Антыфэйк / фактчэк Сёння

Госць праграмы «Азаронак. Наўпрост» падтрымаў тэзу Лукашэнкі пра дэмакратычнасць Беларусі фэйкавымі звесткамі

Сяргей Лушч расказаў пра псеўдастатыстыку пераследу за публікацыі ў сацсетках.

Пасля інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі тэлеканалу RT у беларускіх дзяржаўных СМІ расказалі пра велізарны рэзананс размовы ў сусветных медыя. А ў эфіры СТБ яго тэзу пра дэмакратыю ў Беларусі паспрабавалі падмацаваць сцвярджэннем, нібыта на Захадзе за публікацыі ў сацсетках пераследуюць часцей, чым ва ўсходнееўрапейскіх краінах. Аднак ні маштаб міжнароднай цікавасці да інтэрв’ю, ні гэтае параўнанне не пацвярджаюцца.

Кантэкст: У інтэрв’ю тэлеканалу RT, які фінансуецца расейскай дзяржавай і забаронены ў ЕЗ і Вялікай Брытаніі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ЗША варта было б павучыцца дэмакратыі ў Беларусі. У размове з Рыкам Санчэсам ён таксама назваў лідараў заходніх краін і ЗША часовымі людзьмі, не здольнымі нешта змяніць.

Інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі RT беларускія дзяржаўныя медыі спрабавалі прадставіць як вялікую міжнародную падзею:

«Новае інтэрв’ю беларускага лідара выклікала велізарны рэзананс у сусветных СМІ. Яго цытуюць, абмяркоўваюць і аналізуюць», — сказала 24 красавіка 2026 года вядоўца ТРК «Брэст» Ала Грыгарчук.

Аднак рэальнасць выглядае значна больш сціплай. У акаўнце Рыка Санчэса ў X інтэрв’ю за два тыдні сабрала менш за 1,5 тыс. праглядаў. На каналах RT ва «ВКонтакте» і Rutube сумарна яно набрала каля 94 тыс. праглядаў. Reuters узяло з размовы толькі адну цытату — пра гатовасць Лукашэнкі да вялікай здзелкі з Трампам. Некалькі замежных рэсурсаў перадрукавалі менавіта гэтую англамоўную навіну. Але для буйных сусветных медыя гэтае інтэрв’ю не стала прыкметнай падзеяй.

Тэму абмеркавалі і ў перадачы «Азаронак. Наўпрост» на СТБ. Старшыня руху «Саюз» Сяргей Лушч, падтрымліваючы тэзу Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі больш дэмакратыі, чым на Захадзе, заявіў, што лідарамі па пераследзе за інтэрнэт-актыўнасць зусім не з’яўляюцца Беларусь і Расея.

«Былі б гэта каналы, якія вялі б іх жа грамадзяне дзе-небудзь там, у краінах Заходняй Еўропы або Злучаных Штатах, — яшчэ пасадзілі б у турму за экстрэмізм. Дарэчы, паводле статыстыкі — цікава, пагугліце, дарагія гледачы, статыстыку краін, дзе больш за ўсё пераследуюць за публікацыі ў сацыяльных сетках, за твіты і гэтак далей. Вы здзівіцеся, якія будуць фантастычныя вынікі. І Усходняя Еўропа далёка не на першым месцы там. І мы тут, наша вось гэтая частка — Расея, Беларусь — далёка не на першых месцах у гэтых рэйтынгах», — заявіў ён у эфіры 17 красавіка 2026 года.

Найбольш вядомая міжнародная ацэнка свабоды інтэрнэту кажа пра адваротнае. У рэйтынгу Freedom House, які ўлічвае якасць інтэрнэт-інфраструктуры, блакаванні кантэнту, пераслед за інтэрнэт-актыўнасць і іншыя параметры, Беларусь і Расея ўваходзяць у пяцёрку найгоршых з 72 краін.

Магчыма, Сяргей Лушч абапіраўся на звесткі з допісу з загалоўкам «Краіны з найбольшай колькасцю арыштаў за публікацыі ў сацыяльных сетках», які можна знайсці ў сацсетках. Гэты рэйтынг нібыта заснаваны на публікацыі брытанскай газеты The Times. У ім Беларусь стаіць на другім месцы пасля Вялікай Брытаніі, а Нямеччына ідзе следам. Аднак The Times такога міжнароднага рэйтынгу не публікавала.

У красавіку 2025 года газета сапраўды выпусціла матэрыял пра маштабныя арышты за онлайн-паведамленні ў Вялікай Брытаніі. Але артыкул датычыў толькі гэтай краіны. Ніякага міжнароднага параўнання, агульнай табліцы або рэйтынгу ў ім не было. У тэксце гаварылася, што брытанская паліцыя фіксуе ў сярэднім каля 30 выпадкаў на дзень, што дае прыкладна 12 тысяч арыштаў на год. Але важна, што гаворка ішла не толькі пра каментары ў інтэрнэце, а пра больш шырокае кола парушэнняў: пагрозы, цкаванне, абразы. І пакаранні за такія справы паводле беларускіх мерак параўнальна мяккія: штраф або да двух гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым з прыкладна 12 тысяч затрыманняў да суда дайшла толькі невялікая частка спраў — крыху больш за тысячу. Колькасць прысудаў скарачаецца: у 2023 годзе іх было амаль удвая менш, чым у 2015-м.

Падобная сітуацыя і ў Нямеччыне. Там паліцыя сапраўды праводзіць рэйды супраць онлайн-хейту, пра што пісаў, у прыватнасці, Der Spiegel. Але афіцыйная статыстыка паказвае, што да жорсткіх пакаранняў такія справы даходзяць вельмі рэдка. У адным з нямецкіх рэгіёнаў — зямлі Гесэн — за чатыры з паловай гады паліцыя пачала 4062 крымінальныя справы, аднак да рэальных прысудаў дайшлі толькі 1,5% выпадкаў. Амаль усе яны скончыліся штрафамі. Рэальны турэмны тэрмін быў толькі адзін — невядома, ці меў ён дачыненне да палітычных выказванняў.

На гэтым фоне сітуацыя ў Беларусі выглядае прынцыпова інакш. Дакладных звестак пра колькасць затрыманых па справах, звязаных з інтэрнэт-актыўнасцю, няма. Але, паводле звестак праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, толькі за абразу і паклёп у інтэрнэце ў краіне асудзілі не менш за 2799 чалавек. І гэта за пяць гадоў. Гаворка ідзе не проста пра штрафы, а пра абмежаванне або пазбаўленне волі. Акрамя таго, паводле асобных артыкулаў — напрыклад, пра «распальванне варожасці» — прадугледжаныя тэрміны да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Калі параўнаць рэальныя наступствы для людзей, то сітуацыя ў Беларусі выглядае значна больш жорсткай. За чатыры з паловай гады ў шасцімільённым нямецкім рэгіёне па справах, звязаных з інтэрнэт-актыўнасцю, быў толькі адзін выпадак рэальнага пазбаўлення волі. У дзевяцімільённай Беларусі за супастаўны перыяд толькі паводле артыкулаў пра абразу і паклёп колькасць абмежаванняў і пазбаўлення волі вымяраецца тысячамі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць