Расследаванні Сёння

Аматары BMW і Rolls-Royce. Як і колькі сябры Лукашэнкі зарабляюць на абыходзе санкцыяў коштам «Гродна Азоту»

Дзяржаўнае прадпрыемства, на якім працуе каля 7000 беларусаў, страціла прыкладна траціну даходу ад экспарту ў ЕЗ.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова сцвярджаў, што заходнія санкцыі пайшлі на карысць. Гэтае расследаванне БРЦ паказвае, каму менавіта. Мы разбіраемся, як кампаніі, створаныя для абыходу абмежаванняў, ператварылі дзяржаўны «Гродна Азот» у крыніцу прыватнага ўзбагачэння — за кошт заводу, яго супрацоўнікаў і дзяржавы.

Матэрыял падрыхтаваны ў супрацы з ініцыятывай «Рабочы рух» і польскім выданнем Dziennik Gazeta Prawna. Гэта другая частка расследавання пра схему абыходу санкцыяў прадпрыемствам «Гродна Азот». У першай мы распавялі пра два маршруты ў яе межах — польскі і латвійскі. 

«Гріком»: спачатку сваімі сіламі

У снежні 2021 года Еўразвяз наклаў санкцыі на адно з найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў «Гродна Азот» — за рэпрэсіі супраць працоўных, якія ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года, і падтрыманне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Каб працягнуць экспарт у заходнім накірунку, на заводзе распрацавалі схему. Гарадзенскі райвыканкам заснаваў Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Гріком», якое на паперы стала «незалежным вытворцам», але на практыцы было пракладкай — выдавала азотныя ўгнаенні «Гродна Азоту» за свае ўласныя і прадавала ў ЕЗ. [*]

Дырэктарам новай фірмы прызначылі праверанага чалавека — Віктара Русака, былога начальніка аддзелу кадраў «Гродна Азоту». [*] У 2020-м менавіта Русак ачольваў выбарчы ўчастак на прадпрыемстве, дзе Лукашэнку налічылі болей за 66% галасоў, што моцна разышлося з падлікамі незалежных назіральнікаў. 

«Гріком» стаў першым вядомым нам пастаўшчыком беларускіх азотных угнаенняў у Еўропу праз абыход санкцыяў. Гэтая кампанія ўжо фігуравала ў расследаваннях БРЦ: «Як беларускія ўгнаенні ідуць у Еўропу праз фірмы-пракладкі» і «Як Узбекістан дапамагае Беларусі абысці забароны і прадаваць у ЕЗ угнаенні».

Паслугі фірмы-пракладкі каштавалі няшмат — не больш за 1% ад адпускнога кошту азотных угнаенняў, часамі нават меней за 0,2%. [*] [*] Такую сціпласць добра тлумачыць даведка, накіраваная ў Савет міністраў Беларусі канцэрнам «Белнафтахім», у склад якога ўваходзіць «Гродна Азот». У ёй канцэрн прызнаецца ў стварэнні фірм-пракладак «для пераадолення санкцыйных абмежаванняў». Іх назвалі спецэкспарцёрамі. Таксама ў дакуменце гаворыцца, што спецэкспарцёр павінен зарабляць мінімальна — «на пакрыццё лагістычных выдаткаў і ажыццяўленне бягучай фінансава гаспадарчай дзейнасці». [*]

Аднак 2022 год прынёс новыя магчымасці — і новых гульцоў, якія мелі значна большы апетыт.

Сябар майго сябра — мой сябар

Поўнамаштабная вайна ва Украіне кардынальна змяніла сітуацыю. За першае паўгоддзе 2022-га цэны на еўрапейскім газавым рынку ўзляцелі ў 2,5 разу. А Беларусь працягвала атрымліваць расейскі газ па нізкіх коштах. У жніўні розніца паміж коштам на ф’ючэрсы газу ў Еўропе і цана, па якой Беларусь набывала газ у Расеі, дасягала 30 разоў. Паколькі газ з'яўляецца асноўнай сыравінай для вытворчасці азотных угнаенняў, беларуская азотная прадукцыя зрабілася асабліва канкурэнтаздольнай.

Крыніца: БРЦ. Выява створаная з выкарыстаннем ШІ

Напрыканцы лета 2022 году з прапановай дапамогі ў абыходзе санкцыяў на «Гродна Азот» прыйшла першая прыватная фірма — ТАА «Тэхнаспецтрэйдынг». У рэдакцыі ёсць пратаколы паседжанняў кіраўніцтва дзяржаўнага заводу з прадстаўнікамі кампаніі. [*] [*] З іх вынікае, што рашэнне аб далучэнні новага гульца да схемы прымалі ў надзвычай хуткім тэмпе. Усё адбылося цягам месяца: правялі некалькі сустрэчаў, на вырашэнне пастаўленых задачаў давалі па 2-3 дні. Магчыма, сакрэт такой спешкі ў тым, што фактычным уласнікам «Тэхнаспецтрэйдынгу» з’яўляецца грамадзянін Арменіі Армэн Аруцюнян — былы бізнес-партнёр Сяргея Цяцерына. А Цяцерын — гэта сябар і адзін з «гаманцоў» Аляксандра Лукашэнкі. 

Як і «Гріком», «Тэхнаспецтрэйдынг» існаваў як незалежны вытворца толькі на паперы. У рэальнасці нічога не змянілася: прадукцыя выпускаецца ў тых жа цэхах, на тым жа абсталяванні і тымі ж рабочымі «Гродна Азоту», што і раней. Прынцыповая розніца — гэта маржа. Замест 1% «Тэхнаспецтрэйдынг» пачаў накручваць у дзясяткі разоў болей — ад 19% да 31% да адпускнога кошту «Гродна Азоту». 

Крыніца: БРЦ. Выява створаная з выкарыстаннем ШІ

Выручаныя мільёны ішлі не на развіццё заводу, а між іншага на шыкоўны стыль жыцця датычных да гэтага бізнесу. Кампанія мае гараж люксавых аўтамабіляў: BMW X5, Mercedes GLC, два BMW 750, спорткар BMW M3. Дыяментам калекцыі стаў Rolls-Royce Ghost. Для параўнання: рабочы «Гродна Азоту» з заробкам 2000-3000 рублёў (столькі прадпрыемства прапаноўвае слесарам і апаратчыкам) павінен амаль 12,5 года адкладаць усе выплаты, каб купіць такое аўто. [*] [*] [*]

Апроч таго кіраўніцтва фірмы перадавала сабе ў бескаштоўнае карыстанне найноўшыя смартфоны iPhone і Samsung, якія набывалі за карпаратыўны кошт. [*]

Самы значны артыкул выдаткаў — прыватныя пазыкі. За 2022–2023 гады кампанія выдала больш як 4 млн рублёў (больш як $1,4 млн) свайму бенефіцыяру Армэну Аруцюняну, дырэктару Дзмітрыю Гошку і звязаным з імі структурам. [*]

Бізнесовец і блогер Аляксандр Кныровіч у каментары БРЦ патлумачыў, што з дапамогай пазыкаў кіраўніцтва «Тэхнаспецтрэйдынгу» магло пазбягаць сплаты падаткаў:

«Звычайна такія пазыкі выплочваюцца, калі фірма не можа выплаціць дывідэнды або калі лічыць, што дывідэнды — гэта вельмі дорага. Таму што, калі ты плаціш дывідэнды, ты павінен спачатку цалкам заплаціць ПДВ, потым паказаць прыбытак, потым паказаць падатак на прыбытак, потым паказаць падатак на дывідэнды і толькі пасля гэтага ты можаш атрымаць наяўныя грошы сабе на рахунак. У выпадку ж пазыкаў не трэба выконваць вось гэтую тэхналогію. Адзінае, што, канечне, з нядаўняга часу 13% ты павінен аддаць дзяржаве. Але потым, калі ты вернеш пазыку, ты маеш права іх залічыць, гэтыя 13%. … Заканадаўства не ўсталёўвае нейкі канкрэтны тэрмін, калі ты павінен вярнуць гэтую пазыку, тым больш уласнаму прадпрыемству. Нават, калі на паперы напісана: на адзін год, на два, на пяць. Гэты тэрмін можна працягваць фактычна бясконца, праз рашэнне, напрыклад, заснавальнікаў. Якім ты сам, агулам, гэтым заснавальнікам і з’яўляешся».

Апроч таго, такім чынам можна хаваць надзвычай высокія заробкі, якія могуць не спадабацца Аляксандру Лукашэнку, дадаў Кныровіч.

Прадай сабе — зарабі двойчы

Але гэта толькі частка прыбытку бенефіцыяраў кампаніі. Некаторыя замежныя фірмы, якім «Тэхнаспецтрэйдынг» прадае азотныя ўгнаенні, таксама належаць Армэну Аруцюняну. Напрыклад, дубайская World Chem Trading Cо. L.L.C. або польская TST PL sp. z o.o. [*] [*] То бок, спачатку кампанія Аруцюняна прадае азотныя ўгнаенні яго замежным фірмам, а тыя ўжо перапрадаюць іх рэальным еўрапейскім пакупнікам. Як сведчаць рахункі, якія нам перадалі сябры ініцыятывы «Рабочы Рух», гэта дае дадатковыя 17-30% нацэнкі. У выніку прыбытак прыблізна ў $140 на тоне ідзе на рахункі прыватных кампаніяў Аруцюняна, а не ў скарбонку дзяржаўнага «Гродна Азоту».

Схема з абыходам санкцыяў праз гэтыя тры фірмы абыходзяцца «Гродна Азоту» нават у 50 разоў даражэй, чым калі тую ж функцыю выконвала дзяржаўная пракладка. Пад час супрацы з «Гріком» прадпрыемства прадавала карбамід у Еўразвяз па €350-380 за тону — практычна па рынкавым кошце. З прыватнымі пракладкамі завод атрымлівае толькі €236 за тону, хаця рынкавы кошт амаль не змяніўся.

Пад відам кліентаў мы дазваніліся да дырэктара «Тэхнаспецтрэйдынгу» Дзмітрыя Гошкі — ён пацвердзіў, што фірма займаецца экспартам азотных угнаенняў і гатовая да супрацы. 

Таксама мы датэлефанаваліся да супрацоўніцы польскай фірмы TST PL Яўгеніі Карніенка, але яна паклала слухаўку. Паразмаўляць з прадстаўніком кампаніі не атрымалася нават пад час візіту ў яе офіс у горадзе Бяла Падляска: у памяшканні знаходзіўся толькі адзін мужчына, які прадставіўся несапраўдным імем і заявіў, што не мае дачынення да TST PL (насамрэч, мае, але ўскоснае — пазней мы высветлілі, што яго дзяўчына працуе ў фірме).

Больш «гаманцоў»

У 2024 годзе схема абыходу санкцыяў пашырылася. Да яе далучылі яшчэ некалькі пракладак, якія належаць да дзвюх зацікаўленых груп. З беларускага боку пастаўкі кантралююць асобы, набліжаныя да Дзмітрыя Лукашэнкі, сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі, і Мікалая Вараб'я, яго нафтавага «гаманца». Замежныя фірмы-пракладкі зарэгістравалі на людзей з атачэння Віктара Шэймана, найбліжэйшага паплечніка Лукашэнкі.

Крыніца: БРЦ. Выява створаная з выкарыстаннем ШІ

Да першай групы належыць кампанія ТАА «МетаТрэйдзінгПрам». Ёй валодаюць тры асобы: Андрэй Карповіч — былы дырэктар Прэзідэнцкага спартовага клуба, якім кіруе Дзмітрый Лукашэнка, Сяргей Пузевіч, звязаны з Мікалаем Вараб’ём, Алег Алёхін — былы функцыянер «Гродна Азоту». 

Фірма працуе па той жа схеме, што і «Тэхнаспецтрэйдынг»: спачатку азотныя ўгнаенні прадаюць за мяжу кампаніям-пракладкам, а пасля рэальным кліентам. Фінальны кошт прадукцыі можа перавышаць адпускны нават на 70% — журналісты БРЦ знайшлі прынамсі адну такую пастаўку. Гэта ў 65 разоў болей, чым каштавалі паслугі «Грікому».

«МетаТрэйдзінгПрам» перапрадае беларускія ўгнаенні кампаніям у Еўразвязе. Адна з іх — польская Aliansgroup sp. z o.o. Ключавую ролю ў ёй адыгрывае Андрэй Лындоў, звязаны з былым ахоўнікам Лукашэнкі Аляксандрам Раманоўскім. Нямецкая Bauer Blue GmbH набывае карбамід праз эстонскую Stacroloft Inc. Oü. Уласнік Stacroloft — Сяргей Неміроўскі, цесць якога займаў пасаду намесніка гендырэктара дзяржаўнай кампаніі «Белзарубежгандаль», якая экспартавала нафтапрадукты пад кіраўніцтвам Шэймана. З апошнім звязаная і чацвертая кампанія-пакупнік — зарэгістраваная на Кіпры Rostumel Holding Limited. Яна фігуравала ў іншым расследаванні БРЦ — пра абыход санкцыяў па продажы ўгнаенняў і люксавых аўтаў. Пасаду фінансавага дырэктара ў кампаніі займае былы намеснік Шэймана ва Упраўленні справамі прэзідэнта Андрэй Свірыдаў. 

Мы дазваніліся да яго: ён кінуў слухаўку, калі пачуў тэму размовы.

Канфлікт «махлярскіх структураў»

Пачатак працы «МетаТрэйдзінгПрам» з азотнымі ўгнаеннямі стаўся цяжкім часам для старога партнёра «Гродна Азоту» — «Тэхнаспецтрэйдынгу». Вясной 2023-га ў кампанію Армэна Аруцюняна завітала падатковая інспекцыя, якая знайшла буйную недаплату падаткаў, у тым ліку на люксавы Rolls-Royce. Затым частка кліентаў перайшла да канкурэнтаў з «МетаТрэйдзінгПрам».

Крыніца: БРЦ. Выява створаная з выкарыстаннем ШІ

Ланцужок гэтых падзеяў прывёў да таго, што ў чэрвені 2024-га дырэктар Дзмітрый Гошка напісаў данос на імя «высокапаважанага Аляксандра Рыгоравіча». Ён абвінаваціў «МетаТрэйдзінгПрам» у махлярстве:

«…намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях ["Гродна Азоту"] Стрэчань А.А., наўмысна ўводзячы зман генеральнага дырэктара заводу, прывёў на завод махлярскую структуру (групу кампаній), для нібыта павелічэння з іх дапамогай аб’ёмаў экспарту ў ЕЗ. <...> ...існуе кіпрская кампанія Rostumel, якая не мае ні найменшага ўяўлення пра продаж азотных угнаенняў... <...> Rostumel Holding Limited — не што іншае, як пракладка, на якой застаецца незаконна выведзены прыбытак з Рэспублікі Беларусь. <...> Гэта азначае, што мы маем факт вываду ўсяго прыбытку за межы Рэспублікі Беларусь, каб не плаціць тут падаткі». [*] [*] [*] [*]

Дзмітрый Гошка падрабязна апісаў схему па ўзбагачэнні прыватнай фірмы, абыходзе сплаты падаткаў і вывадзе грошаў на замежныя рахункі, якую арганізавалі канкурэнты. Толькі не ўзгадаў, што ён і ягоны патрон Армэн Аруцюнян арганізавалі дакладна такую ж схему на год раней і надалей па ёй працуюць. 

Нам не вядома, ці дайшоў данос да адрасата, і калі так, то якая была рэакцыя Лукашэнкі на тое, што ягонага найбліжэйшага паплечніка вінавацяць у махлярстве. Вядома, што «Тэхнаспецтрэйдынг» не пазбавілі ліцэнзіі на экспарт. Абедзве канкуруючыя фірмы працягнулі працу і ў 2025 годзе. 

Спроба №2

Сёлета ў групе кампаніяў Аруцюняна з’явіліся дзве новыя беларускія фірмы-спецэкспарцёры. Адна з іх у траўні падпісала дамову з польскай кампаніяй TST PL. Абедзве могуць ажыццяўляць пастаўкі наўпрост у Польшчу, бо не знаходзяцца ў санкцыйных спісах. [*]

Першая — ТАА «ГрандГраніт» — падпісала з «Гродна Азотам» і ягонай даччынай кампаніяй дамовы на транспарт, пастаўкі сыравіны і арэнду абсталявання для вытворчасці азотных угнаенняў. [*] [*] [*] [*] Паслуга арэнды каштуе «ГрандГраніту» менш за $2,5 на месяц, што сведчыць аб фіктыўнасці здзелкі. [*] Тым не менш, кампанія атрымала сертыфікат уласнай вытворчасці і на паперы з’яўляецца самастойным вытворцам азотных угнаенняў. Валодае «ГрандГранітам» грамадзянін Арменіі Мікіта Тэр-Мінасаў. [*] [*] У дакументах за 2023 і 2024 гады ён значыўся кіраўніком і выконваючым абавязкі дырэктара кампаніі TAA «ТэхнаспецтрэйдынгЭкспарт», заснавальнікам і ўласнікам якой ёсць фірма «Тэхнаспецтрэйдынг». [*] [*] [*] [*]

Другой новай фірмай-спецэкспарцёрам — ТАА «Ферт-карпарэйшн» — валодае і кіруе грамадзянін Беларусі Юрый Мініч, які па сумяшчальніцтве працуе кіроўцам у кампаніі «Тэхнаспецтрэйдынг». [*] [*] У 2023 годзе ён атрымліваў заробак у кампаніі «ТэхнаспецтрэйдынгЭкспарт». 12 траўня 2025 году Мікіта Тэр-Мінасаў выпісаў Мінічу даверанасць на прадстаўленне інтарэсаў кампаніі «ГрандГраніт». [*]

Ускосна сувязь усіх фірмаў Аруцюняна пацвярджае яшчэ адзін факт. Уласнікі «ГрандГраніту» Тэр-Мінасаў і «Ферт-карпарэйшн» Мініч, дырэктар «Тэхнаспецтрэйдынгу» Гошка і кіраўніца польскай TST PL Улляна Атрашкевіч набылі квіткі на адзін і той жа рэйс кампаніі «Белавія» з Менску ў Дубай на 5 студзеня 2024 году. [*]

На чыю карысць страты?

Сітуацыю, калі «Гродна Азот» губляе значную частку прыбыткаў, мы спрабавалі абмеркаваць з прадстаўніком прадпрыемства. Слухаўку зняў намеснік гендырэктара Аляксей Стрэчань. Размова доўжылася менш за хвіліну. У адказ на просьбу пракаментаваць абыход санкцый з дапамогай спецэксперцёраў службовец адказаў: «Не вашаму Цэнтру. Прабачце, не буду», — і разлучыўся. 

Апроч таго, БРЦ накіраваў запыты з пытаннямі да ўсіх узгаданых у тэксце кампаній, а таксама ў Савет Міністраў і канцэрну «Белнафтахім», у склад якога ўваходзіць «Гродна Азот». На момант публікацыі адказу ад іх мы не атрымалі.

Па нашых падліках, паслугі прыватных фірмаў-пракладак абышліся ў 2024 годзе мінімум у $35 млн. Пры гэтым «Гродна Азот» атрымаў за экспарт сваёй прадукцыі ў Еўразвяз праз спецэкспарцёраў $59 млн. 

За гэтымі лічбамі хаваюцца тыя, каму насамрэч пайшлі на карысць заходнія санкцыі. Спецэкспарцёры, якія мусілі дапамагчы дзяржаўнаму заводу мінімальным коштам абысці абмежаванні, ператварыліся ў магчымасць зарабіць і недаплачваць за гэта падаткі ў беларускі бюджэт для бізнесоўцаў, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі. 

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць