане», — распавяла вядоўца навін Вольга Шарснёва 18 жніўня 2024-га.

Клайпедскі порт праз санкцыі, накладзеныя на даставы беларускіх калійных угнаенняў, сапраўды страціў пятую частку грузазвароту, але гэта не паралізавала яго працы. У 2024 годзе порт нарасціў грузавы паток на 8% і заняў 40% рынку сярод балтыйскіх партоў. У 2025-м грузазварот вырас на 10%. Беларускі калій замянілі на перавозку кантэйнераў і паромны транспарт. У 2024 годзе порт атрымаў €25 млн чыстага прыбытку, хоць гэта і на €5 млн менш, чым да ўвядзення санкцый супраць Беларусі. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць