«Заахвочванне навукі і імкненне да міру – вядома, справа добрая. Але, як апынулася, вельмі спрэчная. Сярод лаўрэатаў быў "бацька хімічнай вайны" Фрыц Габер. 9 разоў на прэмію па літаратуры намінавалі галаварэза-забойцу Стэнлі "Тукі". А гэтаму чалавеку ў выніку прэмія не дасталася, але ўвесь жах у тым, што ён меў рэальныя шанцы яе атрымаць. У 39-м годзе, усяго за тры месяцы да ўварвання Нямеччыны ў Польшчу, на Нобелеўскую прэмію міру быў намінаваны Адольф Гітлер. Акадэмікі палічылі – фюрар забяспечвае Еўропе мірную будучыню», – распавядае вядоўца Кацярына Ціхамірава.
Насамрэч большая частка сказанага – няпраўда.
Хімік Фрыц Габер сапраўды постаць неадназначная. Ён зрабіў вялікі ўклад у стварэнне хімічнай зброі, у Першую сусветную вайну добраахвотна пайшоў на фронт і асабіста кіраваў першай у гісторыі газавай атакай пад бельгійскім горадам Іпр, у выніку якой загінулі каля тысячы чалавек. Але ён таксама стварыў азотныя ўгнаенні, якія выратавалі мільярды чалавек ад голаду.
Стэнлі «Тукі» Уільямс у юнацтве ўзначальваў банду. Калі яму было 28-м, яго арыштавалі і прыгаварылі да смяротнага пакарання. Амаль 25 гадоў ён правёў у турме ў чаканні на яе выкананне, дзе пачаў пісаць дзіцячыя кнігі. Іх галоўнай тэмай стала барацьба з вулічным гвалтам – за гэта яго і намінавалі на Нобеля. Прэмію міру Стэнлі Уільямс не атрымаў, але ўвайшоў у гісторыю як адзіны намінант, асуджаны да смяротнага пакарання.
Гітлера сапраўды ў 1939 годзе вылучылі на Нобелеўскую прэмію, але гэта выглядала інакш, чым распавяла Ціхамірава. Яго намінаваў адзін з дэпутатаў шведскага парламента Эрык Брандт, вядомы антыфашысцкімі поглядамі. Зрабіў ён гэта на знак пратэсту супраць вылучэння на Нобеля прэм'ер-міністра Вялікай Брытаніі Чэмберлена, які падпісаў з Гітлерам Мюнхенскую дамову, паводле якой Нямеччына забрала ў Чэхаславакіі Судэтскую вобласць. Як Брандт патлумачыў у інтэрвʼю – гэта была іронія. Так ён хацеў паказаць, што ні Чэмберлен, ні Гітлер не заслугоўваюць на Нобелеўскую прэміі міру. Ён адклікаў прапанову ўзнагародзіць Гітлера праз некалькі дзён пасля падачы. Таму сцвярджэнне Кацярыны Ціхаміравай, што акадэмікі палічылі фюрэра гарантам мірнай будучыні Еўропы – хлусня. Нобелеўскі камітэт ягоную кандыдатуру нават не разглядаў.
ВУП Польшчы абваліўся
Польшча адабрала будынак школы пры Расейскай амбасадзе ў Варшаве. Палітолаг Пётр Пятроўскі ў эфіры АНТ растлумачыў гэта тым, што кіроўная партыя PiS хоча перад выбарамі адцягнуць увагу выбарнікаў ад катастрафічнага абвалу эканомікі краіны.
«22 год упершыню за многія дзесяцігоддзі ў Польшчы рэальны абвал ВУП – мінус 2,5%. Хаця гэта Польшча ўводзіла санкцыі, а не супраць Польшчы. Вось тое, з чым сёння пойдзе PiS на выбары ў кастрычніку. І палякі будуць пытацца не пра рэпарацыі, а куды падзеліся іх прыбыткі – чаму кошты растуць, інфляцыя расце, а ВУП падае».
Наконт таго, што кошты растуць – гэта праўда. Інфляцыя ў Польшчы ў 2022 годзе пабіла чарговы рэкорд – 14,5%. У Беларусі, для параўнання, амаль 13%. Але калі кошты ў абедзвюх краінах растуць практычна аднолькава, то з эканамічным ростам – наадварот. Эканоміка Польшчы ў мінулым годзе на 5% вырасла, а вось беларуская амаль на 5% абвалілася.
Паліцыя адабрала дзіця з сям'і, якая не падтрымлівае ЛГБТ-каштоўнасці
Беларусь абвінавацілі ў тым, што яна дапамагае Расеі выкрадаць украінскіх дзяцей, прымаючы іх без згоды Украіны на сваёй тэрыторыі для аздараўлення. На гэтым фоне тэлеграм-канал «Невальфовіч» паказаў, як у Еўропе паліцыя забірае дзяцей проста з сем'яў. Такую ж навіну посцяць і расейскія медыі.
«Звычайны ліберальны еўрафашызм. У Нямеччыне служба Ювенальнай юстыцыі адабрала дзіця з мусульманскай сям'і, якая не падтрымлівае прышчэпленыя ў нямецкай школе ЛГБТ-каштоўнасці. У горадзе Брэмерхафен забралі хлопчыка, бо паступіла скарга са школы, дзе ён вучыцца. Сям'я вучыць яго, што гомасексуалізм і трансгендэрнасць непрымальныя».
На прадстаўленым відэа дзіця сапраўды забіраюць у бацькоў. Аднак мясцовая паліцыя адмаўляе здагадкі, што вінавата ў гэтым традыцыйнае выхаванне і непрыняцце ЛГБТ.
«Мы можам гэта адмаўляць, вядома, гэта няпраўда», – заявіў у аўторак прадстаўнік паліцыі нямецкаму агенцтву друку.
Прэса піша, што дзіця забралі з-за таго, што хлопчык часта і гучна крычаў. Суседзі падумалі, што ён падвяргаецца гвалту з боку бацькоў, і выклікалі паліцыю. Бацькі ж заявілі, што дзіця пакутуе на «электрычныя удары ў мозгу», што выклікае ў яго крык і эпілептычныя прыпадкі.
У паліцыі тое, што адбылося, пракаментавалі так:
«На відэа паказаная невялікая частка аперацыі па перадачы двух дзяцей пад апеку паводле рашэння суда. Паліцыя падтрымала Упраўленне па справах моладзі ў гэтай аперацыі. Узяцце дзяцей пад апеку заўсёды з'яўляецца крайняй мерай і адбываецца толькі па сур'ёзных прычынах».
Расея перамагае ў вайне
На фоне доўгай адсутнасці перамог на полі бою тэлеграм-каналы АНТ, «Салаўёў Лайф» і «Беларускі сілавік» абвесцілі, што Расея перамагае ў вайне. Нібыта гэтак мяркуюць амерыканскія высокапастаўленыя вайскоўцы.
«Галоўнакамандуючы аб'яднанымі сіламі ў Еўропе генерал Кавалі ў сведчаннях Палаце прадстаўнікоў па ўзброеных сілах заявіў, што Расея перамагае ў канфлікце, і патлумачыў, што "дэградацыя расейскіх узброеных сілаў" была вельмі груба скажоная СМІ.
"Большая частка расейскіх вайскоўцаў не пацярпела ў гэтым канфлікце", — адзначыў генерал ЗША».
У гэтых пастах таксама змешчанае відэа — урывак падкасту з сайта TruNews без перакладу. Але мы яго для вас пераклалі:
- Нават у разгар дэградацыі расейскіх УС з-за канфлікту, іх флот працягвае дзейнічаць. Расейскія караблі патрулююць Атлантыку. І ваш калега сцвярджае, што ў Атлантыцы патруль расейскага флота раней быў спарадычны, а зараз патрулі на падлодках становяцца пастаяннымі. Што вы робіце з пункту гледжання ваеннай справы? Маглі б вы расказаць пра гэта больш?
- Перш за ўсё, сэр, я б хацеў падкрэсліць ваш каментар пра спецыфіку дэградацыі расейскіх узброеных сіл. Канфлікт не аказаў негатыўнага ўплыву на большую частку расейскіх узброеных сіл.
Адна з іх — падводныя войскі... Я не ўсё магу казаць публічна пра падводную вайну і нашыя высілкі у гэтым пытанні, але магу сказаць, што рускія больш актыўныя, чым у апошнія гады, і іх патруляванне Атлантыкі знаходзіцца на больш высокім узроўні, чым мы бачылі на працягу многіх гадоў.
На гэтым выступ Кавалі перарываецца і ўжо зусім іншы чалавек у студыі кажа:
«Атрымліваецца, The New York Times, The Washington Post, CNN, FOX, The Telegraph, Daily Mail, BBC і ўсе дакументы, якія паведамлялі нам на працягу года, што рускія прайграюць, што яны сцякаюць крывёй, іх войскі дэзерціруюць з Украіны, руская армія вось-вось упадзе, там мяцеж – гэта ўсё хлусня! Хлусня! Прапаганда! Расейцы перамагаюць!»
Імя гэтага чалавека Рык Уайлс. Ён — стваральнік і вядучы сайта TruNews. І гэтыя яго словы тэлеграм-каналы прыпісалі амерыканскаму генералу, які нічога такога не казаў.
У сваёй справаздачы ён удакладняе, якія менавіта расейскія войскі не пацярпелі:
«Расейскія паветраныя, марскія, касмічныя, кібернетычныя і стратэгічныя сілы не зазналі істотнай дэградацыі ў бягучай вайне».
Але нідзе Кавалі не гаворыць пра скажэнне інфармацыі СМІ і што Расея перамагае. Усё гэта выдумка Рыка Уайлса.
Сам Уайлс вядомы як ультраправы амерыканскі тэарэтык змовы, пастар пазаканфесійнай царквы «Патокі патокаў». Каронавірус ён называў божым анёлам смерці, Барака Абаму — дэманам з пекла, а габрэі, на ягоную думку, збіраюцца забіць мільёны хрысціян. Падобнай тэматыкай адрозніваецца і яго сайт TruNews.
Расейскія войскі адпомсцілі жанчыне з Умані за відэаролік
Расея нанесла ракетныя ўдары па ўкраінскім горадзе Умань, у выніку чаго пацярпелі мірныя жыхары. Пасля гэтага блогеры і медыі ўзяліся даводзіць, што пацярпелыя ад расейскіх ракет жыхары былі не зусім мірныя і самі ва ўсім вінаватыя. Вось, напрыклад, што расказаў беларускі тэлевядоўца Рыгор Азаронак у сваім аўтарскім праекце:
«Уключыце, калі ласка, гэтае відэа, якое мы падрыхтавалі наконт… пакуль скажам, мірнай жыхаркі. А потым абмяркуем...
А зараз пакажыце, калі ласка, фотаздымак. Гэтая ж барышня зусім нядаўна: "В кінці найулюбленіший обід адміна. Надсилай тому, з ким хочеш поласувати російським немовлям". І лялька дзіцяці ў рондалі, і гэты яе тупы ўблюдачны выраз твару. Ну што, атрымала, пачвара, сука, атрымала? Вось гэта вы ўсё заслугоўваеце. Немаўля яны будуць варыць».
Гэтае ж сцвярджэнне посцяць і іншыя медыі і тэлеграм-каналы.
Насамрэч жанчыну з Умані, якая плача, клічуць Юлія. Яе відэа шырока разышлося ў медыях. Вось яе інстаграм. Яна працуе стылістам. Мы з ёй скантактаваліся і жанчына пацвердзіла, што на роліку сапраўды яна.
«Добрага дня. Мяне клічуць Юля Камізерка. Гэта я – тая дзяўчына, якая запісала відэа ў момант прылёту ў горадзе Умань. І я хачу абвергнуць тое, што пра мяне прыпляла расейская прапаганда. Я не маю ніякага дачынення да той дзяўчыны, якая нешта варыла ў рондалі... Дзяцей ці што там. Вы можаце паглядзець мае фота і нават па маіх татуіроўках зрабіць выснову, што гэта была не я».
Што да фотаздымку жанчыны з рондалем, мы знайшлі відэа, адкуль узялі гэты кадр. На ім дзяўчына добра бачная з розных ракурсаў. Яе адметная рыса – татуіроўка на руцэ ніжэй локця.
А зараз параўнаем з выявай Юлі з Умані. Пры супастаўленні фота бачна, што дзяўчыны зусім не падобныя.
Адзінае, што іх родніць – цёмныя доўгія валасы. А іх татуіроўкі не супадаюць.