Антыфэйк / фактчэк

02 лістапада 2023

ЛГБТ-гурткі для ўкраінскіх школьнікаў і порна кастынгі для параненых ваяроў УСУ. Выкрыццё фэйкаў ад «Лукавых навінаў»

А таксама — лайфхак ад амерыканцаў, як аслабіць расейскае войска, і шмат іншага. Партнёрскі матэрыял БРЦ і праекту «Лукавыя навіны» тэлеканалу «Белсат».

Фэйк №1: На мурале ў Кіеве адлюстравалі ваяра УСУ, які «афігеў ад жыцця на Украіне»

Партнёрскі матэрыял

Расейскія праўладныя журналісты Вольга Бялова і Міхаіл Шахназараў абмеркавалі маральны дух і фізічны стан ваяроў УСУ. І жывых, і тых, хто намаляваны на памятных муралах. Вядоўцы 25 жніўня ў эфіры праграмы «Добры дзень, таварышы!» на тэлеканале «Зорка» выказаліся пра выяву на будынку, які знаходзіўся за спінай Уладзіміра Зяленскага, калі той звяртаўся да народу ў гонар Дня Незалежнасці Украіны 24 жніўня.

— А чаго гэта з цыгарэтай стаіць гэта там баец? — спытаў Шахназараў.

— Афігелы баец УСУ, які глядзіць на Зяленскага і кажа: «Госпадзі, да чаго ты давёў краіну?». Ну, вось гэты вось мурал, вядома, таксама вельмі паказальны. Відавочна негераічнага выгляду персанаж намаляваны, а нейкі афігеўшы ад жыцця на Украіне. Гэта відавочна баец стомлены ўжо ад усяго, адпусціце мяне, вярніце мяне... — дадала Бялова.

Імя ўкраінскага ваяра, намаляванага на мурале, — Аляксандр Мацыеўскі. Ён служыў у тэрабароне. Узімку з 2022-га на 2023 год Мацыеўскі ўдзельнічаў у баях на поўначы ад Бахмуту, у выніку якіх трапіў у расейскі палон. У сакавіку 2023-га ў сеціве распаўсюдзілася відэа, на якім Аляксандра расстралялі расейцы. Перад смерцю ён паспеў выгукнуць ўкраінскі нацыянальны лозунг «Слава Україні!».

З цыгарэтай у роце Аляксандр Мацыеўскі намаляваны таму, што ён паліў, калі яго забілі. Па словах яго таварышаў па службе, баец быў заўзятым курцом. Праз гэта цыгарэта стала часткай вобразу загінулага. 

Гэты, па словах Бяловай, «негераічнага выгляду персанаж», быў пасмяротна ўдастоены звання Героя Украіны. 

Фэйк №2: Украінцы выдаткавалі больш за €2500 на афарбоўку купала ў Карпатах

Партнёрскі матэрыял

Прарасейскі тэлеграм-канал «Украіна.ру» ацаніў суму, выдаткаваную на афарбоўку вялікага жалезнага купала на гары Тамнацік у Карпатах. Аўтары напісалі, што на яго роспіс у нацыянальныя ўкраінскія ўзоры спатрэбілася 100 тыс. грн або больш €2,5 тыс. па курсе на жнівень 2023 года. 

«Жовто-блакітны карга-культ працягвае квітнець ва Украіне. На гэты раз нейкія высакагорныя маляры размалявалі ў стылі так званай “пісанкі” былую радыёлакацыйную станцыю “Памір". Праўда, зрабілі гэта не задарма — на арт-аб'ект выдаткавалі 100 000 грн. Гэта амаль 300 000 рублёў!» — гаворыцца ў допісе, апублікаваным 29 жніўня. 

На самой справе распісаны гэты аб'ект быў не ў жніўні 2023 года, калі апублікавалі пост, а шасцю гадамі раней. У 2017-м на гары Тамнацік не проста прадставілі пафарбаваны купал, але і правялі фестываль, на якім рыхтавалі стравы нацыянальнай украінскай кухні і арганізавалі выступ артыстаў. Сто тысяч грыўняў выдаткавалі на правядзенне ўсяго фестывалю, а не толькі на афарбоўку велізарнай пісанкі. 

Фэйк №3: Параненых байцоў УСУ запрашаюць здымацца ў порна

Партнёрскі матэрыял

Параненых байцоў УСУ запрашаюць здымацца ў порна, паведаміў тэлеграм-канал «Небажэна».

«На фоне дэкрыміналізацыі парнаграфіі на Украіне на папулярных сайтах пошуку працы з'явіліся спецыфічныя вакансіі актораў. Працадаўцы ў выглядзе каламутных мадэльных агенцтваў шукаюць інвалідаў, у тым ліку параненых ваяроў УСУ, для здымак. Плацяць 2,5 тысячы долараў», — напісалі 20 жніўня аўтары канала (аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваныя). 

На запыт журналістаў «Лукавых навінаў» у агенцтве Prime model адказалі, што падобных набораў не праводзілі. 

Фэйк № 4: Украінца, які з'ехаў ад мабілізацыі, затрымалі ў Нямеччыне за дэманстрацыю нацысцкай сімволікі

Партнёрскі матэрыял

Расейскі тэлеграм-канал «Украіна.ру» 30 жніўня апублікаваў відэа, з якога вынікае, што 34-гадовы ўкраінец Пётр Бандарэнка з'ехаў у Нямеччыну, баючыся мабілізацыі. У Берліне яго нібыта затрымалі за дэманстрацыю нацысцкай сімволікі — татуіровак на яго целе. 

На відэа стаіць лагатып тэлеканалу Euronews, аднак журналісты «Лукавых навінаў» не знайшлі яго ні на сайце, ні ў сацсетках медыя. Ніякай інфармацыі пра арышт у Нямеччыне чалавека па імені Пётр Бандарэнка — таксама. 

Аўтары канала замазалі твар чалавеку на відэа, аднак высветліць, хто гэта, ўдалося. Гэта не ўкраінец з нацысцкімі татуіроўкамі, а аўстраліец Стыў, які зрабіў сабе тату, як у амерыканскага актора Віна Дызеля. Медыі пісалі пра яго ў 2011 годзе. 

Яшчэ адна дэталь, якая сведчыць пра тое, што відэа фэйкавае, — у аповедзе пра выпадак, які нібыта адбыўся ў Нямеччыне, паказваюць аўстралійскі прававы акт. 

Фэйк №5: OnlyFans заблакаваў акаўнт паплечніцы Навальнага Любові Собаль

Партнёрскі матэрыял

Тэлеграм-канал «Панамар» 24 жніўня апублікаваў скрыншот з навіной пра тое, што сэрвіс OnlyFans заблакаваў акаўнт паплечніцы Навальнага Любові Собаль. Навіна быццам бы выйшла на рускамоўнай версіі брытанскага сайта Бі-бі-сі. 

На самой справе на сайце Бі-бі-сі такога матэрыялу няма.

Фэйк №6. Ва ўкраінскім ліцэі стварылі ЛГБТ-гурткі

Партнёрскі матэрыял

У ліцэі №4 украінскага гораду Івана-Франкоўск ствараюцца ЛГБТ-гурткі. Пост з такой інфармацыяй з'явіўся 31 жніўня ў тэлеграм-канале расейскага праўладнага журналіста Армэна Гаспарана.

«Паведамляем, што з 7 верасня ў нашай выдатнай школе пачынаюць працаваць пазаўрочныя гурткі і секцыі. Цалкам новым стаў кірунак ЛГБТ-адукацыі для дзяцей ад 8 гадоў. Заняткі праводзяцца платна ў невялікіх групах. Ацэнкі і балы ставяцца ў спецыяльны дзённік талерантнасці», — паведамляецца ў публікацыі. 

На сайце ліцэю журналісты «Лукавых навінаў» не знайшлі такой інфармацыі. У ліцэі №4 Івана-Франкоўска ім адказалі, што арганізоўваць такі гурток там не плануюць. 

Фэйк №7. Амерыканцы ваююць з расейцамі рукамі ўкраінцаў

Партнёрскі матэрыял

Амерыканцы ваююць з расейцамі рукамі ўкраінцаў. Цытату з такім пасылам нібыта амерыканскага сенатара Рычарда Блюменталя прывёў тэлеграм-канал аналітыка Юрыя Падалякі 31 жніўня:

«Дарагія амерыканскія грамадзяне, я хачу вам сказаць, што за тыя грошы, якія мы патрацілі на Украіне, мы атрымалі вельмі многае. Расейская армія аслаблена ўдвая. Мы скарацілі яе колькасць на 50 працэнтаў, выкарыстоўваючы менш чым на 3 адсоткі наш ваенны бюджэт, без страт амерыканскіх салдат. З гэтага пункту гледжання гэта даволі выгадная здзелка».

На самай справе гэтыя словы сказаў не Блюменталь — падобна выказаўся амерыканскі палітык-рэспубліканец Ліндсі Грэм. Цытата гучыць так:

«Маральны дух украінскага народу завоблачны. Яны ўносяць свой уклад і робяць усё неабходнае, каб вярнуць сабе сваю тэрыторыю. У іх ёсць перакананне, што яны збіраюцца жыць свабоднымі і гатовыя памерці за сваю свабоду. Зброя, якую мы перадалі ўкраінцам, была эфектыўна выкарыстаная. Баявая моц расейскай арміі скарацілая на 50%. За гэты час мы не страцілі ва Украіне ніводнага амерыканскага жаўнера. Украінцы разумеюць, што вайну нельга спыніць, аддаўшы тэрыторыю агрэсару. Калі Пуціна тут не спыніць, ён працягне ісці далей. Ён неаднаразова даваў гэта зразумець. І калі Пуцін пераможа, ён працягне захоп тэрыторыі, і гэта павялічвае шанцы на тое, што паміж Расеяй і NATO пачнецца вайна, у якую наўпрост уцягнуцца амерыканцы. Мы гэтага не хочам».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі