Расследаванні

12 лістапада

Тутэйшы гэрэушнік. Як агенты спецслужбаў укараніліся ў апазіцыю і да валанцёраў

БРЦ сумесна з «Альянсам расследавальнікаў Беларусі» раскрылі асобы разведчыкаў Мінабароны Беларусі.

Дзмітрый Пратасевіч, Максім Кандратовіч
Крыніца: БРЦ / Дзмітрый Пратасевіч, Максім Кандратовіч. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ
Сем пашпартоў на дваіх супрацоўнікаў ГРУ налічылі нашыя журналісты, расследуючы іх дзейнасць. Дзмітрый Пратасевіч і Георгій Назаранка — гэта альтэрнатыўныя асобы выведніка Юрыя Кізюка. З напарнікам Міхаілам Паветкам летам 2020 года яны ўвайшлі ў давер да валанцёраў, праніклі ў апазіцыйную арганізацыю і пазней заснавалі фірму ў Польшчы. БРЦ выкрыў шпіёнаў і высветліў, як ім гэта ўдалося.

У гэтым расследаванні мы не называем некаторыя арганізацыі, імёны крыніцаў і не раскрываем дэталі, якія могуць на іх паказаць, з меркаванняў іх бяспекі.

Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з «Альянсам расследавальнікаў» і польскім выданнем Rzeczpospolita, пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

Легенда аб валанцёрах

Менск. 11 жніўня 2020 года — трэці дзень пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. На вуліцах сталіцы — сутычкі з міліцыяй. Паводле звестак МУС, бліжэй да ночы ў краіне затрымалі больш за тысячу чалавек. Тады ж склалі пратакол і на 31-гадовага Дзмітрыя Пратасевіча. У кароткай фабуле ягонай справы з базы МУС, якую нам падалі «Кіберпартызаны», напісана:

«А 23:10 Пратасевіч Д.П. ... здзейсніў(ла) парушэнне ... правілаў дарожнага руху, якое палягала на тым, што на транспартным сродку ... ужыў(ла) гукавы сігнал без намеру прадухіліць дарожна-транспартнае здарэнне (...) выехаў(ла) на сустрэчную паласу руху, не выканаў(ла) неаднаразовыя патрабаванні супрацоўніка органаў унутраных справаў аб спыненні транспартнага сродку, што пацягнула ягоны пераслед супрацоўнікамі органаў унутраных справаў». [*]

Тады ж — у жніўні — Пратасевіч звярнуўся да валанцёраў па дапамогу, паказаў ім пратакол. А з часам і сам стаў валанцёрыць — знаходзіў пацярпелых ад палітычных рэпрэсіяў і дапамагаў ім. Ён распаўсюджваў пратэставую сімволіку, хадзіў на маршы. Мужчына ўзяў сабе пазыўны «Тутэйшы» і нік «Пахне чабор» (Pahne Chab) у тэлеграме.

Крыніца: БРЦ. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Гэтая гісторыя магла б падацца звычайнай у кантэксце падзеяў 2020 года, калі б не затрыманне Пратасевіча падчас акцыі пратэсту ў Менску 1 лістапада.

Уцёкі, якіх не было

Мужчыну затрымалі разам з ягоным знаёмым, прадпрымальнікам Дзянісам Готтам. У выніку Готта атрымаў 25 содняў адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. А Пратасевіч змог збегчы проста з мікрааўтобусу сілавікоў. Так ён патлумачыў калегам-валанцёрам сваё з'яўленне ў іх у офісе на наступны дзень пасля затрымання. Пра гэта распавялі БРЦ людзі, якія тады працавалі з ім. [*]

Нам гэтая дэталь падалася важнай. Мы прааналізавалі сотні фотаздымкаў, адгледзелі мноства даступных медыяфайлаў за той дзень і высветлілі, як Дзмітрый Пратасевіч нібыта змог збегчы.

Пратасевіча і Готту затрымалі на вуліцы Валгаградскай. На відэа, апублікаваным у той жа дзень парталам TUT.BY, бачна, як двое сілавікоў падводзяць Пратасевіча да серабрыстага мікрааўтобусу. На паўхвіліны ён знікае з кадру — камеру адводзяць у бок. Затым мужчына зноў з'яўляецца: спачатку побач з сілавікамі, а потым стаіць каля тых жа аўтобусаў ужо без міліцыі. Ён не бяжыць, яго ніхто не пераследуе. Пратасевіч абарочваецца, нацягвае капюшон і сыходзіць з праезнай часткі ў бок тратуару. 

Крыніца: скрыншот з відэа TUT.BY. Дзмітрыя Пратасевіча пасля затрымання двое сілавікоў суправаджаюць у мікрааўтобус
Крыніца: скрыншот з відэа TUT.BY
Крыніца: скрыншот з відэа TUT.BY. З'яўляецца Дзмітрый Пратасевіч, абарочваецца, нацягвае капюшон на галаву і сыходзіць адзін у бок з праезнай часткі
0 / 3

Відаць, яго адпусцілі, уцёкаў не было. Як і не было самога Дзмітрыя Пратасевіча.

Чужыя пад маскай сваіх

Пратасевіч Дзмітрый Пятровіч — выдуманая асоба. Сярод валанцёраў ён апынуўся з канкрэтнай місіяй — шпіёнскай. Працаваў з напарнікам, які хаваецца пад імем Максім Кандратовіч.

Мы паразмаўлялі з дзвюма асобамі, якія займаліся валанцёрствам разам з імі і дапамагалі пацярпелым падчас пратэстаў. Адна з іх распавяла, што Дзмітрый Пратасевіч цікавіўся, чым займаецца арганізацыя, хацеў даведацца падрабязнасці:

«Хто з'яўляецца нашымі партнёрамі, асабліва за мяжой, з кім мы супрацоўнічаем, з кім мы маем зносіны. <...> Мяне заўсёды так насцярожвала тое, што ён задае шмат пытанняў, і Максім задае следам, быццам я знаходжуся на прыёме дзесьці ў следчых органах. [Максім Кандратовіч] не так часта бываў, часам яны прыходзілі так, разам, і, як правіла, адчувалася, што Дзмітрый як бы старэйшы, а ён, як бы, яго памочнік».

Суразмоўца згадаў, што Кандратовіч, калі ўпершыню прыйшоў да валанцёраў, таксама паказваў дакумент аб сваім затрыманні міліцыяй — даведку з ізалятару. Ён адзначыў, што «Максім — увогуле закрытая кніга», не распавядаў пра сябе, пра сваю працу.

Другі наш суразмоўца, які меў дачыненне да дабрачынных праектаў, пацвердзіў, што так званы Дзмітрый Пратасевіч быў больш адкрытым, ініцыятыўным, таму неўзабаве пачаў кіраваць моладзевым напрамкам валанцёрскай працы:

«Мы хацелі з ВНУ або старэйшых класаў школаў запрашаць моладзь, ствараць валанцёрскія атрады, каб дапамагаць яшчэ больш. І вось ён пагадзіўся».

Са словаў валанцёра, Пратасевіч самастойна знаходзіў пацярпелых ад палітычных рэпрэсіяў, запаўняў ведамасці з іхнымі дадзенымі, прыносіў пратаколы затрыманняў і звальненняў людзей з працы за пратэставую дзейнасць.

Журналісты БРЦ вывучылі адну з ведамасцяў на аказаную пацярпелым дапамогу, запоўненую Пратасевічам. У ёй пазначана 10 чалавек. З дапамогай «Кіберпартызанаў» мы высветлілі, што з іх мінімум пяцёх асобаў з такімі дадзенымі не існуе. То бок Пратасевіч атрымліваў дапамогу ад арганізацыі — ваўчары па 200 рублёў (прыкладна $78 па сярэднім курсе за 2020 год) на прадукты — нібыта для пацярпелых, але падаваў для справаздачнасці спісы і дакументы з фальшывымі дадзенымі людзей. [*] [*]

Да каго насамрэч сыходзіла выдзеленая дапамога, нам невядома.

Дзмітрый Пратасевіч
Крыніца: БРЦ / Дзмітрый Пратасевіч. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Пранік Пратасевіч і ў колы апазіцыі — далучыўся вясной 2021 года да аргкамітэту па стварэнні партыі «Разам», якую планавалі зарэгістраваць сябры выбарчага штабу прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. Каардынатар аргкамітэту «Разам» Іван Краўцоў пацвердзіў удзел Пратасевіча ў іх праектах. Ён распавёў, што пра гэтага чалавека была вядомая толькі фармальная інфармацыя, якую ён, «як і ўсе астатнія 5000 чалавек, падаў для рэгістрацыі ў якасці сябра аргкамітэту па стварэнні партыі "Разам"».

«Таксама ён прысутнічаў на адной з сустрэчаў нашых прыхільнікаў у Варшаве ў 2021 годзе і ўдзельнічаў у адным з нашых адукацыйных анлайн праектаў у 2022 годзе. Ніякага доступу да ўнутранай інфармацыі нашай арганізацыі Дзмітрый Пратасевіч не меў, працы па нашым даручэнні не праводзіў. Актуальнае месцазнаходжанне нам не вядомае», — дадаў Краўцоў. [*]

Split па-беларуску

Дакучлівасць Пратасевіча і Кандратовіча, падрабязныя роспыты аб дзейнасці арганізацыяў сталі выклікаць падазрэнні ў іх калегаў. На пачатку 2024 года тыя звярнуліся да незалежных журналістаў, сярод якіх былі і расследавальнікі БРЦ. Пасля праверкі нам стала зразумела, што Пратасевіч і Кандратовіч не тыя, за каго сябе выдаюць.

Крыніца: «Кіберпартызаны», калаж БРЦ створаны з выкарыстаннем ШІ

На фота злева — Юрый Алегавіч Кізюк, старшы лейтэнант міліцыі з аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Навагрудскага РАУС. На фота справа — валанцёр Дзмітрый Пятровіч Пратасевіч. Гэта адзін і той жа чалавек.

Юрый Кізюк у Дзмітрыя Пратасевіча ператвараўся паступова. Мы мяркуем, што першым крокам стаў запыт міліцыянта ў чэрвені 2015 года ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі аб наяўных там вакансіях. БРЦ атрымаў яго дзякуючы «Кіберпартызанам».

«Ці маюцца вакансіі ў КДБ РБ (парадак працаўладкавання) для дзейнага супрацоўніка МУС. На гэты момант займаю пасаду оперупаўнаважанага ГБЭЗ Навагрудскага РАУС, стаж працы на названай пасадзе 1 год, адукацыя — Акадэмія МУС РБ», — напісаў Кізюк.

Што яму адказалі, нам не вядома, але ўжо ў 2016 годзе ў ягонай асабістай справе з'явіўся запіс «адкамандзіраваны ў ГУУС г.Менску». А праз тры гады Кізюк выбывае з МУС і пераводзіцца ў Міністэрства абароны. Новым месцам службы ўжо капітана становіцца вайсковая частка 45523 у Менску — гэта ўпраўленне замежнай інфармацыі і камунікацыі Галоўнага разведвальнага ўпраўлення (ГРУ). [*]

Аб'яднанне былых сілавікоў Беларусі BelPol у сваім расследаванні распавядала, што ў названай вайсковай частцы ёсць яшчэ адно абазначэнне — 64170.

У ёй размешчаны цэнтр замежнай вайсковай інфармацыі. Там, як растлумачыў БРЦ былы супрацоўнік ГРУ, адбываецца збіранне, апрацоўванне, абязлічванне і сістэматызацыя разведвальнай інфармацыі.

З 2018 года ў частцы 45523, паводле звестак «Кіберпартызанаў», ужо служыў Міхаіл Уладзіслававіч Паветка. Гэта сапраўднае імя другога нашага героя — валанцёра Максіма Кандратовіча.

Міхаіл Паветка
Крыніца: «Кіберпартызаны» / «Беларуская ваенная газета» / Міхаіл Паветка

Нам удалося знайсці фота Паветкі ў пагонах на старонках «Беларускай ваеннай газеты» за 30 лістапада 2016 года. Пад здымкам напісана, што на той момант ён ужо атрымаў званне старшага лейтэнанта юстыцыі і займаў пасаду дазнаўцы аддзелу дазнання і вышуку вайсковай камендатуры Узброеных сілаў. [*]

Міхаіл Паветка — равеснік Юрыя Кізюка. Яны ў адзін час вучыліся ў Акадэміі МУС, але Паветка не працаваў у міліцыі. З 2015 па 2018 год, перад тым як трапіць у выведку, ён працаваў у вайсковай камендатуры Менску.

Х у адным

Калі ў Беларусі ў 2020 годзе пасля выбараў пачаліся пратэсты, паводле інфармацыі «Кіберпартызанаў», Паветка і Кізюк усё яшчэ служылі ў вайсковай частцы 45523 і ў іх было па некалькі пашпартоў на розныя імёны. Абодва мелі не толькі альтэрнатыўныя асобы, але і альтэрнатыўных жонак, дзяцей і бацькоў.

У Юрыя Кізюка ў той перыяд было чатыры пашпарты. Паводле сапраўднага, ён нарадзіўся ў 1991 годзе, мае жонку Кізюк Т.П. [*]

Крыніца: «Кіберпартызаны», калаж БРЦ створаны з выкарыстаннем ШІ

У іншым пашпарце фотаздымак таго ж Кізюка, але дакумент выдадзены ўжо выхадцу з Хабараўска 1990 года нараджэння Назаранку Георгію Алегавічу. Такога чалавека не існуе. Ягонай маткай пазначана І.У. Назаранка з Мазыра. Жанчына з такімі дадзенымі ёсць і ў пашпартнай базе. Мы спрабавалі звязацца з ёй, каб спытаць пра 34-гадовага сына, але датэлефанавацца не ўдалося. [*]

У трэцяй і чацвёртай асабовасцяў Кізюка імя, прозвішча і імя па бацьку супадаюць — Пратасевіч Дзмітрый Пятровіч, але іншыя дадзеныя адрозніваюцца. Першы Пратасевіч нарадзіўся 13 лістапада 1989 года, звестак пра жонку няма, бацькі — выдуманыя. Другі — той, што быў валанцёрам, таксама 1989 года нараджэння, але дзень і месяц — 18 кастрычніка. У яго ёсць жонка — Т.П. Пратасевіч, з той жа датай народзінаў, але змененым годам, і тым жа фота, што і ў сапраўднай жонкі Кізюка. [*]

З фотаздымкам Міхаіла Паветкі было аформлена тры пашпарты. У сапраўдным — з ягоным імем і прозвішчам, напісана, што ён нарадзіўся ў 1991 годзе ў вёсцы Жмуроўка Рэчыцкага раёну. Ягоная былая жонка — К.В. Паветка. У іх ёсць непоўнагадовы сын.

Другая асабовасць Паветкі — Еўстраценка Міхаіл Уладзіміравіч. Дата нараджэння пазначана іншая, але год і месяц — тыя ж, што і ў рэальнай асобы. Месца нараджэння — Гомельская вобласць. Звестак пра жонку і дзяцей няма.

Трэцяя асабовасць — валанцёр Кандратовіч Максім Уладзіміравіч. У базе «Кіберпартызанаў» пазначана, што ён ураджэнец Масквы, але такога чалавека ў расейскіх базах мы не знайшлі. У яго ёсць былая жонка К.В. Кандратовіч (Гапоненка). Сыну змянілі прозвішча і імя па бацьку, імя і дату народзінаў пакінулі як у рэальнага. [*]

Крыніца: «Кіберпартызаны», калаж БРЦ створаны з выкарыстаннем ШІ

Выхад за межы

Паводле аповедаў тых, хто меў зносіны з валанцёрамі Пратасевічам і Кандратовічам (у рэальнасці Кізюком і Паветкам), у 2020 годзе і пазней тыя хутка абзаводзіліся кантактамі, знаёміліся з новымі людзьмі па рэкамендацыі тых, з кім выбудавалі даверныя адносіны. Беларуссю іх дзейнасць пад выдуманымі імёнамі не абмежавалася.

У 2021 годзе некаторыя беларускія дабрачынныя арганізацыі пачалі пераязджаць у Еўропу. Кізюк і Паветка рушылі ўслед за імі і працягнулі шпіёніць сярод валанцёраў і ў колах дэмсілаў ужо на тэрыторыі Польшчы.

Паводле звестак польскага рэестру юрыдычных асобаў, у снежні 2022 года Міхаіл Паветка пад выглядам Максіма Кандратовіча стаў адным з заснавальнікаў польскай кампаніі Arkmaxx group. У жніўні 2023-га ў склад заснавальнікаў фірмы з фальшывым пашпартам на імя Дзмітрыя Пратасевіча ўвайшоў і Юрый Кізюк. [*]

Крыніца: БРЦ

Зыходзячы з дадзеных справаздачаў, кампанія не вядзе ніякай дзейнасці і, верагодна, была створаная для наладжвання новых кантактаў і ўмацавання легенд выведнікаў.

Мы паразмаўлялі з Аляксандрам Карповічам, які ў выпісцы з польскага рэестру юрыдычных асобаў таксама фігуруе як заснавальнік Arkmaxx group. Ён распавёў, што з Пратасевічам і Кандратовічам пазнаёміўся ў лютым 2022 года «па рэкамендацыі ад правераных людзей».

«Яны сказалі, што гэта — свае людзі, правераныя, і запэўнілі, што іх верыфікавалі. <...> Яны хацелі ў Польшчы зарэгістраваць фірму, адкрыць офіс. <...> Я ім проста парэкамендаваў, параіў, як прасцей, лепш зрабіць. <...> Пачалася вайна ва Украіне і мы вельмі доўга не размаўлялі. <...> Дзесьці прыкладна да жніўня, я так падазраю, 2022 года. Чым яны займаліся ў гэты час, я паняцця не маю. Але потым яны выйшлі на сувязь і папрасілі дапамагчы з рэгістрацыяй фірмы». 

Фірма ім была патрэбная як аддзел продажаў дамоў, паведаміў нам суразмоўца. Паводле легенды: у Беларусі была вытворчасць, якая пераязджае ў Латвію, у іх ёсць мантажная брыгада, прадукцыя прадаецца ў Іспанію. А юрыдычная асоба ў Польшчы ім патрэбная, каб нібыта выйсці на польскі рынак.

Карповіч кажа, што не збіраўся весці з імі бізнес. Ён стаў заснавальнікам, каб хутчэй зарэгістраваць кампанію, адкрыць рахункі, разабрацца з дакументамі. За гэта Карповіч атрымаў долю 25% — «падарылі проста так — за класную дапамогу».

Пратасевіч, як патлумачыў Карповіч, у склад заснавальнікаў увайшоў толькі ў 2023 годзе: за два дні да збору ўсіх дакументаў той згубіў пашпарт і паехаў у Беларусь яго мяняць.

Суразмоўца пацвердзіў, што фірма не вяла ніякай дзейнасці. У апошні раз, са словаў Карповіча, яму ўдалося звязацца з Кандратовічам на пачатку вясны 2024 года. Ён быў заняты, размаўлялі ў перапісцы.

«Я ў яго спытаў, калі можам звязацца паразмаўляць, таму што ўжо столькі часу нічога не адбываецца. Забярыце ў мяне гэтыя удзялы (udział — пераклад з польскай мовы — доля, рэд.), я наогул нічога не хачу мець. І, уласна кажучы, на гэтым усё. <...> Не магу звязацца ні праз усе вось гэтыя, Сігнал, месэнджары. Праз мэйл таксама ніхто нічога не адказвае».

Журналісты БРЦ спрабавалі датэлефанавацца да абодвух разведчыкаў. Аднак нумары, якія меркавана ім належалі, або недаступныя, або перайшлі іншым уладальнікам, або па іх нам не адказалі.

Шпіёнская адказнасць

Куды яшчэ маглі ўкараніцца шпіёны пад фальшывымі імёнамі, якую інфармацыю здабылі за чатыры гады і перадалі беларускім уладам, нам невядома.

Максім Кандратовіч, Дзмітрый Пратасевіч
Крыніца: БРЦ / Максім Кандратовіч, Дзмітрый Пратасевіч. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Мы звярнуліся да адваката Алеся Міхалевіча і папрасілі пракаментаваць сабраныя факты. Ён пацвердзіў, што звычайны грамадзянін, калі ён не супрацоўнік спецслужбаў, не можа мець некалькі сапраўдных пашпартоў. Таксама юрыст распавёў, што дзейнасць на тэрыторыі іншай дзяржавы ад імя выдуманай асобы — крымінальна каральнае злачынства.

«Нават, калі гэтыя дакументы былі атрыманыя абсалютна легальна на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, такой асобы не існуе. І ў такім выпадку прыкметы крымінальнага злачынства ёсць адразу, і гэтага чалавека, я думаю, можна прыцягваць да крымінальнай адказнасці для пачатку за падробку дакументаў», — растлумачыў Міхалевіч.

Ён дадаў, што пры наяўнасці доказаў, прыцягнуць да крымінальнай адказнасці можна і за шпіянаж:

«У большасці крымінальных кодэксаў краінаў ЕЗ прадугледжаныя артыкулы за шпіёнскую дзейнасць, нават калі дзеянні не былі скіраваныя супраць краіны. Гэта значыць, што, калі чалавек з'яўляўся агентам замежнай выведкі і не паведаміў пра гэта мясцовай контрвыведцы краіны, у якой знаходзіцца, гэта само па сабе з'яўляецца злачынствам. За гэта можна атрымаць гадоў 5, калі не было дзеянняў супраць краіны. А калі былі дзеянні, скіраваныя супраць бяспекі краіны, у якой знаходзіўся такі чалавек, напрыклад, у выпадку Польшчы, можна атрымаць і да пажыццёвага зняволення».

У прэс-службе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, куды БРЦ адправіў запыт, распавялі, што яны ведаюць пра беларускіх шпіёнаў.

«Але мы лічым важным адзначыць, што гэтай справай, як нам вядома, ужо займаюцца спецыяльныя службы Польшчы і надаванне публічнасці інфармацыі аб гэтай справе на дадзены момант можа перашкодзіць працы польскіх праваахоўных органаў», — адзначылі ў НАУ.

Журналісты БРЦ таксама напісалі запыт у пракуратуру Польшчы з пытаннем, ці вядома ведамству нешта пра дзейнасць Пратасевіча і Кандратовіча на тэрыторыі краіны. Адказ на момант выхаду расследавання мы не атрымалі.

Без параноі

Як не стаць крыніцай інфармацыі для шпіёна, БРЦ распавёў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Ён адзначыў, што важна выконваць інфармацыйную гігіену і правяраць інфармацыю аб падазроных людзях:

«Можна праверыць бэкграўнд чалавека, ягоныя сацыяльныя сеткі, папрасіць рэкамендацыю тых, хто яго ведае. Ёсць арганізацыі, якія могуць зрабіць верафікацыю, як BELPOL, напрыклад. Звяртайцеся да іх. Калі ў вас ёсць той вузкі круг, якому вы 100% давяраеце, парайцеся таксама з імі, як дзейнічаць. І памятайце, што наша сіла менавіта ў салідарнасці, узаемападтрымцы, у чалавечнасці. З аднаго боку – будзем асцярожныя, але не губляем веры ў людзей, таму што забраць гэтую веру ў нас – ёсць мэта рэжыму».

Вячорка таксама дадаў, што не варта пераацэньваць магчымасці спецслужбаў, упадаць у параною і вінаваціць кожнага ў супрацоўніцы з КДБ. Таму што, на ягоную думку, «менавіта ў гэтым [заключаецца] задача спецслужбаў і рэжыму — пасеяць недавер паміж людзьмі, раскалоць адзінства».

Гэты матэрыял/публікацыя/відэа створаныя пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага звязу. Яго змест зʼяўляецца выключнай адказнасцю праекту EU4IM, які фінансуецца Еўрапейскім звязам. Змест матэрыялаў/публікацыі/відэа належыць аўтарам БРЦ і неабавязкова адлюстроўвае бачанне Еўрапейскага звязу.

Іншыя Расследаванні