Украінская вайсковая выведка паведаміла БРЦ, што больш за тысячу беларусаў заключылі кантракт з расейскім Міністэрствам абароны і адправіліся ваяваць супраць украінцаў. Частка беларусаў-наймітаў прайшла праз пункт набору кантрактнікаў у Маскве, на вуліцы Яблачкава, 5. Мы атрымалі доступ да некаторых дадзеных пра тых, хто зарэгістраваўся там, і патэлефанавалі двум дзясяткам з іх. Сярод суразмоўцаў — былыя сілавікі, людзі, асуджаныя па цяжкіх артыкулах, рознарабочыя і нават высокапастаўлены вайсковец, які падзяліўся планамі беларускага Генштабу.
Матэрыял падрыхтаваны ў супрацы з украінскім расследавальніцкім праектам «Слідство.Інфо», пры падтрыманні беларускіх хактывістаў «Кіберпартызаны», украінскіх KibOrg і BelPol.
«Падцягнуўся да сваіх каранёў»
«Чатыры нашых сябра (на жаль, адзін ужо не з намі), і вось мы прынялі рашэнне ўсе разам пайсці і ўсё-такі дапамагчы, і нейкі свой унёсак унесці ў тое, каб не было надалей вось гэтай агіднасці, вось гэтага фашызму, нацызму і здзекавання над мірнымі жыхарамі», — так патлумачыў сваю матывацыю добраахвотна пайсці на вайну супраць Украіны 48-гадовы выхадзец з Пінску Аляксей Хлышчоў. З ім журналістка БРЦ размаўляла амаль 20 хвілін. За гэты час мужчына распавёў пра тое, як вырашыў «падцягнуцца да сваіх каранёў» (бацька Аляксея — рускі афіцэр), як падразалі выплаты за ўдзел у так званай СВА, і панаракаў на тое, што для тых, хто вярнуўся з вайны, няма праграм рэабілітацыі.
У Аляксея Хлышчова двое дзяцей. У мінулым — праца на беларускіх будаўнічых прадпрыемствах, гародніннай фабрыцы і адзнака пра судзімасць за хуліганства. У 2017-м ён пераехаў у РФ, а пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну падпісаў кантракт з расейскай арміяй.
Мужчына адказваў на пытанні БРЦ, таму што быў упэўнены: размаўляе з супрацоўніцай маскоўскага Адзінага пункта прызыву на вайсковую службу. Так прадставілася журналістка кантрактнікам, да якіх атрымалася датэлефанавацца. БРЦ запісаў 19 размоў з такімі ж добраахвотнікамі-беларусамі, як Хлышчоў: і з тымі, хто апынуўся ў акопах, і з тымі, хто пасля адмовіўся ісці на вайну. Іх спіс (звесткі ўцечкі з Адзінай медычнай інфармацыйна-аналітычнай сістэмы РФ) мы атрымалі ад расейскіх калегаў з выдання «Важные истории». Паводле гэтых дадзеных, за 14 месяцаў, з красавіка 2023-га па пачатак чэрвеня 2024-га, Адзіны пункт прызыву на вайсковую службу наведаў 71 грамадзянін Беларусі.
Падчас працы над матэрыялам журналісты БРЦ вывучылі
некалькі спісаў беларускіх кантрактнікаў, сярод якіх выцек з маскоўскай медычнай базы (ЕМИАС), спіс наймітаў, атрыманы ад украінскай выведкі, а таксама спісы з адкрытых крыніц (напрыклад, спіс, складзены праектам «Хачу жыць»). Апроч таго, для верыфікацыі дадзеных мы выкарыстоўвалі наступныя крыніцы:
- адкрытыя дадзеныя (звесткі пра загінулых і параненых, іх сацсеткі, навіны, сайт «Міратворац»);
- дадзеныя BELPOL (судзімасці, пазыкі, вышук);
- дадзеныя «Кіберпартызан» (выпіскі з дакументаў, звесткі пра працу);
- тэлефанаванні фігурантам спіса — мы тэлефанавалі ўсім і запісалі 19 гутарак.
Беларусы за расейцаў
Пункт вербавання на вайну супраць Украіны адкрылі ў Маскве на вуліцы Яблачкава, 5, у 2023 годзе. Гэта адбылося пасля таго, як УСУ адкінулі расейцаў з Кіеўскай, Сумскай і практычна ўсей Харкаўскай вобласці і забралі назад Херсон — адзіны абласны цэнтр, які расейскія войскі паспелі захапіць падчас спробы бліцкрыгу ў першыя месяцы вайны. Крэмль зрабіў стаўку на кантрактнікаў.
Добраахвотнікаў сталі завабліваць высокімі заробкамі і аднаразовымі выплатамі. У сярэдзіне 2023 года намеснік старшыні Савету бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў казаў пра 134 тысячы кантрактнікаў, нанятых за паўгода ў расейскую армію. Да канца таго ж года, паводле дадзеных Мінабароны РФ, іх набралі ўжо ў чатыры разы больш — 540 тысяч.
На кантракт у расейскую армію прымаюць не толькі расейцаў, але і грамадзянаў іншых краін. Беларусаў сярод іх з пачатку поўнамаштабнага ўварвання налічвалася 1031 чалавек, такія дадзеныя БРЦ атрымаў ад украінскай вайсковай выведкі. Першы кантракт падпісаны ў ліпені 2022-га, самы свежы — 15 ліпеня гэтага года. Колькасць беларускіх наймітаў рэзка падскочыла ў 2023-м. Калі годам раней было толькі шэсць кантрактнікаў, то ў 2023-м — ужо 235, а ў 2024-м — 517. Сёлета іх прыток запаволіўся: на пачатак ліпеня — 157 чалавек. Яшчэ ў 116 добраахвотнікаў не паказаная дата падпісання кантрактаў. Амаль палова спісу (498 чалавек) — радавыя, то бок маюць найніжэйшае воінскае званне. Прапаршчык у спісе адзін.
БРЦ, выкарыстоўваючы атрыманую па Адзіным пункце прызыву на вайсковую службу інфармацыю, падзяліў добраахвотнікаў-беларусаў на некалькі ўмоўных катэгорый: загінулыя (пацверджаных — пяцёра, адзін зніклы без вестак), рабочыя (людзі, якія да вайны зараблялі на жыццё фізічнай працай), з судзімасцямі (амаль палова спісу), сілавікі (былыя супрацоўнікі праваахоўных органаў і вайскоўцы). Размаўляючы з некаторымі з іх, сярод іншага мы паспрабавалі зразумець, што кіравала гэтымі людзьмі.
«Мяне мабілізавалі ў Данецку»
Рабочыя — самая шматлікая група, 52 чалавекі са спісу працавалі ў розных сферах, не звязаных з вайсковай справай: 11 у будаўніцтве, 6 кіроўцамі, 7 у калгасе і гэтак далей. Адзін з іх — 31-гадовы Фёдар Галамба, былы супрацоўнік Клімавіцкага хлебакамбінату. [*]
«На чалавечыя правы і мараль усім напляваць, таму што ідзе вайна, а на вайне ўсе сродкі добрыя», — падзяліўся ён сваімі разважаннямі з журналісткай БРЦ.
Па дадзеных «Кіберпартызан», Галамба сірата, родам з Магілёўскай вобласці. Скончыў Касцюковіцкі прафесійны ліцэй № 8 (зараз УА «Касцюковіцкі дзяржаўны каледж»). У 18 гадоў пайшоў працаваць на хлебакамбінат. У 2016-м на старонцы Галамбы ў «Аднакласніках» з'явіліся яго фота са зброяй і сцягам так званай ДНР. [*] Галамба кажа, што захрас на вайне: яго мабілізавалі як грамадзяніна РФ. Але на той момант, са словаў мужчыны, у яго яшчэ не было расейскага пашпарта.
«У мяне з мінулай вайсковай часткай ёсць праблемы, таму што маю папярэднюю вайсковую частку расфармавалі, вось. А ў мяне кантракт да гэтага часу ўжо сканчаўся, і яны мяне замест таго, каб звольніць, яны мяне мабілізавалі. Мабілізавалі мяне ў Данецку. Ужо ідзе следства, але, як кажа адвакат, я на той час не з'яўляўся грамадзянінам Расейскай Федэрацыі», — расказвае Галамба.
Паводле слоў праваабаронцы Уладзіміра Яворскага, адзін з варыянтаў для беларусаў, якія жадаюць сысці з расейскай арміі, — самавольнае пакіданне часткі: «Я думаю, што яны будуць спрабаваць займацца дэзерцірствам. У такіх людзей, у прынцыпе, складаная гісторыя. Ім няма куды бегчы. Таму што іх у ЕЗ не прымуць, яны там ніхто, а ў іншыя краіны іх, калі гэта краіны, дружалюбныя Расеі і Беларусі, то іх, адпаведна, выдадуць».
Фёдар Галамба яшчэ не вырашыў, ці гатовы падпісваць новы кантракт, калі атрымаецца разабрацца з незаконнай, на яго думку, мабілізацыяй. Кантрактнікі, у адрозненні ад мабілізаваных без кантракта, атрымліваюць яшчэ і аднаразовыя выплаты.
Рызыка пераследу — мінімальная
Адзнакі пра судзімасці ў нашым спісе — у 31 чалавека. Сярод іх: 21 найміт, трое кантракт гэтак і не падпісалі, двое плануюць. З семярымі звязацца не атрымалася.
Фігурант спіса Артур Казлоў адбыў тэрмін за забойства. Аляксандр Бельскі — атрымаў 8 гадоў у калоніі строгага рэжыму за тое, што збіў табурэтам жанчыну, а потам яе згвалтаваў. [*] Ці падпісалі з Казловым і Бельскім кантракты, БРЦ не вядома. А вось нарадзінец Гомельшчыны, 52-гадовы Алег Такмакоў, асуджаны за згвалтаванне і крадзеж з рэцыдывам, адбор на кантракт з узброенымі сіламі РФ прайшоў паспяхова, нягледзячы на Федэральны закон, які выключае такую магчымасць.
Мы патэлефанавалі Такмакову 30 чэрвеня. Мужчына паведаміў, што знаходзіцца на «СВА»: «Кантракт мой скончыўся, мяне ніхто не адпускае. Я служу проста ўжо без кантракта». Ён не можа вярнуцца дадому, таму што апроч беларускага мае расейскае грамадзянства. Па ўказе Уладзіміра Пуціна, кантракт з грамадзянінам РФ дзейнічае да сканчэння перыяду частковай мабілізацыі.
З адзнакай пра судзімасць і Алег Скачкоў-Бачуроў, а яшчэ ён — былы супрацоўнік папраўчай калоніі. Кантракт з мужчынам падпісалі, але на фронт ён не трапіў. Не праз судзімасць, а па стане здароўя. [*]
«28 сакавіка мяне спісалі па стане здароўя. У мяне інфаркт быў. <...> У Беларусі працаваў у месцах пазбаўлення волі аператыўным», — расказаў Скачкоў-Бачуроў. На пытанне журналісткі, ці цікавіць яго ўсё яшчэ супраца з Мінабароны РФ, мужчына адказаў станоўча.
Андрэй Ягадаў, асуджаны за крадзеж і ўхіленне ад прызыву, пасля візіту на Яблачкава ваяваць не вырашыўся. [*] «Вы разумееце, што можа быць нейкая… пераследаваць крымінальную адказнасць», — кажа ён.
Але на практыцы рызыка пераследу беларусаў за ўдзел у вайне на баку Расеі — мінімальная, тлумачыць юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.
«Ёсць артыкул “Найміцтва”, паводле якога можна прыцягнуць да адказнасці чалавека, які служыць за грошы ў прыватных фармаваннях замежнай дзяржавы без узгаднення з уладамі той дзяржавы, без грамадзянства той краіны і сталай рэгістрацыі па месцы жыхарства (у нашым выпадку ў РФ). Калі ўсе гэтыя ўмовы супадаюць, можна прыцягваць найміта да адказнасці. Фармальна кажучы, пад гэта падпадаюць тыя беларусы без пашпарта РФ, якія, напрыклад, пойдуць ваяваць у “Вагнер”», — тлумачыць Кірылюк.
«Ты ж расеец, давай да перамогі»
У атрыманым спісе мы знайшлі дзевяцярых былых супрацоўнікаў сілавых устаноў Беларусі (умоўная група «сілавікі»). Шасцёра — дакладна падпісалі кантракты.
Адзін з іх — 61-гадовы Сяргей Бурнейка. [*] У 1999 годзе ён камандаваў аддзяленнем ваенізаванай пажарнай службы УУС Віцебскага раёну. «Я заўсёды за Расею. Гэта раз. Я прабыў на перадавой. Я яго (кантракт, — рэд.) скончыў паўтара год таму», — расказаў Бурнейка.
Мяркуючы, што размаўляе з прадстаўніцай Адзінага пункту прызыву, ён даслаў журналістцы БРЦ копію свайго кантракта. З яго зразумела, чаму некаторыя беларусы атрымліваюць расейскае грамадзянства перад падпісаннем дакументаў: у адрозненні ад замежніка, расейскі найміт атрымлівае вайсковую іпатэку, дармавую медыцыну, страхаванне. Але звольніцца вельмі складана. У Бурнейкі атрымалася праз узрост.
«Яны адмыслова ім даюць спрошчанае грамадзянства. То бок, гэта механізм заваблівання людзей і, вядома, яны іх трошкі ашукваюць у гэтым сэнсе, гэта відавочна. Таму што ім трэба шукаць рэсурс не са сваіх грамадзянаў», — тлумачыць украінскі праваабаронца «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў» Уладзімір Яворскі.
Яшчэ адзін з умоўнай групы «сілавікі» — Максім Серыкаў, былы інспектар дарожна-патрульнай службы ў Беларусі. [*] Серыкаў таксама атрымаў расейскі пашпарт і зараз скардзіцца, што не можа звольніцца пасля сканчэння кантракта. А яшчэ — на дыскрымінацыю: служыць на сяржанцкай пасадзе, хоць у Беларусі атрымаў званне капітана.
«Сітуацыя ў тым, што калі зручна, то я — беларус, і звання не прысвойваюць, і гэтак далей. А калі звольніць, дапусцім, па сканчэнню кантракту — ну, ты ж расеец, давай да перамогі… Я цяпер стаю на сяржанцкай пасадзе, атрымліваю сяржанцкі заробак», — распавёў Серыкаў.
Аляксандру Мацвіенка — 54 гады. [*] Ён былы вайсковец вайсковай часткі 52280. Але вырашыў не сядзець на пенсіі ў Беларусі, а пайсці на вайну. Ізноў. «У мяне Чачэнія — першая, другая. І цяпер [Украіна]», — кажа Мацвіенка. Яго кантракт скончыўся ў снежні 2024 года. Але, як і Серыкаў, Мацвіенка мае расейскі пашпарт і ваюе далей: не дазваляюць сысці.
Складана звольніцца са службы і тым беларусам, у якіх пашпарт толькі адной краіны. Мы пагутарылі з наймітам Пятром Жабіцкім. Ён распавёў, што з'яўляецца грамадзянінам толькі Беларусі, падпісаў кантракт першага чэрвеня 2024-га на год. Але ўжо тры месяцы не можа звольніцца — праз бюракратычную цяганіну.
Генштаб пераймае досвед
У спісе наведнікаў Адзінага пункту прызыву мы знайшлі чалавека, які асабліва прыцягнуў нашу ўвагу. Гэта — намеснік начальніка галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага кіравання Генштабу Беларусі Юрый Кузьмін.
У нас не было сумневаў, што ў адрозненні ад іншых, ён не збіраўся пайсці добраахвотнікам на фронт. Каб зразумець, чым там у 2023 годзе займаўся палкоўнік, узнагароджаны Аляксандрам Лукашэнкам за ўзорную службу, які апошні дзясятак гадоў наглядаў за прызывам тэрмінавікаў у Беларусі, мы патэлефанавалі Кузьміну. Выкарысталі тую ж легенду, што і з кантрактнікамі: журналістка назвалася супрацоўніцай маскоўскага Пункту прызыву на Яблачкава.
«Я сам вялікі службовец, начальнік вайсковы, так, паміж намі кажучы. Проста не называю сваёй пасады. Быў у складзе дэлегацыі. Тады, значыць, гэта было гадкі, пэўна што, два таму назад, мы былі на гэтым пункце адбору, так, на Яблачкава, па-мойму, так… Мы былі там з экскурсіяй, азнаямленнем. Нам паказвалі, мы ў вас пераймалі досвед, беларусы, вось па гэтых пытаннях: па парадку падпісання кантрактаў, прыцягнення замежных грамадзянаў».
Кузьмін заявіў, што ў Беларусі плануюць стварыць падобную да расейскай сістэму набору, у тым ліку замежнікаў, на кантракт — праз адмысловыя пункты.
«Мы ўвогуле плануем гэту сістэму стварыць у сябе, плануем менавіта, каб яна была незалежная. У нас цяпер камандзір набірае, вы разумееце, так? А мы хочам незалежна. Гэта перспектыва. То бок мы ў вас гэты досвед убачылі», — дадаў Кузьмін.
Абапіраючыся на інфармацыю з адкрытых крыніц, мы палічылі: пад канец 2024 года ў Беларусі служыла не меней за 44 тысячы кантрактнікаў (каля 4000 з іх — жанчыны). У 2021-м кантрактнікаў было каля 27 тысяч. Асноўны рост колькасці — у паўтара разу — прыйшоўся на 2023 год. Будаваць кантрактную армію па досведзе ПВК «Вагнер» загадаў Аляксандр Лукашэнка: «Я хачу пакінуць гэтых рабят (ваяроў ПВК «Вагнер» — рэд.) ва Узброеных сілах нашай краіны. І, адштурхваючыся ад іх, больш актыўна ствараць кантрактную армію», — сказаў ён пазалетась, працягваючы каментаваць вынікі бунту кіраўніка расейскіх наймітаў (дэталёва пра іх мы расказалі ў аналітычным матэрыяле «Не Украінай адзінай, ці Шлях мяцежнага варлорда»).
Загінуў амаль кожны пяты
Пункт прызыву на вайсковую службу ў Маскве — не адзінае месца, адкуль беларусы могуць трапіць на расейска-ўкраінскую вайну. У нашых украінскіх калег з выдання «Слідство.Інфо» атрымалася пагутарыць з беларусам Мікалаем Жураўлёвым. Ён падпісаў кантракт 17 лютага 2025 года ў Цверы, а пад канец красавіка трапіў у палон на тэрыторыі Харкаўскай вобласці.
«У Беларусі працаваў. Потым у Расею паехаў працаваць... Прачытаў, што праца па кантракце. [Я] патрыёт дзвюх дзяржаў — Беларусія і Расея», — кажа Жураўлёў.
На пытанне нашых калегаў, што ён думае пра пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе, палонны адказаў: «Я не глядзеў такога». Пра Беларусь як пра дзяржаву Жураўлёў адгукаецца пазітыўна: «Нармальнае. Мірна жывуць. Яны ведаюць, што можна выйсці на вуліцу, ім нічога не прыляціць. Прэзідэнт такі ў нас Беларусі: мірна жыве, не ваюе ні з кім».
Беларусы сярод расейскіх палонных — на чацвёртым па колькасці месцы пасля ўзбекаў, таджыкаў і непальцаў. Пра гэта паведамілі ў Каардынацыйным штабе па абыходжанні з ваеннапалоннымі нашым калегам з «Слідство.Інфо».
Паводле дадзеных украінскай вайсковай выведкі, атрыманых БРЦ, вядома пра пагібель 105 беларускіх кантрактнікаў (гэта больш за 10% ад агульнай колькасці). Згінулі без вестак — 84 (яшчэ плюс 8%). То бок, з вялікай імавернасцю, ужо загінуў амаль кожны пяты беларус, які ваюе на баку Расеі.