Гомельскі завод посуду «Сантэкс» вядзе прыхаваны бізнес: на вітрыне — рондалі, пад прылаўкам — дроны для вайны. Уласнік прадпрыемства прайшоў шлях ад буйнога пастаўшчыка расейскіх сілавых ведамстваў да, магчыма, галоўнага прадаўца дронаў-камікадзэ расейскаму войску. У расследаванні БРЦ раскрывае, як за фасадам мірнага бізнесу фармуецца схаваная інфраструктура вайны, якая дазваляе Крамлю працягваць атакаваць Украіну насуперак санкцыям.
Гэта другая частка гісторыі пра тое, як беларускія фірмы абыходзяць абмежаванні і прадаюць дроны Расеі (першую можна прачытаць тут). Яна падрыхтаваная пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».
Забаронены гандаль
Падчас працы над гэтым расследаваннем журналіст БРЦ патэліў у расейскую інтэрнэт-краму «КвадроАвто», якая гандлюе дронамі. Каб даведацца, ці гатовая яна прадаць коптары для ўжывання на вайне, ён выдаў сябе за патэнцыйнага пакупніка.
— Мне трэба было б 10 «мавікаў». Тры ў версіі enterprise і сем з тэрмальнай камерай.
— Падкажыце, для якіх мэтаў набываеце? — запытаўся менеджар, які прадставіўся Дзмітрыем.
— Ну, я думаю, вы разумееце... Грошы сабралі для хлопцаў і хочам… — адказаў расследавальнік, маючы на ўвазе расейскіх жаўнераў, якія ваююць супраць Украіны.
— Ммм, я вас зразумеў. <…> У нас ёсць магчымасць зрабіць для вас самыя прывабныя ўмовы.
Лінейку коптараў Mavic, пра якія пытаўся журналіст, выпускае кітайская фірма Sz DJI Technology CO., LTD, вядомая пад назвай DJI. У красавіку 2022 году кампанія афіцыйна спыніла пастаўкі беспілотнікаў у Расею, а ў сакавіку 2023-га заблакавала продажы ў расейскім сегменце папулярнай інтэрнэт-пляцоўкі AliExpress. Тым не менш, расейскія крамы надалей атрымліваюць коптары праз беларускіх пасярэднікаў, як і ў выпадку з «КвадроАвто».
Наш званок пацвердзіў, што дроны DJI можна і сёння свабодна набыць у расейскіх гандляроў. Мы працягнулі пошук тых, хто пастаўляе ім гэтую тэхніку. Ён прывёў БРЦ да найбуйнейшага вытворцы баявых дронаў-камікадзэ для расейскага войска і ягонага ўласніка — беларуса.
Сметнікі, рондалі і баявыя дроны
У Савецкім раёне Гомля ў паўднёвай частцы гораду, побач з аўтобусным паркам №1, месціцца СЗАТ «Завод Сантэкс». Яго тэрыторыя раскінулася на тысячах квадратных метраў у вялікіх цэхах. Гамельчукі могуць памятаць гэтае месца па старой назве — завод «Эмальпосуд», а да 80-х — арцель «Молат». Сёлета прадпрыемству споўнілася 100 гадоў, але яшчэ ў 2011-м ягоная гісторыя магла абарвацца банкруцтвам, працу маглі страціць 200 супрацоўнікаў. Выратаваў фабрыку прыватны інвестар, які перазапусціў выпуск посуду і наладзіў ягоны збыт. Прадпрыемства жыве і працягвае традыцыі: Савецкі раён, савецкая спадчына і, паводле пакупнікоў, савецкая якасць:
«Купілі вельмі якасны набор рондаляў “Чырвоны граніт”!!! Дзякуй вытворцам! Так трымаць!!! Пры СССР на гэтую прадукцыю паставілі б штамп ЗНАК ЯКАСЦІ. Дай, Бог, здароўя Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку і доўгіх гадоў…» — у інтэрнэце можна знайсці дзясяткі падобных пазітыўных водгукаў на тавары «Заводу Сантэкс».
На ўэб-старонцы заводу ў раздзеле «Прадукцыя» — звычайныя для такога прадпрыемства тавары: эмаляваны посуд, мыйкі, жалезныя сметнікі, стальныя рэзервуары. Нічога, што магло б выклікаць здзіўленне. Але ў чэрвені 2025 года сярод формаў для выпечкі і рондаляў «Сантэкс» прапанаваў да продажу беспілотнік «Піянер». Мадэль апісвалі, як «кампактны і прадуктыўны квадракоптар, прызначаны для відэаманіторынгу ў рэжыме рэальнага часу». У апісанні падкрэслівалі, што менавіта такія мадэлі Міністэрства асветы Расеі рэкамендуе ўжываць пры стварэнні і абсталяванні класаў для навучання праграмам сярэдняй прафесійнай адукацыі ў сферы распрацоўкі, вытворчасці і эксплуатацыі беспілотных авіяцыйных сістэмаў. На момант публікацыі згадкі пра коптар «Піянер» на сайце адсутнічаюць, але яны засталіся ў архіўнай версіі.
Незвычайны прадукт у наменклатуры заводу эмаляванага посуду прыцягнуў нашую ўвагу. Каб адказаць на пытанне, ці прадпрыемства сапраўды займаецца той дзейнасцю, якую публічна апісвае, мы прааналізавалі яго пастаўкі. У мытных дакументах тавараў, накіраваных у Расею, журналісты БРЦ знайшлі рээкспарт дронаў фірмы DJI. У 2022 і 2023 гадах «Завод Сантэкс» прадаў у РФ 309 дронаў агульным коштам $2 млн. Выглядае на тое, што кампанія дапамагала расейскім фірмам абыходзіць абмежаванні.
У адрозненні ад большасці беларускіх прадаўцоў коптараў, пра якіх мы распавядалі ў ранейшых расследаваннях, «Завод Сантэкс» працаваў усяго з двума кліентамі: расейскімі фірмамі ТАА «Сантросс» і ТАА «Рустакт». З гомельскім заводам іх аб’ядноўваюць не толькі пастаўкі кітайскіх дронаў, але і агульны ўласнік. Да яго мы вернемся крыху пазней.
Дрон «Суднага дня»
Са снежня 2024 году расейскі «Рустакт» знаходзіцца пад санкцыямі Швейцарыі і Еўразвязу. Кампанія мае рэпутацыю аднаго з галоўных вытворцаў баявых дронаў для расейскай арміі. На сайце Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны «Рустакт» фігуруе ў раздзеле аб спонсарах і саўдзельніках расейскай агрэсіі як вытворца і пастаўшчык аднаго з самых масавых баявых дронаў камікадзэ — ПВХ-1, ён жа ВТ-40, ён жа «Судаплатаў». Праект па выпуску гэтых беспілотнікаў носіць назву «Судны дзень». Акрамя зборкі коптараў ён прадугледжвае навучанне пілотаў для вядзення вайны супраць Украіны.
ВТ-40 з’яўляецца асноўным баявым дронам атрадаў засакрэчанага элітнага цэнтру перспектыўных беспілотных тэхналогіяў «Рубікон». Менавіта ім прыпісваюць удалы контрнаступ расейцаў і вызваленне Курскай вобласці сёлета вясной ды поспехі па захопе Пакроўска восенню 2025 году. Па інфармацыі z-блогера Святаслава Голікава, два з трох дронаў, якія ўжываюць аператары «Рубікону», — гэта мадэль ВТ-40. Украінскія вайскоўцы, якія сутыкаліся з працай пілотаў гэтай элітнай адзінкі, сцвярджаюць, што цэнтр мае неабмежаваныя фінансавыя рэсурсы і доступ да любой колькасці беспілотнікаў.
Бізнес на мільярд
Паводле словаў Уладзіміра Пуціна, у 2024 годзе Расея адправіла на фронт больш за паўтара мільёна дронаў усіх тыпаў. Асноўную масу ад гэтай лічбы складаюць FPV-коптары — невялікія, вельмі манеўраныя машыны. Аператары кіруюць імі ў адмысловых акулярах, адсюль назва — FPV (First Person View) — від ад першай асобы. Менавіта да гэтага класу беспілотнікаў належыць і ВТ-40.
Для зборкі аднаго дрона «Суднага дня», апроч дзясятка электронных кампанентаў, патрэбныя чатыры рухавікі. Каб запэўніць патрэбы фронту, Расея імпартуе мільёны дэталяў. Сёлета ў кастрычніку выданне The Wall Street Journal са спасылкай на закрытыя справаздачы паведаміла, што паміж 2023 і 2025 гадамі «Рустакт» закупіў у Кітаі 3,3 млн электрарухавікоў на $83 млн. Крыніца ў лагістычнай галіне перадала БРЦ дакументы, якія дазволілі ўдакладніць і істотна дапоўніць гэтыя лічбы. Таксама мы здолелі прааналізаваць фінансавую справаздачу «Рустакту», каб паказаць поўны маштаб дронавага бізнесу.
Цягам трох гадоў «Рустакт» закупіў у трох кітайскіх кампаніяў амаль 3,5 млн электрарухавікоў на $90 млн. Гэтага хапіла б на зборку 870 тыс. коптараў. Акрамя гэтага мы знайшлі пастаўкі 1,3 млн ліцій-іонных акумулятараў, 5,5 млн частак для радыёкіраваных мадэляў і яшчэ каля 40 розных пазіцыяў электронікі, дэталяў і станкоў.
«Вельмі падобна на тыя кампаненты, якія купляліся б для зборкі вялікай колькасці FPV. “Судаплатаў” сцвярджае, што большасць іх камплектуючых расейскія, але гэта можа быць не зусім дакладна. Не разумею, навошта яшчэ нехта купляе мільёны электрарухавікоў!» — сказаў у каментары БРЦ брытанскі журналіст Дэйвід Хэмблінг, які спецыялізуецца на вайсковай і тэхналагічнай тэматыцы.
Агульны кошт паставак кітайскіх кампаніяў за 2023-2025 гады ў бок «Рустакту» — $323 млн. Тры фірмы запэўнілі 99,4% гэтай сумы: Shenzhen Kiosk Electronic CO., LTD, Shenzhen Minhuaxin Technology CO., LTD i Shenzhen Nasmin Technology CO., LTD. Апошнюю мы бачым у разліках за пастаўкі расейскай фірме абсталявання, якое ніяк не апісана. Усяго 12 плацяжоў на 339,7 млн расейскіх рублёў ($3,7 млн).
Такое ж ніяк не апісанае абсталяванне пастаўляе «Рустакту» і гомельскі вытворца посуду «Завод Сантэкс». У дакументах ад крыніцы ў падатковай службе мы знайшлі 135 плацяжоў на агульную суму больш за 14 млрд расейскіх рублёў (больш за $152 млн). БРЦ пакуль не змог высветліць, што за абсталяванне «Завод Сантэкс» прадае «Рустакту».
Паводле тых жа дакументаў, толькі чатыры арганізацыі цягам 2023 і 2024 гадоў пералічылі на рахунак «Рустакту» за тавары і паслугі $1,12 млрд. Усе чатыры звязаныя з абароннай сферай:
- ФКУ «Войсковая часть 45807» (Галоўнае ўпраўленне Генеральнага штабу Узброеных сіл РФ, раней — Галоўнае разведвальнае ўпраўленне) — адказвае за ваенную бяспеку і фінансавае суправаджэнне аперацыяў ГРУ. Паводле расследавання выдання «Настоящее время», гэтая вайсковая адзінка курыруе сакрэтныя кантракты і выплаты атрадам «Шторм Z», якія складаюцца з асуджаных, задзейнічаных на самых цяжкіх участках украінскага фронту.
- Федэральнае дзяржаўнае ўнітарнае прадпрыемства «18 Центральный Научно-Исследовательский Институт» Міністэрства абароны РФ — афіцыйна займаецца навуковымі даследаваннямі ў сферы прыродазнаўчых і тэхнічных навук, але таксама мае вытворчыя магутнасці і працуе для патрэбаў ГРУ і Генштабу.
- Дабрачынны фонд «Народный фронт. Всё для победы» — арганізуе фінансаванне вайсковых патрэбаў: ад формы і квадракоптараў, да сучасных ударных БПЛА. Актыўны ўдзел у жыцці арганізацыі бярэ першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Сяргей Кірыенка. Да ліпеня 2025 года фонд сабраў больш за 54,5 млрд рублёў ($ 691 млн) ахвяраванняў на «падтрымку байцоў СВА».
- АТ «НПО "Обуховский завод"» — уваходзіць у канцэрн «Алмаз-Антей», выпускае комплексы супрацьпаветранай абароны С‑300 і С‑400. Пасля поўнамаштабнага ўварвання стаў цэнтрам вытворчасці лёгкіх дронаў-разведчыкаў «Добрыня‑2».
Беларускія карані
Валодае 95% расейскай фірмы «Рустакт» Павел Нікіцін. Бізнесовец нарадзіўся ў Менску і пераехаў у Расею ў 2000-х. Там за 20 апошніх гадоў нарадзінец Беларусі стаў уласнікам або саўладальнікам прыблізна 20 кампаніяў, палова з якіх працягвае працаваць і сёння. Профіль іх дзейнасці — ад рыбнай лоўлі да зборкі баявых дронаў-камікадзэ.
«Рустакт» — не адзіная кампанія Нікіціна, якая мае кантракты з сілавікамі. Прынамсі ў трох іншых фірмах — ТАА «Будгуд», ТАА «Сантросс» і ТАА «Системы РПР» — галоўнымі кліентамі выступаюць расейскае Міністэрства ўнутраных справаў і «Росгвардыя».
У 2010-м Нікіцін адмовіўся ад беларускага грамадзянства, але сувязі з радзімай не разарваў. Тут ён або ягоныя сваякі валодаюць або кіруюць мінімум чатырма фірмамі. Адна з іх — гомельскі «Завод Сантэкс», які пастаўляў кітайскія дроны «Рустакту». БРЦ знайшоў згадку пра тое, што ў 2018 годзе саўладальнікам гомельскай фабрыкі быў брат-блізнюк Паўла — Ягор. Ён на 2021 год з’яўляўся грамадзянінам Беларусі, ці гэта так надалей, мы не ведаем.
БРЦ дазваніўся да Ягора Нікіціна, каб запытацца пра пастаўкі дронаў у Расею. Той адмовіў, што з’яўляецца адным з уласнікаў «Заводу Сантэкс»: «У вас проста непраўдзівая інфармацыя. Непраўдзівая», — пасля чаго кінуў слухаўку. Ягоны брат Павел, уласнік «Рустакту» і шэрагу іншых расейскіх фірмаў, што працуюць з сілавымі ведамствамі Расеі, таксама кінуў слухаўку, не даслухаўшы пытанне журналіста да канца. Пісьмовыя запыты да братоў, а таксама лісты фірмам, узгаданым у гэтым расследаванні, на момант яго публікацыі засталіся без адказаў.
Надзейны хаўруснік
Абедзве часткі расследавання БРЦ пра пастаўкі беспілотнікаў у Расею паказваюць, што беларускія фірмы з першых дзён вайны выступаюць каналам для абыходу абмежаванняў на наўпроставыя пастаўкі ў РФ. Паводле нашых падлікаў, 14 кампаніяў з Беларусі ў перыяд паміж 2022 і 2025 гадамі прадалі Расеі больш за 20 тыс. дронаў агульным коштам $34 млн. Пры гэтым кітайская кампанія DJI, прадукцыю якой беларускія фірмы рээкспартавалі ў Расею, у адказе БРЦ запэўніла, што кантралюе сваіх дыстрыб’ютараў і абавязвае іх падпісваць пагадненні аб экспартным кантролі. Гэта дае надзею, што плынь дронаў з Беларусі ў Расею зменшыцца. Напрыклад, падчас працы над гэтым расследаваннем мы высветлілі, што летась у Менску зачыніўся адзін з галоўных афіцыйных рытэйлераў кітайскіх дронаў, а найбуйнейшы рээкспарцёр коптараў DJI не прадае беспілотнікі ў Расею з красавіка 2025 году. Штопраўда, у тэлефоннай размове гандлёвы прадстаўнік гэтай фірмы прапанаваў нам набыць дроны іншай кітайскай кампаніі — Autel.