Расследаванні Сёння

Першая беларуска-кітайская курыная вайна, ці Як сябры Лукашэнкі зарабілі на лапках, а краіна страціла мільёны

БРЦ выкрыў першы вядомы выпадак, калі Беларусь падманвала стратэгічнага партнёра, і гэта была не Расея.

У 2024 годзе Беларусь страціла доступ да шматмільярднага кітайскага рынку птушынага мяса. Адбылося гэта з-за таго, што набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі бізнесоўцы арганізавалі схему па рээкспарце замежнай кураціны пад выглядам беларускай. Кітай выкрыў схему і забараніў імпарт амаль усёй птушынай прадукцыі з Беларусі. Гадавыя страты складуць каля $140 млн. БРЦ высветліў, як быў уладкаваны гэты бізнес, што скончыўся катастрофай для беларускіх птушкафабрык.

Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з ініцыятывай «Рабочы Рух», пры падтрыманні ўкраінскіх хактывістаў KibOrg і беларускіх «Кіберпартызанаў», якія дапамаглі атрымаць дадзеныя пра фігурантаў расследавання.

Кіпцюры фенікса: невідавочны далікатэс

Ці ведаеце вы, як прыгатаваць курыныя лапкі? Не ножкі, а менавіта лапкі, якія ў Беларусі лічаць адкідамі і перамолваюць на танную кармавую муку? Вось просты рэцэпт, папулярны ў Кітаі:

Крыніца: i5.walmartimages.com. Рэцэпт марынаваных курыных лапак. Выява створана з выкарыстаннем ШІ

У Кітаі курыныя лапкі, якія часта называюць «кіпцюрамі фенікса», — гэта элітарны прадукт. Іх жэлацінавая структура ідэальна ўбірае вострыя азіяцкія спецыі, а традыцыйная кітайская медыцына лічыць іх карыснымі для скуры і суставаў дзякуючы высокаму ўтрыманню калагену. У апошнія дзесяцігоддзі разам з ростам даходаў кітайскага насельніцтва вырас і попыт на курыныя лапкі. Сёння ў КНР яны каштуюць даражэй за курынае мяса і нават ялавічыну. Далікатэс настолькі папулярны, што нават сусветна вядомая сетка KFC дадала яго ў меню сваіх кітайскіх рэстаранаў. Але паколькі дарослая асоба можа з’есці дзясятак лапак за адзін абед, Кітай не ў стане самастойна забяспечыць патрэбы рынку ў гэтым прадукце. У адным толькі 2024 годзе краіна імпартавала 450 млн кг курыных лапак амаль на $2 млрд. Лідары па пастаўках — Бразілія, ЗША, Аргенціна і Расея.

Аднак доступ да гэтага рынку складаны. Кітай уводзіць жорсткія санітарныя патрабаванні праз рызыку птушыных вірусаў, якія могуць быць смяротнымі для людзей. Напрыклад, у 2023 годзе забаранілі імпарт з Аргентыны. Сёлета яго аднавілі, але заблакавалі Бразілію, ужо другі раз за апошнія 3 гады. Акрамя таго, Пекін выкарыстоўвае мытныя абмежаванні ў палітычных мэтах: у 2015 годзе Кітай спыніў імпарт лапак з ЗША з-за птушынага грыпу, а калі эпідэмія мінула, яшчэ цягам двух гадоў не пускаў амерыканскую прадукцыю на свой рынак. 

Выключна цёплыя дачыненні паміж Пекінам і Менскам адкрылі для Беларусі вакно магчымасцяў. Але дзяржава скарысталася гэтым шанцам безразважна, ператварыўшы выгадны экспарт у аферу, якая прывяла да жорсткіх абмежаванняў.

Як Беларусь падманула Кітай

«Толькі дзве [беларускія] фабрыкі працуюць [сёння на Кітай] — наша і Віцебская. І ва ўсіх ужо, як правіла, закантрактаваныя аб’ёмы. <...> Усе астатнія закрытыя», — тлумачыць Вольга Сень, начальніца аддзелу маркетынгу і вонкаваэканамічных сувязяў ААТ Птушкафабрыка «Дружба». Журналістка БРЦ пазваніла ёй і прадставілася патэнцыйнай кліенткай. Калі яна перапытала прычыну спынення супрацы з КНР, Вольга Сень дадала: «Ну, не ведаю. Гэта, хутчэй, пытанне да кітайскага мытнага ўпраўлення, а не да мяне».

За месяц перад гэтай размовай, напачатку чэрвеня, Аляксандр Лукашэнка наведаў Кітай з «сямейнай сустрэчай», як ён сам яе ахарактарызаваў. Кіраўнікі дзвюх краінаў пасміхаліся на камеры, называлі адзін аднаго сябрамі, і абменьваліся падарункамі. Ні ў афіцыйных заявах, ні ў рэпартажах дзяржаўных медыяў не прагучала ні слова пра тое, што ўжо больш як паўгода супраць Беларусі ўведзеныя кітайскія эканамічныя санкцыі. Хоць пачатак гэтай гісторыі абяцаў нашай краіне толькі выгады.

Крыніца: БРЦ. Інфаграфіка створана з выкарыстаннем ШІ

У 2018 годзе пяць беларускіх птушкафабрык атрымалі доступ да кітайскага рынку. У 2020-м Кітай акрэдытаваў наступныя тры камбінаты, а частка птушкафабрык атрымала асобныя ліцэнзіі на пастаўкі мясных субпрадуктаў, сярод якіх апынуўся і наш далікатэс — курыныя лапкі. З гэтага пачаўся выбуховы рост іх экспарту — з 10 000 тон у 2020 годзе да 60 000 тон у 2023-м. Беларусь увайшла ў топ пастаўшчыкоў, побач з сусветнымі гігантамі мясной вытворчасці: Бразіліяй, ЗША і Расеяй, заняўшы больш за 11% усяго экспартавага рынку лапак у Кітаі. Гадавы аб’ём адгрузак склаў чвэрць мільярда долараў.

Крыніца: БРЦ. Беларускія птушкафабрыкі, якія пастаўлялі прадукцыю на кітайскі рынак.

Надзвычай вялікія лічбы прыцягнулі ўвагу кітайскіх кантралёраў. Яны правялі праверку, якая выявіла, што Беларусь пастаўляе на 30–40% больш лапак, чым здольная вырабляць. Гэта азначала, што Менск набывае чужую прадукцыю і прадае яе ў Кітай пад выглядам уласнай, што забаронена ўмовамі акрэдытацыі. У жніўні-снежні 2023 года тры з пяці ліцэнзаваных пастаўшчыкоў лапак страцілі права на экспарт. А ў снежні 2024-га, пасля візіту кітайскай дэлегацыі на беларускія прадпрыемствы, Пекін амаль цалкам заблакаваў імпарт птушынай прадукцыі з Беларусі. Пад забарону патрапілі 11 з 13 акрэдытаваных птушкафабрык. Пры гэтым Менску дазволілі захаваць твар: тэхнічна, абмежаванні ўвёў не Кітай, а беларускае Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Ведамства прыпыніла дзеянне сертыфікатаў пасля кансультацыяў з кітайскім бокам.

Пад выглядам кліентаў мы скантактаваліся з шасцю птушкафабрыкамі і высветлілі, што экспарт не аднавіўся нават праз 8 месяцаў пасля ўвядзення абмежаванняў.

«На Кітай мы пакуль [не працуем]... У шэрагу беларускіх прадпрыемстваў абмежаванні па экспарце. Таму мы пакуль прыпынены з экспартам у Кітай», — сказаў у тэлефоннай размове Дзмітрый Герасіменка, начальнік упраўлення гандлю РУП «Беларуснафта-Асобiна».

Прыкладна тое самае мы пачулі ад Алены Герус, намесніцы дырэктара па камерцыйных пытаннях ААТ Птушкафабрыка «Рассвет»: «Мы зараз закрытыя. Адгружалі з 2021 году». Яна ўдакладніла, што фабрыка прыпыніла супрацу з КНР з 2024-га і цяпер чакае на пераатэстацыю.

У часе званкоў мы ведалі назвы фірмаў, якія дапамаглі арганізаваць рээкспартную схему, праз што спрычыніліся да нанясення шкоды беларускай птушкагадоўлі. Але ўсе нашыя суразмоўцы адмаўлялі, што працавалі з імі, а некаторыя сцвярджалі, што ўпершыню чуюць гэтыя назвы.

Фірмы замежныя, след беларускі

Дамову аб рээкспарце турэцкіх курыных лапак праз Беларусь у Кітай заключылі ў 2022 годзе. Гэты дакумент БРЦ атрымаў ад ініцыятывы «Рабочы Рух». [*] [*] [*]

На першы погляд, Беларусь у ім выступае толькі транзітнай краінай. З аднаго боку ў кантракце — брытанская фірма Monistar Business LP, якая закупляе лапкі ў турэцкіх вытворцаў і вязе іх у Беларусь. З другога — кітайская Winshun Trade Limited, якая набывае гэтыя лапкі ў Беларусі і вязе ў Кітай. Але ёсць у дамове паміж дзвюма фірмамі незвычайны пункт, які прыцягнуў нашую ўвагу. Winshun Trade Limited абяцае брытанскаму партнёру што будзе прыкладаць намаганні, каб не было магчымасці іншым пастаўшчыкам пастаўляць прадукцыю таго ж турэцкага вытворцы, у якога самі закупалі. Выкананне такой дамоўленасці вымагае сувязяў у высокіх кабінетах беларускай улады.

Крыніца: «Рабочы Рух». Дамова аб супрацы і партнёрстве №22062022. Выява створана з выкарыстаннем ШІ

І, як высветліў БРЦ, з гэтым у кітайскай кампаніі праблемаў няма. Сярод уласнікаў Winshun Trade Limited цягам 2023 году значыўся Сяргей Грабёнкін, грамадзянін Беларусі і пляменнік Сяргея Аношкі (фігуранта расследавання БРЦ пра бізнес шклянога караля Беларусі Аляксандра Мураўёва). [*] [*]

Аношка — былы намеснік дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Беларусьторг», якое уваходзіла ў Кіраванне справамі прэзідэнта часоў кіраўніцтва Віктара Шэймана. У 2021 годзе, разам з яго былым намеснікам Андрэем Свірыдавым, Аношка заснаваў ЗАТ «Вектар Капiтал Груп». [*] [*] [*] [*] Гэтая кампанія стала падмуркам для новай ценявой бізнес-імперыі Шэймана. Жонка Аношкі і цётка Грабёнкіна — Таццяна Аношка — кіруе ў Беларусі фірмай ЗАТ «ГБК-Шаўковы шлях», якая выступае пасярэднікам у схеме з рээкспартам курыных лапак з Турэччыны ў Кітай. [*] [*] А сярод акцыянераў «ГБК-Шаўковы шлях» мы знайшлі Сяргея Шэймана, сына Віктара Шэймана.

У брытанскай фірме Monistar Business таксама ёсць беларускі след. Гэтая кампанія выдала даверанасць на грамадзяніна Беларусі Дзмітрыя Жукоўскага, які ў 2018 годзе працаваў у іншай бізнес-імперыі Віктара Шэймана — кампаніі ТАА «Глобалкастам» (больш падрабязна пра яе можна даведацца з расследавання БРЦ пра спадарожніцу найбліжэйшага паплечніка Лукашэнкі). [*]

БРЦ дазваніўся да Сяргея Грабёнкіна і Дзмітрыя Жукоўскага. Першы сказаў, што ніколі не чуў пра кампанію Winshun Trade Limited, а Таццяна Аношка не з’яўляецца ягонай цёткай. Другі коратка адзначыў, што не мае нічога супольнага з гэтай справай, і паклаў слухаўку.

Не атрымалі адказаў мы і ад Winshun Trade Limited. На журналісцкі запыт галоўны юрыдычны дарадца кампаніі запатрабаваў раскрыць крыніцы нашай інфармацыі, у тым ліку імёны, кантактныя дадзеныя і дакументы, што пацвярджаюць яе дакладнасць, заверыўшы гэтую інфармацыю натарыяльна, што зʼяўляецца парушэннем журналісцкіх стандартаў. Акрамя таго, у лісце змешчаныя папярэджанні аб магчымых юрыдычных наступствах для БРЦ, у тым ліку зваротах «у кампетэнтныя органы Гон-Конгу, КНР і амбасаду КНР у Менску». [*] [*]

Колькі зарабілі на схеме…

На падставе адной пастаўкі, у якой супадаюць вага партыі і нумар кантэйнеру, мы прасачылі за ўсім рээкспартным ланцужком. Турэцкія лапкі пастаўляла ў Беларусь Monistar Business. Тут з турэцкіх яны пераўтвараліся ў лапкі беларускай птушкафабрыкі «Расcвет». Пасля чаго іх рэалізоўваў «ГБК-Шаўковы шлях».

Дарэчы, пад час размовы з намесніцай дырэктара па камерцыйных пытаннях птушкафабрыкі Аленай Герус журналіст БРЦ запытаўся, ці «Рассвет» працаваў раней з «ГБК-Шаўковы шлях». Спачатку ў слухаўцы завісла 6-секундная паўза. Пасля Герус запытала пра мэту такой цікавасці і адмовіла, што працавала з гэтай фірмай. Скончылася размова раззлаваным «да пабачэння» і кінутай слухаўкай пасля чарговага пытання пра кампанію Шэймана.

Хаця менавіта пад маркай «Рассвету» «ГБК-Шаўковы шлях» прадаў партыю лапак кампаніі Winshun Trade Limited. Але не па рэальным рынкавым кошце — каля $3,5 за кілаграм, а на 43% таней, па $2,45. Пасля Winshun Trade Limited перапрадаў гэтую партыю назад брытанскаму Monistar Business — ужо па $2,89, і толькі затым яе набыў канчатковы рэальны пакупнік — кампанія Cloudtop Agriculture Far East Limited. Яна заплаціла $3,46 за кілаграм. То бок з Беларусі лапкі адразу паехалі ў Кітай, але па дарозе іх тройчы перапрадавалі.

Крыніца: БРЦ. Ланцужок кампаній і асоб, якія ўдзельнічалі ў пастаўках курыных лапак з Турцыі. Выява створана з выкарыстаннем ШІ

Розніца ў цане — $1,01 на адным кілаграме — можа падацца нязначнай. Але ў 2023 годзе Беларусь экспартавала 60 млн кг лапак, што ў пераліку дае толькі за адзін год $60 млн, якія падзялілі паміж сабой брытанская і кітайская фірмы з беларускімі каранямі. Заніжаны кошт пры продажы з Беларусі дазваляў «ГБК-Шаўковы шлях» не плаціць падаткі з гэтых $60 млн у беларускі бюджэт. А складаная схема з трайным перапродажам дапамагала пазбягаць аплаты падаткаў і ў іншых юрысдыкцыях. Гэтак, у 2019 годзе Winshun Trade Limited, яшчэ да рээкспарту кураціны з Беларусі, дэкларавала адсутнасць падаткаў на дададзеную вартасць, бо ўся яе дзейнасць вялася па-за Кітаем.

Журналіст БРЦ дазваніўся да дырэктаркі «ГБК-Шаўковы шлях» Таццяны Аношкі і запрапанаваў пракаментаваць нашыя знаходкі. Пасля першага пытання пра прычыну продажу курыных лапак па заніжаным кошце з Беларусі ў Кітай, Аношка кінула слухаўку.

Таксама мы даслалі пісьмовы запыт у кампанію «ГБК-Шаўковы шлях», але ён застаўся без адказу.

…і як яна працуе

Зразумець, як працуе схема рээкспарту курыных лапак у Кітай, нам дапамог адзін дакумент, які знайшлі актывісты «Рабочага Руху». Гэта інструкцыя з наборам алгарытмаў, якія стасавалі ўдзельнікі аналагічнай аферы, толькі не з турэцкімі лапкамі, а з украінскімі курынымі крыльцамі. [*] [*] [*]

Замест Winshun Trade Limited і Monistar Business аперацыі праводзілі праз беларускую кампанію ТАА «Сохра», якая належыць Аляксандру Зайцаву — былому памочніку Віктара Лукашэнкі. А вось птушкафабрыкай для прыкрыцця чужой прадукцыі выступаў ужо знаёмы нам «Рассвет». Птушыныя крыльцы закупалі на ўкраінскай фабрыцы ва ўпакоўках з мясцовымі фірмовымі налепкамі. Пасля прыезду ў Беларусь каробкі ехалі на «Рассвет», дзе ўсе налепкі мянялі на беларускія. 

І ўсё гэта падрабязна апісана ў інструкцыі: «Дамова працэсінгу, па якой Расвет — ажыццяўляе перапрацоўку ахалоджанай прадукцыі (працэсінг) — вырабляючы замарожаную прадукцыю. (Фактычна адбываецца толькі змена маркіроўкі і выпіска новых дакументаў) <...> Уся прадукцыя, якая пазней з'едзе ў КНР павінна мець толькі маркіроўку Рассвету».

Крыніца: «Рабочы Рух». Вытрымка са службовай нататкі аб пастаўках і працэсінгу прадукцыі ТАА «Сохра» — ТАА «Ріверсайд». Выява створана з выкарыстаннем ШІ

У дакуменце пазначаныя тэлефонныя нумары кожнага фігуранта схемы і персанальныя абавязкі ў ланцужку рээкспарту. Знайшлі мы там і прозвішча ўжо вядомай нам намесніцы дырэктара па камерцыйных пытаннях птушкафабрыкі «Рассвет» Алены Герус, пра размову з якой распавялі вышэй. Аспекты супрацы з «ГБК-Шаўковы шлях», падчас першага званку, мы высвятлялі пад выглядам правядзення апытання. Другі раз мы прадставіліся журналістамі БРЦ, але паспелі задаць усяго адно пытанне — пра дакумент-інструкцыю і ролю «Рассвету» у схеме з пастаўкамі ўкраінскіх курыных крыльцаў у Кітай. Герус выкрыкнула ў адказ, што пастаўляла толькі прадукцыю ўласнай вытворчасці, і паклала слухаўку.

Негатыўныя наступствы для Беларусі

Пасля таго, як у 2024 годзе Кітай выявіў махінацыі і забараніў імпарт птушынага мяса і лапак для 11 з 13 беларускіх птушкафабрык, Беларусь аказалася пазбаўленая доступу да найбуйнейшага ў свеце рынку, які ацэньваецца ў мільярды долараў. Паводле падлікаў БРЦ, за першы год забароны недаатрыманы прыбытак можа скласці $140 млн, і ён расце з кожным днём. У той час як фірмы, замяшаныя ў схемы, і людзі, якія стаяць за імі, зарабілі дзясяткі мільёнаў долараў, беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы апынуліся ў кітайскім чорным спісе і кожны дзень недаатрымліваюць патэнцыйныя экспартавыя выгады. [*]

Беларусь не ўпершыню выступае арганізатарам міжнародных кантрабандных схемаў. У 2000-х у Расею перапраўлялі замежны трысняговы цукар, выдаючы яго за бураковы з Беларусі. Пазней былі пастаўкі паліва ў Еўропу пад выглядам разбаўляльнікаў. У 2010-х сталі вядомымі «беларускія» крэветкі, ананасы і пармезан, якія перапраўлялі ў Расею, абыходзячы расейскія контрсанкцыі. У публічнай прасторы ананасава-крэветкавыя схемы нярэдка былі нагодай для жартаў. Але рэальным вынікам такога рээкспарту сталіся ўзмоцненыя мытныя абмежаванні і пагаршэнне гандлёвых умоваў для ўсёй краіны. 

Негатыўны досвед не спыніў высокапастаўленых асобаў, блізкіх да Лукашэнкі, ад новых афераў. Апісаная ў гэтым расследаванні схема — гэта першы вядомы выпадак спробы падмануць не толькі Расею, але і Кітай, аднаго з нешматлікіх стратэгічных партнёраў Беларусі. У выніку чаго замест развіцця эканомікі Менск атрымаў рэпутацыйныя і эканамічныя страты.

Іншыя Расследаванні
Украінскі алігарх у вышуку. Як банк «кашалька» Лукашэнкі дапамагаў інвеставаць у гандаль зброяй
Расследаванні Украінскі алігарх у вышуку. Як банк «кашалька» Лукашэнкі дапамагаў інвеставаць у гандаль зброяй
Пасля смяротнага ДТЗ Пятро Дымінскі ўцёк з Украіны, атрымаў «залатую візу» Грэцыі і вёў бізнес у пяці краінах, выкарыстоўваючы беларускія банкі для правядзення...
18 жніўня 2025 Чытаць
Віцебскі завод радыёдэталей «Маналіт» вырабляе кампаненты для расейскага ВПК, у тым ліку на абсталяванні з ЕЗ
Расследаванні Віцебскі завод радыёдэталей «Маналіт» вырабляе кампаненты для расейскага ВПК, у тым ліку на абсталяванні з ЕЗ
Віцебскі завод радыёдэталяў "Маналіт" адправіў у РФ тавараў больш чым на $40 млн з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.
13 жніўня 2025 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць