Расследаванні Сёння

Украінскі алігарх у вышуку. Як банк «кашалька» Лукашэнкі дапамагаў інвеставаць у гандаль зброяй

Пасля смяротнага ДТЗ Пятро Дымінскі ўцёк з Украіны, атрымаў «залатую візу» Грэцыі і вёў бізнес у пяці краінах, выкарыстоўваючы беларускія банкі для правядзення здзелак са зброяй.

Украінскі бізнесмен Пятро Дымінскі, які хаваецца ад крымінальнага пераследу на радзіме, меў бізнес-інтарэсы ў Беларусі. Мясцовыя банкі ён выкарыстоўваў для шматмільённых здзелак, у тым ліку з партнёрам кума Пуціна і кампаніяй, што гандлюе зброяй.

Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з Цэнтрам даследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, украінскім парталам NGL.media, сербскім выданнем KRIK, грэчаскім праектам Inside Story, пры падтрыманні «Кібэрпартызанаў» і з выкарыстаннем дакументаў праекта Cyprus Confidential, ініцыяванага ICIJ і Paper Trail Media.

Уцёкі з Украіны і «залатая віза» Грэцыі

Да ўцёкаў з Украіны Дымінскі быў прыметнай фігурай у бізнесе і палітыцы. Ён займаўся нафтавым і энергетычным бізнесам, быў дэпутатам парламента, валодаў львоўскім футбольным клубам «Карпаты» і тэлеканалам ZIK TV. У 2016 годзе памер яго капіталу ацэньваўся ў 103 мільёны долараў — ён займаў 44-е месца ў спісе найбагатых украінцаў паводле Forbes.

У жніўні 2017 года Mercedes Пятра Дымінскага, паводле даных следства, трапіў у ДТЗ у Львоўскай вобласці. 31-гадовая дзяўчына, у машыну якой урэзаўся аўтамабіль бізнесмена, загінула. Пасля аварыі ахоўнік Дымінскага сцвярджаў, што менавіта ён быў за стырном, але ўжо праз чатыры дні паліцыя ўстанавіла, што гэта не так, і выклікала бізнесмена на допыт. Брат загінулай дзяўчыны сцвярджаў, што ў момант аварыі Mercedes вёў сам Дымінскі.

Крыніца: БРЦ. Выява створаная з выкарыстаннем ШІ

На наступны дзень прыватны джэт даставіў Дымінскага са Львова ў Жэневу.

З таго часу ўжо восем гадоў Дымінскі знаходзіцца ў вышуку. Украінская паліцыя па-ранейшаму лічыць яго падазраваным па крымінальнай справе, але дакладнае месцазнаходжанне бізнесмена невядомае. Яго актыўнасць заўважалі ў Турцыі, Польшчы, Латвіі і Грэцыі.

У Грэцыі яго сляды знайшлі журналісты Inside Story. Праз два месяцы пасля аварыі Дымінскі набыў двухпавярховы дом з агароджанай тэрыторыяй у прыгарадзе Афін — Вуле, за 280 000 еўра. [*] Гэтая інвестыцыя дазволіла яму атрымаць грэчаскую «залатую візу», якую ён прадоўжыў у лістападзе 2022 года.

Праграма «залатых віз» у Грэцыі давала від на жыхарства з магчымасцю падарожнічаць па Еўропе замежнікам, якія ўклалі не менш за 250 тысяч еўра ў нерухомасць. Грэчаская паліцыя і Міністэрства міграцыі не далі прамых адказаў на пытанні па справе Дымінскага, абмежаваўшыся спасылкамі на нормы закона і прапанаваўшы звярнуцца ў іншыя органы. Апошняе ведамства дадало, што такія віды на жыхарства могуць быць ануляваныя ў выпадку здзяйснення злачынства. Сам Дымінскі таксама не адказаў на пытанні журналістаў, перададзеныя праз яго дачку і адваката.

Крыніца: БРЦ. Выява створаная з выкарыстаннем ШІ

Здзелка са зброяй праз беларускі банк

Пасля ўцёкаў з Украіны Дымінскі працягваў актыўна весці бізнес. У 2019 годзе, праз два гады пасля аварыі, ён прадаў ZIK TV прарасійскаму дэпутату Тарасу Козаку — блізкаму саюзніку кума Пуціна Віктара Медзведчука. Пасля змены ўладальніка тэлеканал пачаў трансляваць расійскую прапаганду, што прывяло да звальненняў топ-менеджэраў. У 2021 годзе ўкраінскія ўлады заблакіравалі вяшчанне канала.

Паводле дакументаў кіпрскай кампаніі Дымінскага Ablemark Limited, сума здзелкі склала 27,5 мільёна долараў. У злітых даных Cyprus Confidential мы знайшлі інфармацыю, што перавод прайшоў праз беларускае ЗАТ «Абсалютбанк». Ім валодаў бізнесмен Мікалай Варабей — фігурант санкцыйных спісаў, якога журналісты называюць «кашальком Лукашэнкі» і партнёрам Віктара Медзведчука. [*]

Варабей і Медзведчук сумесна валодалі шэрагам прадпрыемстваў і арганізоўвалі схемы паставак нафтапрадуктаў і іншых тавараў з Беларусі ва Украіну, устанавілі журналісты праграмы «Схемы» ўкраінскай службы «Радыё Свабода» ў 2021 годзе.

Праз кампанію, аформленую на сына Вараб’я, пастаўлялі дарожны бітум. На дзяржаўных кантрактах гэтая структура зарабіла сотні мільёнаў грыўняў.

Украінскі палітолаг Яўген Магда лічыць, што з улікам удзелу Дымінскага ў бізнес-групе «Кантыніум», ягоныя сувязі з Беларуссю маглі сфармавацца яшчэ ў часы, калі Лукашэнка быў «гібрыдным саюзнікам» Украіны і пастаўляў ёй гаруча-смазачныя матэрыялы і тавары двайнога прызначэння. Паводле Магды, фінансавая сістэма Беларусі дазваляе заключаць нефармальныя дамоўленасці з атачэннем Лукашэнкі, якія захоўваюцца гадамі. «Беларусь для Дымінскага цалкам можа быць ціхай гаванню, бо ў Расіі ўкраінскаму “західняку” наўрад ці камфортна, а Лукашэнка з 2014 года ахвотна прымае тых украінцаў, што аддаюць перавагу эміграцыі», — адзначае эксперт.

Выручаныя сродкі Ablemark Limited накіравала на выдачу шматмільённых пазык розным фірмам. Адным з пазычальнікаў стала Jikinto Limited, што ў лютым 2020 года атрымала безпрацэнтны крэдыт на сумму не менш за 2,6 млн еўра. Праз месяц сербскае Міністэрства гандлю дало кампаніі дазвол на экспарт зброі з Сербіі.

У тым жа годзе Jikinto Limited паставіла зброю з дзяржаўных сербскіх заводаў Міністэрству абароны Уганды на агульную суму каля 10 мільёнаў долараў ЗША. Паводле злітых дакументаў Cyprus Confidential, у лістападзе 2020 года Jikinto Limited вярнула Ablemark Limited частку пазык — 1,6 млн долараў. Перавод быў зроблены праз іншы беларускі банк, ААТ Банк «БелВЭБ». Невядома, ці была пагашана астатняя частка крэдыту. Сапраўдны ўласнік Jikinto Limited застаецца невядомым. [*]

Крыніца: БРЦ. Выява створаная з выкарыстаннем ШІ

Журналісты OCCRP выявілі, што праз два месяцы пасля экспарту зброі, у верасні 2020 года, жонка Дымінскага Алена атрымала пашпарт Сербіі. Сам бізнесмен меў грамадзянства гэтай краіны як мінімум з 2017 года. Міністэрства ўнутраных спраў Сербіі заявіла, што рашэнне было прынята «ў інтарэсах дзяржавы», але падрабязнасцей не раскрыла.

Беларускі след: банкі, кампаніі і нерухомасць

Беларускі след у гісторыі Дымінскага праявіўся не толькі праз банкі, якія ўдзельнічалі ў разліках з кампаніямі, што гандлявалі зброяй. Праз Ablemark Limited ён вёў перамовы аб куплі беларускага ЗАТ «БТА Банк», выявілі журналісты ў зліве даных Cyprus Confidential.

У лютым 2021 года адвакат бізнесмена накіраваў ліст, у якім паведаміў, што «Цэнтральны банк Беларусі параіў указаць грамадзяніна Сербіі ў якасці бенефіцыяра Ablemark». Пасля гэтага Алена Дымінская афіцыйна стала акцыянерам Ablemark Limited, скарыстаўшыся сербскім пашпартам. [*] Аднак здзелка не адбылася: у чэрвені 2024 года «БТА Банк» набыла кампанія ТАА «SNRG Capital Eurasia», да якой Дымінскі не меў дачынення.

Беларускія банкі прыцягваюць фігурантаў крымінальных спраў за мяжой праз ізаляцыю ад заходніх фінансавых сістэм і нізкую верагоднасць, што краіна будзе супрацоўнічаць з замежнымі праваахоўнымі органамі пры арышце замежных рахункаў, падзяліўся меркаваннем з БРЦ малодшы даследчык Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма» Павел Радзь. «Акрамя таго, больш слабы кантроль за адмываннем грошай у параўнанні з заходнімі ўстановамі, а таксама гатоўнасць банкаў працаваць, напрыклад, з узаемазвязанымі кампаніямі спрыяе таму, што беларускія банкі могуць выбіраць бізнес-фігуры, якія маюць праблемы з законам за мяжой», — патлумачыў ён.

Сярод асобаў, якія атрымалі даверанасць ад Ablemark Limited на куплю «БТА Банка» ў 2021 годзе, быў беларус Мар'ян Любіч, які годам раней уваходзіў у топ-11 найбуйнейшых беларускіх інвестараў у эканоміку Латвіі. З Дымінскім яго звязваюць і кампаніі ў Беларусі і Літве. [*]

У снежні 2019 года Ablemark Limited выдала ТАА «Еўразійскі інфармацыйны камерцыйны цэнтр» (ТАА «ЕІКЦ») крэдыт на 562 тысячы долараў. [*] Мар'ян Любіч — адзін з заснавальнікаў гэтай кампаніі, а таксама бенефіцыяр літоўскай UAB Maitreja, якая ў 2021 годзе таксама атрымала займ у памеры 1,6 млн еўра ад Ablemark Limited. У тым годзе выручка Maitreja склала 4,7 млн еўра, аднак у 2023 годзе кампанія не зарабіла нічога. Фірма спецыялізуецца на аптовым гандлі і экспарце драўніннай шчапы і пялет, паведамлялася на іх сайце. У 2019 годзе Maitreja інвеставала 2,5 млн еўра ў даччыную беларускую кампанію ТАА «Акітама».

Журналісты БРЦ спрабавалі звязацца з Мар'янам Любічам, каб атрымаць каментар. У тэлефоннай размове ён заявіў, што яму нічога не вядома пра здзелку Ablemark Limited, і адмовіўся адказваць на любыя пытанні.

Інтарэсы Дымінскага закраналі і рынак беларускай нерухомасці. На пасяджэнні савета дырэктараў Ablemark Limited у верасні 2021 года абмяркоўвалася, што кампанія гатова павялічыць інвестыцыі ў Беларусь. [*] Сярод магчымых праектаў разглядаўся недабудаваны жыллёвы комплекс у Віцебску, распрацаваны ТАА «Стройторгсервіс» пры фінансавай падтрымцы ААТ Банк «БелВЭБ». Паколькі ў забудоўшчыка былі даўгі перад банкам, Ablemark Limited планавала дамовіцца аб куплі правоў патрабавання са зніжкай.

БРЦ безвынікова спрабаваў дазваніцца да ўладальніка «Стройторгсервіс», а таксама накіраваў ліст гэтай кампаніі і банку «БелВЭБ» з пытаннямі, ці былі перададзены кампаніі Дымінскага правы патрабавання доўгу, аднак адказу на момант публікацыі расследавання мы не атрымалі.

Такім чынам, геаграфія бізнес-інтарэсаў Дымінскага пасля ўцёкаў з Украіны распаўсюджваецца як мінімум на пяць краін — Грэцыю, Сербію, Кіпр, Латвію і Беларусь. Увесь гэты час ён заставаўся фігурантам крымінальнай справы. Ва Украіне дасудовае расследаванне ў дачыненні да Дымінскага прыпынена «ў сувязі з міжнародным вышукам падазраванага», паведамілі ў Офісе Генеральнага пракурора ўкраінскаму парталу NGL.media.

Іншыя Расследаванні
Віцебскі завод радыёдэталей «Маналіт» вырабляе кампаненты для расейскага ВПК, у тым ліку на абсталяванні з ЕЗ
Расследаванні Віцебскі завод радыёдэталей «Маналіт» вырабляе кампаненты для расейскага ВПК, у тым ліку на абсталяванні з ЕЗ
Віцебскі завод радыёдэталяў "Маналіт" адправіў у РФ тавараў больш чым на $40 млн з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.
13 жніўня 2025 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць