За тыдзень беларуская дрэваапрацоўка панесла адразу два ўдары. Спачатку адгукнуліся санкцыі, як зваротная рэакцыя на напад расейскіх войскаў на Украіну. Потым, высветліў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, Беларусь пазбавілі прэстыжнага міжнароднага сертыфіката, які служыў пропускам на прэміяльныя рынкі збыту

За тыдзень беларуская дрэваапрацоўка панесла адразу два ўдары. Спачатку адгукнуліся санкцыі, як зваротная рэакцыя на напад расейскіх войскаў на Украіну. Потым, высветліў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, Беларусь пазбавілі прэстыжнага міжнароднага сертыфіката, які служыў пропускам на прэміяльныя рынкі збыту.

У 2021 годзе Беларусь экспартавала розных вырабаў з дрэва амаль на тры мільярды долараў. Больш за палову гэтых продажаў прыйшлося на Еўрапейскі звяз. Больш за ўсё экспартавалася мэблі — 891 млн долараў (з іх у ЕЗ — на 379,2 млн долараў). На другім месцы — дошкі (усяго на 802 млн долараў, з іх у ЕЗ — на 690,7 млн ​​долараў). Далей ідуць - ДСП (411,5 млн долараў і 110 млн долараў адпаведна) і ДВП (369 млн долараў і 129,4 млн долараў). З большага экспартная выручка падскочыла з-за рэзкага росту коштаў на драўніну — увесну 2021 года кошты на лес дасягнулі сусветнага рэкорду. Адным з выгадаатрымальнікаў стала Літва.

— Калі паглядзець тавары, якія экспартуюцца з Беларусі ў Літву, то сотні мільёнаў долараў — гэта дрэваапрацоўка. Гэта фактычна драўніна, якая ў выглядзе першаснай перапрацоўкі ідзе ў Літву. І там ужо літоўскія дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы робяць далейшую перапрацоўку і экспартуюць у краіны ЕЗ, — казаў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка

Аднак найбліжэйшым часам пастаўкі на рынкі ЕЗ апынуцца пад вялікім пытаннем. Справа ў тым, што беларускія прадпрыемствы не змогуць атрымаць новыя міжнародныя сертыфікаты адпаведнасці стандартам устойлівага лесакарыстання, а таксама захавання правоў работнікаў дрэваапрацоўчай галіны, больш вядомыя пад абрэвіятурай FSC

Міжнародныя аўдытары прынялі такое рашэнне, бо не могуць праверыць, наколькі бяспечна можна праводзіць забастоўкі, мітынгі і карыстацца ў Беларусі іншымі правамі, прадугледжанымі стандартамі Міжнароднай арганізацыі працы. Accreditation Service International паведаміла, што «адновіць сваю дзейнасць у Беларусі, калі абставіны ў краіне дазволяць правесці аб'ектыўную і бесстароннюю ацэнку без якіх-небудзь наступстваў для ўцягнутых асоб».

— FSC — гэта распаўсюджаная схема сертыфікацыі, якая прызнаецца вельмі шматлікімі краінамі свету. І шматлікія кампаніі і канчатковыя спажыўцы не жадаюць купляць прадукцыю без гэтага лагатыпа. Адпаведна, калі нейкае прадпрыемства губляе сертыфікат, то яго прадукцыя часта становіцца проста незапатрабаванай на заходніх рынках, — тлумачыць Леў Федаровіч, нацыянальны прадстаўнік каардынатар FSC у Беларусі.

У Мінлясгасе Беларусі кажуць, што прагназавалі такое рашэнне, але ўжо знайшлі выйсце з сітуацыі, якая склалася.

— У нас ужо ёсць наш напрацаваны «Шаўковы шлях». Ён сухапутны. Там нават не трэба марскія кантэйнеры. Два тыдні, і груз у Кітаі, — сказаў намеснік міністра лясной гаспадаркі Уладзімір Крэч. — Я не буду хаваць, апошнія гады больш прэміяльным рынкам быў еўрапейскі. У Кітаі ў нас будзе меншая рэнтабельнасць — не 60%, а няхай 20%.

Леў Федаровіч сцвярджае, што Кітай усё роўна будзе патрабаваць нейкі аб'ём сертыфікаванай драўніны. І калі ў прадпрыемства не будзе гэтага сертыфіката, тады кітайцы ад яго адмовіцца.

— Ніколі на Кітай і Сярэднюю Азію ніякіх сертыфікатаў не было. Так, ёсць нязручнасці і пэўныя страты будуць. Але гэта не катастрофа. Мы перажывалі і значна горшыя часы, — парыруе Крэч.

Гэта значыць адсутнасць сертыфікатаў FSC можа не толькі зачыніць еўрапейскі рынак для беларускай мэблі, якая не патрапіла пад санкцыі Бруселя, але і пазбавіць айчынных вытворцаў кліентаў у той жа Расіі ці Кітаі, якія экспартуюць на заходнія рынкі.

З іншага боку, гэтыя абмежаванні могуць прытармазіць масавую высечку беларускіх лясоў для кароткачасовага закрыцця бюджэтных дзірак. Такая практыка небяспечна не толькі для навакольнага асяроддзя, але і падрывае рэсурсную базу беларускага лесапрамысловага комплексу. Справа ў тым, што ў 2021 годзе найбольшая доля высечанага лесу прыходзілася не на галіны з высокай дабаўленай вартасцю, а проста вывозілася за мяжу, практычна ў неперапрацаваным выглядзе, за хуткія грошы.

Па дадзеных міжнароднай арганізацыі Global Forest Watch, высечка лясоў значна паскорылася ў 2016 годзе. Потым тэмпы страты лесу паскорыліся. Улады Беларусі звязвалі гэта, па-першае, з ураганамі, якія павалілі многія лясы. Потым — з нашэсцем караеда. У 2021 годзе, калі кошты на драўніну ўзляцелі ва ўсім свеце, Беларусь яшчэ больш павялічыла высечку лясоў. Аднак у Мінлясгасе казалі, што гэта планавыя высечкі, таму што зараз Беларусь знаходзіцца «ў пікавай лясістасці» за апошнія сто гадоў. І лес, паколькі з'яўляецца аднаўляльным рэсурсам, патрабуе своечасовай высечкі, каб не было страты якасці драўніны пры нарыхтоўцы. А вось па дадзеных Global Forest Watch, лясістасць Беларусі, наадварот, няўхільна скарачаецца. Па дадзеных гэтай арганізацыі, з пачатку гэтага стагоддзя Беларусь страціла дзясятую частку свайго ляснога покрыва

Маштабнай высечкай у Беларусі скарысталіся, у тым ліку і заходнія кампаніі, нягледзячы на істотнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і санкцый Бруселя. Яны значна павялічылі закупкі беларускага лесу і інвеставалі ў пашырэнне вытворчасці, якая абыходзіцца ім нашмат танней, чым у ЕЗ. Адным з буйных замоўцаў з'яўляецца шведскі канцэрн IKEA. Ён планаваў да 2021 года нарасціць пастаўкі тавараў беларускай вытворчасці да 300 млн. еўра. Акрамя таго, за апошнія два гады доля беларускай драўніны ў пастаўках гэтаму міжнароднаму канцэрну павялічылася ў 1,5 раза і перавысіла долю драўніны са Швецыі, дзе базуецца IKEA. Па выніках фінансавага 2021 года на Беларусь прыпадала 8%, а на Швецыю — 7% ад агульнага аб'ёму паставак. У мінулым годзе пастаўкі з Беларусі выраслі на чвэрць і склалі 1,68 млн кубаметраў.

Аднак толькі нядаўняе ўварванне Расіі ва Украіну і наступіўшыя маштабныя санкцыі прымусілі шведскі канцэрн прыпыніць сваю дзейнасць як у РФ, так і ў Беларусі, якая прадаставіла сваю тэрыторыю для расейскіх войскаў. У выніку літоўская група SBA, якая была адным з партнёраў IKEA і вырабляла для яго мэблю ў Магілёве, прыняла рашэнне адправіць сваё беларускае прадпрыемства ў прастой

Аўтар і рэдактар Станіслаў Івашкевіч

Іншыя Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес
Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес

Крыніцы на рынку лесапрадукцыі перадалі БРЦ меркавана падробленыя дакументы. З іх вынікае, што драўніна нібыта з Казахстану і Кыргызстану перасякала мяжу...

26 сакавіка 2024 Чытаць