Палітычны аглядальнік тэлеканалу «Беларусь 1» Яўген Горын 6 сакавіка ў эфіры «Радыё Менск» распавёў пра нібыта нечаканае рашэнне Еўразвязу.
— ЗША не могуць гэтыя няшчасныя $60 млрд для Украіны вылучыць. У гэты ж самы момант раптам Польшча размарожвае €147 млрд (у рэчаіснасці €137 млрд — рэд.) для Польшчы, — заявіў ён.
— Брусель, — паправіў агаворку вядоўца Вадзім Ялфімаў.
— Нібыта на судовую рэформу. Раптоўна. Зімой. Не зразумела, навошта. Я магу выказаць здагадку, што гэтыя грошы пойдуць не на судовую рэформу, а на закуп амерыканскага ўзбраення, — працягнуў Горын.
Грошы для Варшавы, пра якія кажа Горын, Брусель замарозіў у 2021 годзе праз судовую рэформу. Вышэйшая судовая інстанцыя ў ЕЗ — Еўрапейскі суд у Люксембургу — прызнаў яе парушаючай заканадаўства звязу. Змены тады ініцыявала кіруючая партыя «Права і справядлівасць». На парламенцкіх выбарах 2023 года выйграла апазіцыя. Абяцанне дамагчыся размарозкі траншу ўтрымлівалася ў перадвыбарнай праграме яе лідара, а цяпер дзейнага прэм'ер-міністра Дональда Туска. Пасля прыходу да ўлады ён накіраваў ЕЗ план дзеянняў па забеспячэнні вяршэнства закона ў Польшчы і запыт на размарозку сродкаў.
Пасля разгляду запыту ў Бруселі прынялі рашэнне вылучыць Польшчы першы транш на суму каля €6 млн. Астатнія сродкі будуць выдзелены, калі Варшава выканае ўсе патрабаванні ЕЗ па забеспячэнні незалежнасці судовай улады.
Польшча не зможа выдаткаваць гэтыя грошы на куплю ўзбраення. Іх вылучаюць на канкрэтныя мэты: напрыклад, на прасоўванне зялёнай энергетыкі, пераход да лічбавых тэхналогіяў, на падтрымку аховы здароўя.