Расследаванне раскрывае, як група кампаній «Ізавак» з беларускімі каранямі, вядомая сваёй супрацай з сусветнымі тэхналагічнымі гігантамі (Apple, Tesla, Samsung), дастаўляла абсталяванне расейскаму вайскова-прамысловаму комплексу.
Ключавыя знаходкі:
- За тры гады поўнамаштабнай вайны кампаніі групы «Ізавак» атрымалі каля $200 млн ад прадпрыемстваў, якія працуюць на расейскую вайсковую прамысловасць.
- Праз беларускую кампанію «Ізатэк-М», якая ўваходзіць у групу «Ізавак», у Расею дастаўлялася санкцыйнае амерыканскае абсталяванне для вытворчасці мікрачыпаў.
- Выяўлена складаная схема дастаў праз Кітай.
- Сярод кліентаў групы кампаній «Ізавак» — больш за 30 прадпрыемстваў расейскага ВПК, большасць пад санкцыямі.
- Пасля пачатку вайны выручка «Ізавак» расла ўражальнымі тэмпамі: з $5,1 млн у 2021 да $22,2 млн у 2024 годзе.
Асабліва цікава, што група «Ізавак» спрабавала захаваць рэпутацыю звязаных з ёй еўрапейскіх кампаній, прыкладам, I-Photonics у Літве, пры гэтым працягваючы працаваць з расейскім ваенпрамам. У красавіку 2022 года літоўскія ўлады замарозілі €1,2 млн на рахунку гэтай кампаніі з-за сувязяў з падсанкцыйнымі расейскімі структурамі.
Расследаванне падрыхтаванае сумесна з некамерцыйнай арганізацыяй па глабальнай бяспецы C4ADS, выданнямі «Важные истории», 15min.lt і праектам украінскай службы «Радио Свобода» «Схемы», пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».
Інавацыі без авацыяў
Кампанію «Ізавак» наўрад ці ведае шырокае кола людзей, нягледзячы на 30-гадовую гісторыю і тэхналагічных гігантаў сярод кліентаў. Прадпрыемства займаецца вакуумнымі тэхналогіямі і, па словах сузаснавальніка Уладзіміра Шырыпава, ўдзельнічала ў вытворчасці прадукцыі Apple: пры дапамозе ягонага абсталявання на экраны першых, яшчэ кінескопных манаблочных камп'ютараў iMac наносілі ахоўны слой. Згодна са справаздачай Сусветнага банку, на абсталяванні «Ізаваку» першапачаткова выраблялася каля паловы сэнсарных экранаў iPhone і iPad.
«Калі вы ціснеце пальчыкам, а тэлефон ведае, куды вы націснулі, і працуе вось гэты тачскрын, менавіта вось гэты вось след — гэта, у тым ліку, след "Ізаваку"», — казаў чатыры гады таму ў інтэрв'ю намеснік дырэктара групы «Ізавак» Віталь Хоміч.
Паводле дадзеных справаздачы, апублікаванай Сусветным банкам у 2020 годзе, на кампанію прыходзілася каля 20% сусветнага рынку паставак вакуумнага напыляльнага абсталявання для сэнсарных экранаў. Акрамя Apple сваімі кліентамі прадстаўнікі «Ізавака» называлі найбуйнейшыя сусветныя брэнды: Tesla, Samsung, LG, Sharp і іншыя.
Беларуская кампанія-інаватар пачала працу ў 1992 годзе як навукова-тэхнічная фірма, сярод заснавальнікаў якой былі Менскі радыётэхнічны інстытут і некалькіх выхадцаў з яго. Цяпер «Ізавакам» валодаюць трое з іх — Уладзімір Шырыпаў, Мікалай Леўчук і Сяргей Марышаў. Назва кампаніі расшыфроўваецца як «вынаходкі ў вакууме» («изобретения в вакууме» — па-расейску).
Паступова «Ізавак» перайшоў да зборкі вытворчых лініяў для кліентаў. Прадпрыемства разрасталася і пачало ствараць разгалінаваную структуру: распрацоўвала тэхналогію, вырошчвала яе нейкі час, пасля чаго вылучала ў асобную кампанію.
Адна з іх — беларускае СТАА «Ізатэк-М». Яе задача ў групе кампаніяў — механічнае апрацоўванне і выраб аптычных элементаў. І з гэтай кампаніі пачынаецца нашае расследаванне цёмнага боку бізнесу беларускага прадпрыемства.
У Расею з тэхналогіяй…
У снежні 2023 года «Ізатэк-М» прадала расейскай кампаніі ТАА «НМ-Тех» былую ва ўжыванні ўстаноўку плазменнага траўлення амерыканскай гандлёвай маркі Applied Materials, вынікае з мытных звестак, якія апынуліся ў распараджэнні БРЦ. Такое абсталяванне выкарыстоўваецца для вырабу мікрачыпаў. Гэта важны і дэфіцытны для Расеі кампанент вайсковай тэхнікі. Пра гэта мы распавядалі двойчы: у расследаваннях пра тое, як Беларусь прадае РФ заходнія мікрасхемы ў абыход санкцыяў і як дзяржаўнае прадпрыемства «Інтэграл» дапамагае Крамлю ў вайне. [*]
Пастаўкі такой амерыканскай тэхнікі, як устаноўка плазменнага траўлення, у Расею забароненыя правіламі экспартнага кантролю ЗША. Абмежаванні распаўсюджваюцца і на тыя экзэмпляры, якія перад адпраўкай у Расею выкарыстоўваліся ў трэціх краінах.
«Санкцыі ЗША і правілы экспартнага кантролю ЗША распаўсюджваюцца на рэчы, якія былі ва ўжыванні.... [Яны] распаўсюджваюцца на тавары незалежна ад таго, праходзяць яны праз пасярэднікаў або ідуць непасрэдна ад амерыканскіх кампаніяў. І амерыканскія кампаніі нясуць адказнасць за тое, каб канчатковыя карыстальнікі былі тымі, кім яны прадстаўляюцца», — сказаў у інтэрв'ю БРЦ старшы навуковы супрацоўнік Калумбійскага ўніверсітэту Рычард Нефʼю.
«НМ-Тех» — атрымальнік устаноўкі ў згаданых мытных накладных — патрапіў пад санкцыі ЗША і ЕЗ у пачатку поўнамаштабнай вайны. Праўда, не за супрацу з вайсковай прамысловасцю, а за сувязь з дзяржструктурай — расейскім «Внешэкономбанком» (з канца 2018 года — ВЭБ.РФ). «НМ-Тех» — тэхналагічны пераемнік вытворцы мікрачыпаў «Ангстрем-Т», які разарыўся ў 2019 годзе, пасля таго, як не змог вярнуць ВЭБ.РФ крэдыт на мадэрнізацыю заводу. Адзіны ўладальнік «НМ-Тех» і пры заснаванні, і паводле звестак на 31 снежня 2024 года — ВЭБ.РФ. [*]
На сайце расейскіх асобых эканамічных зонаў гаворыцца, што кампанія займаецца «насычэннем грамадзянскага рынку сучаснай электроннай кампанентнай базай». Аднак у студзені 2024 года «НМ-Тех» дадаў да сваіх шматлікіх відаў дзейнасці новы — вытворчасць зброі і боепрыпасаў. [*] [*]
Якім жа чынам амерыканскі станок для вытворчасці мікрачыпаў трапіў да гэтай кампаніі ў абыход двухразовых санкцыйных абмежаванняў? Адказ на гэтае пытанне карэспандэнт БРЦ паспрабаваў знайсці на Тайвані.
...праз шоўкавы шлях…
У Тайбэі, сталіцы астраўной дзяржавы пад назвай Рэспубліка Кітай, зарэгістраваны саўладальнік «Ізатэк-М». Тайванская кампанія More Tech International Corporation валодае ім сумесна з беларускім «Ізавакам». [*] [*]
У тайбэйскім офісе More Tech International Corporation журналісту БРЦ удалося сустрэцца з яе менеджарам, якога зваць Сол Лін (Saul Lin). Пад выглядам зацікаўленага кліента расследавальнік пацікавіўся, ці былі ў кампаніі кантракты з расейскім «НМ-Тех».
— Вы таксама працуеце з кампаніяй «НМ-Тех»? — спытаў наш карэспандэнт.
— Так, раней, — адказаў Сол Лін.
— Раней? Цяпер ужо не?
— Не, апроч ... аднаго праекту.
Далей журналіст БРЦ папрасіў дапамагчы з пастаўкай у Беларусь забароненага амерыканскага станку — аналагічнага таму, які «Ізатэк-М» даставіў «НМ-Теху». Новы атрымаць немагчыма, адказаў Лін, але дадаў, што ў яго ёсць партнёр у Кітаі, які мог бы дапамагчы набыць ужываны.
— Добра, з гэтымі кітайскімі партнёрамі, як гэта будзе працаваць? Я пішу вам, што нам трэба, а пасля вы дамаўляецеся з кітайскімі партнёрамі? Ці вы звязваеце нас з кітайскімі партнёрамі?
— Я спачатку пагляджу, што за абсталяванне і тады [вырашым]. ... І мы паглядзім, можам мы зрабіць гэта для вас ці не. Кітайскія сябры.
Атрымаўшы падказку, што амерыканская ўстаноўка магла трапіць у Расею з Кітая, следчыя БРЦ сапраўды знайшлі такую пастаўку ў базах звестак з кітайскімі знешнегандлёвымі аперацыямі. У снежні 2023 года беларуская кампанія «Ізатэк-М» атрымала станок Amat Centura SuperE ад гон-конгаўскай Smart Kit Technology Limited, якая цяпер знаходзіцца пад санкцыямі ЗША. Тая ж пастаўка фігуравала і ў расейскіх мытных дадзеных. Трэцяе пацверджанне гэтаму падалі нашы партнёры — некамерцыйная арганізацыя па глабальнай бяспецы C4ADS. У тым жа месяцы «Ізатэк-М» прадаў агрэгат той жа мадэлі і такой жа вагі расейскаму «НМ-Теху». Толькі на $600 тыс. даражэй: набыў у Кітаі за $3,6 млн, а прадаў — за $4,2 млн. У нас няма доказаў, што Сол Лін або тайванская кампанія ўдзельнічалі ў арганізацыі гэтай канкрэтнай пастаўкі. Кіраўнік «Ізатэк-М» Павел Паляшчук адмовіўся размаўляць з БРЦ, даведаўшыся, што медыя не зарэгістраванае ў Беларусі.
З лістападу 2022 па снежань 2023 года «Ізатэк-М», імаверна, паставіла «НМ-Теху» тавараў на суму каля $6 млн, вынікае з дадзеных, якія БРЦ прадставіла крыніца ў галіне. Але гэта толькі верхавіна айсбергу.
…да расейскага ВПК…
Прамежкавым звяном у пагадненні паміж «НМ-Тех» і «Ізатэк-М» выступіла расейскае ТАА «Инжиниринг Групп». У першыя два гады поўнамаштабнай вайны яна, імаверна, атрымала ад «НМ-Тех» больш за $100 млн, вынікае з дакументаў, якія БРЦ атрымаў ад крыніцы ў падатковай службе Расеі. Гэтая фірма не толькі дапамагала «НМ-Теху» наладзіць вытворчасць чыпаў і мікрасхемаў, але і навучала супрацоўнікаў працаваць на пастаўленым абсталяванні.
Апошні рахунак паміж дзвюма кампаніямі, які ёсць у распараджэнні БРЦ, аплацілі ў ліпені 2024 года, а ў жніўні «Инжиниринг Групп» трапіла пад санкцыі ЗША.
Сярод кліентаў «Инжиниринг Групп» мы выявілі яшчэ больш за 30 кампаніяў, якія звязаныя з расейскай вайсковай прамысловасцю. Амаль усе яны знаходзяцца пад санкцыямі Еўразвязу, ЗША і іншых заходніх краінаў. 17 з іх уваходзяць у структуру «Ростеха» — найбуйнейшага расейскага вытворцы ўзбраенняў. На долю гэтай дзяржкарпарацыі прыпадае палова ўсіх расейскіх абаронных дзяржкантрактаў. Заказчыкі «Инжиниринг Групп» вырабляюць, напрыклад, ударныя беспілотнікі «Орион», бартавыя комплексы для самалётаў і верталётаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны, і сістэмы навядзення для крылатых ракетаў «Калибр».
У першыя два гады вайны Расея выпусціла па Украіне 843 такія ракеты. Найбольш смяротныя атакі прыйшліся на 2022-ы: 1 сакавіка «Калибры» забілі 44 чалавекі ў Харкаве, 18 сакавіка — больш за 100 вайскоўцаў у Нікалаеве, 14 ліпеня — 29 чалавек у Вінніцы, яшчэ 200 тады пацярпелі.
За тры гады поўнамаштабнай вайны «Инжиниринг Групп» атрымаў ад прадпрыемстваў, звязаных з расейскім ВПК, больш за $180 млн.
У 2023-2024 гадах «Инжиниринг Групп» таксама, імаверна, імпартавала санкцыйных тавараў як мінімум на $32 млн, вынікае з мытных звестак.
Гэта прадукцыя вытворчасці ЗША, Японіі, Нямеччыны, Нідэрландаў і Паўднёвай Карэі. Сярод найбуйнейшых пакупак — устаноўкі плазменнага траўлення, аналагічныя прадукцыі кампаніі Applied Materials, а таксама іншае абсталяванне для апрацоўвання паўправадніковых матэрыялаў.
«Инжиниринг Групп» прыцягнула ўвагу БРЦ не толькі сувязямі з Расейскай абароннай прамысловасцю. Уладальнік кампаніі з красавіка 2022 года — беларус Сяргей Яновіч. [*] [*] Паводле звестак «Кіберпартызанаў», па сумяшчальніцтве Яновіч быў супрацоўнікам беларускага «Ізавак» як мінімум да 2024 года. [*] Да чэрвеня 2023-га «Инжиниринг Групп» называлася «Изовак Инжиниринг». На яе сайце гаварылася, што фірма з'яўляецца афіцыйным прадстаўніцтвам «Ізавака» ў Расеі, а дырэктар расейскай кампаніі выкарыстоўваў пошту на дамене izovac.com прынамсі да 2024 года. [*] [*]
У Беларусі зарэгістраваныя як мінімум чатыры юрыдычныя асобы, звязаныя з групай «Ізавак»:
ТАА «Ізавак», СТАА «Ізатэк-М», якая паставіла ў Расею ўстаноўку для вытворчасці мікрасхемаў, а таксама ТАА «ІнтэрНанаТэхналогіі» і ТАА «Дапрэальнасць». Звязаныя з групай кампаніяў структуры ёсць і за мяжой: у Расеі — ТАА «Инжиниринг Групп», у Літве і Нямеччыне — I-Photonics, на Тайвані — кампанія, якую ўладальнікі называюць то «Ізавак Тайвань», то Green Sputtering. У дакументах з тайванскага рэестру бачна, што спачатку яна называлася Green Sputtering, а пазней была перайменаваная ў Green Science. [*]
Да вайны ў назвах расейскіх і літоўскіх фірмаў фігуравала назва «Ізавак» («Изовак Инжиниринг» і Izovac Photonics), але пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны абедзве правялі рэбрэндынг і пазбавіліся ад сувязі з «Ізавакам». Прынамсі, у назве.
«Ізавак» належыць тром беларусам. Найбольшая доля (56,7%) ва Уладзіміра Шырыпава — кандыдата тэхнічных навук, суаўтара патэнтаў, уключаючы дысплейнае сэнсарнае шкло. Мікалаю Леўчуку належыць 24,5% кампаніі, Сяргею Марышаву — 18,8%. [*] [*]
Такія ж долі ва ўсіх траіх і ў «ІнтэрНанаТэхналогіях». [*] [*]
«Ізатэк-М», якая прадала ўстаноўку ў Расею, напалову належыць «Ізаваку», напалову — тайванскай More Tech International Corporation.
Сярод кліентаў іншых кампаніяў групы — «ІнтэрНанаТэхналогіяў» і «Ізавак» — БРЦ у мытных дадзеных, якія трапілі ў распараджэнне рэдакцыі, выявіў як мінімум 30 расейскіх прадпрыемстваў ВПК. Дваццаць два з іх — пад заходнімі санкцыямі. Аб'ём паставак гэтых дзвюх беларускіх кампаніяў каляваенным партнёрам у 2022-2024 гадах — амаль $10 млн, вынікае з аналізу атрыманых БРЦ мытных дадзеных. Ён паказаў, што абсалютная большасць пастаўленых кампанентаў была прамаркіравана як зробленая ў Беларусі.
Абсталяванне, якое «Ізавак» і «ІнтэрНанаТэхналогіі» пастаўлялі расейскім кампаніям, грае важную ролю ў вайсковай вытворчасці, сказала ў інтэрв'ю БРЦ і праекту «Схемы» экспертка Кіеўскай школы эканомікі Алена Белавусава:
«Пастаўка такіх установак забароненая. Гэта вельмі важна, паколькі менавіта гэта (доступ да закупак — рэд.) дазваляе Расеі ствараць новыя магчымасці, гэта значыць пашыраць вытворчасць і закупляць новае абсталяванне, якое дазваляе ёй вырабляць больш зброі <...> Тут акурат падвойнае прызначэнне вельмі крохкае, паколькі існуе вельмі мала невайсковых мэтаў, дзе патрабуецца такое дакладнае абсталяванне».
БРЦ высветліў, што «Ізавак» супрацоўнічаў з расейскімі абароннымі прадпрыемствамі яшчэ да першага ўварвання РФ ва Украіну.
У рэкламным роліку, апублікаваным у 2012 годзе, паказаная камерцыйная прапанова на пастаўку абсталявання Новасібірскаму прыборабудаўнічаму заводу. З канца 2023 года гэтае прадпрыемства знаходзіцца пад санкцыямі ЗША як адзін з ключавых вытворцаў оптыкі для Узброеных сілаў і ФСБ Расеі. Праз год «Ізавак» апублікаваў відэа, на якім бачныя два асобнікі федэральных даведнікаў абаронна-прамысловага комплексу Расеі.
«Сёння мы займаемся выпускам абсталявання, якое прызначана для нанясення аптычных пакрыццяў пад розныя патрабаванні заказчыка. Дадзеныя вырабы затым выкарыстоўваюцца ў вайскова-прамысловым комплексе, напрыклад, у лазернай оптыцы, прыборах начнога бачання і ў розных прымяненнях як у грамадзянскай, так і ў абароннай прамысловасці», — распавядае на відэа супрацоўнік кампаніі «Ізавак» Уладзіслаў Радзівонаў.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны выручка кампаніі «Ізавак» падвойвалася кожны год: у 2021 годзе — 13 млн беларускіх рублёў ($5,1 млн), у 2022 — 27 млн ($10,3 млн), у 2023 — 53 млн ($17,7 млн). У 2024 годзе выручка кампаніі вырасла на 36% — да 72 млн ($22,2 млн). [*]
Пяць кампаніяў групы «Ізавак» з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, імаверна, атрымалі каля $200 млн ад прадпрыемстваў, якія працуюць на расейскую вайсковую прамысловасць. Гэта вынікае з падліку БРЦ, заснаванага на дадзеных беларускіх экспартных паставак і грашовых пераводаў расейскіх кампаній.
Пры гэтым кампаніі, якія маюць як мінімум ускосныя сувязі з «Ізавакам», працягваюць зарабляць і ў Еўразвязе.
…у Еўразвяз
На момант публікацыі сайт кампаніі «Ізавак» izovac.com не працуе. У апошні раз нам удалося зайсці на яго 7 красавіка — тады і да гэтага карыстальніка з яго аўтаматычна перанакіроўвала на партал i-photonics.lt. Ён належыць аднайменнай літоўскай кампаніі. Раней яна называлася Izovac Photonics.
У літоўскай I-Photonics ёсць цёзка ў Нямеччыне: кампанія I-Photonics Germany GMBH. Супадаюць у іх і ўладальнікі: Яўген Шырыпаў, Андрэй Леўчук і Яўген Хахлоў. Гэта сыны заснавальнікаў беларускага «Ізаваку».
Дзве крыніцы, знаёмыя з працай групы «Ізавак», распавялі БРЦ, што не ведаюць пра сувязі беларускіх кампаніяў з літоўскай I-Photonics. Супрацоўнікам літоўскай кампаніі, са словаў аднаго з іх, нават забаронена адказваць на паведамленні беларускіх калегаў: «Мабыць, хтосьці забараніў, каб не псаваць рэпутацыю ў Еўропе».
Журналіст літоўскага выдання 15min.lt пад выглядам кліента паразмаўляў з дырэктарам літоўскага I-Photonics Віталём Хомічам. Топ-менеджар запэўніў суразмоўцу, што ў ягонай кампаній няма сувязяў з Расеяй: «Большую частку таго, што мы робім, вядома ж, прадаем на экспарт. Але, у асноўным, гэта Еўропа, ЗША, Канада. У нас вельмі шмат праектаў з Тайванем і Карэяй. А наконт Усходу — не. З усходнімі суседзямі мы не працуем. Частка нашай каманды калісьці адтуль (з Расеі) з'ехала, і ўсе закрылі справы. Яшчэ ў 2021 годзе».
Мы знайшлі сувязі літоўскай і беларускай фірмаў і пасля 2021 года. Па дадзеных АДР, Яўген Шырыпаў, Андрэй Леўчук і Яўген Хахлоў адначасова былі ўладальнікамі I-Photonics і ўстаноўцамі «Ізавака» да снежня 2022 года. У суме ім належала каля 43% кампаніі. Аднак іх сувязі прасочваюцца і пазней: бізнесмены працавалі ў беларускіх кампаніях групы як мінімум да верасня 2024 года, вынікае з дадзеных базы ФСАН, якія мы атрымалі ад «Кіберпартызанаў».
Цяперашні дырэктар I-Photonics Віталь Хоміч як мінімум у 2020 годзе быў намеснікам дырэктара «Ізавак» — беларускай кампаніі групы. Таксама ў Хоміча, па дадзеных ад «Кіберпартызан», прасочваюцца адлічэнні ў ФСАН ад «Ізавака» да верасня 2024-га. [*]
Сам Віталь Хоміч дадзеныя «Кіберпартызан» аспрэчвае. «Гэта немагчыма, бо мы ўсе пакінулі кампанію. Я пераехаў сюды (у Літву — рэд.) у кастрычніку 2021 года», — заявіў Хоміч ужо ў афіцыйным інтэрв'ю журналістам 15min.lt. Тым не менш, калі літоўскія журналісты папрасілі дырэктара I-Photonics паказаць яго працоўную кніжку з запісам аб звальненні з «Ізавака», ён сказаў, што ў яго яе няма. Хоміч адзначыў, што, магчыма, яна дагэтуль знаходзіцца ў папярэдняга працадаўцы.
Апроч агульных менеджараў і ўладальнікаў літоўскую і беларускую кампаніі звязвае падобны лагатып і аднолькавая прадукцыя. На сваім сайце I-Photonics прапануе вакуумныя ўстаноўкі Ortus, Lidiz, Aurora і Meridian, якія з'яўляюцца зарэгістраванымі гандлёвымі знакамі «Ізавака».
Замарожаны транш
У красавіку 2022 года Служба расследавання фінансавых злачынстваў Літвы арыштавала €1,2 млн на рахунку I-Photonics. Прычына — гэтыя грошы перавялі «ад фірмы, звязанай з грамадзянінам РФ Сяргеем Чэмезавым, які знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўразвязу».
Сяргей Чэмезаў — кіраўнік кампаніі «Ростех», чалец бюро Вышэйшага савету партыі «Единая Россия», чалавек, блізкі да Пуціна з часоў сумеснай службы ў дрэздэнскай рэзідэнтуры КДБ.
У 2022 годзе, калі I-Photonics атрымала пералік, кампанія называлася Izovac Photonics. Яе перайменавалі толькі 27 снежня 2022 года. Хоміч тлумачыў, што пасля пачатку вайны літоўская фірма вырашыла тэрмінова вывесці грошы з рахунку расейскай кампаніі. Таму плацеж адправілі ў форме крэдытнай дамовы — гэта быў «самы хуткі спосаб пераліку грошай». Як удакладнілі ў літоўскай кампаніі, «пагашаць гэты крэдыт ці рабіць якія-небудзь выплаты Расеі ніхто не планаваў». Пасля арышту рахунку I-Photonics звярнулася ў суд з заявай аб вяртанні €1,2 млн. У снежні 2024 года Рэгіянальны адміністрацыйны суд адхіліў скаргу кампаніі як неабгрунтаваную, але I-Photonics падала апеляцыю, распавялі БРЦ і парталу 15min.lt у Службе расследавання фінансавых злачынстваў Літвы.
Гэты пералік літоўская фірма павінна была атрымаць ад «Изовак Инжиниринг», удакладніў Хоміч. З ягоных словаў, гэтая кампанія — асобная структура, якая не падпарадкоўваецца «Ізаваку». Рашэнне аб пераліку грошай, якія пазней замарозіла Літва, у першы ж дзень поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну прыняў Яўген Хахлоў. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю 15min.lt. На момант трансакцыі ён узначальваў Беларускі «Ізавак», а таксама быў адным з уладальнікаў I-Photonics.
БРЦ знайшоў падобны банкаўскі пералік у звестках, якія атрымаў ад крыніцы ў падатковай службе Расеі. Згодна з гэтай інфармацыяй, «ИзовакИнжиниринг» сапраўды адправіла I-Photonics $1,3 млн 25 лютага 2022 года. [*]
У Літве існуюць механізмы кантролю кампаніяў, звязаных з Беларуссю і Расеяй, якія ў той жа час пазіцыянуюць сябе як незалежныя, але іх варта скарэктаваць, заявіў 15min.lt намеснік старшыні камітэту Сейма Літвы па нацыянальнай бяспецы і абароне Лаўрынас Кашчунас.
«Іх варта перагледзець, каб вызначыць, ці можа такая кампанія ўвогуле функцыянаваць на тэрыторыі Літвы, асабліва ўлічваючы інфармацыю аб яе сувязях з расейскім абаронным сектарам. Са свайго боку, я, безумоўна, зраблю ўсё магчымае як чалец парламенту, каб звярнуцца ў адказныя ўстановы і папрасіць іх перагледзець, ці мае такая кампанія права працаваць у Літве», — дадаў ён.
БРЦ скіраваў запыты міжнародным партнёрам групы «Ізавак», а таксама самім кампаніям групы і іх уладальнікам. На момант публікацыі расследавання мы не атрымалі адказаў. Адзін з заснавальнікаў «Ізавак» Уладзімір Шырыпаў і ўладальнік «Инжиниринг Групп» Сяргей Яновіч адмовіліся размаўляць з БРЦ.