Антыфэйк / фактчэк

03 мая 2023

Фэйкі тыдня: ЗША пагадзіліся перападключыць Расею да SWIFT

Расея заявіла аб тым, што збіраецца выйсці са збожжавай здзелкі з Украінай, і ў якасці ўмовы выставіла патрабаванне вярнуць яе банкам падключэнне да сістэмы SWIFT.

У Беларусі павысілі заробкі вяскоўцам

Урад рапартуе, што беларуская сельская гаспадарка расце і па аб'ёме вытворчасці, і па аб'ёме экспарту. А намеснік прэм'ер-міністра Леанід Заяц у эфіры СТВ заявіў, што прыйшоў час і для павышэння заробкаў.

«Мы павінны не марна працаваць, а працаваць, каб зарабіць, каб вынік быў, каб гэта адчулі людзі. Павінны падвышаць заработную плату. За першыя два месяцы падвысілі на 25%, разам з тым бачым, што па сярэднім рэспубліканскім значэнні заработнай платы па краіне мы сёння адстаем». 

СТВ нават вынес гэтую фразу ў загаловак. Але засталося незразумела, гаворка ішла толькі пра Гарадзенскую вобласць - бо сюжэт быў прысвечаны візіту Лукашэнкі туды - або аб павышэнні заробкаў на вёсцы па ўсёй краіне. 

Таксама не зразумела як Леанід Заяц налічыў такое павышэнне. Бо ў дадзеных Белстата мы гэтага не бачым. 

У сакавіку сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы быў няпоўных 1400 рублёў. Гэта толькі на 80 рублёў болей, чым у студзені. Атрымліваецца павышэнне на 6%, а не на 25%.

Нават за 12 месяцаў рост заробкаў не дацягвае да таго, пра які кажа Заяц. З мінулага сакавіка выходзіць 19%. Гэта ў намінальным выразе. А калі браць рэальны заробак, з улікам інфляцыі, то за год ён павысіўся на 12%. 

У Гродзенскай вобласці ў вяскоўцаў з пачатку года зарплата павялічылася крыху больш — на 8%. А з улікам інфляцыі - усяго на 6%.

Турызм у Літве існуе толькі дзякуючы беларусам

На фоне заяў аб тым, што ў Беларусі размесцяць ядзерную зброю, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч заявіў, што міралюбівая Беларусь для Літвы ніякай пагрозы не ўяўляе. І нават наадварот, турыстычная галіна Літвы жыве толькі дзякуючы беларусам.

«У іх пагроза — Расея, Беларусь. Якая пагроза для Літвы? У тым, што нашыя турысты забясьпечвалі ім грошы? Хто ў гэтую Клайпеду паедзе адпачываць? Немцы? Тры немцы і тысяча беларусаў. За такія кошты, яны там уяўлялі з сябе Еўропу». 

Падобна, Гайдукевіч так кажа ні разу не пацікавіўшыся рэальнымі лічбамі па турызме Літве. Вось, напрыклад, дадзеныя аб тым, жыхары якіх краін начавалі ў літоўскіх гатэлях у другой палове 2022 года. Беларусаў там і сапраўды шмат, але яны далёка не асноўныя госці. 

Самыя частыя госці — гэта латышы і палякі. Кожны месяц у гатэлях начуе ад 8 да 18 тысяч жыхароў з гэтых краін. Немцаў таксама шмат - ад 5 да 15 тысяч. А беларусаў ад 8 да 11 тысяч.

Прычым, беларусаў шмат у сталічным рэгіёне, а вось цэнтральныя і заходнія часткі Літвы а туды ўваходзіць і Клайпеда — нашмат часцей прыязджаюць эстонцы, латышы, тыя самыя немцы, пра якіх іранізаваў Гайдукевіч, а таксама палякі. І нават украінцаў туды ездзіць больш, чым беларусаў. 

Магчыма, Гайдукевіч разважае, што раз у Клайпедзе мора халоднае, то ездзяць туды адпачываць толькі тыя, хто не — можа сабе дазволіць пляжнага адпачынку ў Грэцыі. Насамрэч, як бачым, грамадзяне ЕС проста часцей ездзяць адпачываць - і на цёплыя моры, і ў розныя куткі Еўропы.

А вось у турыстычным патоку Беларусі пераважае адна краіна — гэта Расія. І Гайдукевіч хлусіць, што суседнія краіны таксама залежаць ад аднаго буйнейшага суседа.

У краінах, якія ўступілі ў ЕЗ, скарачаецца насельніцтва

На фоне пагаршэння адносін з Еўразвязам тэлеграм-канал «ЖС прэміум» вырашыў расказаць аб тым, што краіны, якія выбралі шлях еўрапейскай інтэграцыі, пакутуюць ад негатыўных наступстваў. А менавіта — у іх скарачаецца насельніцтва.

«Справа ўсё ў тым, што як толькі адна з еўрапейскіх краін уваходзіць склад ЕЗ, большая частка прагрэсіўнай, працавітай і высокакваліфікаванай моладзі звальвае ў ФРГ, Вялікабрытанію, Іспанію, Італію і Францыю.

Літва, Латвія, Балгарыя, Славенія, Славакія, Харватыя - гэта няпоўны спіс тых краін, якія з'яўляюцца для монстра пад назвай "Еўрасаюз" — таннай і даступнай "ежай". Насельніцтва гэтых краін скарацілася на дзясяткі працэнтаў з моманту ўступлення ў ЕЗ. Вялікая колькасць маладых людзей з'язджае з такіх краін-донараў ЕЗ у топ-5 краін ЕЗ».

У пацверджанне гэтых слоў яны апублікавалі лічбы па скарачэнні насельніцтва Балгарыі з амаль 9 млн чалавек у 1985 годзе да менш за 7 млн у 2021-м.

Такая праблема сапраўды ёсць. Але з 28 сябраў ЕЗ скарачэнне насельніцтва з-за міграцыі закранула толькі Балгарыю, Харватыю, Латвію, Літву і Румынію. 

Насамрэч за апошнія 20 гадоў насельніцтва Балгарыі скарацілася на 20%. Але толькі на 10 з іх — з-за таго, што жыхары з'язджаюць. Астатнія 10 працэнтаў дало скарачэнне нараджальнасці. Падобная сітуацыя ў Літве і Латвіі. Але трэба заўважыць, што насельніцтва ў гэтых пяці краінах пачало міграваць і да таго, як яны ўступілі ў Еўразвяз. 

А вось Славенію і Славакію «ЖС прэміум» пакрыўдзілі дарма. Іх насельніцтва практычна не змянілася. У Эстоніі скарацілася нязначна. А Венгрыя, Грэцыя і Чэхія за кошт міграцыі нават крыху прыраслі.

Адзначым таксама, што за гэты ж перыяд у Беларусі і без сяброўства ў ЕЗ насельніцтва скарацілася на 7 працэнтаў, галоўным чынам з-за падзення нараджальнасці.

У Польшчы прайшлі пратэсты супраць украінцаў

Пасля таго, як у Варшаве, Вільні і іншых гарадах прайшоў «Чарнобыльскі шлях» беларусаў, 27 красавіка тэлеграм-канал «ЖС прэміум» паведаміў, што ў Польшчы прайшлі масавыя пратэсты супраць украінізацыі краіны.

«У Рэчы Паспалітай здарыўся "антыбандэраўскі шлях". У адрозьненьне ад цьмянага варшаўскага, распіяранага сьветкай, ён быў яркі, маштабны і значна больш прыкметны.

"Спыніць украінізацыю Польшчы!" - акцыя пракацілася па многіх гарадах. Пратэстоўцы патрабавалі ад Варшавы закрыць межы для ўкраінскіх уцекачоў, спыніць фінансаванне мігрантаў з бюджэту і выгнаць іх усіх з краіны». 

У прымацаваным да пасады відэа дэманстрантаў з расцяжкамі з гэтымі лозунгамі і польскімі сцягамі. Гэтае ж відэа можна сустрэць у прарасейскіх тэлеграм-каналах і польскамоўных акаўнтах твітара.

На відэа добра бачныя банеры манархічнай палітычнай партыі «Канфедэрацыя польскай кароны». Мы праверылі яе сайт і сацсеткі, але не знайшлі там анонсаў ці заклікаў прыйсці на такую акцыю. Бліжэйшы пратэст, на які партыя заклікае сваіх прыхільнікаў, пройдзе толькі 6 траўня.

Мы параўналі гэтае відэа з іншым, вельмі падобным, якое знайшлі на ютубе. На ім размяшчэнне дэманстрантаў, расцяжак і іншыя адметныя элементы супадаюць з відэа ў тэлеграм-каналах. І гэта дазваляе нам з упэўненасцю сцвярджаць, што на гэтых відэа адна і тая ж акцыя. Але праходзіла яна не ў красавіку 2023 года, а яшчэ ў лістападзе 2022 - гэта Марш на Дзень незалежнасці Польшчы 11 лістапада, у якім прыняла ўдзел і гэтая партыя.

Таксама трэба адзначыць, што паводле апошніх апытанняў палякаў толькі 7-10% падтрымліваюць гэтую партыю. А гуманітарную дапамогу бежанцам, згодна з Еўрабарометрам, усё яшчэ падтрымлівае 55% насельніцтва Польшчы.

ЗША пагадзіліся перападключыць Расею да SWIFT

Расея заявіла аб тым, што збіраецца выйсці са збожжавай здзелкі з Украінай, і ў якасці ўмовы выставіла патрабаванне вярнуць яе банкам падключэнне да сістэмы SWIFT. 

Нагадаем, іх адключылі летась у межах санкцыяў з-за вайны. Пасля гэтага інфармагенцтва БелТА і многія расейскія СМІ паведамілі, што ЗША пагадзіліся на расейскія патрабаванні па SWIFT. 

«Прадстаўнікі ААН паведамілі, што ЗША вырашылі зноў падключыць расейскія банкі да сістэмы SWIFT. Пра гэта інфармуюць РІА Навіны.

Санкцыі ў дачыненні да Расеі, у тым ліку адключэнне ад сістэмы SWIFT, сталі ўдарам па статуце даляра. Усё больш краін губляюць да яго давер і пераходзяць на разлік у нацыянальнай валюце. Таму ЗША вырашылі пайсці на такі крок, дзеля чаго прыцягнулі ААН.

Так, афіцыйны прадстаўнік генеральнага сакратара арганізацыі Стэфан Дзюжаррык заявіў, што расейскія банкі плануюць ізноў падлучыць да міжнароднай аплатнай сістэмы для таго, каб выканаць збожжавую ўгоду».

РІА Новости ў сваю чаргу сцвярджаючы гэта, спасылаюцца толькі на прэс-сакратара ААН Стэфана Дзюжаррыка. Але Дзюжарык гэтага не заяўляў. 12 красавіка на штодзённым брыфінгу для прэсы яму задалі пытанне аб збожжавай здзелцы. І вось што ён даслоўна адказаў на тое, чаму немагчыма экспартаваць расейскае зерне:

Прэс-сакратар: Відавочна, што яшчэ больш ускладняе сітуацыю той факт, што шэраг расейскіх фінансавых устаноў, калі не ўсе, я не ўпэўнены, не ўваходзяць у сістэму SWIFT. І мы вядзем перамовы з людзьмі, якія адказваюць за SWIFT, еўрапейцаў і іншых наконт гэтага.

Пытанне: Ці ёсць прагрэс у гэтым? Вы абмяркоўвалі гэта колькі, дзевяць месяцаў? 

Прэс-сакратар: Я думаю, што ёсць некаторыя пытанні, у якіх у нас ёсць улада. Вельмі мала, але гэта не адна з іх. Генеральны сакратар не мае паўнамоцтваў у адносінах да SWIFT. Ён не мае ўлады над дзяржавамі-сябрамі, якія ўводзяць аднабаковыя санкцыі. У яго няма ўлады над страхавымі кампаніямі, суднаходнымі кампаніямі. Ён ня можа сказаць ім, што рабіць. Мы спрабуем сабраць цэлую групу людзей. Некаторыя з іх уваходзяць у гандлёвыя асацыяцыі. Некаторыя з іх знаходзяцца ў прыватным сектары, урадах, Еўрапейскім саюзе і іншых, каб забяспечыць выкананне гэтага Мемарандума.

І гэта ўсё. У ягоным адказе не было нічога пра ЗША. І аб тым, што SWIFT будзе падключаны. Наадварот, ён нават сказаў, што ААН не мае ўплыву ў рашэнні гэтага пытання.

Цікава, што праз некалькі дзён пасля гэтага з'явілася інфармацыя, што ЗША ўсё ж такі дазволілі аднаму са сваіх банкаў правесці плацяжы за экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Расеі. Гэта не азначае перападлучэнне Расеі да SWIFT і выкарыстоўваецца толькі для адной здзелкі.

У расейскай прэсе гэта прадставілі як вялікую дыпламатычную перамогу Масквы. Але сам міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў не хаваў расчараванні, ён раскрытыкаваў гэтае рашэнне і назваў яго «разавай альтэрнатыўнай» і «несур'ёзным падыходам».

Больш за тое, са злітых дакументаў Пентагона стала вядома, што ў саміх ЗША пазіцыю генеральнага сакратара ААН па збожжавай здзелцы лічаць занадта мяккай, таму што ён гатовы ісці насустрач інтарэсам Расіі. Гэта таксама ўскосна сведчыць супраць версіі РІА Новости аб тым, што ЗША гатовы пайсці на саступкі Расеі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі