Расследаванні 26 ліпеня 2022

Як учарашняя студэнтка Акадэміі мастацтваў стала спадарожніцай Віктара Шэймана

Удалося даведацца пра далікатныя падрабязнасці з жыцця тандэма Шэйман-Пушкарова

Як мы высветлілі ў папярэдніх расследаваннях, на працягу 8 гадоў Віктар Шэйман не толькі быў кіраўніком спраў прэзідэнта, але таксама меў іншыя бізнес-праекты. Шматгадоваму паплечніку Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым дапамагала загадкавая Ганна Пушкарова. Беларускаму расследвальніцкагаму цэнтру ўдалося даведацца пра далікатныя падрабязнасці з жыцця тандэма Шэйман-Пушкарова.

У 1994 годзе Віктару Шэйману, які прайшоў вайну ў Афганістане, даверылі бяспеку Аляксандра Лукашэнкі – тады яшчэ кандыдата на першых прэзідэнцкіх выбарах. Пасля гэтага Шэйман пабываў на многіх высокіх пасадах сілавога блоку. У 2013 годзе Лукашэнка прызначыў яго сваім «заўгасам». Дакладней, даверыў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Да таго часу з невялікай структуры, якая абслугоўвае дзяржаўныя органы, дзяржарганізацыя ператварылася ў буйны холдынг, які зараз аб'ядноўвае дзясяткі кампаній, занятых у самых розных сферах: ад продажу нафтапрадуктаў і цыгарэт да кантролю над асноўнымі санаторыямі і нацпаркамі Беларусі. Пры Шэймане да Кіраўніцтва справамі прэзідэнта былі далучаны мясакамбінат, малочны завод, птушкафабрыка і шэраг іншых актываў.

На чале прэзідэнцкай бізнес-імперыі Віктар Шэйман пратрымаўся восем гадоў – да лета 2021 года. Лукашэнка, прымаючы адстаўку Шэймана, папрасіў яго не сыходзіць далёка ад дзяржаўных спраў. Гэта даручэнне было выканана. Ужо пасля афіцыйнага адыходу ад спраў Шэйман быў заўважаны ў шэрагу спецыфічных рэгіёнаў: Венесуэла, Абхазія і Хабараўскі край. Шэймана там сустракалі як «спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта Беларусі».

За час працы ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта паплечнік Лукашэнкі паспеў адзначыцца ў шэрагу недзяржаўных праектаў, рэалізацыяй якіх займаліся яго добрыя знаёмыя. Напрыклад, учарашняя студэнтка Акадэміі мастацтваў Ганна Пушкарова. 

Вядомасць у бізнес-колах яна атрымала некалькі гадоў таму як саўладальніца кампаніі «Глобалкастом». 

Паводле расейскага выдання РБК, у 2017 годзе гэтая фірма была сярод асноўных пастаўшчыкоў кантрабанды санкцыйных тавараў з Беларусі ў Расею. Гэтая кампанія таксама ўдзельнічала ў схеме рээкспарту кветак і незаконных паставак адзення як у Расею, так і ў Беларусь. Апошні выпадак нават разглядаўся ў беларускім судзе на патрабаванне Масквы. Аднак суд адмовіўся прыцягнуць кампанію Пушкаровай у якасці адказчыка, задаволіўшыся тлумачэннем кампаніі, што ў іх шмат грузаў і яны проста забыліся праверыць некалькі фур. У выніку былі асуджаныя кіроўца і ўласнік затрыманай фуры.

Зрэшты, беларускія ўлады даведаліся аб Пушкаровай задоўга да гэтых скандалаў. Яшчэ ў 2010 годзе, падчас вучобы на 3 курсе Акадэміі мастацтваў, дваццацігадовая Пушкарова апынулася на борце прэзідэнцкага самалёта EW-001PA, які ляцеў у Цюрых. 

У дзесяцідзённую паездку разам з ёй адправіліся сам Аляксандр Лукашэнка і члены яго сямʼі, а таксама алігархі Юрый Чыж і Сяргей Цяцерын, духоўнік Лукашэнкі (Фёдар Поўны) і яго асабісты лекар (Святлана Канашэнка).

Пушкарова была не адзінай студэнткай на борце гэтага самалёта. Кампанію ёй склала Марта Голубева. 

Упершыню яе заўважылі побач з Лукашэнкам у 2008 годзе. Тады ёй было 18 гадоў, яна спявала ў ансамблі «Верасы» Васіля Раінчыка, які таксама лётаў у Цюрых у 2010-м, і вучылася ў Акадэміі мастацтваў на тэатральным факультэце, а значыць, хутчэй за ўсё, была аднагрупніцай Пушкаровай і магла пазнаёміць яе з Лукашэнкам.

Зрэшты, як вынікае з базы пералётаў, далей Ганна Пушкарова часцей аказвалася ў кампаніі Віктара Шэймана. Расследавальнікі налічылі ў іх як мінімум 10 сумесных паездак і пералётаў. У тым ліку службовы візіт Шэймана ва Украіну ў 2012-м годзе.

Да таго моманту сэрца другога чалавека ў дзяржаве было свабодна. У 2002 годзе ён развёўся. На працягу 20 гадоў яго жонкай была Алена Шэйман. У Шэймана ад Алены двое дзяцей: 39-гадовы сын Сяргей і дачка Вольга.

Зблізіўшыся з памочнікам прэзідэнта па асаблівых даручэннях, Пушкарова, звычайная дзяўчына з Дзяржынска, можна сказаць, выцягнула свой шчаслівы білет. Напрыклад, у 2012-м годзе, праз два месяцы пасля палёту ў кампаніі Віктара Шэймана з Эміратаў, яна, учарашняя выпускніца Акадэміі мастацтваў, стала ўладальніцай кватэры на вуліцы Харужай у Менску коштам 240 тысяч долараў. 

А неўзабаве ў яе гаражы зʼявіўся аўтамабіль Toyota RAV4 2016 года выпуску за амаль 60 тысяч рублёў.

У той час Віктар Шэйман таксама вырашаў жыллёвыя пытанні. У 2017 годзе ён купіў зямлю і дом у вёсцы Падліпкі Пухавіцкага раёну за 15,5 тысяч долараў. 

На гэтым участку ён узвёў новабудоўлю з падвалам, верандай і гаспадарчым блокам агульнай плошчай 547 квадратных метраў. На першым паверсе знаходзяцца кухня, кабінеты, пакоі, а ў склепе размяшчаюцца вінатэка, більярдавая і гаспадарчыя памяшканні. Дом ацэньваецца мінімум у 350 тысяч долараў. Да яго прымыкаюць 25 сотак.

А побач стаіць цагляны дом з падвалам, склепам і тэрасай. Ён быў набыты з аўкцыёну ў 2017 годзе. У лютым 2020 г. уведзены ў эксплуатацыю і зарэгістраваны на Ганну Пушкарову. 

Яго арыенціровачны кошт – 60 тысяч долараў.

Да таго моманту Ганна Пушкарова стала мамай. Першынца яна нарадзіла ў лістападзе 2018-га ва ўзросце 29 гадоў. Незадоўга да гэтага цяжарная Ганна разам з сястрой вылецела з Беларусі, мяркуючы па ўсім, у Ізраіль. Бо сына, як паказана ў яго пашпарце, Пушкарова нарадзіла ў Тэль-Авіве. Хлопчыка Ганна назвала Міхаілам і дала яму імя па бацьку Віктаравіч. Пры гэтым запісала дзіцяці на сваё прозвішча.

Сярод спадарожнікаў маленькага Міхаіла ў яго пералётах расследвальнікі не знайшлі Віктара Уладзіміравіча Пушкарова, які паказаны ў пасведчанні аб нараджэнні хлопчыка. 

Як высветлілася пазней, у беларускай пашпартнай базе чалавек з такімі звесткамі адсутнічае.

А вось Віктар Уладзіміравіч Шэйман падарожнічаў у кампаніі Ганны Пушкаровай і яе сынам 25 жніўня 2019 года.

Пасля таго як імя Пушкарова засвяцілася ў СМІ, а звязаныя з ёй гісторыі набылі арэол скандальнасці, у кампаній, звязаных з дзяўчынай, зʼявіліся новыя гаспадары. Так, да таго моманту фірмаў у Пушкаровай было ўжо некалькі. З арыгінальнага «Глобалкастам» выраслі «Глобалкастам-менеджмент» і «Глобалкастам-комерс». Пасля Пушкаровай іх уладальнікамі сталі Яўген Жоўнер і Аляксандр Раманоўскі, крыху пазней да іх далучыўся Антон Новік.

Са звестак ад «Кіберпартызан» расследвальнікі даведаліся, што Раманоўскі і Новік – гэта былыя супрацоўнікі Службы бяспекі прэзідэнта. Новік таксама зʼяўляецца членам Прэзідыума Беларускай федэрацыі дзюдо і прыходзіцца сынам вядомаму савецкаму самбісту Антону Новіку-старэйшаму.

Трэцяга правапераемніка Пушкаровай Яўгена Жоўнера ў СМІ называлі «даверанай асобай» Віктара Шэймана. Жоўнер працаваў у адміністрацыі і кіраўніцтве справамі прэзідэнта. Як мы даведаліся падчас аднаго з нашых папярэдніх расследаванняў, ён адзін з прадстаўнікоў золатаздабывальнай кампаніі Zim Goldfields і падпісваў яе ўстаноўчыя дакументы. Дадзеная кампанія атрымала льготныя гранты ад зімбабвійскіх уладаў на распрацоўку радовішчаў золата. Гэта здарылася пасля афіцыйнага візіту Віктара Шэймана ў Зімбабвэ, пасля якога ён абвясціў аб угодзе «беларуская тэхніка наўзамен на права для Беларусі здабываць золата» ў гэтай афрыканскай краіне. Са злітых дакументаў вынікае, што адзін з канчатковых уладальнікаў Zim Goldfields – сын Віктара Шэймана Сяргей Шэйман, а беларуская дзяржава не мае да кампаніі ніякага дачынення.

У 2022 годзе «Глобалкастом-менеджмент» змяніла назву на «Ардазавод».

За паўтара года да гэтага яна атрымала ліцэнзію ад Міністэрства фінансаў на апрацоўку, выраб і гандаль каштоўнымі металамі і камянямі і адкрыла сваю краму побач з будынкам МУС у Менску. Да яе ж у 2017 годзе перайшоў брэнд «Беларускія брыльянты», якім раней валодала кампанія «Адамасінвест», дзе ў тыя гады працавала сястра Пушкаровай Юлія Брыгадная.

На каштоўнасцях, харчаванні, адзенні і кветках бізнес-інтарэсы спадарожніцы Шэймана Пушкаровай не сканчаюцца. У 2019 годзе «Глобалкастам-мэнэджмэнт», саўладальніцай якога тады яшчэ была Ганна, стварыў кампанію «БелСек’юрыціГруп». У студзені 2020 яна змяніла назву на «Гардсэрвіс», а ў чэрвені таго ж года Аляксандр Лукашэнка зрабіў яе першай прыватнай ахоўнай арганізацыяй з правам прымяняць і захоўваць службовую зброю.

Неўзабаве пасля таго як «Еўрарадыё» знайшло сувязі паміж дырэктарам кампаніі Яўгенам Чанавым і Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта, у кампаніі змяніўся ўладальнік і дырэктар. У жніўні 2020 «ГардСэрвісам» стаў валодаць Аляксандр Мятла, кіраўнік дабрачыннага фонду «Памяць Афгана». Шэйман вядомы сяброўствам з Мятлой і дапамагаў фонду з моманту яго заснавання. Акрамя таго, менавіта ў Мятлы ў 2017 годзе Шэйман купіў зямлю ў Падліпках, дзе цяпер жыве ў блізкім суседстве з Пушкаровай і яе маленькім сынам.

Аўтар Аляксей Гуліцкій, рэдактарка Вольга Ратмірава

Іншыя Расследаванні
«У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Расследаванні «У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Журналіст пад прыкрыццём атрымаў зніжку на дастаўку гемастатыка расейскім вайскоўцам на акупаваныя тэрыторыі Украіны.
24 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць