Кантэкст: У беларускім войску з 16 студзеня 2026 года праходзяць праверкі баявой гатовасці. Аляксандр Лукашэнка будзе інспектаваць яго да вясны. Палітык ужо пазапланава прывёў у баявую гатовасць адно з механізаваных злучэнняў пад Лепелем, абмінуўшы Міністэрства абароны і Генеральны штаб. У маразы, снег і ледзяны дождж вайскоўцы правялі на палігоне тыдзень. Паралельна Мінабароны і Генштаб праводзяць сваю запланаваную праверку баявой гатовасці войскаў.
У сюжэце пра праверкі ў войсках, паказаным у праграме «Навіны» на тэлеканале СТБ 28 студзеня 2026 года, вядоўца распавяла пра перавагі беларускай арміі перад заходнімі суседзямі:
«Адна з галоўных умоў, як адзначыў [дзяржаўны сакратар Рады бяспекі] Аляксандр Вальфовіч, — вайскоўцы павінны быць прафесіяналамі, падрыхтаванымі і патрыятычна настроенымі. Пагоны павінны апранаць дзеля абароны нацыянальных інтарэсаў сваёй краіны, а не кантрактнікі і найміты, што, напрыклад, назіраецца ў Польшчы. Армія сумежнай дзяржавы вялікая — парадку 200 тысяч чалавек, але ўкамплектаваная наймітамі».
У Польшчы сапраўды кантрактная армія. То бок у мірны час абавязковага прызыву няма, служба цалкам добраахвотная і яе працягласць не абмежаваная пэўнымі тэрмінамі. Гэта прапісана ў польскім заканадаўстве. Але найміт і кантрактнік — не адно і тое ж. У міжнародным праве ёсць выразнае вызначэнне: найміт — гэта замежнік, адмыслова завербаваны для ўдзелу ў баявых дзеяннях, які не з'яўляецца грамадзянінам краіны канфлікту і не ўваходзіць у склад яе ўзброеных сіл. Гэта значыць, што вайсковец польскай арміі, які паступіў на прафесійную вайсковую службу, па вызначэнні не можа быць наймітам, таму што ён з'яўляецца часткай афіцыйных узброеных сіл дзяржавы.
У беларускай арміі таксама служаць па кантракце. Гэта актыўна прасоўваецца як свядомы і патрыятычны выбар. У сакавіку 2024 года Мінабароны заявіла, што з пачатку вайны ва Украіне колькасць кантрактнікаў у беларускай арміі вырасла. Таксама ў Беларусі захоўваецца абавязковы прызыў на тэрміновую службу.