Партнёрскі матэрыял БРЦ і праекту «Лукавыя навіны» тэлеканалу «Белсат».

Фэйк №1. У Польшчы не еўрапейцам стане складаней уладкавацца на працу

Партнёрскі матэрыял
У Польшчы ствараюць спіс прафесіяў, на якія нельга будзе наймаць замежнікаў не з Еўропы, калі на месца прэтэндуюць палякі. Пра гэта 23 снежня 2022 года напісаў тэлеграм-канал «АТН-ньюс».

«Новы закон павінен гарантаваць працу, найперш, тым палякам, якія яе шукаюць. Такая неабходнасць паўстала праз наплыў украінскіх уцекачоў, якіх наймальнікі ахвотна бяруць, як больш танную працоўную сілу.

Пры гэтым грамадзяне Польшчы застаюцца не пры справе і вымушаныя з'язджаць з краіны на заробкі», — гаворыцца ў пасце.

Насамрэч у Польшчы ўжо ёсць механізм, які абараняе рынак працы ад замежнікаў. І стварылі яго не праз наплыў украінцаў. 

Калі працадаўца хоча наняць на працу грамадзяніна іншай краіны, ён павінен праверыць, ці няма палякаў, якія жадаюць заняць гэтае месца, і атрымаць дазвол мясцовых уладаў. У Польшчы на мясцовым рынку працы нізкае беспрацоўе. Польскія медыі адзначаюць, што ў гэтых умовах мера выглядае бессэнсоўнай, ускладняе наём работнікаў і ад яе хочуць адмовіцца. 

Але пры гэтым улады не хочуць цалкам адмяняць механізм абароны рынку працы. Таму працэдуру замяняюць спісам прафесіяў толькі для палякаў. І ўжывацца ён будзе, толькі калі на рынку працы ўзнікнуць праблемы.

Фэйк №2. Жыхары Літвы на ўсім эканомяць

Партнёрскі матэрыял
«Літоўцы эканомяць на ўсім!» З такім загалоўкам 11 лістапада 2022 года з'явілася публікацыя на сайце беларускага дзяржтэлеканалу СТБ. 

Літоўскія медыі пішуць пра адваротнае. 26 лістапада на DELFI выйшаў тэкст з загалоўкам «Кошты велізарныя, але жыхары Літвы пакуль не эканомяць». У ім прадстаўнікі гандлю і эканаміст банку SEB адзначаюць, што спажыванне здзіўляе ў добрым сэнсе.

«Пакуль і ў рэстаранах выдаюць на 40% больш, чым летась. Кошты вышэйшыя на 15–20%, але выдаюць больш», — адзначыў эканаміст. 

Раней прагназавалі, што ў верасні 2022-га пакупнікі пачнуць эканоміць. Але дадзеныя за апошнія 1,5 месяца такіх пераменаў не паказалі. 

«Я б сказаў, перамены пачаліся з першага тыдня кастрычніка, урад прадставіў бюджэт, стала больш зразумела, што будзе з цэнамі на цяпло, газ, электрычнасць. Людзі ўбачылі, што не будзе так дрэнна, як думалі», — напісана ў матэрыяле. 

У Літве сапраўды высокая інфляцыя. Па дадзеных Еўрастата, паказнік у цэлым вышэй, чым амаль ва ўсіх краінах ЕЗ, і амаль удвая вышэй, чым у ЕЗ у сярэднім. Дэпартамент статыстыкі Літвы піша, што цэны раслі ў асноўным за кошт прадуктаў харчавання, паліва і ЖКП. Але апошнія тры месяцы інфляцыя зніжаецца. Гадавая інфляцыя па выніках снежня 2022 года — 20%, пік быў у верасні — 22,5%.

Фэйк №3. Улады Нямеччыны з пачатку пандэміі каронавіруса забівалі дробны бізнес

Партнёрскі матэрыял
У Нямеччыне падчас пандэміі каронавіруса забівалі малы бізнес, а багатым давалі магчымасць яшчэ больш разбагацець. Пра гэта 12 снежня 2022 года напісаў тэлеграм-канал «АТН-ньюс» са спасылкай на дзяўчыну, якую аўтары назвалі блогерам з Латвіі. 

«Улады Нямеччыны працуюць супраць народу! Усё, што не робіцца з пачатку каронапандэміі, робіцца для таго, каб знішчыць дробны бізнес і багатых зрабіць яшчэ багацей. Людзі вельмі незадаволеныя гэтым. Раней немец думаў, куды ён паедзе ў канцы года ў адпачынак, а цяпер баяцца пераразліку за ацяпленне», — гаворыцца ў посце.

На старонцы Мінфіну Нямеччыны ёсць раздзел, дзе прапісана, якую дапамогу ўлады даюць спажыўцам энергіі і газу ў сувязі з энергетычным крызісам. Там гаворыцца ў тым ліку пра падтрымку хатніх гаспадарак, малога і сярэдняга бізнесу, каб захаваць працоўныя месцы. Дапамога ўключае змякчэнне росту коштаў на газ і электрычнасць. Для гэтага было выдзелена €200 млрд. Таксама прадугледжана крэдытная дапамога, каб у кампаній хапала ліквіднасці для працы.

Акрамя гэтага, для падтрымкі малых і сярэдніх кампаній стварылі спецыяльны фонд для дапамогі ў цяжкіх сітуацыях. 

Гадавая інфляцыя ў Нямеччыне па выніках лістапада 2022 года склала 11,3%, гэта значыць на два працэнтныя пункты менш, чым у Беларусі. Але ніякіх грошай на падтрымку бізнесу і хатніх гаспадарак у Беларусі не вылучалі. 

Фэйк №4. У Эстоніі да пачатку зімы раскупілі абагравальнікі праз боязь адключэння ацяплення

Партнёрскі матэрыял
Знайшоў праблемы «АТН-ньюс» і ў Эстоніі — дэфіцыт абагравальных прыбораў. 1 снежня 2022 года аўтары тэлеграм-канала напісалі, што жыхары краіны іх расхапалі да пачатку зімы на фоне рэкорднага росту коштаў на электраэнергію і боязі з нагоды верагодных адключэнняў.

«Цяжка дастаць нават такі элементарны для печніка матэрыял як шамотная цэгла», — напісана ў посце са спасылкай на прадаўца-кансультанта прадпрыемства Kaminakoda. Паводле яго слоў, многія эстонцы перасяляюцца на дачы, паколькі кошт жыцця ў горадзе становіцца не па кішэні. 

У Эстоніі гадавая інфляцыя па выніках лістапада 2022 года склала 21,4% — гэта адзін з самых вялікіх паказнікаў у ЕЗ. Але ён такі ж, як у Літве, дзе пра падобнае не чуваць. У снежні інфляцыя ў Эстоніі знізілася да 17,5%. І гэта менш, чым у Літве (там у снежні 2022 года было 20%).  

На сайце эстонскай крамы, супрацоўнік якой нібыта даў каментар пра недахоп цэглы, ёсць прапановы печаў і камінаў на замову, у наяўнасці цяпер, са зніжкамі. Таксама журналісты «Лукавых навін» без праблем знайшлі прапановы па продажах шамотнай цэглы ў Эстоніі. 

Фэйк №5. Украінцы ў інтэрнэце прадаюць гуманітарку, якую ім выдалі немцы

Партнёрскі матэрыял
Украінскія ўцекачы ў Нямеччыне прадаюць праз інтэрнэт выдадзеную ім гуманітарную дапамогу. Такі пост 28 снежня 2022 года з'явіўся ў тэлеграм-канале «Украінскі фармат». 

«Украінцы ў Нямеччыне прадаюць у інтэрнэце гуманітарку, якую ім выдаюць немцы. Дарэчы, выкупляюць немцы з найвялікшым задавальненнем», — напісана пад фота, на якім зняты набор прадуктаў і сродкаў гігіены. 

Апісанне ў аб'яве не адпавядае таму, што намалявана на фота. Там пазначана назва фірмы Playland — гэта вытворца дзіцячых настольных гульняў. Таксама прапісаны век дзіцяці — 18-24 месяцы. Верагодна, аўтары поста забыліся яго замяніць, калі ўстаўлялі ў скрыншот з сайта Vinted патрэбнае ім фота. 

Фэйк №6. Лукашэнка — самы актыўны прэзідэнт

Партнёрскі матэрыял
Аляксандр Лукашэнка — самы актыўны прэзідэнт, у той час як Джо Байдэн пяць месяцаў у 2022 годзе правёў у адпачынку. Да такой высновы прыйшла праўладная беларуская журналістка Марыя Петрашка, параўноўваючы колькасць працоўных дзён Лукашэнкі і прэзідэнта ЗША. 

«Рэспубліканская партыя агучыла лік "адгулаў" у кіраўніка Белага дому! На "канікулы" прэзідэнт ЗША выдаткаваў 146 дзён...

Як жахнуўся б Байдэн, убачыўшы каляндар рабочых дзён прэзідэнта Беларусі (па маіх асабістых назіраннях — самы актыўны прэзідэнт!)», — напісала Петрашка ў сваім тэлеграм-канале 3 студзеня 2023 года і апублікавала каляндар працоўных дзён і выхадных прэзідэнта ЗША.

У артыкуле, на які, хутчэй за ўсё, спасылаецца Пятрашка, напісана крыху іншае. Сапраўды, Байдэн правёў амаль паўгода не ў Авальным кабінеце Белага дому. Але гаворка ідзе пра дыстанцыйную працу.

Аналіз публічнага раскладу Джо Байдэна на 2022 год, праведзены Daily Caller, паказвае, што прэзідэнт правёў 92 дні ў адным са сваіх дамоў у штаце Дэлавэр і 32 дні ў Кэмп-Дэвідзе. Ён таксама правёў сем дзён у адпачынку ў Паўднёвай Караліне, пяць дзён у Нантакеце і пяць дзён на Віргінскіх астравах ЗША. Калі ўсё гэта скласці, атрымаецца 141 дзень або 38,6% яго першага поўнага каляндарнага года. 

У заяве Белага дому гаворыцца, што «прэзідэнцтва можа ажыццяўляцца з-за межаў Вашынгтона, акругі Калумбія» і што Байдэн мае «права праводзіць час са сваёй сям'ёй». 

«Прэзідэнцтва — гэта бесперапынная праца, якую кіраўнікі могуць выконваць з любой кропкі свету. І незалежна ад месцазнаходжання ён узяў менш дзён адпачынку, чым сучасная норма», — заявіў намеснік прэс-сакратара Белага дому Эндру Бэйтс.

Фэйк №7. Галоўнае дасягненне года ў Рызе — знос помнікаў пераможцам нацызму

Партнёрскі матэрыял
Мэр Рыгі, падводзячы вынікі года, назваў галоўным дасягненнем 2022-га знос помнікаў пераможцам нацызму. Так пракаментаваў пераднавагоднюю прамову чыноўніка тэлеграм-канал «АТН-ньюс» 31 снежня 2022 года. 

«Мы можам ганарыцца гэтым. Мы ёсць і будзем рыжанамі, патрыётамі Латвіі і еўрапейцамі! Гатовыя абараняць сябе і дапамагаць іншым, з якімі нас аб'ядноўвае любоў да свабоды і дэмакратыі», — працытавалі аўтары поста Марціньша Стакіса. І дадалі: «Знішчэнне помнікаў, лічыць мэр, стала "гучнай і выразнай заявай" рыжан пра тое, што "сваю будучыню яны створаць самі, не аглядаючыся больш на мінулае"».

Калі паслухаць прамову мэра Рыгі цалкам, апынецца, што знос помнікаў — далёка не галоўнае дасягненне года. Марціньш Стакіс пажадаў рыжанам «трымаць палітыкаў на слове», а потым дадаў, што ў мінулым годзе жыхары горада «гучна і ясна заявілі, што створаць сваю будучыню, больш не аглядаючыся на мінулае, пра якое нагадвалі гэтак жа, як і пра зрынутыя савецкія помнікі». Далей Стакіс казаў пра чаканыя бытавыя цяжкасці, але якія «несупаставімыя з тымі, якія перажываюць людзі, якія страцілі жыллё, блізкіх і схаваліся ў цёмным халодным бамбасховішчы». І пажадаў калегам-палітыкам па Рыжскай думе не губляць самакрытыкі. У канцы мэр Рыгі дадаў, што важнай задачай будзе зрабіць так, каб маладыя людзі бачылі сваю будучыню ў Латвіі. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій
Антыфэйк / фактчэк

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій

Пенсіі па інваліднасці за гэты час выраслі амаль у два разы. Але Марына Арцёменка не сказала, што гэтыя выплаты застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе.

13 снежня 2024 Чытаць