Кампанія-вытворца галаграмаў звязаная з «гаманцом» Лукашэнкі. Кошт ахоўнага знаку засакрэчаны.

Амаль кожная пакупка ў беларускай краме прыносіць прыбытак вытворцу галаграмаў. Пераліўныя стыкеры ставяць на шматлікія тавары: ад газіроўкі да ноўтбукаў і каштоўных папераў. Вырабляе ахоўныя выявы прыватнае прадпрыемства. Журналісты БРЦ высветлілі, што яно звязанае з «гаманцом» Лукашэнкі Віктарам Шаўцовым, а ягоныя ўладальнікі знаёмыя з сям'ёй самага ўплывовага палітыка ў краіне. Замест каментара адзін з іх паабяцаў «душыць змагароў».

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы OCCRP і «Кіберпартызанаў».

Аляксандр Лукашэнка як мінімум чатыры разы дарыў творы мастацкай галаграфіі ўладным людзям. У 2013 годзе — патрыярху Кірылу, у 2014-м — патрыярху сербскаму Ірынею, у 2016-м — папу рымскаму Францішку, у 2019-м — наследнаму прынцу Абу-Дабі Шэйху Мухамеду бен Заіду аль-Нахаяну.

Папа рымскі Францішак, Аляксандр Лукашэнка
Крыніца: БРЦ / Папа рымскі Францішак, Аляксандр Лукашэнка

Чаму выбар прыпаў на карцінкі, якія пераліваюцца вясёлкавымі колерамі, сказаць складана. Але вось хто іх вырабляе — і ў выглядзе падарункавых абразоў, і ў выглядзе ахоўных галаграмаў, усталявалі журналісты БРЦ. Выручка гэтай беларускай кампаніі расце з кожным годам. [*] [*]

ГАЛАГРАФІЗАЦЫЯ КРАІНЫ

Галаграма — гэта выява, у якой запісанае светлавое поле, што ствараецца аптычным выпраменьваннем. З 80-х гэтую тэхналогію ў свеце пачалі выкарыстоўваць для абароны дакументаў і крэдытных картаў ад падробак. У Беларусі ахоўныя галаграмы выкарыстоўваюцца шырока. Можна сказаць, яны ператварыліся ў прадмет нацыянальнага гонару.

Галаграмы — і на пашпартах, і на формах патэнтаў, і ў відах на жыхарства, і на страхавых полісах, і на латарэйных квітках, і на праязных. У рэспубліцы ахоўныя элементы выкарыстоўваюцца на больш чым дзесяці відах бланкаў і дакументаў.

Такога тыпу абарона ёсць у многіх краінах. Але ў Беларусі, складваецца ўражанне, ахоўнымі стыкерамі з галаграмамі спрабуюць абляпіць літаральна ўсё. У крамах можна сустрэць маркіраваныя кантрольнымі знакамі з галаграмамі сокі, кансервы, ікру, каву, гарбату, алей, мінеральныя воды, газіроўкі, мыйныя сродкі, пральныя парашкі, антыфрызы, прынтары, ноўтбукі, мабільныя тэлефоны, маніторы, тэлевізары. І гэта не поўны спіс. Галаграмы ў Беларусі — на касавых апаратах і гульнявых аўтаматах. Таксама яны выкарыстоўваюцца на акцызных марках для алкагольных і тытунёвых вырабаў.

Акцызная марка для алкагольнай прадукцыі каштуе 7 капеек або 2 еўрацэнта. У Беларусі ў 2023 годзе прадалі каля 79 млн літраў гарэлкі. Калі б яе разлівалі ў літровыя бутэлькі, то прыбытак ад акцызнай маркі склаў бы 5,5 млн рублёў або больш за паўтара мільёна еўра. І гэта толькі гарэлка. [*] [*]

Колькі каштуе галаграма для акцызнай маркі, у нас не атрымалася даведацца. Гэта таямніца, сказаў у размове з журналістам БРЦ заснавальнік кампаніі-вытворцы ахоўных налепак: «Гэта інфармацыя закрытая. <...> Але вы спытайце ў КДБ, чаму КДБ усім не ходзіць і не кажа, што яны робяць».

Продаж піва лічыцца ў сотнях мільёнаў літраў. І яно ў Беларусі, у адрозненне ад суседніх Польшчы, Украіны і Расеі, таксама маркіруецца кантрольнымі знакамі з галаграмамі.У Літве, напрыклад, таксама няма абавязковай маркіроўкі харчовых прадуктаў галаграмамі. Пра гэта нам паведамілі ў дзяржаўнай харчова-ветэрынарнай службе краіны.

Мэтазгоднасць выкарыстання галаграмаў для маркіроўкі тавараў ставілі пад сумнеў на канферэнцыі HOLOEXPO у Санкт-Пецярбургу ў 2022 годзе. Але прадстаўнік адной уплывовай прыватнай беларускай кампаніі, пра якую гаворка пойдзе далей, настаяў на тым, што лічбавая маркіроўка без галаграмаў не дастаткова надзейная. Маўляў, у Беларусі такая абарона будзе па-ранейшаму прасоўвацца толькі ў спалучэнні з аптычнай.

Пры гэтым Максім Курганскі, дырэктар па абароне легальнага абароту прадукцыі расейскага Цэнтру развіцця перспектыўных тэхналогіяў адзначыў, што калі ляпіць галаграмы на танныя тавары, то ад гэтага яны істотна падаражэюць. Нягледзячы на падобныя контраргументы, улады Беларусі стварылі попыт на галаграфічныя ахоўныя элементы: яны патрэбныя заўсёды і іх трэба шмат, таму што спіс тавараў, на якіх павінна быць маркіроўка, уражвае.

ГАЛАГРАФІЧНАЯ ІНДУСТРЫЯ

Паводле дадзеных Міністэрства фінансаў, «Галаграфічная індустрыя» — адзінае беларускае прадпрыемства, якое мае дазвол на вытворчасць ахоўных галаграмаў, а таксама крышталаграмаў для бланкаў каштоўных папераў і дакументаў з пэўнай ступенню абароны. Як толькі кампанія атрымала ліцэнзію на дзейнасць у сакавіку 2011 года, пасыпаліся пастановы Савету Міністраў, якія ўвялі налепкі з галаграмамі на шырокі пералік тавараў, касавыя апараты і гульнявыя аўтаматы. [*]

«Галаграфічная індустрыя» шчыльна супрацоўнічае з «Менскай друкаванай фабрыкай», якая ўваходзіць у структуру Дэпартаменту дзяржаўных знакаў Міністэрства фінансаў, скарочана Дзяржзнак. Гэты орган адказвае за палітыку ў галіне распрацоўкі і вытворчасці бланкаў каштоўных папераў, дзяржзнакаў і дакументаў з пэўнай ступенню абароны.

У «Галаграфічнай індустрыі» і дзяржаўнай «Менскай друкаванай фабрыкі» ёсць як мінімум адзін сумесны патэнт у Беларусі і два (1, 2) у Еўразійскай патэнтнай арганізацыі. А былы дырэктар Дзяржзнаку (да 2022 года) Сяргей Кіслухін з'яўляецца суаўтарам сямі патэнтаў заснавальніка «Галаграфічнай індустрыі».

Менавіта прадпрыемствы Дзяржзнаку дапамагаюць «Галаграфічнай індустрыі» атрымліваць стабільны даход. Напрыклад, у 2023 годзе кампанія выйграла тэндар на закуп палімернага матэрыялу на больш чым 8 млн рублёў (прыкладна €2,5 млн). Заказчыкам была «Менская друкаваная фабрыка». [*] [*] Толькі адна гэтая здзелка прынесла пятую частку гадавой выручкі «Галаграфічнай індустрыі»: больш за 43 млн рублёў або больш за €13 млн. Чысты прыбытак кампаніі за 2023 год — каля трох мільёнаў рублёў або €900 тыс. За апошнія пяць гадоў — больш за €5 млн. Выручка кампаніі расце прынамсі чатыры гады запар. [*] [*]

Заснавальнік «Галаграфічнай індустрыі» ў размове з журналістамі БРЦ пацвердзіў, што Дзяржзнак падтрымлівае кампанію праз адно са сваіх прадпрыемстваў: «Дзяржзнак нам цяпер эфектыўна дапамагае ў асобе „Крыптатэх"».

Леанід Танін, міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў
Крыніца: БРЦ / Леанід Танін, міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў

На сайце «Галаграфічнай індустрыі» пазначана, што толькі з 2005-га па ліпень 2017-га прадпрыемства, якія ўваходзяць у структуру Дэпартаменту дзяржаўных знакаў Мінфіну, рэалізавалі бланкаў і дакументаў з пэўнай ступенню абароны на суму каля мільярда долараў. Там жа адзначаецца, што «Галаграфічная індустрыя» цалкам забяспечвае беларускі рынак.

То бок, на беларускім рынку галаграфіі асаблівае месца займае прыватная кампанія з выручкай, якая стабільна расце, а да таго ж звязаная са структурамі Міністэрства фінансаў.

ДОКТАР НАВУК З УЗНАГАРОДАМІ АД ЛУКАШЭНКІ

«Галаграфічную індустрыю» заснаваў Леанід Танін — доктар фізіка-матэматычных навук, заслужаны вынаходнік Беларусі, акадэмік Міжнароднай інжынернай акадэміі і суаўтар шматлікіх патэнтаў у сферы аптычнай фізікі. Яго таксама называюць заснавальнікам школы галаграфіі ў Беларусі.

Распрацаваныя Таніным спосабы, пры дапамозе якіх атрымліваюць камбінаваныя аб'ёмныя і плоскія выявы, атрымалі патэнтавую ахову ў СССР, ЗША, Нямеччыне, Балгарыі, Чэхаславакіі і Францыі. У 2000 годзе яго абралі акадэмікам Міжнароднай інжынернай акадэміі за выбітныя дасягненні ў галіне навукі і тэхнікі.

«Я 52 гады жыцця паклаў на галаграфію. 52 гады з раніцы да вечара», — сказаў Леанід Танін у размове з журналістам БРЦ. Ён адзначыў, што асабліва важнай лічыць мастацкую галаграфію. Такімі працамі ўпрыгожаны ўвесь ягоны кабінет.

Вынаходнік у 90-х быў чальцом кансультацыйных саветаў па пытаннях нацыянальнай бяспекі пры Савеце Рэспублікі Беларусь і пры старшыні Дзярждумы Расеі. У Беларусі Танін дамогся таго, што галаграмы сталі выкарыстоўваць на акцызных марках і пры маркіроўцы тавараў.

«Я нажыў некалькі інфарктаў, перш чым дамогся шмат чаго», — адзначыў ён.

Лукашэнка ўручыў навукоўцу мноства дзяржаўных узнагародаў: прэмію «За духоўнае адраджэнне», Ордэн Пашаны, званне «Заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь».

«Такіх прыватнікаў я падтрымліваю. Бо тут з нуля, за кошт сваіх мазгоў і прыцягнення замежных інвестыцыяў здолелі стварыць новы напрамак», — казаў пра Таніна Аляксандр Лукашэнка падчас уручэння яму дыплому доктара навук у 2016 годзе.

Акрамя навукоўцы ў склад акцыянераў «Галаграфічнай індустрыі» ўваходзяць ягоны ўнук Вячаслаў, другая заснаваная вынаходнікам кампанія «Магія святла», два дзяржаўныя прадпрыемствы — «Крыптатэх» ужо згаданага намі Дзяржзнаку і «Інстытут фізікі ім. Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», два адкрытых акцыянерных таварыствы, якія вырабляюць алкагольныя напоі, — «Менск Крышталь» і «Берасцейскі лікёра-гарэлачны завод "Белалка"», кампанія «Тэхнахімтрэйд».

СЯМ’Я І «ГАМАНЕЦ ДЫКТАТАРА»

З усіх акцыянераў кампанія «Тэхнахімтрэйд» зацікавіла нас больш за ўсё. Як мінімум на пачатку 2016 года яна валодала найбольшым пакетам акцыяў «Галаграфічнай індустрыі» — 35,5%. [*] Адзіным уласнікам «Тэхнахімтрэйд» з'яўляецца бізнесовец Віктар Шаўцоў, якога яшчэ ў 2011 годзе СМІ называлі «гаманцом дыктатара». [*] [*] Ён быў адным з бенефіцыяраў «Трастбанку», які, у сваю чаргу, меў долю ў кампаніі «Белзамежбуд». [*] Гэтую фірму кантралявала таксама дзяржава. [*]

Віктар Шаўцоў
Крыніца: БРЦ / Віктар Шаўцоў

Год таму БРЦ апублікаваў расследаванне, якое паказала, як Віктар Шаўцоў разам з дзяржавай з 2007 года да пачатку 20-х зарабіў на праектах «Белзамежбуду» ў Венесуэле. Кампанія выканала там праекты як мінімум на паўмільярда долараў. У 2004 годзе «Трастбанк» называўся «Інфабанкам». [*] [*] Праз «Інфабанк» Шаўцоў быў бенефіцыярам кампаніі «Белметалэнерга», якая ўдзельнічала ў праграме ААН «Нафта ў абмен на прадукты харчавання». [*] [*] У яе межах «Белметалэнерга» атрымала квоты на пастаўкі нафты. ЗША ўвялі супраць «Інфабанку» абмежаванні праз падазрэнне ў адмыванні грошай для рэжыму Садама Хусэйна, аднак пасля разбору скасавалі іх.

ААН запусціла праграму «Нафта ў абмен на прадукты харчавання» ў 1995 годзе. Праз міжнародныя санкцыі жыццё насельніцтва Іраку сур'ёзна пагоршылася. Таму рэжыму Садама Хусэйна дазволілі экспартаваць нафту пры ўмове, што на атрыманыя грошы будзе закупляцца харчаванне.

Аднак у пачатку 2000-х вакол праграмы разгарэўся скандал: высветлілася, што прадукты харчавання не даходзяць да іракцаў, а на продажы нафты зарабляе толькі клан Хусэйна.

У апошняй справаздачы ў кастрычніку 2005 года камітэт ААН абвінаваціў у выплаце адкатаў для атрымання кантрактаў амаль палову з 4500 удзельнікаў праграмы. Сутнасць схемы была ў тым, што Ірак прадаваў нафту ніжэй рынкавага кошту, яго партнёры перапрадавалі яе, а частку звышпрыбыткаў вярталі прадстаўнікам Хусэйна наяўнымі. Паводле падлікаў арганізацыі, такім чынам рэжыму Хусэйна ўдалося прысабечыць $1,8 млрд. Сярод дзяржаваў, якія трапілі пад абвінавачванні ААН, была і Беларусь, якая падтрымлівала шчыльныя кантакты з рэжымам Хусэйна.

Аб галаграфічным бізнесе Віктара Шаўцова да нашага расследавання не было вядома. Ён не толькі з'яўляецца фармальным акцыянерам «Галаграфічнай індустрыі» праз «Тэхнахімтрэйд», але і актыўна ўдзельнічае ў яе дзейнасці. У базе «Кіберпартызанаў» пазначана, што Шаўцоў працаваў у кампаніі прынамсі ў 2016-2017 гадах. [*] У 2003-2013 бізнесовец стаў суаўтарам васьмі запатэнтаваных вынаходак, у якіх заяўнікам і праваўладальнікам былі або ЗАТ «Галаграфічная індустрыя», або ТАА «Магія святла», яшчэ адна кампанія сямʼі Таніных.

Леанід Танін у размове з намі пацвердзіў, што ведае Шаўцова. Сярод іншага яго сувязі дапамаглі «Галаграфічнай індустрыі» дамагчыся пазіцыі лідара на рынку.

«Не без яго [Віктара Шаўцова] удзелу. Ён у свой час зрабіў вельмі добры крок. Ён дзяржаве аддаў частку сваіх акцыяў, — растлумачыў Танін. — Але ўзамен на гэта дзяржава нам дала замовы, стабільныя замовы. Не, ён, вядома, талковы бізнесовец».

Навуковец адзначыў, што Шаўцоў таксама дапамагае кампаніі з закупам матэрыялаў за мяжой, а гэта складана арганізаваць ва ўмовах санкцыяў.

Акрамя «гаманца дыктатара» Шаўцова журналісты БРЦ знайшлі і іншыя сувязі акцыянераў «Галаграфічнай індустрыі» з набліжанымі да ўлады. Унук Леаніда Таніна Вячаслаў, які валодае доляй у кампаніі і працуе ў яе камерцыйным аддзеле, сябруе са сваякамі сям'і Лукашэнкі.

Мы знайшлі сумеснае фота Вячаслава і Уладзіміра Кулакова, мужа сястры нявесткі Лукашэнкі. Мужчыны ў абдымку пазуюць перад камерай на адкрыцці крамы жаночага адзення «Я».

Крыніца: shopogoliki.by

На мерапрыемства яны трапілі не выпадкова. Крамай валодае жонка Уладзіміра Таццяна Кулакова — родная сястра Ганны Лукашэнка, жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі. [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*]

Вячаслаў Танін
Крыніца: БРЦ / Вячаслаў Танін

Мы таксама знайшлі ў фэйсбуку пацвярджэнне цёплых адносінаў Вячаслава Таніна з Уладзімірам Кулаковым. Апошні хаваецца за старонкай «Бам Аўтамыечныя Комплексы». [*] [*] Вячаслаў Танін робіць мемы з фота Уладзіміра Кулакова і каментуе ягоныя публікацыі. [*] [*] У сябрах у Вячаслава Таніна можна знайсці і саму Таццяну Кулакову, і сястру Уладзіміра Ганну Кулакову. [*] [*]

«Я вас, змагароў, душыў, душу і буду душыць. Не тэлефануйце мне больш», — сказаў Вячаслаў Танін журналістам БРЦ у адказ на просьбу аб каментары.

Леанід Танін пацвердзіў нам, што сям'я ягонага сына мае зносіны з сямʼёй Кулаковых, аднак адзначыў, што апошнія ніяк не ўдзельнічаюць у дзейнасці «Галаграфічнай індустрыі»: «Да нашых справаў і бізнесу галаграфічнага гэта ніякага дачынення не мае».

Сын навукоўца Андрэй Танін таксама быў звязаны з бізнесам «гаманца» Лукашэнкі. [*] [*] З лютага 2023 па люты 2024 года ён кіраваў клінікай «Мерсі» — адзінай на момант выхаду нашых мінулых расследаванняў прыватнай медустановай у Беларусі, якая магла ставіць эндапратэзы. [*] [*]

У мінулых расследаваннях (1, 2) мы высветлілі, што ўладальнікі «Мерсі» звязаныя з людзьмі Аляксандра Лукашэнкі.

Людміла Няронская — сяброўка Ліліі Лукашэнка, а Артур Зубарык — партнёр падсанкцыйнага «гаманца» Лукашэнкі Аляксандра Зайцава.

Жонка Андрэя Таніна Анжэла больш за 15 гадоў прапрацавала акушэрам-гінеколагам у «Рэспубліканскім клінічным медычным цэнтры» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, а на момант публікацыі прымае пацыентаў усё ў той жа клініцы «Мерсі». [*] [*] [*]

Анжэла Таніна, Андрэй Танін
Крыніца: БРЦ / Анжэла Таніна, Андрэй Танін

То бок, у Беларусі, дзе ахоўныя галаграмы лепяць на шматлікія тавары — ад газіроўкі да ноўтбукаў і каштоўных папераў, адзінае прадпрыемства, якое мае дазвол на іх вытворчасць, кантралююць фігуранты нашых расследаванняў, звязаныя з сям'ёй Лукашэнкі.

«МАГІЯ СВЯТЛА» і КДБ

Галаграфічныя карціны, якія Аляксандр Лукашэнка дарыў у тым ліку папу Францішку, стварае кампанія «Магія святла». Яе таксама заснаваў Леанід Танін. Зараз прадпрыемствам валодае другая жонка вынаходніка. [*] [*] [*] [*] Як распавёў нам ён сам, гэта другая пасля «Галаграфічнай індустрыі» кампанія, якая выпускае галаграмы. Канкурэнтаў у Беларусі ў іх няма. 

«Магія святла» — кампанія не настолькі прыкметная на рынку галаграфіі, як «Галаграфічная індустрыя», але, як высветлілася, таксама з цікавай гісторыяй. Паводле дадзеных базы закупак Легат, прадпрыемства перамагала ў тэндарах па працэдуры закупу з адной крыніцы і некалькі разоў імітавала канкурэнцыю на таргах з «Галаграфічнай індустрыяй» (у іх, нагадаем, агульны заснавальнік — Леанід Танін). Са словаў кіраўніка праекту Open Tenders Уладзіміра Кавалкіна, гэта — «вялікі тоўсты чырвоны сцяг, які нам кажа пра тое, што, хутчэй за ўсё, такі закуп можа быць зроблены пад канкрэтную фірму». А ў 2009 годзе «Магія святла» супрацоўнічала з беларускімі спецслужбамі: займалася распрацоўкай новага віду галаграмаў з кадаванай інфармацыяй для КДБ.

Закуп з адной крыніцы — від працэдуры дзяржаўнага закупу, калі заказчык прапануе заключыць дамову толькі аднаму патэнцыйнаму пастаўшчыку.

«Закупы з адной крыніцы — гэта заўсёды вельмі такі карупцыйна ёмісты спосаб правядзення закупаў», — адзначыў Кавалкін.

уласніца і кіраўніца ААТ «Магія святла» Людміла Таніна
Крыніца: БРЦ / уласніца і кіраўніца ААТ «Магія святла» Людміла Таніна

Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру спрабавалі ўзяць каментар у Віктара Шаўцова. Але на нашыя тэлефанаванні ён не адказаў. Мы таксама даслалі ліст у «Магію святла», але на момант выхаду матэрыялу не атрымалі адказ.

Іншыя Расследаванні