Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы міжнароднага Цэнтру па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP.
Заходнія санкцыі павінныя былі спыніць доступ Расеі да тэхналогіяў і матэрыялаў, неабходных для вытворчасці ракетаў і высокадакладнага ўзбраення. У лістападзе 2022 года міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў паведаміў, што ў Крамля засталося 119 ракетаў «Искандер» з 900, якія былі ў наяўнасці на пачатак поўнамаштабнай вайны. Колькасць іншых высокадакладных ракетаў таксама зменшылася.
Праз два гады, у снежні 2024-га, прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў заявіў, што колькасць ракетаў, выраб якіх «крытычна залежыць ад замежных кампанентаў», у Расеі павялічылася. Нягледзячы на рэгулярныя абстрэлы. Паводле яго, Расея штомесяц вырабляе да 50 новых комплексаў «Искандер», а таксама нарошчвае запасы іншых тыпаў ракетаў.
Як паказала расследаванне БРЦ, Беларусь мае да гэтага непасрэднае дачыненне.
Чаму ракеты не заканчваюцца?
У кастрычніку 2022 года Аляксандр Лукашэнка, выступаючы пасля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, пацвердзіў вострую патрэбу РФ у мікрасхемах:
«На апошніх перамовах прэзідэнт Расеі заявіў: мы гатовыя плаціць любыя грошы за прадукт мікраэлектронікі».
Праз год украінскі адмысловец у галіне электронікі і ўзбраенняў Сяргей Бяскрэстнаў з пазыўным «Флэш» апублікаваў у сваім тэлеграм-канале фотаздымкі бартавога вылічальнага модуля «Заря-61М», які выкарыстоўваецца ў расейскіх ракетах. Гэта прылада, якая выконвае функцыі кіравання, складаецца з чатырох асноўных платаў.
«Так, усё маральна састарэлае. Так, вялікае. Але, на жаль, цалкам з камплектуючых РФ. Вырабляецца, лётае, забівае», — напісаў ён. [*]
БРЦ вывучыў апублікаваныя Бяскрэстнавым фотаздымкі платаў і высветліў, што не ўся электроніка ў прыладзе расейскай вытворчасці. На шэрагу мікрасхемаў бачны лагатып у форме маланкі ці расейскай літары «і». Гэта таварны знак беларускага дзяржаўнага прадпрыемства «Інтэграл» (поўная назва ААТ «Інтэграл» — кіруючая кампанія холдынгу «Інтэграл»).
Выкарыстанне мікрасхемаў «Інтэграла» ў расейскім узбраенні таксама пацвярджаюць матэрыялы ўкраінскага эксперта, вайскоўца Узброеных сілаў Украіны, які пажадаў застацца ананімным. У відэаблогу на YouTube ён дэманструе гэтыя кампаненты ў ракетах Р-37, Х-59М2А, С-300, Х-101 і «Искандер». У каментары для БРЦ ён удакладніў, што ў двух апошніх палова мікрасхемаў зробленая на «Інтэграле». Частка з іх, як бачна на фотаздымках, была выпушчаная ў 2023 годзе.
Выкарыстанне зробленых на «Інтэграле» камплектуючых у расейскіх ракетных комплексах таксама пацвердзілі БРЦ у Службе бяспекі Украіны. [*] «Падчас вывучэння абломкаў расейскай ракеты са складу ракетнага комплексу "Калибр" следчымі Службы бяспекі было ўстаноўлена, што ў яе складзе выкарыстоўваюцца мікрасхемы, вырабленыя на магутнасцях запытанага вамі прадпрыемства», — адзначылі ва ўкраінскім ведамстве.
То бок Расея можа працягваць ракетныя абстрэлы Украіны ў тым ліку дзякуючы пастаўкам з Беларусі. Агулам, па наяўных у распараджэнні БРЦ мытных дадзеных, з сакавіка 2022 па чэрвень 2024 года «Інтэграл» паставіў у Расею больш за 6 млн мікрасхемаў на больш як $130 млн. Дзеля параўнання: агульны аб'ём паставак беларускіх мікрасхемаў у РФ за гэты час склаў крыху больш за $165 млн. Гэта значыць, што «Інтэграл» забяспечыў 80% ад іх.
З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне даходы «Інтэграла» моцна выраслі. У 2023 годзе чысты прыбытак прадпрыемства павялічыўся больш чым у 11 разоў у параўнанні з 2022 годам — амаль да 150 млн беларускіх рублёў (каля $50 млн). Гэта ў 40 разоў больш, чым прыбытак «Інтэграла» ў 2021-м. Дадзеных за 2024 год у адкрытым доступе на момант публікацыі няма.
Кліенты з расейскага ВПК
БРЦ прааналізаваў пастаўкі «Інтэграла» з сакавіка 2022 да ліпеня 2024 года. Найбуйнейшым расейскім пакупніком яго мікрасхемаў за гэты перыяд з'яўляецца смаленская кампанія АТ «Интеграл-Запад». Яна набыла прадукцыі на $31,3 млн. Хоць прадпрыемства не мае непасрэднай сувязі з беларускім «Інтэгралам», яно належыць грамадзяніну Беларусі. Да ліпеня 2022 года на сайце кампаніі паведамлялася аб яе супрацы з Міністэрствам абароны Расеі. На момант публікацыі нашага расследавання сайт знаходзіцца на рэканструкцыі.
Другая па аб'ёме закупак — расейская кампанія АТ «Спец-Электронкомплект», якая набыла ў «Інтэграла» мікрасхемаў на $30 млн. На яе сайце адсутнічае інфармацыя аб сувязях з абароннай прамысловасцю. Аднак партнёр кампаніі, буйны расейскі вытворца мікрасхемаў АТ «Ангстрем», на сваім сайце пазначае, што «Спец-Электронкомплект» у 1998 годзе атрымаў атэстацыю Міністэрства абароны РФ і сертыфікат №1 «Другога Пастаўшчыка» (афіцыйнае прызнанне надзейным пастаўшчыком ВПК).
Яшчэ адным буйным пакупніком з'яўляецца даччыная кампанія беларускага «Інтэграла» ў Санкт-Пецярбурзе — БП АТ «Интеграл СПб». Яна закупіла мікрасхемаў на $16,8 млн. Генеральны дырэктар кампаніі Уладзімір Лазоўскі адкрыта заяўляў, што вайскова-прамысловы комплекс Расеі зʼяўляецца адным з яе ключавых кліентаў. У 2021 годзе прадпрыемства атрымала сертыфікат адпаведнасці ад сістэмы «Оборонсертифика», а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны трапіла пад санкцыі Еўразвязу.
Акрамя пералічаных вышэй, «Інтэграл» пастаўляў прадукцыю расейскім кампаніям АТ «ЭКБ Инновационные технологии», якая закупіла мікрасхемаў на $16,7 млн, ТАА «Дон», якая набыла прадукцыі на $9,5 млн, і АТ «Радиант-ЭК», якая закупіла мікрасхемаў на $5,3 млн. Гэтыя кампаніі таксама звязаныя з расейскай абароннай прамысловасцю.
Заходняе абсталяванне
Як бачна з сюжэтаў беларускіх і расейскіх дзяржаўных тэлеканалаў 2024 года, на «Інтэграле» выкарыстоўваюць заходняе абсталяванне. На кадрах паказаныя, напрыклад, нямецкія мікраскопы Axiotron Carl Zeiss AG для кантролю якасці мікрасхемаў, швейцарскія клапаны VAT Vakuumventile AG і брытанскія вакуумныя сістэмы Edwards, неабходныя для падтрымання стэрыльнасці ў вытворчых працэсах.
Пасля выхаду гэтага расследавання, БРЦ атрымаў ліст ад Carl Zeiss AG. Азнаёміцца з поўным яго тэкстам можна ў публікацыі «Як на “Інтэграл” патрапілі санкцыйныя тавары? Нямецкія кампаніі адказалі на запыт БРЦ».
Таксама можна пабачыць японскія рэжучыя ўстаноўкі DISCO Corporation, якія забяспечваюць падзел паўправадніковых пласцінаў з дакладнасцю да мікрону, і абсталяванне HORIBA для аналізу матэрыялаў. Апроч гэтага паказаныя амерыканскія сістэмы тэставання Cascade Microtech (FormFactor), якія дазваляюць правяраць працаздольнасць мікрасхемаў да іх зборкі.
Пра тое, што «Інтэграл» вырабляе прадукцыю з выкарыстаннем заходняга абсталявання, гаворыцца ў афіцыйным каталогу прадпрыемства. Для эксплуатацыі гэтай тэхнікі «Інтэгралу» патрабуюцца пастаянныя пастаўкі заходняй сыравіны і камплектуючых, без якіх яе выкарыстанне немагчыма. Іх продаж Беларусі забараняюць санкцыі.
Значнасць гэтых кампанентаў пацвярджаюць звесткі з унутранай перапіскі арганізацыі, якая ўваходзіць у расейскі дзяржаўны канцэрн «Ростех» — найбуйнейшага вытворцу расейскага ўзбраення:
«У існуючых палітыка-эканамічных абставінах асноўныя пастаўшчыкі ПКВ, такія як АТ "Гириконд", АТ "НЗПП Восток", АТ "Элеконд", павялічылі тэрміны пастаўкі да 540 дзён, што складае 150% тэрміну выканання дамовы на пастаўку вырабаў АТ "СКТБ РТ". Таксама пастаўшчыкі актыўных кампанентаў АТ "Группа «Кремний-ЭЛ»", АТ "Ангстрем", АТ "ВЗПП-С", ААТ "Інтэграл", якія залежаць ад пастаўкі імпартных матэрыялаў і хіміі, не могуць гарантаваць выкананне паставак у адрас АТ "СКТБ РТ"», — гаворыцца ў паведамленні з уцечкі электронных лістоў і ўнутраных дакументаў «Росэлектроника», якія атрымаў OCCRP і прааналізаваў БРЦ.
Тым не менш, нягледзячы на санкцыі Еўразвязу і ЗША, скіраваныя на абмежаванне паставак у Беларусь стратэгічна важных матэрыялаў і абсталявання падвойнага прызначэння, «Інтэграл» працягвае атрымліваць неабходныя кампаненты і сыравіну з краінаў ЕЗ.
Хлорысты вадарод для «Інтэграла»
Адным з крытычна важных матэрыялаў для «Інтэграла» з'яўляецца высокачысты хлорысты вадарод.
Ён выкарыстоўваецца для апрацоўкі паўправадніковых пласцінаў. Гэты працэс забяспечвае іх ідэальную чысціню і гладкасць — ключавыя параметры для нанясення складаных структур мікрасхемаў. Найменшыя забруджванні на пласцінах могуць прывесці да дэфектаў прадукцыі і знізіць яе якасць.
У 2021 годзе хлорысты вадарод чысцінёй 99,999% «Інтэгралу» пастаўляла нямецкая кампанія UrSeCo Handels GmbH & Co. KG. [*] Але ў 2022-м, калі санкцыі забаранілі пастаўляць гэты хімікат у Расею, з'явілася новая схема дастаўкі. Перш чым трапіць у Беларусь, пастаўкі пайшлі праз Польшчу і Турцыю ў Казахстан. [*] [*] Атрымальнік хлорыстага вадароду ў Казахстане — мясцовая кампанія ТАА United Trading Group. За саліднай назвай хаваецца фірма з адным працаўніком, створаная праз некалькі тыдняў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. United Trading Group пастаўляла такі ж звышчысты хлорысты вадарод ў Расею, у прыватнасці кампаніям ТАА «Силтрон» і ТАА «Электронснаб». [*] [*]
Гэтыя дзве кампаніі дастаўлялі хлорысты вадарод з тымі ж характарыстыкамі ў Беларусь. У пастаўках на «Інтэграл» ад «Электронснаба» месцам вытворчасці пазначаная Нямеччына. [*]
Аб тым, што з Нямеччыны ў Расею па апісаным намі ланцужку ў абыход санкцыяў ішоў адзін і той жа нямецкі хлорысты вадарод, могуць сведчыць супадзенні ў датах і аб'ёмах паслядоўных паставак. У прыватнасці, 9 чэрвеня 2022 года нямецкая UrSeCo Handels паставіла 860 кг звышчыстага хлорыстага вадароду вытворчасці нямецкага канцэрну Wacker Chemie AG у Казахстан фірме United Trading Group. [*] У тым жа месяцы United Trading Group паставіла партыю таго ж рэчыва вытворчасці Нямеччыны з дакладна такой жа вагой расейскай кампаніі «Электронснаб». [*] «Інтэгралу» «Электронснаб» пастаўляў нямецкі хлорысты вадарод да канца 2023 года. [*]
У ліпені 2024 года санкцыі Еўразвязу забаранілі пастаўляць нямецкі хлорысты вадарод не толькі ў Расею, праз якую ён ішоў на «Інтэграл» з пачатку поўнамаштабнай вайны, але і ў Беларусь. Гэты хімікат на прадпрыемства пачаў вазіць і расейскі «Силтрон», заснаваны праз няпоўныя тры месяцы пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. У верасні 2024-га кампанія прадала яго «Інтэгралу» непасрэдна. У ліпені таго ж года ўжо праз пасярэдніка — беларускую фірму ТАА «Дзiгна-НТР». [*]
У пастаўках казахстанскай United Trading Group «Силтрону» вытворцам хлорыстага вадароду пазначаная сама United Trading Group. Але гэта наўрад ці адпавядае рэчаіснасці. Па-першае, паводле афіцыйнага рэестру суб'ектаў прадпрымальніцтва Казахстану, у кампаніі працуе толькі адзін працаўнік (у рэестры яна ўнесеная ў катэгорыю «Мікрапрадпрымальніцтва»). Па-другое, у спісе дзейнасці гэтага мікрапрадпрыемства няма якой-кольвек вытворчасці, толькі аптовы гандаль.
Нарэшце, у некаторых пастаўках нібыта казахстанскага хлорыстага вадароду ў Беларусь ад «Силтрона» пазначаная марка рэчыва — SEMICOSIL HLC 5.5. [*] Гэты таварны знак належыць нямецкаму канцэрну Wacker Chemie. У дакументах «Інтэграла» аб закупцы хлорыстага вадароду ад «Дзiгна-НТР», якая атрымлівала хімікат у «Силтрона», месцам ягонай вытворчасці пазначаная Нямеччына.
У ліпені 2024 года «Силтрон» паставіў «Дзiгна-НТР» дзве партыі хлорыстага вадароду: аб'ёмам 150 кг і 100 кг. У абедзвюх пастаўках краінай паходжання быў пазначаны Казахстан. Пры гэтым марка рэчыва — нямецкая SEMICOSIL HLC 5.5. «Дзiгна-НТР», у сваю чаргу, паставіла той жа абʼём «Інтэгралу». [*]
Расейскі «Силтрон» наўпрост звязаны з UrSeCo Handels — пастаўшчыком хлорыстага вадароду з Нямеччыны. Абедзве кампаніі належаць чальцам адной сям'і. Кіруючым дырэктарам і ўладальнікам 45% нямецкай кампаніі UrSeCo Handels зʼяўляецца Аляксандр Андрэевіч Жданаў. У лістападзе 2023 года чалавек з такім жа прозвішчам — Аляксандр Аляксандравіч Жданаў — даў пазыку расейскаму «Силтрону». 13 студзеня 2025 года, паводле дадзеных з расейскай базы дадзеных аб кампаніях і прадпрымальніках СПАРК, ён жа стаў уладальнікам 90% гэтай кампаніі.
Як высветліў БРЦ, Аляксандр Андрэевіч і Аляксандр Аляксандравіч Жданавы, верагодна, — бацька і сын. Згодна з пашпартнай базай РФ, яны з'яўляюцца чальцамі адной сямʼі. [*] [*] [*]
Нямецкая кампанія UrSeCo Handels, у сваю чаргу, звязаная з казахстанскай United Trading Group. Уладальнік апошняй — Алімжан Куантанавіч Бекаў. Паводле брашуры, апублікаванай у 2024 годзе прадстаўніцтвам германскай эканомікі ў Цэнтральнай Азіі (AHK Zentralasien), Бекаў таксама з’яўляецца прадстаўніком UrSeCo Handels.
Абыходныя шляхі
Хлорысты вадарод — адзін з мноства прыкладаў таго, як «Інтэграл» у абыход санкцыяў працягвае закупляць забароненае заходняе абсталяванне, запчасткі і матэрыялы. Сярод стратэгічна важных для «Інтэграла» матэрыялаў і тэхналогіяў — газавыя рухавікі MWM 2032 і запчасткі да іх. Гэтыя нямецкія маторы забяспечваюць стабільную падачу энергіі для вытворчых працэсаў. Абыходзіць забарону на іх экспарт у Беларусь і Расею, уведзеную ў 2022 годзе, прадпрыемству дапамагаюць кампаніі-пасярэднікі.
Толькі вясной 2024 года прадпрыемства закупіла запчасткі для гэтых рухавікоў пяць разоў праз беларускія кампаніі ТАА «Маторы і Трансмісія», ТАА «Прамэлкам» і ТАА «Імперыя Захад». Акрамя таго, 20 снежня 2024 года «Інтэграл» размясціў новы тэндар на закуп дэталяў і запчастак для рухавікоў MWM на агульную суму $300 тыс.
Выкарыстанне схемаў абыходу санкцыяў БРЦ пацвердзілі і самі пастаўшчыкі «Інтэграла». Нашыя журналісты патэлефанавалі прадстаўнікам кампаніяў-пасярэднікаў, назваўшыся кліентамі.
«Санкцыёнка таксама не праблема», — паведаміў намеснік кіраўніка ТАА «Імперыя Захад» Ілля Бароўскі. Ён распавёў, што таксама ў іх ёсць «свая кампанія ў Польшчы, таму яна закупляе, потым ужо з Польшчы тавары едуць у Беларусь, ... у Расею, па ўсіх іншых краінах, то бок імпартуецца першапачаткова з Польшчы».
Заснавальнік ТАА «Прамэлкам» Яўген Казакоў сказаў, што схемы абыходу санкцыяў дазваляюць пастаўляць прадукцыю аператыўна: «Па тэрмінах мы хутка прывязем. Тыдзень-два. Цяпер ужо наладзілі. Быццам, павінна, там напісалі “праз Кыргызстан”. Возім. То бок, гэта будзе хутка».
Без абмежаванняў
Яшчэ адзін выпадак, на які звярнулі ўвагу журналісты БРЦ, — закуп міні-электрарухавікоў. У інфармацыйнай сістэме «Тэндары» (icetrade.by) іх вытворцам у дакументацыі пазначаная ў тым ліку нямецкая кампанія Faulhaber Group. У траўні 2024 года «Інтэграл» набыў 44 такія прылады ў кітайскай кампаніі Hebei Nanuo Alloy Material Co., Ltd. [*]
Кампанія Dr. Fritz Faulhaber GmbH & Co. KG, каментуючы гэтую інфармацыю, заявіла, што нумары вырабаў у афіцыйных дакументах аб закупках часткова некарэктныя ці няпоўныя. Акрамя таго, у кампаніі не выключаюць верагоднасць таго, што названая прадукцыя з'яўляецца падробкай.
Азнаёміцца з адказами Dr. Fritz Faulhaber GmbH & Co. KG можна ў публікацыі «Як на “Інтэграл” патрапілі санкцыйныя тавары? Нямецкія кампаніі адказалі на запыт БРЦ».
Пастаўкі заходніх кампанентаў небяспечныя тым, што ствараюць магчымасць для іх узнаўлення, растлумачыў БРЦ украінскі авіяцыйны эксперт Анатоль Храпчынскі:
«Ёсць такое паняцце, як рэінжынірынг. Гэта калі капіююць які-небудзь заходні элемент: разбіраюць яго, шліфуюць па слаях, вывучаюць, як ён працуе, і могуць яго аднавіць».
Для некаторых з іх такой неабходнасці няма. Сярод закупак «Інтэграла» БРЦ знайшоў заходнія кампаненты, якія не ўключаныя ў санкцыйныя спісы ЗША і ЕЗ. Гэта, напрыклад, аргон-іонныя лазеры, паліравальныя суспензіі, паліравальныя кругі, дэталі, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці паўправаднікоў і мікраэлектронікі.
Акрамя таго, хоць асноўнае прадпрыемства холдынгу «Інтэграл» уключанае ў санкцыйныя спісы ЗША, аднак ЕЗ не ўнёс яго ў свой спіс абмежаванняў.
БРЦ скіраваў запыты ў Еўрапейскую камісію і профільным рэгулятарам з просьбай патлумачыць разыходжанні ў санкцыйнай палітыцы ў дачыненні да «Інтэграла» і ягоных пастаўшчыкоў.
Мы атрымалі каментар ад Тома Кітынга, дырэктара Цэнтру фінансаў і бяспекі пры Каралеўскім аб'яднаным інстытуце абаронных даследаванняў (RUSI), які спецыялізуецца на пытаннях абароны, бяспекі і міжнародных стасункаў:
«Расея і Беларусь бесперапынна шукаюць спосабы набываць ключавыя прадукты для вайны Расеі ва Украіне, абыходзячы санкцыі. Гэта непазбежна азначае, што краіны, якія мяжуюць з Расеяй, асабліва тыя, якія ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз, будуць уцягнутыя ў гэтую дзейнасць па абыходзе санкцыяў. <...> Хаўруснікам Украіны трэба больш актыўна выкарыстоўваць свае паўнамоцтвы для таго, каб "абвяшчаць і сароміць" кампаніі (ці нават цэлыя краіны), якія дапускаюць абыход санкцыяў. Было праведзена шмат дыпламатычных перамоваў, але ў нейкі момант размовы павінныя падмацоўвацца дзеяннямі».
Таксама мы скіравалі запыты з просьбай пракаментаваць выяўленыя факты парушэння санкцыйнага заканадаўства «Інтэгралу» і ўсім удзельнікам ланцужка паставак — «Дзігна-НТР», Wacker Chemie, «Электронснаб», «Силтрон», United Trading Group і UrSeCo Handels.
У кампаніі «Силтрон» адказалі, што ніколі не імпартавалі хлорысты вадарод з краінаў ЕЗ, а самі вырабляюць яго ў Ніжагародскай вобласці «па ўласнай запатэнтаванай тэхналогіі»: «... што дазваляе нам не толькі падтрымліваць канкурэнтаздольныя цэны (танней кітайскіх аналагаў) але і гарантуе стабільнасць паставак, што з'яўляецца важным аспектам для нашых партнёраў».
Прыводзім адказ кампаніі «Силтрон» цалкам:
«Дзякуем за скіраваны запыт. Разгорнуты адказ дадаем ва ўкладанні.
Дзякуй за ўвагу да нас і ацэнку нашага ўнёску ў Расейскую эканоміку.
P.S. Адсочваючы міжнародныя санкцыйныя рэжымы, хочам звярнуць увагу, што вашая арганізацыя прызнаная экстрэмісцкай паводле заканадаўства рэспублікі Беларусь (саюзнай дзяржавы).
Магчымасць абмену больш дэталёвымі дадзенымі і ўзорамі з вамі павінна быць пацверджаная Генеральнай Пракуратурай РФ і Галоўным упраўленнем па барацьбе з экстрэмізмам МУС РФ.
У адказ на Ваш запыт паведамляем, што кампанія “Силтрон” з'яўляецца вытворцам хлорыстага вадароду асаблівай чысціні (HCl 5.0 / HCl 5.5 / HCl 6.0) па ўласнай запатэнтаванай тэхналогіі. Нашая тэхналогія забяспечвае высокія стандарты якасці і бяспекі на ўсіх этапах вытворчасці, што пацверджана дзяржаўнай лабараторыяй. Мы імкнемся да сталага паляпшэння нашых працэсаў і забеспячэння высокага ўзроўню задаволенасці кліентаў, вырабляючы прадукцыю больш чыстую, чым у сусветных аналагаў.
Мы з радасцю правядзем адпраўку ўзору нашай прадукцыі, каб вы маглі пацвердзіць ягоную якасць на ўзроўні 6.0, што вышэй, чым у еўрапейскіх аналагаў.
Таксама хочацца адзначыць, што мы ніколі не імпартавалі хлорысты вадарод з краінаў ЕЗ. Нашая вытворчасць знаходзіцца ў Ніжагародскай вобласці, што дазваляе нам не толькі падтрымліваць канкурэнтаздольныя цэны (танней кітайскіх аналагаў), але і гарантаваць стабільнасць паставак, што зʼяўляецца важным аспектам для нашых партнёраў.
Усе сертыфікаты якасці на хлорысты вадарод (HCl), які вырабляецца намі, рыхтуюцца ў лабараторыі Ніжагародскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Лабачэўскага.
Асобна хочам выказаць з вашай дапамогай падзяку Расейскаму Навуковаму Фонду, які даў нам фінансаванне і паскорыў укараненне нашых тэхналогіяў у прамысловасці СНД і, спадзяемся, у найбліжэйшай будучыні ва ўсім свеце.
Дзякуем за ўвагу да нас і ацэнку ўнёску ў расейскую эканоміку». [*] [*]
Выканаўчы дырэктар і саўладальнік кампаніі UrSeCo Handels Аляксандр Андрэевіч Жданаў у тэлефоннай размове з БРЦ заявіў, што саляную кіслату (маецца на ўвазе хлорысты вадарод) яны нікому не прадаюць. На ўдакладняючыя пытанні аб супрацы з United Trading Group і «Силтрон» ён адказваць адмовіўся, прапанаваўшы скіраваць пісьмовыя запыты ці прыехаць асабіста ў офіс кампаніі. У адказ на наш імэйл прадстаўнікі нямецкай кампаніі паведамілі, што з мэтай абароны ад «паклёпу і ілжывых падазрэнняў» яны звярнуліся да нямецкіх дзяржаўных органаў. Тыя іх нібыта папярэдзілі, што Беларускі расследавальніцкі цэнтр зʼяўляецца «крыніцай фэйкавых навінаў» і параілі не даваць ніякай інфармацыі.
Даем адказ кампаніі UrSeCo Handels цалкам:
«Паважанае спадарства,
Як мы паведамілі па тэлефоне, мы працуем выключна ў адпаведнасці з міжнародным і нацыянальным заканадаўствам і спынілі ўсю дзейнасць у Беларусі.
Дзеля абароны ад беспадстаўнага паклёпу, ілжывых падазрэнняў і фэйкавых навінаў мы звярнуліся да нямецкіх уладаў. Яны папярэдзілі нас аб тым, што Беларускі расследавальніцкі цэнтр з’яўляецца крыніцай фэйкавых навінаў, і рэкамендавалі не даваць ніякіх звестак па тэлефоне ці электроннай пошце». [*]
З адказамі, якія прыйшлі пасля выхаду расследавання, можна азнаёміцца ў публікацыі «Як на “Інтэграл” патрапілі санкцыйныя тавары? Нямецкія кампаніі адказалі на запыт БРЦ».
Як Беларусь дапамагае Расеі абыходзіць абмежаванні на пастаўку мікрасхемаў заходняй вытворчасці, мы таксама распавядалі ў расследаванні «Дэталі для знішчальнікаў і ракет. Як Беларусь прадае Расеі заходнія мікрасхемы ў абыход санкцыяў».
Абнаўленне: 28.01.2025
- дададзеная інфармацыя пра сувязь уладальніка кампаніі United Trading Group з UrSeCo Handels.
Абнаўленне: 10.02.2025
- унесенае выпраўленне: словазлучэнне «саляная кіслата» замененае на «хлорысты вадарод высокай ачысткі», паколькі расследаванне грунтавалася на дакументах, якія пацвярджаюць пастаўкі менавіта хлорыстага вадароду высокай чысціні, а не салянай кіслаты. Абодва рэчывы маюць хімічную аснову HCl, але адрозніваюцца фізічнымі ўласцівасцямі;
- выдаленая інфармацыя аб нюансах вытворчасці салянай кіслаты ў Казахстане – у сувязі з абнаўленнем, апісаным вышэй, гэтая інфармацыя зрабілася неактуальнай;
- дададзенае ўдакладненне аб тым, што інфармацыя аб закупцы «Інтэгралам» міні-электрарухавікоў вытворчасці Faulhaber Group у траўні 2024 года была атрыманая з дакументацыі, размешчанай у інфармацыйнай сістэме «Тэндары» (icetrade.by).
Абнаўленне: 19.02.2025
- У першапачатковай версіі артыкула гаварылася, што факт закупкі «Інтэгралам» у траўні 2024 года 44 міні-электрарухавікоў, вытворцам якіх у дакументацыі па закупцы пазначана ў тым ліку нямецкая кампанія Faulhaber Group, з'яўляецца яшчэ адным прыкладам абыходу санкцый, раскрытым журналістамі БРЦ. Пасля атрымання адказу ад Dr. Fritz Faulhaber GmbH & Co. KG, дакладнасць інфармацыі ў якім мы не можам праверыць, мы адмовіліся ад выкарыстання гэтай фармулёўкі.