Антыфэйк / фактчэк 10 снежня 2021

Фэйкі тыдня: выдаткі на «сацыялку» у Беларусі больш, чым дзе-небудзь яшчэ. Менск у міграцыйным крызісе на беларуска-польскай мяжы не вінаваты. Беларускі саюз журналістаў стаў меркай прафесійнай этыкі

Тэлеграм-канал «Жоўтыя слівы» вырашыў прапіярыць дзяржаўны Беларускі саюз журналістаў

Тэлеграм-канал «Жоўтыя слівы» вырашыў прапіярыць дзяржаўны Беларускі саюз журналістаў, заявіўшы, што ў гэтай супольнасці прытрымліваюцца галоўнага правіла: пішы і кажы прыгожа.

Мы вырашылі зрабіць невялікую падборку, якая пакажа, як гэтаму правілу на самай справе ідуць рэдактары «Жоўтых сліў» і супрацоўнікі дзяржаўных тэлеканалаў.

«Ты істота, смуродны гной, жадаю табе і ўсёй тваёй Еўракамісіі на сабе адчуць літоўскі гуманізм: каб цябе згвалтавалі, збілі па галаве, па грудзях, па спіне да страты прытомнасці, а потым засунулі ў спальны мяшок і выкінулі на беларускую мяжу» – выступіў Рыгор Азаронак у сваёй аўтарскай праграме «Таемныя спружыны палітыкі».

Віны Беларусі ў сітуацыі з мігрантамі няма

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і лідар партыі ЛДПБ Алег Гайдукевіч у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» заявіў, што ніякай віны Беларусі ў сітуацыі, якая склалася на мяжы з мігрантамі, няма.

«Ніводная міжнародная арганізацыя не зрабіла выснову пра віну Беларусі, наадварот, кажуць, што вінаватая Польшча, а яны абмяркоўваюць Увядзенне наступнага пакета санкцый у дачыненні да Беларусі» – заявіў Гайдукевіч у эфіры «Беларусь-1».

У кастрычніку даследчыкі міжнароднай арганізацыі «Human Rights Watch» пабывалі па абодва бакі беларуска-польскай мяжы, паразмаўлялі з мігрантамі і выпусцілі спецыяльны даклад. Вось цытата з яго:

«Польскія ўлады адштурхваюць тых, хто спрабуе пераправіцца, або адціскаюць тых, каму спачатку ўдаецца пераправіцца. Беларускія афіцыйныя асобы збіваюць і затрымліваюць тых, хто вяртаецца, і прымушаюць іх зноў паспрабаваць перабрацца ў Польшчу, у той жа час не дазваляючы ім у большасці выпадкаў з'ехаць у іншыя месцы ў Беларусі ці вярнуцца ў свае краіны. Беларусь і Польшча падзяляюць адказнасць за гэты чалавечы крызіс».

Згодна рэзалюцыі Парламенцкай Асамблеі Савету Еўропы, міграцыйная напружанасць на мяжы Беларусі з чальцамі Савету Еўропы (СЕ) і Еўразвязу створана штучна. Такія дзеянні афіцыйнага Менску Парламенцкая асамблея называе «гібрыднай атакай» і «асуджае любое выкарыстанне мігрантаў, уцекачоў і просьбітаў прытулку ў палітычных мэтах».

ЗША, Вялікая Брытанія і краіны ЕЗ у Савеце Бяспекі ААН лічаць, што міграцыйны крызіс на мяжы з Польшчай створаны Беларуссю, і асуджаюць за гэта краіну. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве названых краін па выніках закрытых кансультацый у Савеце Бяспекі ААН.

Беларусь – адзіная краіна, якая траціць на сацыялку 40% бюджэту

Журналістка тэлеканалу «Беларусь-1» Марыя Пятрашка пабывала на саміце АБСЕ і паразмаўляла там з Вольгай Карач. Падчас іх гутаркі высветлілася, што Марыя перакананая, маўляў, Беларусь – адзіная краіна ў свеце, якая выдаткоўвае на сацыяльную сферу 40% дзяржаўнага бюджэту. 

Вось яе аргумент у размове з Вольгай Карач:

«40% бюджэту Беларусі ідзе на сацыяльныя патрэбы. У сэнсе не важна? Назавіце мне яшчэ адну краіну».

Мы назавем Марыі Пятрашке нават тры такія краіны. Гэта пры тым, што мы зазірнулі ў бюджэты толькі гэтых адвольна выбраных намі краінаў, гэта значыць – іх можа быць значна больш.

Вось структура выдаткаў беларускага бюджэту на 2021 год. Амаль 45% расходнай часткі кансалідаванага бюджэту ідзе на адукацыю, ахову здароўя, сацыяльную палітыку, культуру і спорт. Тут Марыя не памылілася.

Адкрываем бюджэт Нямеччыны на 2021 год. На фінансаванне Міністэрства працы і сацыяльных пытанняў накіроўваецца больш за 30% выдаткаў, на Міністэрства аховы здароўя – 9% з лішнім, на Міністэрства па пытаннях сямʼі – больш за 2%, на Міністэрства адукацыі і даследаванняў – амаль 4%. Разам – больш за 45% бюджэту Нямеччыны ідзе на сацыяльную сферу. Гэта значыць, што гэтая краіна вылучае на сацыяльную палітыку прапарцыйна большую частку свайго бюджэту, чым Беларусь, і несувымерна больш у абсалютных чыслах.

А цяпер пераходзім да бюджэту Расеі. РБК, спасылаючыся на Мінфін, паведамляў, што за 2021 год на сацыяльную сферу там выдаткуюць-40% бюджэту – гэта значыць гэта тая ж лічба, пра якую казала Марыя Пятрашка.

І нават ва Украіне гэты паказнік вышэй 40%. Ахова навакольнага асяроддзя – 0,41%, ахова здароўя – амаль 12%, духоўнае і фізічнае развіццё – 1%, адукацыя – каля 5%, сацыяльная абарона і сацыяльнае забеспячэнне – амаль 25%. Разам – больш за 42% бюджэту Украіны ідуць на сацыяльныя патрэбы грамадства.

Лукашэнка не ведаў, што беларускія самалёты не лятаюць у Крым

У інтэрвʼю Дзмітрыю Кісялёву Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён не ведаў пра тое, што беларускія самалёты не лётаюць у Крым.

«А хіба мы не лётаем у Крым? Шчыра кажучы я нават не ведаў, што мы не лятаем у Крым» – адказаў Лукашэнка на пытанне Кісялёва аб тым, калі Белавія паляціць у Крым.

Альбо ў Аляксандра Лукашэнкі дрэнна з памяццю, альбо ён папросту хлусіць. Мы знайшлі іншае яго выказванне на гэтую тэму, якое сведчыць аб тым, што ён пра гэта выдатна дасведчаны. Гэтае відэа на «БЕЛТА» было апублікаванае яшчэ 1 чэрвеня гэтага года.

«Украіна закрыла для нас неба. У нас ёсць свой санаторый у Крыме, у Місхоры, куды людзі заўсёды ездзілі, лёталі. Каб не абвастраць адносіны, мы праз Украіну, хто на цягніку, хто на аўтамабілі, хто на самалёце. Цяпер закрылі неба. Я сказаў Пуціну: «Ты падумай, як нам трапіць у Крым. Не праз Польшчу ж мы паляцім: туды таксама не пускаюць. Трэба прапрацаваць пытанне, каб даставіць нашых людзей у Крым. Прапрацуйце з міністрам транспарту Расеі і далажыце» – заяўляў Лукашэнка.

«Белавія» вымушана вярнуць самалёты

Новы пакет санкцый, у які ўвайшла нацыянальная кампанія «Белавія», прымусіў яе вярнуць самалёты, якія былі набыты ў лізінг. Тым самым скараціць свой паветраны флот удвая з 29 да 15 самалётаў.

Іван Эйсмант у перадачы «Клуб рэдактараў» пракаментаваў гэта наступным чынам:

«Мяне павесяліла, як рэшткі нашых псеўданезалежных СМІ доўга разважалі як «Белавія» абрынецца, калі ў яе забяруць самалёты, якія былі ў лізінгу. І высветлілася, што Чаргінец даўно аддаў гэтыя самалёты і новыя купіць паспеў. І нічога не змянілася».

Гэта не так. Нічога Чаргінец на той момант не набыў. Паводле афіцыйнага паведамлення «Белавія», размешчанага на яе сайце, авіякампанія толькі планавала гэта зрабіць. І тое – бліжэй да лета 2022-га года. Вось цытата з гэтага паведамлення:

«Авіякампанія змушана скараціла парк паветраных судоў. На дадзены момант флот авіякампаніі складаецца з 15 самалётаў, што цалкам дастаткова для выканання ўсіх запланаваных рэйсаў у зімовым сезоне – як рэгулярных, так і чартарных. Да летняга сезону «Белавія» плануе папоўніць флот за кошт набыцця самалётаў ва ўласнасць, а таксама заключэння дагавораў лізінгу з кампаніямі, якія не зʼяўляюцца рэзідэнтамі ЕЗ».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Гігін патлумачыў перамогі «Альтэрнатывы для Нямеччыны» патрабаваннем спыніць дапамогу Украіне. Выбарцы называлі іншыя прыярытэты
Антыфэйк / фактчэк Гігін патлумачыў перамогі «Альтэрнатывы для Нямеччыны» патрабаваннем спыніць дапамогу Украіне. Выбарцы называлі іншыя прыярытэты
Нават падтрымка пазіцыі партыі супраць паставак зброі не азначае, што менавіта гэтае пытанне вызначыла выбар яе прыхільнікаў.
31 кастрычніка 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць